Круг
Шрифт:
– Не падабаюцца мне гэтыя “высьвятленьні”… Сёньня раніцай Бядуля адкрыўся, што й яго ў ГПУ выклікалі… Прапанавалі стаць сакрэтным агентам. Казаў, што адмовіўся…
Быў ён выдатны майстар-мастак,
толькі ўзяў на сябе непасільны цяжар:
вызваліць хараство з-пад грубай абалонкі. І надарваўся...
1.
Пачынала сутонець. Агародам ён выйшаў да поля, босым – шэрхлаю разорай. Трапяткое едкае полымя
Аднак, заўважыўшы яго, усе сьціхлі. Паглядзелі сумна, спачувальна. З чаго б гэта?
З поля вярталіся са жніва жанкі, сярод іх маці, чамусь у чорнай – у такую сьпёку! – хустцы… Стомлена, журботна сьпявалі:
А пара дамоў, пара-а-а…
Ужо ўзышла вячэрняя зара-а-а.
…Прачнуўся, расплюшчыў вочы: у вакно ўліваецца сонечны ліпеньскі дзень. Вызірнуў на вуліцу: каля ганку корпаецца ў кветніку жонка, паўтарагадовы сын Альгерд у сьмешным брыльку па-гаспадарску абходжвае панадворак, не дае спакою стомленаму матыльку-капусьніку. Толькі той сьцішыцца на лісьце трыпутніку ці травіне – Альгерд тупаціць да яго, намагаецца хапіць-дакрануцца…
Дубоўка мякка пацягнуўся, адганяючы рэшткі позьняга сну (меў звычку заседжвацца над кнігамі ці рукапісамі ледзь не да ранку, і жонка, песьцячы яго, не турбавала да самага апоўдня – адна гуляла з малым Альгердам і ўпраўлялася па небагатай гаспадарцы лецішча). Калі бацька выйшаў мыцца, Альгерд зашчабятаў штось неўразумелае і пацягнуў да яго рукі.
– Што, у неба просішся? – усьміхнуўся Дубоўка і, падхапіўшы сына, паказытаў, дурэючы, яму жывот, пасадзіў на плечы, крыкнуў «Но!» і прыскорыў затравянелай разорай – да плоту і назад. Затым прысеў на ганку лецішча – звычайнай хаты, падобнай да іхняй агароднікаўскай (праз гэтае падабенства і заманулася на лета «наймаць» гэты куточак у падмаскоўнай Пярлоўцы, балазе блізка і да гораду).
– Нё! Нё! – стукаў ножкамі Альгерд, патрабуючы працягу язды…
На працу Дубоўка выбіраўся пасьля апоўдня. Паабедалі разам. Пакуль апрануўся ў свой новы белы касьцюм, сын прынёс сандалі.
– Дзякуй, сыне! Бачыш, маці, вось і я памочніка дачакаўся. – Усьміхнуўся, узварушыў сынаў чуб. – То давай парукаемся…
Сын, ужо навучаны, высока ўзьняў руку і з усяе сілы пляснуў сваёй далонькай па вялікай бацькавай далоні…
Доўгі ліпеньскі дзень зьмяніў адвячорак, а яго ўсё яшчэ не было. Ужо калі Пярлоўку ахінаў паўзмрок, прыехала яго маці.
– Марыйка, Уладзя ня тут? – спытала спалоханым шэптам і асела на ложак. – Відаць, яго арыштавалі. Учора на кватэру прыязджалі, і сёньня пад абед пыталіся…
…19 ліпеня 1930 году намесьнік старшыні АДПУ СССР Гірш Ягода падпісаў ордэр на ягоны арышт. У той жа дзень «варанок» прывёз да дому № 34 на Малой Грузінскай супрацоўніка аператыўнага аддзела Салаўёва з двума памагатымі. У кватэры № 13, дзе была прапісана ўся сям’я Дубоўкаў, паэта не было. «Аператыўнікі» правялі вобыск і зьехалі.
Назаўтра яны ж бяз стуку ўвайшлі ў яго рабочы кабінет, кальнулі злоснымі поглядамі.
– Дубовко Владимир Николаевич? – жалезна спытаў Салаўёў.
– Я… – адказаў спакойна, хоць адразу ж у грудзях варухнулася штось няпэўнае, страшнае. Ён, ужо некалькі гадоў працуючы ў Крамлі сакратаром прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР, звыкся і да гэтай формы, што выклікала ў большасьці гараджан
Прызнацца, ён чакаў іх – чакаў ад таго дня, калі перадрукоўваў на крамлёўскай машынцы тэкст свайго верша «На ўшанаваньне новага падзелу беларускае зямлі», чакаў, калі дачуўся пра арышты ў Менску Пушчы і Бабарэкі, чакаў з кожным тыднем больш балюча, востра. Бачыў сябе абложаным ваўком, пачуваўся ў аграмаднай пастцы – і ня бачыў выйсьця. Адно высільваўся не надламацца, не паказаць тое страшнае жонцы і маці.
І вось яно, тое…
– Вы арестованы! – абвясьціў Салаўёў і кіўнуў падначаленым.
2.
Камера «амерыканкі», або Валадаркі – менскай турмы ДПУ, куды яго прывезьлі праз два тыдні з Масквы, – амаль нічым не адрозьнівалася ад бутырскай адзіночкі: тыя ж шэрыя плясьнівыя сьцены два на тры метры па перыметры, закратаванае жалезам і павутой высокае – ледзь дастаць рукой – вакно, умураваны ў сьцяну жалезны ложак, іржавае вядро-параша. Стаяла невыносная сьпёка, часта рабілася млосна, і ён – усьведамляючы сябе выкінутай з вады рыбінай – намагаўся дыхаць глыбей, прыціскаўся спацелай сьпіной да прахалоднай сьцяны, хацеў назаўсёдна забыцца-ўрасьці ў яе, а калі й гэта не ратавала – лекаваўся ўспамінамі, але й яны навальваліся змрочныя, скрушныя. Згадаў адзін з апошніх лютаўскіх лістоў ад Бабарэкі, свайго першага сябра і на сёньня такога ж зэка. «Будзе яшчэ горш, – пісаў-прарочыў сябар. – Устаноўка такая: забіць групу “Полымя” і наколькі магчыма зьнясільнічаць нашае “Ўзвышша”. Бадай што й дасягнулі… Згінем усе…»
Бразнулі дзьверы камеры, і яго выклікалі на першы допыт. Хударлявы белагаловы ўпаўнаважаны, пыхкаючы папяросай, падаў Дубоўку прыкамечаны аркуш і затуплены аловак:
– Падпішы.
Дубоўка прабег вачыма па радках турэмнай пастановы: «1930 года августа 2 дня. Я, уполномоченный ПП ОГПУ БВО <…> рассмотрев дело №13221 и принимая во внимание, что <…> гр-н Дубовко Владимир Николаевич в достаточной степени изобличается в том, что принадлежал к нелегальной а/с организации <…> постановляю: Дубовко В. Н. допросить в качестве обвиняемого по сему делу, предъявив обвинение в принадлежности к нелегальной организации <…> о чем объявить под расписку сем же и послать копию сего постановления для сведения прокурору.
Ст. уполномоченный Сикорский».
– Я ў аніякай нелегальнай арганізацыі ня быў – і падпісваць гэтую ахінею ня буду, – спакойна адказаў Дубоўка. Непадпісанымі вярнуў і прад’яўленую яму пастанову аб заключэньні пад варту і абвінаваўчае заключэньне.
Упаўнаважаны задуменна хмыкнуў, падпаліў новую папяросу, доўга зьдзіўлена аглядаў ягоны белы касьцюм – а затым націснуў на чырвоную кнопку пад сталом. Ціха ўвайшлі яшчэ двое службоўцаў…
У той дзень Дубоўку ўпершыню зьбілі – люта, па-жывёльнаму. Дужы малады арганізм доўга стрымліваў зьдзекі, аднак забыцьцё было таксама доўгім і немарасьцевым.
Апрытомнеў ён на каменнай падлозе ў сваёй камеры. Захацеў прыўзьняцца – з рота хлынула кроў, у вушах балюча загуло, і ён зноў праваліўся ў цёмны морак…
На некалькі дзён пра яго забылі: нават «вочка» ў дзьвярах ні разу ня шкрабнула. Калі адышоў боль, нахлынула новая пакута – смага. Губы распухлі, у роце пякло, жывот пераварочвалі спазмы, а затым у вушах пачало гудзець.
Паспрабаваў лізаць вільготную сьцяну – язык адмовіўся варушыцца. А на плясьніва-шэрхлым бетоне зьбіраліся халодныя кроплі – і здаваліся самым дарагім ласункам…