Круг
Шрифт:
І тут нечакана зусім побач – крык. Дзявочы крык:
– Ратуйце! – і праз сполашны стогн: – Пусьці мяне, пу-усьці! Не чапай…
Дубоўка адхінуў яловую лапу – і вачам не паверыў: азызлая сьпіна брыгадзіра, пад ім, нібыта тонучы ў імху – дзяўчына. Гнеўны алтайскі твар яе – зморшчаны… Стукаціць кулачкамі па брыгадзірскім жываце, пішчыць, а гвалтаўнік, пасопваючы, ужо заломвае яе рукі…
Нічога не гаворачы, Дубоўка падняў брыгадзіра і адкінуў да яліны. Увомірг ускокнула і з крыкам зьнікла ў лесе дзяўчына (і адкуль сюды патрапіла?).
Агоўтаўся брыгадзір:
– Ты яшчэ ўспомніш пра гэта… –
– Я, смаркач сабачы, ужо дваццаць гадоў успамінаю, – уздыхнуў у адказ Дубоўка. – І не такіх сцыкуноў, як ты!
А праз дзень яго выклікалі ў аддзел МДБ. Налыса стрыжаны капітан перагартаў ягоную справу і прасіпеў:
– Што ж гэта вы, грамадзянін Дубоўка, рукапрыкладствам займаецеся? Ды яшчэ пры гэтым на Савецкую ўладу нагаворваеце? Як там?.. – і зазірнуў у паперы: – Дваццаць гадоў яна ў вас адабрала? Не разумееце аніяк нашай навукі. – Памаўчаў, пашкроб патыліцу – і вынес прысуд: – Зьбірай свае манаткі й …іздуй у Почэт, каб пра цябе тут ня чулі.
…Яшчэ сто кіламетраў на поўнач, у тайгу. Па глыбокіх калдобінах, ажно машына церла карданам зямлю, ледзь-ледзь даехалі да Байкана. Далей сунуцца шафёр адмовіўся.
Тры дні прасядзелі на клунках, пакуль ня выручыў калгасьнік: прыехаў з Почэту па авёс. Аўса не раздабыў, але спадарожнікаў забраў. Рэчы пагрузілі на падводу, а самі пайшлі за канём – доўгіх трыццаць пяць кіламетраў тайгой.
Чым далей – тым больш даймаў гнюс. Усё ў перамешку: камар, машкара, макрэц… Не прысесьці, не спыніцца. Бачачы пакуты Марыі, калгасьнік даў ёй сваю сетку. І ёй ажно дыхаць стала лягчэй.
На паўдарозе конь упудзіўся, падвода наскочыла на патырчаку і перавярнулася.
Што рабіць? Разьбіраць увязаныя клункі, а затым – зноў укладваць?
І Дубоўка матнуў рукоў, падлез пад воз і перавярнуў яго назад. Толькі натужна крэкнуў…
Рушылі далей. І праз тры гадзіны ўсё зьмянілася: тайга адступіла, дарога памякчэла, а сьпераду бліснула Біруса. Яе дальні бераг быў высокім, стромістым. Як зялёны брыль на ім – густыя сосны.
15.
Сваю хаціну ён праектаваў вокнамі да вады – на прасторны разлог, дзе злучаліся дзьве таёжныя рэчкі Тара і Чайгашэт ды ўліваліся ў большую – Бірусу. Калісьці ўсю тую мясцовасьць займала тайга, аднак з ростам паселішча яна адступала, толькі сям-там заставаліся вылежыны ды пні.
З жытлом у Почаце была цэлая бяда: людзей прыязджала шмат, і прытулку ўсім не хапала. Напачатку ён жыў у склепе, куды згрувасьцілі прывезеныя рэчы. Жонка прытулілася ў каляжанкі, школьнага завуча.
Усю восень ён пілаваў бярвёны, узводзіў зруб. Зімой, калі выпадала вольная хвіліна, на санях падвозіў да будучага жытла – напрамкі, па засьнежанай і мёрзлай рэчцы – астатнія матэрыялы: дошкі на дах і падлогу, бэлькі, кроквы, руберойд.
Адрывала і даймала работа на службе. Ісьці на лесапавал не ставала здароўя: пачала балець абмарожаная ў лагеры нага. Вось і вырашыў – па жончынай парадзе – уладкавацца ў лягчэйшае, у сталярку. Купілі інструмент, і ён пачаў вучыцца новай справе. Пачынала нават падабацца – рабіць ваконныя рамы, дзьверы. Работа з дрэвам адцягвала ад змрочнага, нават супакойвала.
Пакуль
Але ён ня гневаўся: прыкусваў язык і крахцеў далей.
Усё зьмянілася, калі да іх прыехаў кваліфікаваны сталяр, уралец Сяргей Муратаў. Кучаравыя валасы, гусарскія бакенбарды, драўляная люлька ў белых, як сьнег, зубах.
Зранку ўсёй кампаніяй узяліся за працу – ажно пар ішоў пад столь тартакоўскай стадолы. А Муратаў спакойна расьсеўся, пахукаў на рукі – і пачаў вастрыць свае жалезкі.
Пашкрэбаў Дубоўка сваю стамеску кіпцем – і таксама палез па напільнік.
– Во гэта, браток, правільна, – заўважыў яго Муратаў. – Яны хутка рукі панабіваюць… Ды і якасьць адпаведная зробленаму. А мы іх хутка дагонім.
І праўда – работа пайшла мякчэй.
А падчас абеду Муратаў падсеў да Дубоўкі і далікатна пачаў:
– З цябе, бачу, столяр пакуль яшчэ неважнецкі. Аднак не бядуй. Вучыць цябе не магу – трэба норму гнаць, зарабляць. У мяне дачка ў інстытуце, грошы, разумееш, патрэбны… Дык ты сам за мной прыглядайся, пытай. Граматны ж, навучышся…
Навесну Муратаў падарыў яму прыгожыя дзьверы, разам з рамай.
– Вязі на сваё селішча, клямку сам уставіш.
І Дубоўка яшчэ больш прысьпешваў: выпільваў аканіцы (нават вакенца на гарышчы ўпрыгожыў), капаў гліну, тынкаваў сьцены, пераносіў на плячах па кладцы цэглу і складваў печ.
Марыя прыбягала на будоўлю толькі пасьля школы. Ды і чым магла дапамагчы? Прыносіла няхітры абед, а муж нечакана мог разбурчэцца:
– Калі тут абедаць? Ты толькі час у мяне адбіраеш!
І яна маўчала. Ды й што на тое адкажаш… А як пацяплела, пачала ўзьнімаць цаліну каля хаты – пад агарод.
Зноў сонца ўстала за старой тайгой. Сьлізганула па пярэстых хвалях сопак – і адарвалася ад небакраю.
У такі час ён прачынаўся. Распальваў печ, каб сагрэць выстуджаную за ноч хату. Яна стаяла на ўзвышку, даступна прадзімалася вятрамі, ад чаго не дападаў да панадворка гнюс і ад чаго, асабліва восеньню і зімой, было халадней.
Затым ішоў да рэчкі па ваду. Сьцішваўся, гледзячы на няўтомную плынь, і чакаў, пакуль ранішняе сонца не ўсьміхнецца ў яе лускавіньні. Вада віравала, на павароце кідалася на бераг – супакойвалася і бегла далей.
І ў тым няспынным бегу яму чулася такое:
Рака Біруса, а яна ж і Ана – дзьве назвы для рэчак, а рэчка адна! Над берагам скалы – адна на аднэй, адна за адну прыгажэй і вышэй. І вежы ўзьняліся да неба, да хмар, на іх павырэзваў акрасы разьбяр… Легенды і казкі – тварэньне людзей – на хвалях сваіх аднясе ў Енісей. А ён, неаглядны, складзе з іх адну – пра тое, як людзі шукалі вясну…