Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Юстыцыя

Дюрренматт Фридрих

Шрифт:

— Так, з Ямайкі, - адказаў я.

— Ён даўно, як з'ехаў?

— Больш года. Амаль паўтара.

— Чалавек так і круціцца па нашым шарыку. Зрэшты, можа, ён неўзабаве вернецца.

З гэтым начальнік і пайшоў.

Дадатак. Праз тры дні. Я не сказаў начальніку, што пераспаў-такі з Дафнай. Зрэшты, ён і не патрабаваў адказу, — не да таго было. Я доўга раздумваў, пісаць мне пра гэта ці не пісаць. Але начальнік меў рацыю: усё настолькі бессэнсоўна, што не мае сэнсу і нешта ўтойваць. У рэальнасць неад'емнай часткай уваходзіць і самае брыдкае, а да самага брыдкага належыць і роля, якую я адыграў у падзенні Дафны, хай сабе нават сапраўднай прычынай была помста сапраўднай Монікі Штаерман. Пасля скандалу Дафну амаль цэлы год нельга было нідзе знайсці. Ніводзін сабака не ведаў, дзе яна хавалася, нават Лінгард і той не ведаў, калі верыць ягоным словам. Яе кватэра на Аўрораштрасэ пуставала, але аплачвалася рэгулярна. Хто плаціў, - высветліць не ўдалося. Потым Дафна зноў вынырнула. У ранейшай лепнасці. Нібы нічога ёй і ніякага. Хоць і з новай світай. І з адной розніцай: цяпер яна прафесійна займалася тым, што раней рабіла з азартам велікадушнай аматаркі. Пакінутая ў бядзе сябрамі, яна цяпер выязджала на промысел у сваім белым «мэрсэдэсе», гнула неверагодныя цэны і ў сэнсе даходу зноў стала на ногі. Нават пасля выліку ўсіх падаткаў: камунальнага, дзяржаўнага, абарончага, а таксама эмэрытальнага страхавання і страхавання на карысць родзічаў. Пераспаць з Дафнай лічылася найвышэйшым шыкам і прэстыжам. Заглыбляцца ў эпічныя падрабязнасці тут не мае сэнсу. Раскажу толькі, што аднаго разу яна з'явілася і ў мяне,

пастукаўшыся ў дзве гадзіны ночы каля дзвярэй маёй кватэры на Шпігельгасэ. Я злез з сафы, на якой спаў, падумаўшы, што гэта Луцкі, запаліў святло, адчыніў дзверы, і ўвайшла яна. Увайшла, азірнулася. Акно напалавіну адчынена. Пакой выстуджаны (была сярэдзіна лютага), на безгустоўных шпалерах — выразкі з «Бэобахтэра». На фатэлі — мая вопратка, на качалцы — маё паліто. Яна ўвайшла ўся ў шыншылах — ці тое людзі праўду казалі наконт цэнаў, якія яна загінала, ці тое сапраўдная Штаерман плаціла далей, — зняла з сябе ўсё як ёсць, кінула на фатэль і легла на сафу. А я лёг да яе. Яна была вельмі-вельмі, а ўдадатак было холадна. Заставалася нядоўга. Накінула сваю шыншылу і паклала на мой стол тысячафранкавую паперку. Калі я запярэчыў, яна з усёй сілы змазала мне правай па твары. Пра такія гісторыі людзі лепш маўчаць, вось і я нікому пра тое не расказваў, а калі пішу цяпер, дык толькі таму, што не маю больш ніякіх надзей. Сёння раніцай недзе каля шостай да мяне заявіўся Штубер з паліцыі маральнасці і паведаміў, што Маркіза і Луцкі дасталі пад Цоліконам з возера (Штаерманава віла якраз непадалёк ад таго месца, дзе іх знайшлі). Калі распраменены Штубер сышоў, я адчуў сябе крыху абражаным: ён нават пытанняў мне не задаваў, а ўжо ж паслаць да мяне чалавека з камісіі па расследаванні забойстваў начальнік, далібог жа, цалкам мог. Луцкі і Маркіз крыху зацягнулі свой ад'езд за мяжу. Так пачаўся дзень нашага нацыянальнага свята, першага жніўня 1958 года, — змрочна пачаўся. Удадатак была пятніца, у гэты дзень хавалі Дафну, судова-медыцынская экспертыза дазволіла аддаць цела зямлі. А дзесятай гадзіне. Першага жніўня ў нас працуюць, але толькі да полудня, у тым ліку і магільніцкія далакопы — такая маленькая дзяржава не можа размахнуцца на цэлы непрацоўны дзень, яна сябе не пераацэньвае. Ледзь толькі я выйшаў з пакоя, як грымнуў гром, ды і наогул гэтым летам навальніцы ў нас будным з'явішчам. Мой «фольксвагэн» быў на рамонце. (Я недзе абедаў у нейкім рэстаранчыку над нейкім возерам, потым на ноч гледзячы выправіўся на сваім «поршэ» — каб ужо заадно зрабіць і гэта прызнанне, гер федэральны пракурор, — і на ім разам з Мадленай, калі толькі гэта была Мадлена, збочыў з дарогі ў нейкі буралом. Луцкі здолеў уладзіць гэтую справу, малышка месяцы два правалялася ў бальніцы, а я зноў апынуўся пры сваім «фольксвагене». Зноў апынуўся. Увогуле я ўжо даўно мог забраць яго з рамонту, але не карыстаюся больш аніякім крэдытам у гаспадара гаража. А выстаўлены ім рахунак — чысты страх). Вось як атрымалася, што на пахаванне Дафны я паехаў трамваем. Чаму я, аднак, націснуў клямку ў памяшканне секты і чаму, калі дзверы адчыніліся, узяў адзін парасон, якія сам туды паставіў тыдзень таму назад, высветліць цяпер проста немагчыма.

Сталася гэта з чыстага непаразумення альбо ад схільнасці да чорнага гумару, сказаць не магу. Пакуль я бег па вуліцах Старога горада да Бэльвю, маючы парасон за лёсачку, неба паспела зусім пачарнець, хоць было ўсяго толькі палова дзесятай. Навокал суцэльная нервовасць, і я бег з усіх ног, як заўсёды перад навальніцай, тым больш што навальніца збіралася быць жахлівай у такую рань. Тыпова для Дафны, падумалася. Каля Бэльвю я сеў у трамвай. Шчыра кажучы, трэба быць вар'ятам, каб у такую непагадзь ездзіць на пахаванне, але тым не меней я чыста механічна ўціснуўся ў перапоўнены вагон. Час ад часу сонца разрывала чорную навісь хмар, як прамень пражэктара, які на хвіліну ўспыхвае і зноў патухае. На Кройцплац у трамвай увайшоў грузлы, увесь у чорным мужчына, росту, я сказаў бы, малога, з бліскучай лысінай, дагледжанай поўнай барадой, у якой ужо пракідаліся срэбныя пасмы, і ў залатых акулярах без аправы. Спярша я міжволі падумаў на Вінтэра, які ўзяў і з'явіўся як прывід, каб пабыць на пахаванні сваёй дачкі, настолькі ён быў падобны на забітага, і вянок пры ім быў, толькі я не мог прачытаць, што напісана на стужцы. На могілках сабралася нямала народу. Усе знакамітасці горада, бо ад журботных успамінаў ніхто ж не застрахаваны, з новай жа кліентуры не прыйшоў ніхто. Але пахаванне Дафны Мюлер было не адзінай прычынай наведаць менавіта гэтай раніцай нашыя дагледжаныя гарадскія клады. Бо адначасова з Дафнай праводзілі ў вечнасць пракурора Емэрліна. Ягоны сыход з жыцця таксама адбываўся пад усеагульнае шкадаванне, бо калі хто-небудзь ніколі больш не здолее злавацца, дык яго вельмі шкадуеш. На шчасце да агульнага смутку дамешвалася пэўная злараднасць. Бо смерць Емэрліна была не пазбаўлена камізму. Емэрлін, аказваецца, быў у саўне, куды хадзіў штотыдня, і там, ужо голы, убачыў побач голага Лінгарда і не змог перажыць свайго ашаламлення. Таму людзі хоць і смуткавалі, але неяк з'едліва. У пахаваннях, якія супадаюць у часе, ёсць і свой дадатны бок. Можна паўдзельнічаць у абодвух. Я прыкідваў, хто на якое явіўся: наш гарадскі галава, пракурор Фойзэр і некалькі апраўданых злачынцаў, якія хацелі насаліць нават нябожчыку, — на пахаванне Емэрліна; Лінгард, Лойпінгер, Штусі-Лойпін — і на тое і на тое, а вось Фрыдлі, Людэвіц, Мондшайн, хутчэй за ўсё толькі на Дафну. І ў кожнага быў пры сабе парасон. Пастар Зэн стаяў каля труны Дафны, пастар Ватэнвіль — каля труны Емэрліна. Абодва — у стартавай стойцы. Я чакаў, нецярпліва перамінаючыся з нагі на нагу. Грукнуў гром. Але ніводзін пастар чамусьці не пачынаў малітвы. Пажылы чалавек, якога я бачыў у трамваі (каля труны Дафны, апрача яго, не было ні душы), паклаў на труну вянок: «Сястранцы Дафне ад Гуга Вінтэра». Трэба меркаваць, мы мелі справу з настаўнікам першай ступені Вінтэрам. Зноў рыкнуў гром, гэтым разам бухнула даволі моцна. Парыў ветру. Усё ператварылася ў чаканне, нават народ каля суседняй магілы паглядваў на нас. Усе чагосьці чакалі, а чаго — я не ведаў, пакуль не зразумеў: худзюшчая сястра міласэрнасці страевым крокам рухалася ад брамы, сунучы перад сабою да магілы каталку, у якой сядзела сапраўдная Моніка Штаерман. Карліца ярка нафарбавалася, на галаву надзела вогненна-чырвоны парык, які нагадваў валасы Дафны, і ад гэтага парыка галава малюпасенькай істоты здавалася яшчэ большай, удадатак на ёй была міні-спадніца, падобная на дзіцячую сукеначку, і нітка жэмчугу, якая праходзіла паміж скукорчанымі ножкамі і звісала з каляскі, а на каленях у яе ляжаў нейкі прадмет, загорнуты ў чорную хусту. Поруч з ёю вымаршваў каржакаваты мужчына ў чорным гарнітуры, надта кароткім і надта ж цесным. Гэта быў багаты, як Крэз, грубіян, ён жа нацыянальны радца Эшысбургер. З сабой Эшысбургер тарабаніў вянок. Нават гарадскі галава, нават Фойзэр, нават самыя магільшчыкі пакінулі магілу Емэрліна і перадыслакаваліся да магілы Дафны — пастар Ватэнвіль застаўся адзін. Мяркуючы па ўсім, ён не быў бы супраць таксама пайсці за астатнімі. Новыя раскаты грому, новыя парывы ветру.

— Чорт пабяры, — сказаў нехта побач. Гэта азваўся начальнік паліцыі.

Міласэрніца падвезла Моніку Штаерман да магілы. Эшысбургер кінуў вянок на труну. «Навекі любімай Моніцы ад яе Монікі», — было напісана на стужцы.

Пастар Зэн выступіў наперад, уздрыгнуў ад новай грымоціны, і ўсе прысутныя пасунуліся бліжэй. Я супраць волі апынуўся за Штаерман, паміж сястрой міласэрнасці і начальнікам паліцыі; перад жа начальнікам стаяў Эшысбургер, а перад міласэрнай сястрой — Штусі-Лойпін. Дамавіну пачалі апускаць у магілу. Каля суседняй не засталося нікога, каб апусціць у магілу труну Емэрліна. Пастар Ватэнвіль усё яшчэ паглядваў на нас, тым часам як пастар Зэн баязліва разгарнуў Біблію, абвясціў да ўсіхнага ведаму: паводле Яна, раздзел 8, версэты з 5-га па 11-ы, але зачытаць абвешчаны тэкст яму не ўдалося: Моніка Штаерман высока падняла прадмет, які перад тым ляжаў у яе на каленях, і з сілаю, якое ніхто не чакаў ад яе, шпурнула яго ў магілу Дафны, так што ён грукнуўся на века труны і прабіў яго. Гэта была бронзавая галава ілжэ-Монікі паводле разца Мока. Падбег пастар Ватэнвіль, а пастар Зэн быў настолькі збянтэжаны і разгублены, што чыста аўтаматычна сказаў: «Памолімся, брацця».

Але тут упалі першыя цяжкія кроплі, асобныя парывы ветру склаліся ў цэлую буру, раскрыліся парасоны. Як што я стаяў ззаду Штаерман, я вырашыў асланіць яе ад дажджу і таксама растапырыў свой. Г.зн., я

націснуў нейкую кнопачку каля ручкі, але на маё здзіўленне купал узмыў угору, падняўся высока-высока, пакружляў над скрушлівым зборышчам і, як што бура аціхла гэтак жа імгненна, як і пачалася, вялікай чорнай птушкай спікіраваў на труну Дафны. Многія ледзь-ледзь стрымаліся ад смеху. Я тупа ўтаропіўся на дзяржак парасона, які застаўся ў мяне ў руцэ: гэта быў стылет. Мне здалося, быццам я стаю ў ганаровай варце над труною забітай з прыладай забойства ў руках, а пастар тым часам чытаў пацеры. Тут магільшчыкі заўвіхаліся рыдлёўкамі, цяпер можна было аддаць зямлі і труну Емэрліна. Сястра міласэрнасці павезла Моніку Штаерман да брамы, мне давялося адступіцца ўбок, каб даць дарогі, я ўсё яшчэ сціскаў у кулаку стылет, а людзі тым часам складвалі свае парасоны: навальніца, з павагі абмінуўшы нашыя могілкі бокам, абрынулася на цэнтр горада; там да вечара адпампоўвалі ваду з падвалаў, затое сям-там ужо ляскалі петарды. Людзі святкавалі. На дзіва магутны паток сляпучага сонечнага святла заліў натоўп, які памкнуўся да выхаду, і магільшчыкаў, якія працавалі рыдлёўкамі. Пастар Зэн таксама стараўся сысці хутчэй, а пастар Ватэнвіль, разгублена азіраўся, бо і гарадскі галава, і Фойзэр ужо сышлі. Толькі Лінгард яшчэ стаяў каля магілы Емэрліна і глядзеў, як труну засыпаюць зямлёй. Калі ён праходзіў паўз мяне, я ўбачыў, што ён плача.

Ён страціў ворага. Я зноў утаропіўся на стылет. Вастрыё ў яго было цёмна-бурага колеру, а жалабок на вузкім лязе таксама.

— Ваш парасон больш нікуды не варты, — сказаў начальнік паліцыі, які стаяў побач, пасля ўзяў з маёй рукі стылет з ручкай ад парасона і рушыў да выхаду.

Продаж. Паштоўка ад Колера з Хірасімы супакоіла мяне. Колер мае намер паехаць адтуль у Сінгапур. Нарэшце ў мяне ёсць час расказаць самае галоўнае, хай нават гэта глупства, якое нельга апраўдаць ніякімі фінансавымі цяжкасцямі. Я пераслаў усе справаздачы Штусі-Лойпіну, і праз два дні ён прыняў мяне ў гасцёўні свайго дома, далёка за горадам. Кажучы «гасцёўня», я шмат чаго ўпускаю, правільней было б сказаць: негасцінная зала. Яна квадратнай формы, метраў, па-мойму, дваццаць на дваццаць. Тры сцяны — з шкла, дзвярэй нідзе не відаць, праз адну сцяну раскрываецца старадаўні гарадок, які хоць і пашкадавала аўтастрада, але залівае бясконцы паток машын; у сутонні яны надаюць мясцовасці выгляд нейкага прывіднага жыцця, сцежкі ліхтароў бягуць па сасудах старых сцен, праз дзве другія сцяны відны падсветленыя валуны і шматтонныя эратычныя глыбіны, скупа апрацаваныя разцом Мока гранітныя багі, якія кіравалі на зямлі да таго, як ёю завалодалі людзі, якія паднялі з глыбіняў горныя ланцугі, разарвалі на кавалкі кантыненты, каменныя маналіты, якія, нібы гіганцкія фаласы, клаліся ценямі на пустую ў тыя часы залу, бо апрача канцэртнага раяля па дыяганалі ад яго там стаялі толькі два фатэлі. Раяль — амаль каля ўваходу, самае недарэчнае месца, якое толькі можна сабе ўявіць, каля драўлянай лесвіцы на антрэсолі, дзе, верагодна, размешчана мноства не вельмі вялікіх пакояў, нездарма ж бо з вуліцы, калі я пад'ехаў на сваім «поршэ», дом Штусі-Лойпіна здаўся мне аднапавярховым і, калі глядзець з боку гарадка, нагадваў бунгала.

У адным з двух фатэляў сядзеў мой былы шэф, укрыты шлафрокам, — сядзеў нерухома, асветлены адным толькі таршэрам, што стаяў паміж фатэлямі. Я пакашляў, ён не паварухнуўся, я прайшоў па рознакаляровых, па-майстэрску падабраных мармуровых плітах, якімі была выкладзена падлога, а Штусі-Лойпін так і не паварухнуўся. Я сеў у другі фатэль і патануў у скураным акіяне. На падлозе каля майго фатэля я ўбачыў у плеценым кошыку адкаркаваную бутэльку чырвонага віна, крышталёвую чарку званочкам і вазачку з арэхамі, такі самы набор быў і каля фатэля, метры за чатыры ад мяне, дзе сядзеў Штусі-Лойпін, з той толькі розніцай, што перад тым фатэлем на падлозе стаяў яшчэ і тэлефон. Я пільна прыгледзеўся да Штусі-Лойпіна. Ён спаў — я ўзгадаў партрэт Верлена, які раней здаваўся мне ўтрыраваным, толькі цяпер я зразумеў, як геніяльна мастак спасціг адваката: пад ускалмачанай капіцай брудна-белых валасоў вуглаваты, груба вытачаны чэрап селяніна, нос як гузаваты плод, глыбокія складкі, якія спускаліся да быццам долатам высечанага падбародка, дзёрзка непакорлівы і разам з тым мяккі рот, я разглядваў гэты твар, як разглядваюць прывычны, але ж і загадкавы пейзаж, бо я мала чаго ведаў пра Штусі-Лойпіна: прабыўшы некалькі гадоў маім шэфам, ён за ўвесь гэты час не абмяняўся са мною ані словам, якое б не тычылася справы; можа, менавіта з гэтай прычыны я і сышоў ад яго.

Я чакаў. Раптам праз акуляры без аправы на мяне глянулі здзіўленыя дзіцячыя вочы.

— Шпэт, чаму ж вы не п'яце? — спытаўся ён бадзёрым голасам, быццам і не спаў хвіліну таму. (А можа, ён і насамрэч не спаў?) — Налівайце, я таксама сабе налью.

Мы выпілі. Ён назіраў за мною, маўчаў і назіраў.

Перш чым павесці гаворку пра цяжкасці, так пачаў Штусі-Лойпін, гледзячы проста перад сабою, а ён цалкам можа ўявіць сабе, якога роду мае цяжкасці, зрэшты, гэта больш чым асабістая заўвага, якая дачынялася да сумненняў, што мною цяпер авалодалі і праз якія я да яго і прытопаў, ах ты, пардон, не прытопаў, а пад'ехаў на «поршэ», фу-ты, ну-ты, да чаго вытанчана!

Ён засмяяўся сам сабе, мяркуючы па ўсім, яго нешта неверагодна пазабавіла, яшчэ выпіў і спытаўся, ці расказваў ён калі-небудзь мне гісторыю свайго жыцця. Не? Яно ж бо і ясна. Ну, добра. Дык вось, ён сын шахцёра, і яго сям'я ўзяла сабе прозвішча Штусі-Лойпін толькі дзеля таго, каб іх не блыталі з Штусі-Бірлінамі, з якімі ягонае сямейства спакон веку варагавала за бульбяны палетак, а палетак той ляжаў на такой круцізне, што яго штогоду насыпалі нанава, дзеля чаго даводзілася цягаць зямлю на сабе, прычым часам па некалькі разоў, а ўраджаю з таго палетка ў лепшым разе як на тры-чатыры патэльні смажанай бульбы, але тым не менш за гэты палетак судзіліся, біліся і забівалі. І так па сённяшні дзень… Карацей кажучы, скончыўшы ўніверсітэт, ён вярнуўся адвакатам у родную вёску, у вёску Штусі, бо там жа не толькі Штусі-Лойпіны ваююць з Штусі-Бірлінамі, але і Штусі-Моозі з Штусі-Зютэрлінамі і наогул усе Штусі ўдоўж і ўпоперак, але так было толькі на самым пачатку, калі вёска была, так сказаць, заснавана, калі, вядома, дапусціць, што яна ўвогуле была калі-небудзь заснавана, а сёння кожнае сямейства Штусі проста варагуе з усімі астатнімі. І ў гэтым горным гняздзе, слухайце, Шпэт у гэтым плеціве сямейных раздораў, забойстваў, кровазмяшэння, клятваадступніцтва, крадзяжу, утойвання і паклёпу ён, Штусі-Лойпін, правёў гады сваёй навукі як адвакат па сялянскіх справах, як хадыка (так называюць гэта сяляне), але не на тое, аднак, каб увесці ў гэтай даліне правасуддзе, а каб не дапускаць яго і на гарматны стрэл; бо ж і селянін, які зрабіў выгляд, быццам яго старая загінула ў няшчасным выпадку і які адразу ж ажаніўся са сваёй парабчанкай, альбо сялянка, якая выйшла замуж за парабка пасля таго, як з дапамогай мыш'яку спраторыла на могілкі свайго дабравернага, у сваёй сядзібе прынясуць усё-такі больш карысці, чым за кратамі. Пустыя турмы абыходзяцца дзяржаве танней, чым поўныя, затое пустыя двары і палі зарастаюць зеллем і глеба апаўзае ў даліну.

Ён зноў рагатнуў.

— Госпадзе, ну ж бо й часіны былі, - здзіўлена прамовіў ён. — Якая мяне муха тады ўкусіла, не ведаю, але я ажаніўся з уроджанай «фон», з фон Мельхіёр, пераехаў у ваш горад і стаўся паспяховым адвакатам. А як там на дварэ?

— Фён. Як на снежань занадта цёпла. Як увесну, — адказаў я.

— Можа, выйдзем?

— З прыемнасцю.

— «Выйдзем» — гэта не зусім дакладнае слова, — сказаў ён і націснуў нейкую кнопку ў падлакотніку свайго фатэля, пасля чаго неабсяжныя шкляныя сцены пайшлі ў зямлю, а пражэктары за валунамі патухлі. Цяпер мы сядзелі пад лётка ўзнесенай бетоннай столлю, нібы на вуліцы, асветленыя толькі таршэрам. — Неэканомная канструкцыя, — сказаў Штусі-Лойпін, усё гэтак жа гледзячы перад сабою. Часам ён бачыцца сабе фюрэрам у рэйхсканцылярыі. — Але ж чаго вы хочаце, Шпэт, суперадвакату павінен быць па кішэні Ван дэр Хойсэн, хоць па добрай волі я аддаў бы перавагу Фрыдлі. Лёс тых, хто ўвайшоў у моду.

А цяпер вось ён сядзіць тут адзін як палец. Калісьці ён даваў у гэтай зале банкеты, адзін за адным, але людзі з горада падалі скаргу, Фюдлібюргер таксама, пакуль… зрэшты, гэта ўжо не па справе. Мэблю пасля гэтага ён усю сплавіў, цяпер тут адны мадэрновыя штучкі-дручкі.

Пасля, наліваючы сабе віна, ён сказаў:

— А зараз, Шпэт, пяройдзем да справы.

Я расказаў пра даручэнне доктара h.c. Ісака Колера.

Штусі-Лойпін не даў мне дагаварыць, сказаў, што ўсё ведае, выпіў, дадаў, што і гер-фраў Кнульпэ таксама ў яго пабывалі. А што да атрыманага мною задання, яго паінфармавала Элен, Колерава дачка, акрамя таго ён праштудзіраваў Лінгарда і ўсіх ягоных.

Поделиться:
Популярные книги

Конец детства (сборник)

Кларк Артур Чарльз
Фантастика:
научная фантастика
7.00
рейтинг книги
Конец детства (сборник)

Папина дочка

Рам Янка
4. Самбисты
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Папина дочка

Ученик. Книга 4

Первухин Андрей Евгеньевич
4. Ученик
Фантастика:
фэнтези
5.67
рейтинг книги
Ученик. Книга 4

Тринадцатый IX

NikL
9. Видящий смерть
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
5.00
рейтинг книги
Тринадцатый IX

Газлайтер. Том 14

Володин Григорий Григорьевич
14. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 14

Наследник

Кулаков Алексей Иванович
1. Рюрикова кровь
Фантастика:
научная фантастика
попаданцы
альтернативная история
8.69
рейтинг книги
Наследник

Кодекс Охотника. Книга VI

Винокуров Юрий
6. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга VI

Студент из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
2. Соприкосновение миров
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Студент из прошлого тысячелетия

Властелин Севера

Корнуэлл Бернард
3. Саксонские хроники
Приключения:
исторические приключения
8.67
рейтинг книги
Властелин Севера

Я снова не князь! Книга XVII

Дрейк Сириус
17. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я снова не князь! Книга XVII

Инженер Петра Великого 2

Гросов Виктор
2. Инженер Петра Великого
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Инженер Петра Великого 2

Неучтенный элемент. Том 9

NikL
9. Антимаг. Вне системы
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Неучтенный элемент. Том 9

Вперед в прошлое 3

Ратманов Денис
3. Вперёд в прошлое
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Вперед в прошлое 3

Катриона

Стивенсон Роберт Льюис
Приключения:
исторические приключения
8.62
рейтинг книги
Катриона