Сакрамэнта
Шрифт:
І яшчэ яна адшукала на сметніку рукапісы. У выдавецтве выкідалі, набраныя не на камп’ютары, а яшчэ на машынцы, кнігі. Выкінулі і гэтую. Зборнік маладой, цяпер ужо сталай паэткі, якая адна гадавала сына. Калі нарадзіўся сын, яна забылася на здадзены ў друк, яшчэ за тым часам, калі камп’ютары былі не ва ўсіх, свой зборнік. На выданне якога ў яе ўсё адно не было грошай.
Зборнік называўся “Пярліны”. Вершы і праўда нанізваліся ў ім, як пярліны на адну-адзіную, нацятую, як струна, леску яе няспраўджанага, дакладней, спраўджанага толькі ў сыну кахання. У сыну лепш, чым толькі ў сне.
...Іглінкамі боль Прыхавала галінка. ТакЦяпер гэтыя вершы, пачуцці, ўкладзеныя ў дакладна знойдзеныя словы, маглі б суняць чыйсці боль. Каб не апынуліся на сметніку.
А гэты звялы, ссохлы, выцвілы букет васількоў яна добра ведала. Яна пазнала яго па трох адарваных кветачках. Яна ведала, дзе тыя кветкі. Яна засушыла іх між старонкамі ў сваім нататнічку, адзінае, што ўзяла з сабою з таго жыцця, якога, здавалася, і не было зусім.
Сын падарыў ёй гэты букет. І запіску:”Мамуля! Я цябе люблю!” Яна трымала яго доўга-доўга. Тры кветкі засушыла. А запіска, яна, як і тры васількі, ляжала зараз складзенаю ў яе нататніку.
Сын яе любіў. І яна яго любіла. Таму не хацела замінаць яму жыць.
Яна магла памерці. І нават напісала ліст, пра тое, што яе пасля смерці мусяць спаліць і падхаваць да бабулі. Каб не траціцца на новы помнік. Але раптам ёй неяк востра, да душэўнага ўсхліпу, за якім пачынаецца палёт натхнення, захацелася жыць. Хоць на сметніку. Не сярод людзей. Не сярод жывёл. А сярод рэчаў, што хаваюць іхнія лёсы.
Вось такі сплін па васільках, што калісьці красавалі ў жыце. У жыце, у жыцці, у чыімсьці жыцці яны красавалі. Але тое, што замінае каласіцца жыту і жыццю, мусіць быць на сметніку. Сметнік расце, шырыцца. Непатрэбных рэчаў, як і людзей, робіцца ўсё болей і болей. Яны блукаюць, як цені, люляюць сваё мінулае, не знаходзячы прытулку, ні ў тым, што ёсць, ні ў тым, што будзе. З васількоў не спячэш хлеб, і не зварыш кампот. Хіба што вяночак сплесці на Купалле. І пусціць яго па вадзе. Як калісьці ў юнацтве. Калі верылася ў шчасце.
* З сучаснага гумарыстычнага слоўніка: БІЧ — былы інтэлігентны чалавек, што жыве на сметніку.
3. Залюстроўе
Паганскія экспрэсіі
Сплыў, выпарыўся са старога парку, з па-над рэчкі густы мядвяны водар. Ліпы стаміліся. Знемагліся ад уласнае квецені. Лета саспела. Для крамяных баравіковых ранкаў і белага наліву, для пераднавальнічнае задухі і трывожнага цінькання цвыркуноў. На досвітку жаўтаротыя гарлачыкі прагна ловяць знобкі ранішні туман. Потым увесь дзень смокчуць, самі сябе ратуючы ад бязлітаснае, важкае спёкі. Маленькія жывыя сонейкі халоднага бязмежнага сусвету.
Сёлета нашыя суседзі Рыжкевічы пасеялі недзе каля лесу палоску жыта і палоску
А Рыжкевічы ўжо ўсёй свм’ёю дружна расстаўляюць, парадкуюць ля свайго штыкетніка снапы. Душна. Сівы Рыжкевіч папраўляе ўслед за сынам і жонкаю прыткнутую да плота збажыну і строга, сурова бліскаюць ягоныя настаўніцкія акуляры. Ён пазірае на неба. Лепш было адразу складаць пад навес. Жонка, і ў свае сівыя гады падцягнутая, рупная, паспяшае. А сын, самы ж меньшы, Сымон, бы наўмысна, марудзіць. Возьме сноп і нясе яго павольна, разважна — думае. Прыткне да плота ізноў стаіць—думае... Яму б як бацьку пайсці ў настаўнікі. А ён пасля арміі застаўся на будоўлі. Па вечарах зачыняецца ад усіх і чытае. Кніжкі, часопісы. Што ў бібліятэцы бярэ, што купляе, што выпісвае. І ўсё больш па гісторыі. Чытае і думае. Толькі што пагаварыць яму тут зімою дык і зусім няма з кім. А летам прыходзіць да нас. І ўчора ўзгадаў раптам, як яшчэ школьнікам корпаўся (гэта ягонае слова) ў курганах на тым беразе рэчкі і адкапаў, прынёс дахаты спачатку падобную на гаршчок гліняную пасудзіну (кажа, па чарапках склейваў), потым іржавую сякеру без дзяржальна і пару бурштынавых пацерак...
— Той гаршчок, я потым у часопісе вычытаў, — няспешна дзяліўся з намі Сымон, — слязніцаю назваецца... Яно ўсё недзе ў мяне ў гаражы ляжыць. У хату несці асцерагаюся. Я тады малы. Дурны быў. Нядобра гэта ў чужых магілах корпацца. — нечакана дадаў ён і шчэ нешта хацеў сказаць ці папрасіць пра што, але жонка пазвала яго вячэраць і ён затушыў цыгарэту, развітаўся.
Жонка ў яго, Таццянка, не перадаць якая спрытная, увішная. Летась і цяжарная была, а ўсё адно ўвечары ці ў выхадныя і зраніцы яны з Сымонам на веласіпеды — і ў лес. Толькі хусцінка бялюткім пялёсткам трапеча на галоўцы. Вёдрамі чарніцы, маліны, дурніцы і, вядома ж, грыбы, лісічкі, вазілі. І яшчэ кветкі, зёлкі нейкія. Ахапкамі. Не, такой, як у Таццянкі духмянай гарбаты я болей нідзе не піла.
Цяпер у іх двое дзетак — Юлька, ёй, пэўна, годзікаў шэсць, і Міхаська. Усе спяшаюцца, каб хутчэй вызваліць каня. А Юлька круціцца пад нагамі, хаваецца ў збажыну, сама сабе смяецца, сама сабе прыпявае:
На вуліцы мокра, А на ганку суха, Выйдзі, выйдзі да мяне ты, Мая харашуха! Ой, выйдзі, выйдзі! Ой, выйдзі, выйдзі! Ой, выйдзі, выйдзі, Мая харашуха...Падпечаная на сонцы, як булачка, вяртлявая яснавочка, выслізвае з пшанічнага снопу і ейныя валасы сплятаюцца з пшанічнымі каласкамі... Ой, выйдзі, выйдзі... Зманліва, гарэзна мірганюць незабудачкамі ў саламяным павуцінні Юльчыны вочкі...
А я сяджу на сваім ганку, нанізваю на нітачку саломінкі, майструю саламянага павука. Павешу ў хаце і буду лавіць сонца... сонечныя промні. Сонца зазірне ў вакно і заблытаецца ў ягонай вытанчанай пругкай павуціне. На шчасце.
Сымон прыткнуў да плоту апошні сноп і, забраўшы ў Таццянкі каляску з Міхаськам, рашуча крочыць да нас.
Залатая саламяная канструкцыя кружыцца, плыве ў маіх руках... Адмыслвоая карункавая клетка для сонца. Але ж хіба можна злавіць, утрымаць святло? І я гляджу скрозь павука на Сымона з сынам. Жывая, рухомая ідылія ў імглістай сонечнай раме. Павешу яе пакуль што вось тут, на цвік, пры дзвярах, дзе звычайна сушыцца кмен. Сымон заязджае з Міхаськам у двор.
— Дык, я, можа, прынясу вам тыя мае чарапкі? Можа, вы там у Мінску ў музей іх здасцё? — Сымон глядзіць на мяне так. Што я не магу пярэчыць. Вочы ў яго блакітныя, але пагляд нейкі важкі, з-пад ілба. І сам ён лаўганосы, мажны, нагадвае старога драўлянага ідала. Такому не адмовіш.