Круг
Шрифт:
Дубоўка спрабуе далей дошкі рассунуць, хоча крыкнуць, аднак не хапае паветра, вагонная сьцяна варушыцца і заціскае яго.
– Пачакайця, пачакайця… – сіпата ўскрыквае кіроўца і раз-пораз азіраецца: цыганаватыя бровы, чорныя, як смоль, вочы, багатыя вусы пад мякіністым носам, здаровыя, як часночыны, зубы.
І раптам вагон перастае кідаць – колы пакаціліся па асфальце. А наперадзе – шэры будынак менскай турмы-«амерыканкі», толькі чамусь замест круглых вежаў – крамлёўскія, кантавыя, з Чырвонай плошчы. А паміж імі – вялікая жалезная брама, перад якой кіроўца ліха тармазнуў, сьпешка скочыў з трактара, абабіў
Аніхто не адазваўся. Тады ён пачаў стукаць нагой:
– Адкрывайця, маць вашу!..
Стук моцны, нервовы, ажно рэха ідзе.
…– Открывайте!..
Жонка сполашна ўсхапілася першай, адчыняла дзьверы марудзячы – і разьятраны энкавэдзіст ледзь ня зьбіў яе з ног.
У пакой увайшлі трое. Пакуль адзін стаяў каля вакна і дакурваў цыгарэту, таварышы паскідвалі на падлогу матрацы, павыварочвалі шуфляды. Зьнялі з падушкі навалку і ў яе пачалі піхаць кнігі і ўсё, што знайшлі рукапіснага.
Ён, ужо апрануты, сядзеў на табурэце каля сьцяны і стоена пазіраў на жонку і сына.
– На выход! – энкавэдзіст каля вакна плюнуў на акурак і выйшаў першым.
З мяшэчкам сухароў у адной руцэ і скруткам бялізны ў другой Дубоўка пасьпеў нязграбна абняць спалоханага сына, затым сунуў бялізну падпаху і пагладзіў малога па галаве, пацалаваў і прашаптаў на вуха:
– Я ні ў чым не вінаваты, ведай. І беражы мамку…
З жонкай разьвітваўся ўжо на вуліцы. Яго прысьпешвалі – а не хапала сілы пайсьці.
– Калі што, едзь да маіх у Маскву… – набраў у грудзі паветра і рашуча рушыў за энкавэдзістам.
Толькі тады жонка дала волю сьлязам, спачатку ціхім, а калі яго сьпіна разам з канваірскімі па баках схавалася ў перадранішнім змроку, павалілася на зямлю і зарыдала на ўсю сваю жаночую моц…
На другі дзень пасьля арышту мужа яе звольнілі з працы (была школьным бібліятэкарам) і загадалі вызваліць пакой. Яна са спалоханым сынам мусіла зноў перабрацца ў суседні хляўчук.
Заканчваўся жнівень, ночы сталі вельмі халоднымі. Малы захварэў, тэмпературыў і трызьніў у сьне, а яе – жонку «ворага» – аніхто не згаджаўся ўзяць на кватэру.
У доўгія верасьнёвыя ночы ёй станавілася страшна. Страшна жыць, страшна глядзець на сьвет. Яна завязвала – як магла – на вяроўку дзьверы хлеўчука, садзілася над сынам і ў сьвятле дымнага самаробнага каганчыка расказвала доўгія казкі, – аж пакуль не зьнемагалася і не засынала сама: на земляной падлозе, паклаўшы галаву на сынаў ложак…
Некалькі месяцаў вялося сьледства. І кожны дзень яна хадзіла ў камендатуру НКВД, выстойвала чаргу да пракурора і пытала адно і тое ж: «За што арыштаваны мой муж?» Напачатку пракурор казаў, што яшчэ вядзецца сьледства і што дарма не арыштоўваюць, а калі ў турме – праз вакенца ў тоўстай-тоўстай сьцяне, хтось хрыпаты, чыйго твару не было відаць – ёй паведамілі ўрэшце, што мужа чакаюць дзесяць гадоў лагеру, яна не паверыла і напісала ў Маскву Дубоўкавай маці, папрасіла дазнацца там, за што арыштаваны Уладзя, – але і ў сталіцы нічога пэўнага не паведамілі. «Даведайцеся на месцы...»
А «на месцы» ўжо сьпешна дапісвалася абвінаваўчая пастанова сьпецтройкі пры НКВД Чувашскай АССР, якая выкрывала «антысавецкую дзейнасьць» Савіча і Дубоўкі, Каравайчыка і Мамчыца. У аснову новай справы былі пакладзены сьведчаньні Енгібаяна (якога Дубоўка ні
Яны пабачыліся напрыканцы лістапада 1937-га – у Алатырскім лагеры на мяжы Чувашыі. Невялікі перасыльны лагер, зроблены сьпешна на ўзвышку ў сутоку Алатыры і Суры, у два абхопы быў абнесены частаколам. Пяць вежаў з вартавымі. Вартавыя шнуравалі і паўз сьцены звонку. А за імі – укруга – жанкі, дзясяткі жанчын: то прыпадаючы тварам да частаколу, то калдыбаючы па сьнезе далей, на іншы бок лагеру.
І крыкі: імёны, прозьвішчы…
Дубоўка ўбачыў жонку першым, падазваў першым. Яна ледзь не самлела, убачыўшы яго схуднелы парослы шчэцьцю твар. Перакінула праз частакол зімовае паліто, валёнкі, цёплую коўдру – і ўжо ня мела сілаў стаяць. Укленчыла перад ім – за некалькі метраў да яго, і глядзела, глядзела…
…аж пакуль не паказаўся вартавы з сабакам, пакуль не пачаў адганяць…
– Мне сказалі, што дзесяць гадоў у лагеры… – надрыўна выкрыкнула яна, узьнімаючыся на ногі.
– Няпраўда, ніякай справы няма! Пасьля выбараў нас павінны выпусьціць… – ад пачутага грудзям не хапала паветра (ім жа не абвесьцілі пастанову!). Вусны штось яшчэ працягвалі шаптаць, а сэрца ўжо разумела і верыла, што яшчэ дзесяць гадоў няволі забіраюць яго…
У сярэдзіне сьнежня каля лагерных варотаў ён пачуў ужо знаёмае: «Внимание, колонна! По пути следования не растягиваться… Шаг вправо, шаг влево…» Да Алатырскага чыгуначнага вакзалу калону лагернікаў вялі ўжо днём – і па цэнтральных вулках гораду.
І зноў: турма на колах, восем вагонных «купэ», па шаснаццаць зэкаў у кожным. Толькі дарога – у некалькі разоў даўжэйшая: Цюмень – Омск – Навасібірск – Краснаярск…
І мароз, ад якога ў голым вагоне замярзалі вочы. Застывала душа…
9.
Звон…
Колкі, нацяты звон.
Так пачынаецца ранак: молатам па чыгуннай рэйцы…
Спрасоньня здаецца, што хтось б’е па галаве…
Ён расплюшчвае вочы: на нарах і каля іх у змрочнай палатцы бязмоўна варушацца стомныя сьцені, кашляюць, – ці ад дыму з іржавай «буржуйкі», ці з прастуды, стогнуць.
Паспрабаваў узьняцца – стала млосна ад страшнай здагадкі: паралізавала сьпіну…
Выцягнуўся, паварушыўся, і тады паспакайнеў: усяго толькі бушлат прымёрз да дошак. Каб не парваць, расшпіліў і вылузнуўся з яго – у паліто, швэдары, кашулі, усім, што захапіў з сабой.
Ступіў на зямлю, і тады толькі заўважыў, што – без валёнак. Пашукаў пад нарамі – няма. Толькі чыесьці парваныя гамашы…
Насьпех абкруціў ногі нейкімі анучамі, усунуў у гамашы, завязаў, каб не згубіць, дротам – і апошнім выпхнуўся на вуліцу.
Сьвітаньне афарбоўвала далёкія сопкі лёгкай ружавізнай, над тайгою навісала мутнаватае, як брудная вата, неба. А па ўсім лагеры абуджалася нявольніцкае жыцьцё: хрыпла мацюкаліся наглядчыкі, постаці ў балотнага колеру бушлатах, у рваных ватоўках нязграбна зьбіраліся на вялікім пляцы; белы дым акуратна ўздымаўся над трубой лагернай сталоўкі; абуджана гаўкалі аўчаркі; вартавыя дакурвалі свае першыя ранішнія папяросы, спрактыкавана хаваючы пад крысо кажухоў рукі (у тоўстых рукавіцах не пакурыш).