Круг
Шрифт:
– Як жа ехаць? Урокі ж…
А той ажно абурыўся:
– Што такое: тут урокі? Там жа – чалавек!
– Ты, дарагая, кажы сьмела, што трэба: усім дапаможам! – запэўніў Марыю Мамкелі.
– Канешне дапаможам… А як жа інакш… – адзываліся галасы, многія – незнаёмыя ёй.
Назаўтра яна паехала ў Зугдзідзі, але мужа не засьпела: зраніцы яго адправілі ў Тбілісі. У дзяжурцы Марыі сустрэўся начаддзела, прыязна ўсьміхнуўся, правёў да выхаду.
– Ён ня ў камеры начаваў, а ў асобным пакоі… – сказаў на разьвітаньне. – На жаль, больш
Да Тбілісі Дубоўку суправаджалі два канваіры. Перад тым як накіравацца да турмы, зайшлі ў чыгуначную рэстарацыю. Замовілі рознага, і пра каньяк не забылі.
Праз паўгадзіны адзін з канваіраў – старэйшы па ўзросьце – паклікаў афіцыянта, каб разьлічыцца. Той прынёс рахунак – і спытаў па-грузінску:
– Хто гэта з вамі?
– Паэт з Беларусі. Яго ўжо чацьвёрты раз забіраюць…
– Во як? – прыцмокнуў афіцыянт, скруціў рахунак і піхнуў у кішэню: – Хай адсохне ў мяне рука, калі я цяпер вазьму грошы з гэтага чалавека.
Пакланіўшыся, ён прыхільна зірнуў на Дубоўку – і пачуў ад яго таксама па-грузінску:
– Дабра табе, сонечны сябар.
Адзін з канваіраў пачаў зьбірацца, і старэйшы хмура асадзіў яго:
– Куды ты сьпяшаешся? Куды, я цябе пытаю?..
Калі Марыя зазьбіралася ў Тбілісі, дырэктар школы суцішваў:
– Не хвалюйся, заменім твае ўрокі. Ты толькі ад нас прывітаньне мужу перадавай…
У Тбілісі – пад чатырыста кіламетраў у адзін бок – яна езьдзіла чатыры разы. І чатыры разы ёй шчасьціла з сустрэчамі. Апошні раз яе выклікалі «афіцыйна» – перад адпраўкай мужа на вечнае (апяклі яе гэтыя словы турэмнага дзяжурнага) пасяленьне…
14.
…Тайга – гэта маці для добрых людзей, –
ліхога ня пусьціць далёка.
У багну яго завядзе, завядзе, –
схавае глыбока-глыбока…
Эшалон спыніўся ў Канску. Кароткае краснаярскае лета было ў зеніце, у вагонах – духмень, а ад салёнага правіянту люта даймала смага.
Ссыльных вывелі з вагонаў. На прывакзальным пляцы, адгароджаным з аднаго боку – драўляным плотам, з другога – жалезнымі рэйкамі (а па перыметры – канваірамі), усе чакалі «рассартаваньня».
Прасілі вады, але ўсе, хто ішоў паўз плот, нібыта ня чулі тых просьбаў.
– Што за людзі? – абураўся тбілісец Гогі, паўнаваты маладзён з арлінай зьнешнасьцю. – У Грузіі б ужо і віна не пашкадавалі.
– Але грузіны тут не жывуць, – азваўся Дубоўка. Ціха прыўстаў і зірнуў скрозь штыкетнік. – Вось зараз знайду беларуску, і яна нас выручыць.
– А як жа ты яе пазнаеш? – усьміхнуўся Гогі.
– Пазнаю, – запэўніў Дубоўка, затым наўгад выбраў самую бялявую дзяўчынку з авальным тварыкам і ціха, каб не прыцягнуць канваірскай увагі, паклікаў:
– Дзяўчынка, як цябе завуць?
Тая нерашуча падышла да плота, зірнула зьдзіўленымі валошкавымі
– Зіна.
– А дзе ты жывеш?
– Вось той дом, побач з вакзалам. – І тыцнула туды пальцам.
– Зіначка, калі ласка, прынясі нам вады. Толькі ня поўнае вядро, каб не было цяжка.
Зіначка не забыла і кружку… Затым схадзіла яшчэ, і яшчэ… Пакуль усе спатольна пілі, Дубоўка распытаў яе пра бацькоў. А яна ў адказ усьміхалася і шчабятала:
– Тата тут працуе. І мама… Яны казалі, што раней мы жылі ў нейкай Оршы.
– Дык, выходзіць, мы з табою землякі, беларусы! – абрадаваўся Дубоўка і падміргнуў зьдзіўленаму Гогі. – Падарунка ў мяне, каб аддзячыць, на жаль, няма. Хіба, можа, гэтакі… – ён дастаў з кішэні вучнёўскі сшытак і алоўкам акуратна напісаў на першай старонцы свой верш «О Беларусь, мая шыпшына», затым нябачна – у пустым вядры – перадаў дзяўчынцы. – Гэта табе, Зіначка. Будзь здаровай і шчасьлівай.
А праз паўгадзіны яна прыйшла з маці.
– Дзе тут мой зямляк? – бадзёра спытала жанчына, такая ж бялявая, як і дачка, толькі вочы шэрыя, стомленыя. І перадала Дубоўку важкую торбу – гасьцінец.
– Дзякуй вам, добрыя людзі… – зьніякавеў той і, уздыхнуўшы, папрасіў: – А можна, я сваёй жонцы напішу ваш адрас? Яна хутка прыедзе сюды… Дык, пакуль адшукае мяне, пабыла б у вас.
– Канешне, пра што размова…
Аднак Дубоўку накіравалі ў суседні Абанскі раён, амаль на сто кіламетраў паўночней. Там, у сяле Усьцьянск, было свабодным месца выкладчыцы нямецкай мовы, і, думаючы пра жонку, ссыльны напрасіўся туды.
Тры дні Марыя жыла ў Канску ў сям’і Зіначкі – чакала, калі з Зугдзідзі прыедзе багаж. А затым знайшла папутную «трохтонку» і з усімі рэчамі (каструлі, керасінка, прас, вопратка, коўдры) накіравалася ва Усьцьянск.
Дарога пыльная, уся ў ямах. А вакол – незвычайная чорная зямля і… сусьлікі, цэлыя сем’і сусьлікаў. Выцягваюць шыйкі і зьдзіўлена праводзяць машыну…
Пачуўшы каля чайной грузінскую мову, Марыя адразу ж здагадалася, што гэтыя два мужчыны ў памятых шапках – мужавы аднаэтапнікі.
– Даражэнькія, ці ня ведаеце вы, дзе жыве ссыльны Дубоўка, беларус… Яго з Тбілісі сюды прывезьлі, – запытала нясьмела.
– Ведаем, – абудзіліся мужчыны. – Толькі ён цяпер у лесе, на нарыхтоўцы. Давайце мы дапаможам перанесьці вашыя рэчы, а тады й пашлём па мужа…
За тыдзень яны больш-менш абжыліся на новым месцы, і Дубоўку зноў паклікалі ў брыгаду – нарыхтоўваць дровы для дзіцячага дому. Бярвёны канём сьцягвалі на лясную паляну, затым пілавалі. Калоць даво-дзілася Дубоўку – як найбольш дужаму і сталаму з усёй брыгады (у якую сабралі школьнікаў-падшыванцаў і зусім нядошлых старых).
Перад абедам, калі ўсе сабраліся каля вогнішча, яму заманулася схадзіць да крыніцы – з паўкіламетра ад паляны, бліжэй да дарогі. Лес там быў стары, пагудасты, дарога, здавалася, ледзь праціскалася скрозь тоўстыя яліны.