Юстыцыя
Шрифт:
«Але вернемся да Шпэта», — прапанаваў я, калі, вядома, яна не супраць. Яна сказала, што не супраць; калі Шпэт узяўся за даручэнне яе бацькі, яна спадзявалася, што ён дакапаецца. Дакапаецца да чаго? Да таго, хто падбухторыў яе бацьку на забойства. «Не надта лагічна», — сказаў я. «Чаму ж?» — адказала яна, гэта яна падбухторыла. У яе ж быў выбар. Атрымліваецца замкнутае кола, канстатаваў я, спярша яна валіла віну на бацьку, цяпер на сябе. Мы абое вінаватыя, сказала яна, Ну, гэта ўжо нейкае вар'яцтва. А яна і ёсць вар'ятка. «Далей», — скамандаваў я. Яна не давала вывесці сябе з раўнавагі. Калі пасля таго, як бацьку апраўдалі і ён з'ехаў, Шпэт груба накрычаў на яе і ўжо мала не дабраўся да ісціны, а яна пайшла да начальніка паліцыі і ва ўсім яму прызналася. «Гэта ж як разумець?» — спытаў я. Яна прызналася, яна прызналася ва ўсім,
Я спытаўся, навошта яна мне ўсё гэта расказала. Яна здзіўлена паглядзела на мяне. Тады навошта я пераслаў ёй рукапіс? Толькі каб дакапацца да праўды? Я перш за ўсё пісьменнік, якога цікавіць не чужая праўда, а свая ўласная, я думаю толькі пра тое, каб напісаць раман, і ні пра што іншае, і калі выйдзе кніга, дык яна будзе падпісана маім імем, а не імем Шпэта. Каму належыць рукапіс, мне ці Шпэту, ведаю толькі я, а я кажу, што атрымаў яе ад начальніка паліцыі. Яна таксама ведала старога балбатуна, ён часта бываў у гасцях у яе і яе бацькі і шчыраваў з ім. Гэтак сама ён мог шчыраваць і са мной. Але ўжо калі я хачу скарыстацца ёю, дык не трэба апісваць яе як гётэўскую жанчыну, якіх трэба пералупцаваць усіх да адной, настолькі яны занудлівыя, калі, вядома, не лічыць Філіны, адзінай з ягоных твораў, з якою старэнькі і сам не цураўся пераспаць. І Элен нерухома паглядзела перад сабою. Міма акна, пасвістваючы, прайшоў той самы хлопец. А ці знайду я сам дарогу? Я развітаўся. Стары па-ранейшаму ганяў шары. Ад борта дубэльтам.
Без чвэрці два. Я заходжу да сябе ў кабінет. Калі я абсталёўваў яго, з акна было відаць возера. Цяпер возера засланілі дрэвы. Некалькі дрэў нават давялося ссячы, тыя, якіх яшчэ не было, калі я сюды ўехаў. Сячы дрэвы вельмі шкада, іх не сякуць, іх забіваюць. А дуб вырас вялікі і магутны. Па дрэвах я адчуваю бег часу, свайго часу. Не так, як вызначаю яго, гледзячы ў неба. Не без журботы знаходжу там Сіта, Альдэбаран, Капэлу, зімовыя зоркі, хоць на дварэ яшчэ лета, — прыкмета таго, што за траціну года робішся на год старэйшы. У небе пракручваецца аб'ектыўны, вымерны час чалавека амаль шасцідзесяціпяцігадовага ўзросту, суб'ектыўна ж час рухаецца разам са мною і з дрэвамі ў бок смерці, і тут ужо яго нельга вымерыць, можна тольакі адчуць. А як успрымае час Зямля? Я гляджу на начное возера, яно зусім не перамянілася, калі адхіліцца ад таго, што начворылі з ім людзі. І як успрымае свой узрост сама Зямля? Аб'ектыўна? Ці здаецца сабе старажытнай? Чатырох з палавінай мільярдаў год? Альбо суб'ектыўна лічыць, быццам уступіла ў найлепшую пару свайго жыцця, бо можа мінуць яшчэ сем мільярдаў гадоў, перш чым яе спапяліць сонца? Альбо яна ўспрымае час на маланкавай хуткасці, калі адчувае сябе нецярплівай, няспыннай сілай, бурліць і кіпіць усярэдзіне, адрывае кантыненты адзін ад аднаго. Грувасціць горы, ссоўвае пліты, насылае моры на сушу, а наша блуканне па цвёрдым грунце ці не ёсць на самой справе хадзьба па грунце хісткім, які штогадзіны, штохвіліны пагражае раззеўрыцца і паглынуць нас? І нарэшце, як там яно з часам роду людскога? Мы вымералі яго з усёй даступнай нам аб'ектыўнасцю, мы падзялілі яго на старажытны час, сярэднявечча, новы час і ноўшы ў чаканні яшчэ найноўшага; ёсць падзелы і больш тонкія, калі, напрыклад, за спадкамі Ўсходу ідзе эпоха грэкаў, у якой змыкаюцца Цэзар і Хрыстос, за ёю па пятах ідзе эпоха веры. Рэнесанс радасным звонам абвяшчае век Рэфармацыі, а за ім ідзе век, калі нястрымна падрастае
Я стомлена вяртаюся да свайго пісьмовага стала, да свайго поля бітвы, у сферу прыцягнення сваіх твораў, але ніякай іншай рэчаіснасці, апрача той, дзе іхні час сцёк, іхні, а не наш. Я не здолеў разгадаць іх, прыдуманых шмат. Мае творы самі стварылі сваю рэчаіснасць, вырваўшы яе з майго ўяўлення і тым самым — з маёй рэчаіснасці, з часу, спажытага на тое, каб іх стварыць. Тым самым яны таксама зрабіліся часткай нашай агульнай рэчаіснасці і, адпаведна, адной з магчымасцяў, адну з якіх мы ў сваю чаргу называем сусветнай гісторыяй, гэтак жа захутанай у кокан нашых фантазіяў. Але хіба гісторыя, якая зрабілася рэчаіснасцю толькі ў маім уяўленні і якая цяпер, ужо напісаная, пакідае мяне, утрымлівае ў сабе менш сэнсу, чым сусветная гісторыя, — хіба ж яна менш сейсмаўстойлівая, чым глеба, на якой мы ўзводзім свае гарады? А Бог? Калі ўявіць яго сутным, рабіў бы ён інакш, чым доктар h.c. Ісак Колер? Хіба Шпэт не быў вольны адмовіцца ад даручэння знайсці забойцу, якога не было? Хіба ён не быў вымушаны знайсці забойцу, як той чалавек, які, пакаштаваўшы ад дрэва пазнання дабра і зла, быў вымушаны знайсці Бога, якога не было, знайшоў чорта? І ці не ёсць гэты апошні — выдумка, якою скарыстаўся Бог, каб апраўдаць сваё няўдалае творыва? Каго лічыць вінаватым? Таго, хто дае даручэнне, ці таго, хто яго прымае? Таго, хто забараняе, ці таго, хто ігнаруе забарону? Таго, хто выдае законы, ці таго, хто іх парушае? Таго, хто дае свабоду, ці таго, хто ёю карыстаецца? Нас пагубіць свабода, якую мы даем іншым і даем сабе. Я пакідаю свой кабінет: вызвалены ад маіх твораў, ён апусцеў. Палова пятай. На небе я першы раз бачу Арыён. Каго ён пераследуе?
22.09.1985