Юстыцыя
Шрифт:
Я падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт матываў Колера, пра падазрэнні Элен, што Колера прымусілі ўчыніць забойства, паведаміў і пра сваю сустрэчу з Дафнай, пра свой візіт да сапраўднай Монікі Штаерман і, нарэшце, пра неспадзяваны прыход Бэна ў маё бюро.
— У вас у руках рэдкі шанец, малады чалавек! — усклікнуў Штусі-Лойпін, яшчэ раз падліваючы сабе віна.
— Не разумею, што вы хочаце гэтым сказаць, — няўпэўнена прамармытаў я.
— Яшчэ як разумееце, — парыраваў ён. — Інакш бы не прыйшлі да мяне. Давайце на пробу паўдзельнічаем у гульні Колера. Калі дапусціць, што забойца не ён, дык самае простае — знайсці іншага забойцу. Ім можа быць толькі Бэна. Вось на яго і напала трасучка. Ён прамантачыў больш як дваццаць
Штусі-Лойпін паглядзеў чарку на святло. З боку гарадка да нас даляцеў гук клаксонаў, некалькі хвілін: калі меркаваць па нерухомых агнях фараў, дзве сустрэчныя аўтакалоны ўязджалі адна ў адну.
Штусі-Лойпін засмяяўся.
— Гэта ж трэба, каб такому жаўтароціку проста ў рукі прыплыў самы цікавы перагляд справы з усіх, якія толькі ведала наша стагоддзе.
— Мне ніхто не даручаў ніякага перагляду, — сказаў я.
— Але ж даручэнне, якое вы прынялі-такі, непазбежна вядзе да перагляду.
— Гэта Колер забіў Вінтэра, — цвёрда сказаў я.
Штусі-Лоёпін шчыра здзівіўся.
— Ну й што? Вы гэта на свае вочы бачылі?
У глыбіні памяшкання спусцілася па вераўчанай лесвіцы нейкая чорная постаць і зашкандыбала ў наш бок. І калі яна падышла, я ўбачыў, што гэта святар з маленькай чорнай сумачкай-сапеткай. Ён спыніўся, не дайшоўшы да Штусі-Лойпіна метраў тры, пакашляў, шкляныя сцены адразу ж занялі ранейшае месца, успыхнулі пражэктары, і гранітныя божышчы адкінулі свае цені ў зноў замкнутае з усіх бакоў памяшканне. Святар быў вельмі стары, крыху касабокі, маршчыністы, і адну нагу ён падвалакаў.
— Ваша жонка атрымала апошняе памазанне, — сказаў ён.
— Парадак, — сказаў Штусі-Лойпін.
— А я буду маліцца, — запэўніў яго святар.
— За каго? — спытаў Штусі-Лойпін.
— За вашу жонку, — удакладніў святар.
— Такая ў вас прафесія, — абыякава падсумаваў Штусі-Лойпін і нават не павярнуў галавы, калі святар, нешта прамармытаўшы, пакульгаў да выйсця, дзе ахмістрыня, тая самая, што ўпусціла мяне, адчыніла перад ім дзверы.
— У мяне жонка памірае, — як бы мімаходзь кінуў Штусі-Лойпін і асушыў чарку.
— Але калі так… — пралепятаў я, устаючы з фатэля.
— Госпадзе, да чаго ж вы цырымонная асоба, — сказаў Штусі-Лойпін. — Сядзьце як сядзелі.
Я сеў, ён зноў наліў. Сцены пайшлі ў зямлю, пражэктары патухлі, мы зноў апынуліся ў садзе.
Штусі-Лойпін нерухома глядзеў перад сабою.
— Маёй жонцы хапае душэўнай велічы, каб выбавіць мяне з пакутніцкай мусовасці сядзець каля яе смяротнага ложка, — сказаў ён раўнадушна, — удадатак у яе пабываў святар, а цяпер там лекар і сястра. Мая жонка, хай вам будзе вядома, Шпэт, не проста чорт ведае якая жыццелюбка, чорт ведае якая багатая і чорт ведае якая пабожная, яна да таго ж яшчэ чорт ведае якая прыгожая. Смешна гучыць, праўда? Цэлае жыццё яна ашуквала мяне. Лекар, які цяпер сядзіць каля ложка, быў у яе апошні каханак. Зрэшты, я яе разумею. Такі мужчына, як я, жанчыне ўсё адно што атрута.
Ён зноў рагатнуў і без пераходу памяняў тэму. І паведаміў мне, што я дурань, раз лічу доктара Ісака Колера вінаватым. Увогуле, шчыра кажучы, ён, Штусі-Лойпін, таксама так лічыць. Праўда, паказанні сведкаў супярэчлівыя, праўда, прылада забойства так і не была знойдзена, праўда, і матыву таксама няма, але ўсё адно мы яго прызналі вінаватым. А чаму мы прызналі яго вінаватым? Ды таму, што забойства было ўчынена ў перапоўненым рэстаране. І прысутныя гэта неяк заўважылі, нават калі іх паказанні супярэчаць адно аднаму. Дык вось, хоць мы і ведаем не напэўна, але мы напэўна ў гэтым перакананыя. Што моцна здзівіла яго ўжо ў ходзе судовага разбіральніцтва. Ні рэвальверам ніхто не цікавіўся,
Штусі-Лойпін задумаўся.
— Вы зрабілі памылковую выснову, — сказаў ён, бо нічога не разумееце ў більярдзе. Колер гуляў ад борта дубэльтам.
— Так-так, ад борта, — раптам азарыла мяне. — Аднаго разу Колер менавіта гэта сказаў. За більярдам у «Du Th'e^atre». «Ад борта дубэльтам. Толькі так можна знайсці ўправу на Бэна».
— А як ён пасля гэтага згуляў? — пацікавіўся Штусі-Лойпін.
— Дакладна не памятаю. — Я спрабаваў успомніць: — Ён, здаецца, даў шар у борт, ад борта шар адскочыў назад і штурхнуў шар Бэна.
Штусі-Лойпін наліў сабе віна.
— Колер забіў Вінтэра, каб такім спосабам расправіцца з Бэна.
— Але навошта? — разгублена спытаў я.
— Ну, Шпэт, вы яшчэ наіўнейшы, чым я думаў, - не схаваў свайго здзіўлення Штусі-Лойпін. — А здавалася ж бы, фраў Штаерман падкінула вам ключ да рашэння. Колер вядзе яе справы. Нават з турмы. Ён там не толькі пляце кашы. Штаерман патрэбен Колер, а Колеру патрэбна Штаерман. Людэвіц — падстаўная фігура. Але хто тут гаспадар і хто — слуга? У пэўным сэнсе дачка Колера мае рацыю. Гэта было забойства з ласкі. А чаму б і не? Таксама свайго роду шантаж. У Штаерман ляжаць незлічоныя мільёны, і тыя дваццаць мільёнаў таксама ёй належалі, тут ужо, трэба думаць, Колер навёў даведкі, а потым і расправіўся з Бэна праз Вінтэра. Па жаданні Штаерман; магчыма, ёй нават не давялося выказваць сваё жаданне ўголас, магчыма, ён адгадаў яго.
— Дапушчэнне яшчэ больш неверагоднае, чым праўда, — сказаў я — Штаерман кахала Бэна, бо яго кахала Дафна, і адраклася ад яго толькі тады, калі Дафна адраклася ад яе.
— Не, дапушчэнне больш рэальнае за праўду. А сама праўда часцей за ўсё непраўдападобная, — запярэчыў Штусі-Лойпін.
— Ніводзін чалавек не паверыць у ваша дапушчэнне, — сказаў я.
— Не, ніводзін чалавек не паверыць у праўду, ніводзін суддзя, ніводзін прысяжны, нават Емэрлін і той не. Бо праўда разыгрываецца на ўзроўнях, недаступных правасуддзю. Калі назначаць перагляд справы, дык адзіная думка, якая ўзнікне ў суда, будзе наступная: Вінтэра забіў доктар Бэна. Бо толькі ў яго ёсць канкрэтны матыў. Нават калі ён невінаваты
— Нават калі невінаваты?
— А вас гэта бянтэжыць? Яго ж невінаватасць — таксама дапушчэнне. І ён адзіны, хто мог зрабіць так, каб рэвальвер прапаў. Дружа мой, вазьміце гэты працэс на сябе, і праз некалькі гадоў вы станеце нароўні са мною.
Зазваній тэлефон. Ён зняў слухаўку, потым зноў паклаў.
— Жонка сканала-такі, - сказаў ён.
— Прыміце мае спачуванні, - пралепятаў я.
— А, пра што тут гаварыць.
Ён хацеў зноў наліць сабе, але бутэлька была ўжо пустая. Я ўстаў, наліў яму і паставіў сваю бутэльку каля пустой.