Круг
Шрифт:
– Так… Так, – паківаў галавой Бабарэка. – І Клеапатра тая для нас – Беларусь. А мы – як матылі на ейнае сьвятло… – і ўжо сам укінуўся ў задуменнасьць.
Каньяку ў той вечар яны больш не замаўлялі…
13.
Новы год ён сустракаў у Маскве. Колішні сьнег пасьпеў растаць, затым зноў замарозіла, на горад наваліўся туман, і, ідучы паўз Крамлёўскія прысады, усе дзівіліся нечаканай прыгажосьці: елкі былі як з крышталю – у каралавай шэрані, казачна далікатнай на фоне чырвона-карычневых сьцен.
Аднак ня меншае зьдзіўленьне чакала яго
Дубоўка ад злосьці стукнуў кулаком па стале – і напалохаў малодзенькую бібліятэкарку. Абурэньню ж ягонаму не было мяжы: кніга яшчэ ня выйшла, а тут узьнялі такі заказны вэрхал пра яго контррэвалюцыйнасьць ды ідэалагічную хваравітасьць…
Стрываць, прамаўчаць на такое ён ня мог – напісаў гнеўны ліст Міхасю Чароту, галоўнаму рэдактару «Савецкай…». Напісаў і Бабарэку.
З адказам ад апошняга атрымаў некалькі сьвежых асобнікаў «Credo» і – лютаўскі нумар «Маладняка».
«Плюй і не зважай на лямант гэтай гайні! – пісаў Бабарэка. – Твой зборнік – наймацнейшае, што зьявілася за гэтыя гады ў нашай паэзіі…»
Толькі ж як не зважаць, калі і ў дасланым «Маладняку» – пасквіль на «Credo» нейкага Я.Ч. (хтось нават пабаяўся назвацца!):
«Вершы Дубоўкі – мастацкія, але ня трэба захапляцца іх зьместам. Трэба сачыць, каб яны не прасягалі ў школьныя падручнікі, бо там яны могуць прынесьці вялікую і цяжка выправімую шкоду…».
Ні больш, ні менш! А яшчэ «роўнадушша да лёсу свайго і лёсу грамады і кісьленькае інтэлігенцкае хныканьне». Найбольш дасталося ягонаму вершу «Далёкае мы любім надта». Нават самому захацелася перачытаць той верш у кнізе:
Далёкае мы любім надта, чужыншчыне паклоны ўдол. А хто успомніць нашы хаты за нізьзю ціхіх кволых слоў? Паэты гімны ўсім складаюць, а беларусам – пушча, гай. Мая краіна дарагая, ты прабачала – выбачай. Такі наш лёс, такая доля, галовы хілім нізка… Ой! Даволі рабства ўжо, даволі, таварыш любы, браце мой! Хай будзе ў кожнага з нас сілы ісьці, змагацца – сьмерць адна. – …Ці пад ярмом, як у магіле, ці у магіле без ярма…Але «пад ярмом» ён пачувацца не хацеў. Значыць, трэба даваць адлуп, каб і з іншых не пачыналі рабіць падобных злачынцаў і ворагаў.
Аднак пасьля яго пачалі беспардонную лаянку Пушчы, і зноў ананімна. Не пасьпеў парадавацца за выдатны зборнік сябра «Vita», не пасьпеў як сьлед прывітаць яго, а тут А.Д. (ці не Алесь Дудар, літаратурны сакратар Цэнтральнага бюро «Маладняка») без тлумачэньняў і аргументацый у новым нумары часопіса амбоніў:
«Вершы Пушчы,
Тое стала апошняй кропляй. Дубоўка паслаў у ЦБ «Маладняка» пратэст супраць вульгарызатарскіх ацэнак свайго зборніка «Credo», які заканчваўся ультыматыўна: «Калі Цэнтральнае бюро таксама салідарызуецца з памянёнымі поглядамі, прашу тады прыняць пад увагу маю просьбу аб выхадзе са складу ЦБ і арганізацыі «Маладняк» наогул, і з ліку супрацоўнікаў часопісі…».
Гэты ліст ён не паслаў, а сам павёз у Менск.
Сабраліся на кватэры ў Бабарэкі: Дубоўка, Пушча і гаспадар, – пасьпеў ужо ажаніцца і гадаваў дачку-немаўля Элеанорку, з якой цяпер у суседнім пакойчыку-куханьцы забаўлялася жонка, разумніца і прыгажуня. Працаваў жа Бабарэка ва універсітэце.
За суседнім домам на Гарбарнай заходзіла сонца. Яго касыя, вішняватага колеру промні адчайна, здалося, чапляліся за камінкі, падстрэшша – нібыта стараючыся яшчэ на некаторы час утрымаць сьвяціла.
– Дык жа зусім – мелюць, што хочуць: і нацыяналісты мы, якіх перавыхоўваць трэба, – абураўся, седзячы на канапе, Пушча. Бабарэка – за круглым сталом. Дубоўка – на стуле, каля вакна; памаўчаў – і ўжо як пра вырашанае:
– Думаю, нам трэба выходзіць з «Маладняку». І засноўваць сваё згуртаваньне. Сваё, каб разам бараніцца ад літшакальчыкаў розных рангаў і ўзростаў. Інакш жыцьця нам ня будзе. Скрышаць па аднаму.
– А хто ж на тое згуртаваньне дазвол дасьць? – выказаў недавер Пушча. – ГПУ ж за ўсім стаіць.
– Ну гэта ўжо ад нашай настойлівасьці залежыць. Складзём статут, камунікат. А тут якраз восеньню запланавана навуковая канферэнцыя па рэформе правапісу, шмат гасьцей з замежжа чакаецца. Будуць хваліцца перад імі, агітаваць. І якраз гэта і выкарыстаем – калі не дазволяць нам рэгістрацыю, гэта значыць свабодны мастацкі выбар, – на ўвесь сьвет почут пойдзе. Трэба падумаць, хто да нас можа далучыцца.
Зайшла Бабарэкава жонка, Аня. Чымсьці падобная з твару на мужа; пачала ставіць на стол прысмакі.
– А то вы са сваёй літаратурай хутка і пра зямное забудзеце, – далікатна пакрытыкавала хлопцаў. – Язэп, Уладзь, давайце бліжэй да стала!
– Здаецца, далучыцца да нас Кузьма Чорны, Крапіва. А яшчэ – Глебка можа, Лужанін. І пішуць адметна. Пагаварыць з імі трэба. – Бабарэка як і не заўважаў жончын клопат.
– Адаме! Зноў за сваё… Ты госьцям паесьці, выпіць дай, а потым ужо і размовамі кармі.
І госьці заседзеліся да ночы, і спаць у Бабарэкаў палеглі. А раніцу Дубоўка зноў пачаў з тога ж:
– Трэба яшчэ і з Купалам параіцца, яму, як старэйшыну, прапанаваць да нас далучыцца.
– Ну гэта ты сам зробіш – на правах Купалавага любімца. – Пушча працёр сонныя вочы. – Ён цябе па ўсім Менску беларускім Пушкіным называе. Я перад ім – толькі Жукоўскі, гаворыць, – Пушча, усьміхнуўшыся, паспрабаваў нават падрабіць Купалаў голас.
14.
Устаноўчы сход новага літаратурна-мастацкага згуртаваньня сабралі 20 жніўня. Назву абгаварылі яшчэ раней – «Узвышша». Да ўстаноўцаў далучылася яшчэ тройка: Зьмітрок Бядуля, Сяргей Дарожны і Васіль Шашалевіч.