Мяжа
Шрифт:
Вяргейчык пахаладзеў. Яму ўжо не хацелася ні спрачацца, ні даказваць, ды ён бы ўжо і не змог, таму што ўсе думкі блыталіся, акрамя хіба адной — нашто ён сюды ішоў?
— Можа, ён сам напісаў? — спытала класная і паглядзела на Вяргейчыка.
Клара Іванаўна ўсміхнулася.
— Мяккае сэрца ў цябе, Тамара Міхайлаўна. А пасля здзіўляемся, адкуль бяруцца спецыялісты, якія не могуць правільна напісаць слова «інтэлігент»…
Вяргейчык ступіў да стала і толькі працягнуў руку, каб забраць сшытак, як у гэты момант ля яго ног нешта звонка дзынкнула. Ён уздрыгнуў, толькі цяпер
Тры пары вачэй правялі позіркамі двухкапеечную манету, якая, падскокваючы на швах паркета, апісала роўны паўкруг і доўга яшчэ звінела недзе пад шафай. Выкладчыцы пераглянуліся.
— Мне можна ісці? — спытаў Вяргейчык. Яму хацелася спытаць з выклікам, незалежна, а выйшла нечакана вінаватым і злёгку дрыготкім голасам.
— Не, пачакайце, — сказала Клара Іванаўна мякка, і ад гэтага Вяргейчыку чамусьці стала трывожна.
Ён апусціў галаву і пачаў глядзець на свае чаравікі. Клара Іванаўна падышла бліжэй і, стараючыся зазірнуць яму ў вочы, лагодна сказала:
— Ну, нічога страшнага — спісаў дык спісаў… Як цябе завуць?
— Ён у нас Валодзя, — адказала за яго класная.
— Слухай, Валодзя, — Клара Іванаўна трохі памарудзіла. — Чаму ты так дрэнна апранаешся? Раскажы, не бойся, можа, дома што? Можа, бацька п’е? Не бойся, тут жа чужых няма, — павяла яна рукой вакол сябе.
— У яго няма бацькі, — зноў адказала класная, — адна маці. Вядома, цяжка. А заўтра стыпендыяльная камісія… Ага! — тут здагадалася яна. — Хлопчык, напэўна, таму і прыйшоў.
Вяргейчык падняў галаву. Тамара Міхайлаўна глядзела на яго з жалем. Клара Іванаўна прыязна ўсміхалася.
— Ну што ж. Калі так… — сказала яна і, падцяўшы вусны, нейкі момант глядзела ў адну кропку, абдумваючы нешта. — Ай, Тома, давай зробім выключэнне!
Клара Іванаўна зноў разгарнула сшытак і агледзелася па баках. Тамара Міхайлаўна падала ёй ручку з чырвоным чарнілам. Клара Іванаўна прымерылася да адзінкі, чыркнула палоску ўверх так, што атрымалася чацвёрка, і закрэсліла слова «спісана».
— Уся праблема! — засмяялася класная.
— На, — працягнула Клара Іванаўна сшытак Вяргейчыку. — Ну, я думаю, залішне напамінаць, што мы пайшлі табе насустрач… Вучыся, не крыўдзі маці, — яна падумала, што б яшчэ сказаць. — Цябе папракаю, — звярнулася да класнай, — што сэрца мяккае, а сама…
I Клара Іванаўна ўсміхнулася ўсмешкай чалавека, які не прывык выстаўляць напаказ сваю велікадушнасць…
18. «Рэцэнзія-водгук»
Ні ў воднай крытыцы свету не прынята чапаць дэбютантаў. Толькі не ў нашай. Наша, падобна, адных дэбютантаў і чапае. І поруч з тым — якое рабалепства перад г. зв. імёнамі, імёнамі, якія, на добры лад і калі ты добры крытык, варта было б размазаць, як кашу па талерцы. Ды Бог з ім. «Крытыкуйце» і далей. Толькі не плачцеся, што ў нас няма твораў-узораў, вартых вашага пяра — сапраўдны крытык разгорнецца і на прыкладзе антыўзораў.
Усе водгукі,
«Іслач». Нарада маладых пісьменнікаў, 86 год. Яўгені Лецка (пра мяне): «Я думаў, гэта дарослы мужчына, за 50… Вось такія і губяць нашу літаратуру. Яму 23, а піша так, нібыта 83».
Уладзімір Дамашэвіч (дамашняя, добрая душа) — «Федарэнка як музыкант, які не ведае нотаў, бярэ на слых, правярае да таго часу, пакуль не перастане фальшывіць…»
Аднак нам цікава пакуль што іншая музыка — палітэх, туды, туды!
19. Тупы
Выхавацель у інтэрнаце. Мянушка Тупы, прозвішча Шэлепень. Рэдкая сволач. Хворы на эпілепсію. Як усё ж Бог шэляпеняў меціць! Гэткі Шарыкаў, ніколі ён не скажа «добры дзень», «да пабачэння», «дзякую», усё яму хочацца, каб «па-прастому», без кніжна-інтэлігентных цырымоніяў.
Хлопец, на думку выхавацеля Тупога, павінен пакурваць, крыху «бухаць», крыху (не ўсур’ёз) з дзеўкамі, рыхтавацца да арміі, брынькаць на гітары, менш думаць, менш чытаць — ізноў у нас «усе беды ад філалогіі»! У размове быць у меру каснаязыкім, калі і ўжываць газетна-тэлевізійна-вучоныя словы, дык іранічна…
Вядома, каго ён хоча з нас зляпіць — такіх, як сам.
Апантаны выканаўца тайнай (а мо і яўнай) дактрыны палітэха: шэрасць, ураўнілаўка, умеранае хамства.
Дысцыпліна сярэдняя паміж армейскай і турэмнай.
Мне страшна не пашэнціла — ён мяне не любіць.
20. Лагун і Алёшкіна
2-гі курс. Іван Лагун — хлопец з маёй групы, Алёшкіна — першакурсніца (15 гадоў). На заняткі не ходзіць, бадзяецца па горадзе, а ноччу спіць з гэтым самым Лагуном.
Упершыню ў жыцці ўбачыў голую дзяўчыну ў ложку, якая не саромелася гэтага.
Тэхнікум, перапынак. Курым у туалеце, акно расчыненае. Хтосьці заўважае на вуліцы Алёшкіну.
— Лагун, пакліч!..
Лагун звешваецца з вакна, закладвае два пальцы ў рот, свішча.
— Ідзе! — рагочам мы. — А яна ідзе!
— Алёшкіна, Паганкіна ты!
Яна стаіць, глядзіць знізу ўверх на вакно мужчынскага туалета і пасміхаецца. Прыгожая, тоненькая, стройная… Вось бы мне такую! Як бы я яе любіў, абараняў, колькі ўсяго б нарасказваў, мы б хадзілі ў кіно, марожанае, тыры-пыры, ёй не было б са мною сумна, я б называў яе багіняй і феяй, а не Паганкінай…
Ну чаму яна не адчувае, хто мог бы яе па-сапраўднаму ацаніць?