Сакрамэнта
Шрифт:
Макрыца лепіцца да зямлі, маленькая, кволенькая, кажуць, нават карысная пры нейкіх хваробах. Дзед аднойчы расказаў ёй дзіўную гісторыю. Як пайшоў ён у Купальскую ноч са сваім сабакам Шарыкам у лес.
Ідзе і прыглядаецца. Які ж беларус не хоча сваю папараць-кветку знайсці?! І раптам дзед сам для сябе нечакана пачаў разумець, пра што сава вухнула, пра што сабака ягоны забрахаў. І нават дрэвы шаптацца сталі чалавечаю моваю. Здзівіўся дзед. Бо такія здольнасці, казалі, толькі папараць-кветка даць можа. А яе ж нідзе не відаць. Вярнуўся дамоў ён, стаў разбувацца, лапці здымаць, і ўсё. Зноў ні Шарыка свайго, ні птушак не разумее. А потым уцяміў—гэта ж ён незаўважна папараць-кветку, што ў лапаць яму недзе ў лесе патрапіла, вытрусіў. Бо яна
Дзьмухаўцы. Дзіўныя сонечныя кветкі, якія ператвараюцца ў лёгкія воблачкі і сплываюць парашуцікамі насення. Але для бульбы яны ці не першыя ворагі. Як для тутэйшых людзей жаданне блукаць па свеце, раскідаць сваё насенне, свае таленты і працалюбства.Вунь надрыўнае Паўлюкова, Багрымава “Зайграй, зайграй, хлопча малы!” пачуў Якуба Коласа Сымон-музыка, што вандраваў па беларускіх вёсках і Алесь Рыбак, што давандраваў са сваімі бацькамі-музыкамі да Нарвегіі і да перамогі на Маскоўскім “Еўрабачанні”. Вырывай не вырывай тыя дзьмухаўцы, усё адно разлятуцца і прарастуць сонечным ветрам, светлаю згадкай.
Але пачынаць вызваленне бульбы варта было б з калючых дзядоў. У ейнага дзеда падканец жыцця, яна добра тое памятала на дотык сваіх далікатных ручак і не меньш далікатных шчочак, і ў дзеда на твары было гэткае ж колкае, сівое шчацінне. І калі ён памёр, ёй заўжды здавалася, і цяпер, бач ты, здаецца, што ён ператварыўся ў расліну. Калючую, чэпкую, да дзявочых спадніц ліпучую. Але дзяды мусяць саступіць месца маладым высакародным парасткам. Калі ўвесь час думаць толькі пра мінулае, будучыня завяне. Яна сама ўжо чалавек пажылы, але ёй чамусьці ўтульней не сярод сваіх аднагодкаў, а сярод моладзі, сярод тых, хто ўмее марыць, хто смелы і дзёрзкі, хто не баіцца лётаць і чапляецца не толькі за свае хваробы і дзявочыя спадніцы.
Крапіва — самая карысная расліна сярод пустазелля. З яе і суп са шчаўем зварыш, ёю галаву памыеш, і для градак угнаенне цудоўнае. Адно слова — крапіва. Усюдыісная, балбатлівая, вострая на язык пякучка. Як жа гэта навучыцца не абгаворваць, не выносіць раней часу сваю радасць, ды й бяду на людзі?
А гэты ўюнок, што так дарэчы абвівае плот, засланяючы ад суседзяў сядзібу, можа зусім задушыць бульбу. Яе з абдымкаў гэтай недарэчнай, кволай з выгляду міні-ліаны не выбавіць. Спляліся, лічы, зрасліся, як сіямскія блізняты. Усё, што ўецца, звязана з хмелем, з вінаградам, а значыць, з півам, віном... Затое з бульбы робяць фірменную гарэлку “Бульбаш”.
Бульба, аплеценая ўюнком, не ўродзіць. Яе хіба што на гарэлку пусціць потым можна. Дзе ў хаце завялося п’янства, яно шашалем абразы сточыць, і не заўважыш, як ад кахання, сям’і труха застанецца.
А вось з хрэнам, што гэтак самавіта паўстаў сярод бульбачкі, можна было б і пазмагацца.
З даўніх часоў салярны акруглы знак быў і жаночым знакам. А мужчына, будаўнік ды ваяр, асацыіраваўся з чымсьці крышталічна ўстойлівым. Круглае яно ж коціцца і коціцца. А крышталік стаіць, урастае, узрастае, спыняе тое, што коціцца. Ужо ў дваццаць першым стагоддзі сярод першаэлементаў, якія на мікраўзроўні вызначаюць жаночы і мужчынскі пачаткі, навукоўцы нечакана, а для мастакоў з часоў першабытнасці і “Пацалунку” Густава Клімта, зусім нават натуральна, адкрылі, што жаночы першаэлемент нагадвае вяночак, а мужчынскі — крышталічны ромбік, лісточак. Хрэну.
Паліна Эдуардаўна хацела падчапіць цяпкаю хрэн. А падчапіла разам з ім і бульбачку. Ужо з ліловаю квеценню, ужо з кругленькім, у жменьку велічынёю маладзенькім наедкам. Корань хрэна, моцны і пругкі, ухапіў бульбачку і не выпускаў. Проста помнік нейкі жывы шчаслівай сям’і. Яна іх атрэсла і паклала на ганак з падгнілымі ад часу трыма прыступкамі.
Бульбу выпалала. Зямлю цяпкаю ажывіла. Вільготным летам каларадскіх жукоў шмат не бывае. Але некалькіх давялося
Неба тужылася, тужылася і зноў заплакала цёплым летнім дажджом.
Паліна Эдуардаўна, нацягнуўшы на галаву капюшон, агледзела астатнія грады, кветкі, памыла рукі , нашчыпала цыбулі, укропу, наабірала клубніцаў, суніцаў і, нарваўшы букет белых, ахутаных мройным салодкім водарам кахання півоняў, рушыла на электрычку. Сёлета, пэўна ж, у іх будзе зноў і вішань, і яблыкаў, і пэўна ж, яны зноў не будуць ведаць, дзе іх падзець. І бульба з хрэнам будуць. Каб, як любіў прыгаворваць бацька, не казалі, што няма на стале ні храна, ні хрэна. Шкада, што выдраныя з зямлі маладзенькі клубень бульбачкі з пругкім ужо коранем хрэна яна пакінула на ганку, мокнуць пад дажджом. Можна было б сваім паказаць гэткае дзіва.
... — Дайце мне вабны акруглы камячок мармуру ды рэзкі, жылісты з бронзы корань. Я з’яднаю іх і перавярну свет, — сказаў Скульптар.
У электрычцы, удыхаючы водар самлелых ад шчасця півоняў, яна задрамала. І ў сне пачала весці цяпер ужо неіснуючы ўрок сусветнай мастацкай культуры. На ўвесь экран ажыла адна з самых славутых сцэн “Сіксцінскай капэлы” Мікеланджэла. Стварэнне Адама. Адам яшчэ вялы. Але Бог, а можа Ева, што вызірае з-пад ягонае рукі, вымушаюць яго на нашых вачах налівацца сілаю. Дух ажыўляе цела, а цела гатовае да стварэння новага духу. Зямля прагна ловіць пяшчотныя нябесныя дотыкі цёплага дажджу. Каб урадзіла. Тут і зараз.
Сплін па васільках
Яна ніколі не думала, што апынецца на сметніку. Але ёсць мяжа болю, якую, калі пераадолець, ужо не баліць. Болевы шок называецца. Яе душа перажыла гэткі шок. Цяпер ні людзі, ні звяры былі ёй нямілы. Толькі рэчы...Тыя рэчы, што як і яна, апынуліся на сметніку. І яна, тут, на сметніку, раптам пачала адчуваць іхні лёс, як свой.
Вось разарваная нітка, жменя сапраўдных, натуральных пярлінаў. Яна ссыпала гэтыя пярліны ў іржавую бляшанку і вырашыла наноў нанізаць іх на леску, якую адарвала ад зламанае вуды. Яна сядзела на перавернутай пластмасавай скрыні з-пад бутэлек і моўчкі нанізвала пярліны. Адну, другую, трэцюю і яшчэ сорак пяць. Усяго сорак восем. Як ёй гадоў. Як гадоў той жанчыне, што калісьці ў маладосці пазіравала ў гэтых каралях мастаку. Мастак папрасіў, каб яна нічым не засціла свае дасканалае, жывое цела. Нічым, апроч гэтых пацерак. І яна іх надзела і, скінуўшы халацік, легла на канапу. Мастак, дзёрзкі, крыху іранічны, з вусамі, з-пад якіх раз-пораз з’яўлялася не ўсмешка, лёгкі посмех, і ў капелюшы. Чамусьці ён нават у майстэрні не здымаў капялюш, з тых, што ўславілі мушкецёраў. А вочы ў яго былі лёгкія. Як гэтыя пярліны, каралі. Толькі не з малочна-белым, а блакітным святлом.
Ён пісаў апантана і горача. Ён, здавалася, раставаў у яе целе. У яе вачах. І ў гэтых жывых, пульсуючых пярлінах.
На выставе твор меў шалёны поспех. Потым хтосьці хацеў набыць тое палатно. Але мастак зрабіў на продаж аўтарскую копію. А арыгінал пакінуў у майстэрні, у сваёй белай,— столь, падлога, сцены — усё белае, у сваёй белай, як боскае святло майстэрні. А побач з карцінай, на цвік, што чакаў новага шэдэўра, ён павесіў пацеркі, тыя самыя, у якіх яна яму пазіравала. Белае на белым. Пярліны на сцяне. Як у ракавіне-перлавіцы. Толькі не па адной, а разам. Потым нехта зачапіў, нітка парвалася. Пярліны рассыпаліся, пакаціліся па белай падлозе. Гэта быў знак смерці. І, ведаючы гэта, жонка мастака сабрала ўсе пярліны і разам з тымі, што заставаліся на парванай нітцы, выкінула на сметнік. І тым самым уратавала яму жыццё. Можна не верыць у прыкметы. Але так хочацца жыць. Асабліва, калі ведаеш, што і як казаць людзям, чаго прагне тваё ўспрымальнае да тваіх пачуццяў і думак, да фарбаў свежае, бялюткае, як божы свет, палатно...