Мяжа
Шрифт:
3. «У выхадныя дні»
У пятніцу вечарам, дачакаўшыся, калі з’ехаў дамоў у вёску сусед па пакоі, Хальчэня сядзеў на ложку і складаў верш. За паўгадзіны ён адолеў адно чатырохрадкоўе, праўда, ніштаватае:
Цяплынь жнівеньскай ночы… Было ў вас такое, скажыце? Я глядзеў ёй у вочы — Васількі ў спалавелым жыце.Перачытаўшы разоў пяць запар, што аж паблыталіся ў галаве рыфмы, Хальчэня закурыў цыгарэту і пачаў хадзіць па пакоі, паплёўваючы і збіваючы на падлогу попел. «I ў каго я, цікава, пытаю: „Было ў вас такое, скажыце? — падумаў ён. — А ў каго не было? Рытарычнае пытанне.
Каля шафы ён спыніўся, адчыніў левую і правую палавіны і агледзеў суседавы штаны клёшы на вешалцы, брызентавую рабочую куртку і новыя кеды з беленькімі шнуркамі; гэтак жа нетаропка агледзеў трое сваіх штаноў: ваўняныя ў клеткі, джынсы, вараныя ў белыя плямы, і штаны з мяккае шэрае матэрыі, якая звалася «палавіком»… Раптам ён пачырванеў, асцярожна прычыніў дзверцы і вярнуўся да ложка. «Цікава, ён хіба не бачыць, што носяць другія… — падумаў ён ужо пра суседа. — Ходзіць такім вахлаком… Незразумела».
(Знарок пакідаю гэты кавалак, як прыклад нявопытнасці, недальнабачнасці: як жа асцярожна трэба абыходзіцца ў літаратуры з гэтымі часовымі аксесуарамі, гэтымі клёшамі, белымі шнуркамі і варанымі джынсамі… Як жа яно ўсё хутка старэе і як трэба пазбягаць розных прывязаных да часу тэрмінаў, слоў, якія праз 5–6 гадоў могуць зусім знікнуць і потым гучаць у апавяданнях дзіўна і дзіка, і як жа тады сорамна павінна быць за гэта пісьменніку!)
За шэсць дзён, якія яны пражылі разам, Хальчэня так і не змог звыкнуцца з гэтым чалавекам. Увечары сусед звычайна ляжаў упоперак ложка — ногі на табурэт — і моўчкі гартаў часопісы ці чытаў газеты, а ўночы, калі тушылі святло і клаліся, доўгімі і зануднымі аповедамі не даваў Хальчэню спаць. Тут былі і вёска, і фільмы, і кнігі, і войска, і, зразумела, былое няўдалае каханне — нейкая Наташа, якая выйшла замуж, не дачакаўшыся яго з войска. Ён называў яе цяпер «дурніцай» і «шкурай барабаннай» і казаў, што яна растаптала ў ім веру «ў людзей і чэсных жэншчын».
Хальчэня быў рады, што хоць працаваў гэты дурань у брыгадзе бетоншчыкаў, а не з ім разам, мулярам: хоць удзень ён яму не назаляў.
«Добрая асацыяцыя — васількі ў спалавелым жыце і шкура барабанная!» — Хальчэня ўявіў, як бы ягоны верш чытаў сусед, пачырванеў, схапіў ручку і так крамзануў наўскасяк па лістку, што падралася папера.
Яму захацелася напісаць празаічны твор, але добры, абсалютна праўдзівы, які ніхто яшчэ ніколі не пісаў. Ён узяў са стала два суседавыя часопісы, лёг упоперак ложка, паклаў ногі на табурэт, адзначыўшы, што ляжаць так усё ж няблага, і пачаў чытаць, каб павучыцца, як пішуць і думаюць сапраўдныя пісьменнікі.
Хальчэня, хоць і нарадзіўся і гадаваўся ў вялікім горадзе, быў гарадскім толькі ў першым пакаленні. Вацькі яго былі тыповымі ўрбанізаванымі вяскоўцамі. Пражыўшы доўга ў Гомелі, займаючы пасаду начальніка аддзела кадраў будупраўлення, бацька ці то не хацеў, ці то папраўдзе так і не навучыўся гаварыць чыста па-гарадскому. Калі яшчэ дзе ў людзях ці на рабоце ён і стараўся ламацца па-руску, то ўжо дома, у сям’і, даваў сабе поўную волю. Бы смакуючы, з задавальненнем, ён гаварыў «дзёўка, дзядзько, муло, забуўся, знушчаўся, хай яму гор, здарову як бук» і г. д. Ён быў з’едлівы да ўсяго, чаго не разумеў: да музыкі, акрамя народных песень, да фільмаў, акрамя як пра дзяцей, да кніжак пра вайну, у якіх, як ён казаў, «восе пара вайна скончылася, а яны ўсё цягнікі пад адхон пускаюць»… Не любіў газет на беларускай мове, лічачы гэтую мову не сапраўднай беларускай, а «скалечанаю»… У сям’і ён трымаўся свайго вясковага парадку, які заключаўся, па-першае, у дыялектна-беларускай мове, і, па-другое, у выхаванні сына. Хальчэню дазвалялася рабіць усё тое, што сам бацька ў свае маладыя гады зрабіць альбо не паспеў, альбо рабіў не так, не ў поўнай меры, як хацелася. Кожныя паўгода сын апранаўся ў новае, і не абы-якое, — з галавы да пят. Акрамя таго, ён заўсёды меў грошы «на дробныя расходы». Ён мог прыходзіць позна ўночы ці начаваць у сяброў, не баючыся, што яму будуць чытаць маралі. Патрабавалася ад яго не шмат: не піць, не лаяцца і не пярэчыць бацьку.
Волю, што яму давалася, Хальчэня скарыстаў перш за ўсё ў вучобе. Не дужа
Тады бацька ўпершыню адкрыўся яму. Хальчэня ўбачыў у ім не таго чалавека, да якога прывык. I здарылася гэта акурат у день атрымання дыплома…
(Апускаем цягамотны дыялог, пераказваем інфармацыйна. Бацька прадумаў за сына яго будучыню. Ён марыў бачыць сына афіцэрам і хацеў, каб той паступаў у ваеннае вучылішча. Сыну захацелася паказаць сваю самастойнасць.)
— …Добра, — сказаў бацька, — не хочаш, не трэба. Едзь па сваім размеркаванні. Але ведай, што ты ні на што не здатны. Пакатайся. Усё адно вернешся. І тады я табе памагу.
Ён выйшаў, і Хальчэня крыкнуў яму ўслед у пустыя ўжо дзверы:
— Трэба мне твая помач!
Ён схапіў куртку і выскачыў за дзверы.
…Месяц адпачынку, што даваўся пасля тэхнікума, Хальчэня амаль не бываў дома. Бацька яго больш не чапаў, быццам і не было паміж імі ніякіх размоў, а маці вельмі любіла сына і таму адчувала сябе ў нечым вінаватаю перад ім, давала кожную раніцу грошы і шаптала: «Не слухай яго, рабі як хочаш…» Сяброў аднаго за другім бралі ў войска, ён праводзіў іх; сам перад ад’ездам зняўся з вайсковага ўліку і выпісаўся ў пашпартным аддзеле. Пасля вясёлых праводзінаў яму звычайна рабілася сумна, ён адзін блукаў тады па Гомелі, заходзіў часта ў парк, глядзеў на Сож, на драўляныя, амаль што вясковыя хаткі па той бок ракі. Смутак мацнеў, рабіўся соладка-шчымлівы, і Хальчэню хацелася зрабіць тады нешта вялікае, незвычайнае, каб не толькі бацькі, а і шмат-шмат людзей пабачылі, які ён таленавіты, не падобны на іншых — убачылі і здзівіліся, і ўзрадаваліся ад гэтага.
З такімі думкамі ён ад’язджаў з Гомеля.
«Можа, напісаць, як я пасварыўся з бацькам, як прынцыпова не захацеў паступаць па блаце?» — падумаў Хальчэня, седзячы за сталом над сшыткам, у якім намаляваў ужо некалькі красачак. Але гэта было б вялікай хлуснёй, і ён выдатна адчуваў гэта. Спрачацца з бацькам прымушаў яго не прынцып, а тое, што ён не любіў вайскоўцаў, наслухаўшыся розных гісторый пра «дзядоў» і «маладых». Можа, каб бацька замест вайсковага вучылішча прапанаваў інстытут, ён бы яшчэ падумаў, спрачацца ці не. Можна, вядома, выдумаць, напісаць пра абавязак перад дзяржавай, якая яго вучыла, але Хальчэня толькі кісла скрывіўся. Словы гэтыя так часта паўтараліся ў школе, у тэхнікуме, на розных камсамольскіх сходах, пісаліся ў газетах і зноў паўтараліся па тэлебачанні, што абсалютна, беззваротна страцілі ўсялякі сэнс. Не хацелася пісаць Хальчэню аб спрэчцы з бацькам яшчэ і таму, што ён за гэты тыдзень на свае вочы пабачыў, што такое будоўля, што такое жыць у інтэрнаце і што такое чужы, маленькі горад з чатырма крамамі і з клубам у былым касцёле. У ягонай брыгадзе самаму маладзейшаму было сорак гадоў: людзі працавалі, каб атрымаць кватэры, і, атрымаўшы, адразу пераходзілі на іншую, лягчэйшую работу. Нязменны быў хіба што адзін брыгадзір, які незалюбіў Хальчэню, калі даведаўся, што той — начальніцкі сын. Відаць, ён лічыў, што добрага сына ніякі начальнік на будоўлю не зашле.
Хальчэня зірнуў на гадзіннік і не паверыў: ён сядзеў ужо гадзіну, а здавалася — хвілін пятнаццаць, ад сілы. За акном сцямнела. Нехта хадзіў па калідоры, пасля спыніўся, пастукаў у дзверы і ляпнуў разы з два ручкаю. Хальчэня нават не зварухнуўся. Нешта ціха дзынкнула ў шыбіну, Хальчэня ўскочыў і, пакуль адчыняў фортку, убачыў, як ад знадворнага падаконніка зляцеў верабей. У фортку дзьмухнуў вецер, але такі цёплы, такі прыемны, які бывае толькі на пачатку вясны, перад першымі навальніцамі. Неба было цёмнае, і дрэва перад акном цёмнае, страшнаватае, яшчэ без лісця, толькі цьмяна свяціўся ліхтар за гэтым дрэвам, а далей нічога ўжо нідзе не свяцілася — інтэрнат стаяў каля самага лесу і Хальчэнева акно выходзіла якраз на гэты лес. «Калі не развіваць сябе, не займацца чым-небудзь — я тут да восені здзічэю», — падумаў ён, пацепнуў плячыма, зачыніў фортку і сеў за стол. Адзінота і нейкая вусцішнасць надалі яму смеласці.