Круг
Шрифт:
7.
Двухпавярховы будынак Чабаксарскага НКВД, пакой насупраць прыступак зьнізу. Пах фарбы. Ранішняя прахалода. Заспаны твар лейтэнанта над папкай з асабовай справай.
Старлей доўга лянотна перагортвае мяккія старонкі, затым з шуфляды вялікага дубовага стала, нядаўна пафарбаванага, як і падлога, у карычневы колер, дастае яшчэ адну папку – новую. У ёй толькі некалькі старонак.
– Адносна вашага тэрміну, грамадзянін Дубоўка, пакуль яшчэ ня маем аніякіх распараджэньняў, – старлей далікатна зірнуў паверх шкляных
– Не. – Такога пытаньня Дубоўка не чакаў. – Чуў, што і ўсе пагаворваюць… Абрабавалі машыну, забралі грошы. – І адразу ж адчуў штось нядобрае.
– Шафёр пазнаў аднаго з беглых, ён ужо з тыдзень у росшуку. А нам вядома, што вы з ім адным этапам да нас дабіраліся. Што-небудзь ведаеце пра Льва Бароўскага? – старлей пільна ўгледзеўся ў вочы, а пасьля паўзы паклаў на стол фотаздымак.
У Дубоўкі мацней затахкала сэрца: перад ім – выява Льва, тога самага, «жывы-будзем-не-памром», стрыжанага, няголенага.
– Ну што? – старлей забраў фотаздымак, зноў сеў за стол, па-заліхвацку закінуўшы нагу на нагу.
– Твар знаёмы… І праўда разам этап адбывалі.
– А тут, у Чабаксарах, ня бачыліся? – старлей скрыпнуў стулам і нагнуўся бліжэй.
– Не…
– Што ж, не – дык не, – старлей штось марудна напісаў у пратаколе, падсунуў Дубоўку. – Расьпішыся.
Затым схаваў абедзьве папкі ў сейф, наліў з графіна вады, са смагай выпіў і падагульніў:
– Пакуль можаш ісьці, праз тыдзень будзе вядома, што з табой…
Жонка вечарам спрабавала разьвесяліць: «Ну нічога, пяць гадоў чакалі, перачакаем і тыдзень. Канешне ж, пакуль тыя паперы сюды прыйдуць… Ды не на аднаго ж цябе. Вунь і Савічу ж нічога не паведамілі. І Каравайчыку…» А сама ўжо дамывала сямейны «гардэроб». Хай, казала, у дарогу будзе ўсё чыстае.
На апалоскваньне не хапала вады, і Дубоўка з двума вёдрамі накіраваўся да дзьвярэй.
– Можа, хай раніцай? Цёмна ўжо, – занепакоілася жонка.
– Ды не, не зіма ж…
Вада – акультурненая крынічка – была каля самай гары. Небясьпечна было хадзіць па ваду зімой, калі сьцежка пакрывалася лёдам. А цяпер ноч была сьветлай. Зоркі абсыпалі неба і бадзёра трымцелі пад нястомнае чыканьне чувашскіх цыкадаў.
Ён ужо набраў цалюткія вёдры і на хвілю сьцішыўся, каб паслухаць ліпеньскі змрок, шапаценьне крыніцы, якая, стаміўшыся ад доўгага блуканьня, заціхала ў густым лапушыньні, разьлівалася ў невялічкі ўзбалотак, дзе нясьмела пакрэхквалі некалькі жаб, – сьцішыўся, каб задумацца пра вольнае, як за сьпіной, з-за алешніку, пачуў хрыплае:
– Эй, землячок, ты гэта?
Азірнуўся, угледзеўся ў кустоўе. Ад алешыны адарваўся сілуэт, ціха наблізіўся да крыніцы.
– А я цябе ўжо некалькі разоў бачыў… – той жа голас, знаёмы, і твар, і ўся постаць. –А цяпер вось і стрэліся, жывы-будзем…
– А мне казалі, што ты ў бягах…
– Можа быць, – Леў прыпаў да вядра і доўга піў, затым даланёй абцёр вусны, крэкнуў і агаломшыў: – Заўтра іду за Урал, там паспрабую загубіцца. Грошай на два жыцьці хопіць… Хочаш са мной?
– Ды дзякуй… У мяне ж тэрмін закончыўся. –
– Нам, татарам, да балды! Ты, гэта… Можа б з хлебам расстараўся?
Дубоўка зьлёгку піхнуў яго ў плячук, уздыхнуў:
– Схавайся, сарві-галава! Хлеб і да хлеба прынясу, каля алешыны пакіну. Ну а жывымі будзем – пабачымся…
А праз тыдзень Дубоўка прыйшоў дадому яшчэ да абеду, сеў каля дзьвярэй на падлогу, моцна абхапіў рукамі калені, – твар зьбялелы, вочы нерухомыя, нібы застылі на ходніку.
У хаце адразу ж зразумелі: штось нядобрае. З гадзіну ён як скамянеў, ня чуў жончыных пытаньняў, не варушыўся нават. Затым устаў, прыціснуў да сябе сына, узварушыў яго мяккую, з далікатнай кучаравінкай, чупрынку, пасадзіў на калена.
– Што? – жонка прысела да яго і, здавалася, ужо ўсё зразумела.
– Тэрмін падоўжылі… На два гады, – толькі і змог выціснуць Дубоўка.
У той дзень яго ўпершыню не дачакаліся на працы…
А напрыканцы лета – новая нечаканка: вырашылі рамантаваць іхні дом, і ўсе сем’і мусілі перабрацца ў доўгія хлеўчукі побач. Восень (некалькі гадзін да працы і ўвесь вечар) ён дапамагаў будаўнікам даводзіць да ладу сваю «кватэру», каб не сустрэць зіму ў хлеўчуку. Здымаць новы пакой не хапіла б грошай.
8.
Сонца… Мяккае сонца над галавой. Там і жаўранак, і лёгкая хмарка. І возера блакіту. А наперадзе – агародніцкія хаты. Леваруч усьміхаецца Доўжа, і сьцежка, па якой ідуць ён з жонкай і сынам, вось-вось пачне свой апошні паварот да возера.
Луг чамусь няскошаны, шмат зельля нарасло ў траве, асабліва ў лагчыне, адкуль паказваецца-вырастае трактар з прычэпленым вагонам.
Трактар стары, увесь у іржы і гразі, але металёвыя колы-шасьцяронкі коцяцца спраўна: вось перарэзалі ўжо сьцежку і прысьпешылі насустрач.
Каб не патрапіць пад гэтыя шалёныя колы, яны збочылі і пайшлі да вёскі напрасткі, аднак трактар з вагонам адразу ж зноў крутнуў да іх. Руляваў чалавек, добра знаёмы па газетных фотаздымках: грузінскія ўзьлётныя бровы, доўгі масіўны нос, васпаватыя шчокі…
Сталін – надзіва рухавы – скочыў на зямлю, пастукаў кулаком па дошках вагону, а ў адказ – у сто галасоў крык.
– Ну тихо, тихо… – буркнуў Сталін і пальцам пазваў Дубоўку. – Давай и тэбя покатаю…
І тут як хтосьці нябачны падпіхнуў яго ў страшны вагон. Сіліўся праціснуцца да закратаванага вакна, расьпіхваў сьлізкія голыя целы, аднак іх усё большала і большала. І тады ён выбіў у сьцяне некалькі дошак, высунуў галаву – а мясьціны вакол ужо незнаёмыя, чужыя. Сонца сьпераду садзіцца-заходзіць, акурат нібыта ў трактарную трубу – пачарнелае ад маторнай копаці. І за рулём ужо ня Сталіна постаць, а кагосьці незнаёмага – рослага і дужага. Прамасьленая ватоўка на плячах ледзь сходзіцца, калені над рулём узвышаюцца. І галава вялікая, з нестарэчай яшчэ лысінай. Ад ветру ацалелыя валасы ў німб узьнімаюцца – доўгі каўтун над левым вухам. Ям большае, німб-каўтун на каўнер ападае, і яго кіроўца аграмаднай пяцярнёю зноў на лысіну зачэсвае.