Круг
Шрифт:
І так – дзень за днём.
Месяц – за месяцам…
10.
Гэты ранак адрозьніваўся ад астатніх. У паветры над лагерам, пад ружавізнай маладога неба, у якім патанала летне-зялёная тайга, вісела штось невядомае, назвы чаму яны пакуль ня ведалі, аднак пачыналі ўжо адчуваць. Зьмяніліся паводзіны канвойных: аціхлі, сьцяліся, нейкая незвычайная мітусьня вакол будынку канцылярыі. Ды і што магла азначаць гэтая небывалая затрымка: ужо з гадзіну пасьля агульнага пастраеньня не пачыналася паверка?
Нарэшце пачалася пераклічка, пасьля чаго начальнік лагера, заклаўшы рукі за сьпіну, надрыўна загаварыў:
–…Учора
Навіна, як нечаканы гром над сопкамі, зьбянтэжыла лагернікаў. Першыя дні аніхто ня мог сказаць ім большага, чым на той паверцы начальнік. Затым у іх аднастайнае жыцьцё прыйшлі зьмены. Перафармавалі брыгады, падзялілі на асобныя баракі «бытавікоў» і «контрыкаў».
І перасталі карміць. Людзі елі лісьце, карэньне, траву. І паміралі дзясяткамі, сотнямі. Праз паўмесяца з барака выйшлі на працу толькі Дубоўка і лекар-украінец. І да абеда закопвалі целы астатніх…
Затым у лагеры зноў зьявіліся прадукты. Пачалі нават даходзіць лісты ад родзічаў – акрамя адрасатаў з заходніх абласьцей Саюза. І па гэтым найбольш вушлыя з зэкаў рабілі свае несуцяшальныя высновы: тыя землі – пад немцам…
Аднойчы ён атрымаў вялікі ўскрыты канверт ад жонкі. У ім – звычайны школьны сшытак, некалькі старонак якога займаў ліст. Жывуць пад Масквой у Талдоме – без хваробаў, сумуюць і чакаюць… Жонка працавала ў часовай лесанарыхтоўчай канторы статыстам. Цяпер папрасілася рахункаводам – каб мець бясплатны пакой. Маюць агарод, казу, курэй. Алік-Альгерд вельмі любіць казінае малако, вучыцца і расьце. Паўстаронкі займала і ягонае акуратнае пасланьне…
Гэтыя пісьмёны акрылілі яго, напоўнілі новаю сілай. Ён разоў з дзесяць, пакуль хапала сонечнага сьвятла, перачытваў іх – і адчуваў, як унутры расьціскалася штось журботнае і пякучае, заплюшчваў вочы, забываўся – і зноў чытаў.
А затым разгледзеў і сам сшытак, і зноў зьдзівіўся, зноў гарачынь разьлілася па грудзях. На пажоўклай вокладцы – графічны малюнак помніка Пушкіну ў Маскве, знаёмыя прыступкі да ягонага ўзвышэньня, а побач, справа, надпіс: «100 лет со дня смерти великого поэта А. С. Пушкина». Даты жыцьця і гібелі. А на адвароце вокладкі – два вершы: Пушкінскі «В Сибирь» і «Ответ» Аляксандра Адоеўскага.
Дубоўка перачытваў даўно вядомае – і нібыта бачыў вершаваныя радкі ўпершыню… Сэрца няўрымсна забілася мацней, а ў класічным ажывала і сваё, наболенае, мройнае:
Во глубине сибирских руд Храните гордое терпенье, Не пропадет ваш скорбный труд И душ высокое стремленье… Оковы тяжкие падут, Темницы рухнут – и свобода Вас примет радостно у входа. И братья меч вам отдадут.Пушкін і жонка зноў прывязалі яго да жыцьця, Пушкін і жонка здолелі перахітрыць цэнзуру – і даслалі ў забайкальскі ГУЛаг найбольшую крамолу, за якую людзі з сінімі аколышамі на фуражках не пашкадавалі б і сьвінца. Калі б маглі бачыць далей напісанага…
Многія з яго брыгады пачалі
І прастакоў хапала. Яны рвалі свае жылы, прыходзілі ў лагер пазьней астатніх (злуючы гэтым канваіраў). Яны пасьпявалі зразаць, «разьбіраць» і стралёўваць да «палатна» па дваццаць аграмадных лістоўніцаў. Такім чынам зарабіў сабе грыжу жытомірац Ванька Соўчыц і быў – разам з некалькімі дзясяткамі такіх, як і сам, сабраных з усёй калоны – «мабілізаваны»: пераведзены ўглыб, пад Чыту, дзе пачаў працаваць на элеватары і на трэці дзень застаўся без рукі.
Выпрацаваў бы з сябрам двайную норму і Дубоўка, і таксама пабачыў бы ня фронт, а яшчэ далейшы Далёкі Усход, калі б не пачало кволіцца і здаваць сэрца, а на самым пачатку жніўня ня зьбіла б з ног моцная пелагра…
11.
Пах хлоркі, сьвежай смалы і эфіра. Праз лазарэтнае вакенца, насьпех прарэзанае ў сьцяне з абкораных лістоўніцаў, мякка ўплывае дзённае сьвятло, і ад яго над галавой чалавека ў белым – як німб.
Доктар мерае тэмпературу, лічыць пульс, штось піша алоўкам на разьлінееным аркушы і бадзёра падагульняе:
– Го, міл-чалавек! Каб мы былі ў Маскве, дзе я яшчэ ў дваццатых меў практыку, вы б ужо танцавалі… Што вы!.. У мяне ўся Мікіцкая лячылася, го-о… Мейерхольд з жонкай, Маякоўскі, Брусаў… А начальства колькі! Што вы!..
І Дубоўку як электрычным токам працяла: усхапіўся наўзлукаткі, уважлі-ва агледзеў доктара. Высокі маршчыністы лоб, кучаравыя валасы, пакрытыя сівізной, заўсёдная ўсьмешка блізарукіх вачэй… Гэты перападзісты голас…
– Навум Фроймавіч, ці вы гэта?
– Я, а ты што, міл чалавек, хіба ў жары быў? – насьцярожыўся доктар.
– Ды не, вы яшчэ той Навум Фроймавіч… – у Дубоўкі не хапіла сілы дагаварыць; лёг, усхвалявана глынуў вады: – Той, з лякарні насупраць булачнай… Там яшчэ трамвай заварочваў… – зноў не хапіла паветра, і трэба было рабіць паўзу… – Я, калі студэнтам быў, двойчы забягаў да вас… Вы нейкія мікстуры Брусаву, Валерыю Якаўлевічу, рабілі. А я ў яго вучыўся…
Маршчыны доктара выраўняліся.
– Ну-ну, ляжы, міл-чалавек… Табе нельга гаварыць. Ты ляжы, а мы ўраз тваю пелагру выганім, го-о… – і падставіў твар да сьвятла, да нягеглага вакенца. Вочы яго прымружыліся, зрэнкі зацягнула туманная павалока, з якой на белую шчэць шчакі марудна спаўзла халодная сьлязіна…
Дубоўка затрымаўся на лазарэтным курорце: хоць і паправіўся, Навум Фроймавіч не выпускаў яго – на свае страх і рызыку.
– Паляжы, адкерхайся, го-о… Пасьпееш з козамі на торг… – шаптаў і хітравата мружыў вочы.
А яшчэ праз тыдзень чамусь перастаў усьміхацца. І ў вочы стараўся не глядзець: пакажацца, кіўне галавой – і за дзьверы.
Аднае начы паклікаў да сябе ў доктарскую, дзе на стале, на пакамечанай газеце, ляжалі тоўста парэзаныя лусты хлеба, два селядцы, цыбуліна.
– Сядай, – паказаў Навум Фроймавіч на табурэт. – Я, міл-чалавек, нават і ня ведаю, як гэта пачаць… Даручэньне ў мяне ёсьць, усё б жыцьцё яго ня ведаць… Але ўсё па парадку, – доктар дастаў з шафы дзьве шклянкі і бутэльку, наліў у шклянкі па самыя канты: – Усё па парадку… Давай мы з табой, – і панізіў голас; яго худыя пальцы задрыжэлі, і некалькі кропель праліліся са шклянкі на стол, – …вып’ем за свабоду.