Мяжа
Шрифт:
Сягоння ўжо, як ніколі, адчувалася, што нарэшце надыходзіць канец доўгай завейнай зіме. Праўда, тут, у цэнтры Расіі, такія зімы — звычайная з’ява.
У чаканні новай каманды салдаты стрымана перагаворваліся, нецярпліва паглядваючы на лейтэнанта і не разумеючы, чаго іх спынілі. Толькі ж што строіліся ў казарме і гэты самы лейтэнант — іх узводны — правяраў усё, што трэба, і ўсё, што (як ім здавалася) не трэба: правяраў рэчмяшкі, каб нічога, акрамя кацялка, лыжкі і кружкі, там не было; правяраў аўтаматы, падсумкі, супрацьгазы; прымусіў зняць боты і глядзеў, ці правільна накручаныя анучы… Узвод павінен быў прайсці нейкіх пятнаццаць
Зараз салдаты думалі прыкладна адно і тое ж: маладому ўзводнаму хочацца лішні раз пакамандаваць імі.
— Узв-о-од, інтэрвал адзін метр, у ногу, шагам а-а-арш!
Праз хвіліну былі ўжо на галоўнай вуліцы. Ішлі ахвотна, з задавальненнем грукаючы ботамі па асфальце. Амаль увесь час, абдаючы салдат мокрым пылам (некаторыя, у асноўным, на жаль, графаманы, хвалілі мяне, што адстаяў гэты «мокры пыл» — «сухую ваду». А з іншага боку, кажуць жа «апякло холадам»?..), калону абганялі машыны, аўтобусы; раз-пораз ззаду пад’язджаў тралейбус, і тады сцяжковыя, папярэджваючы, узмахвалі сцяжкамі, і салдаты вымушаны былі трымацца паўз самы тратуар.
Ракіцкі ішоў у апошняй шарэнзе, крайнім да цэнтра дарогі. Ва ўнутранай кішэні бушлата ён локцем стараўся намацаць пісьмо. Аддалі яго ўчора вечарам перад самым адбоем, таму яно было непрачытаным і нават нераспячатаным. Хацеў пачытаць уночы, у туалеце, але, ледзь крануўшыся галавой падушкі, заснуў і праспаў амаль да раніцы, калі іх паднялі па вучэбнай трывозе на гэты марш-кідок.
Ракіцкі паправіў шапку і моцна сціснуў рэмень аўтамата з намерам не кранаць больш гэтага пісьма і не думаць пра яго. Тым больш, ён цвёрда быў упэўнены, што нічога добрага для яго там не магло быць. Гэта было пісьмо ад дзяўчыны, якой ён перад арміяй прызнаваўся ў каханні і якая пасмяялася з яго.
Салдаты мінулі апошні квартал і выйшлі за горад. Ісці стала крыху вальней — і таму, што цяпер менш траплялася машын, і таму, што вочы не натыкаліся больш на шматпавярховыя дамы горада. Вакол дарогі ля-жала белае поле. Ракіцкі трошкі высунуўся і глянуў уперад: дарога, хоць і не вельмі крута, падымалася ўгору, і толькі далёка-далёка на гэтай гары віднелася нешта цёмнае — не то лес, не то проста туман.
«Горы нейкія, горы… I здаецца ж, не так і далёка адсюль Беларусь, а ўсё нейкае другое… Ну, дзе ў нас, у Беларусі, горы?..»
(У тыя часы ўжываць у апавяданнях слова Беларусь лічылася ледзь не подзвігам, і яго піхалі ва ўсе дзіркі.)
I зусім нечакана перад вачыма Ракіцкага да таго ярка паўстаў малюнак вясковай цёплай летняй ночы, хто ён шырока раскрыў вочы, нібы жадаючы ўпэўніцца, што перад ім усё тая ж дарога, якая падымаецца пад гару, і абапал яе — брудныя гурбы снегу.
Слаба верылася, што яна была некалі, тая ноч, глыбокая і ціхая… Калі Ракіцкі сядзеў на лаўцы каля сваёй хаты, калі яму (дурному!) зусім не хацелася спаць, калі пахла яблыкамі, свежай, мокрай травой, свяціў месяц, і ад плота цераз вуліцу цягнуліся доўгія чорныя цені… Нікуды не хацелася ісці — ды і куды ісці? У сваёй невялічкай вёсцы Ракіцкі застаўся самым старэйшым з хлопцаў. Астатнія — хто ў арміі, хто ў горадзе. Было, праўда, некалькі школьнікаў, але ў іх яшчэ, на думку Ракіцкага, быў дзіцячы розум.
Ён
Так Ракіцкі трохі памарыў і падняўся, каб ісці спаць. У гэты момант ля суседняй хаты — па гэты бок вуліцы, дзе і хата Ракіцкага, — пачуліся ціхія галасы. Ён і здзівіўся і нават узрадаваўся, што яшчэ некаму не спіцца акрамя яго. Углядаючыся ў цемру і разважаючы, хто б гэта мог быць, ён сабраўся ўжо быў падысці і паглядзець, як раптам адтуль пачуўся стрыманы дзявочы смех. Ракіцкі спыніўся як укопаны. Так магла смяяцца толькі ягоная суседка, дзевяцікласніца Ірына, але ж яна раней ні на якія гулі не хадзіла. Яна ж малая раней была!
Ракіцкі адступіў да сваіх варот і, прыціскаючыся да шула, пачаў прыслухоўвацца. I хоць яму не ўдавалася разабраць ніводнага слова, ужо адно тое, што Іру, гэтае дзіцё, якое ён ніколі не лічыў за дзяўчыну, нехта праводзіць, размаўляе з ёй, цалуе, можа, — адно гэта прымушала яго трымцець ад нейкага незразумелага хвалявання.
З-за шула не было відаць ні самой лаўкі, ні тых, хто на ёй сядзеў. Але Ірына стаяла зараз у вачах Ракіцкага так, быццам ён глядзеў на яе ў сонечны дзень. Невысокая, круглатварая, з белай касой… Прыжмураныя вочы глядзяць неяк сумна і строга… Заўсёды сур’ёзная, задуменная, Ірына жыла нейкім сваім дзявочым, незразумелым для Ракіцкага жыццём і звычайна звяртала на свайго маладога суседа ўвагі столькі ж мала, колькі і ён на яе.
Гэта была звычайная вясковая дзяўчынка, але цяпер, пасля таго, як Ракіцкі ўбачыў, што яе ўжо нехта праводзіць, Ірына здалася яму такой красуняй, якой ён яшчэ ніколі і нідзе не сустракаў. Яму зрабілася сумна і прыкра, што не ён, а нехта другі змог першы разгледзець у гэтай дзяўчынцы дзяўчыну. Зараз Ракіцкаму нічога не заставалася, як стаяць пад шулам і лаяць сябе за слепату. «Хлопец называецца! У армію сабраўся ісці!» Можа, каб Ірына якую гадзіну назад прайшла каля яго адна, то Ракіцкі не павёў бы і брывом. Павітаўся б, як заўсёды, — і ўсё. А цяпер у яго з кожнай хвілінай усё больш і больш з’яўлялася жаданне нешта змяніць, не выпусціць тое, што зводзяць з-пад носа.
Ціснучыся да плота, баючыся неяк выдаць сябе, Ракіцкі дабраўся да канца агароджы і шмыгнуў за сваю хату. Пасля прыгнуўся, нібы кот, пра-бег цераз агарод, пралез паміж жэрдкамі і апынуўся ў Ірыным двары. Ён пабаяўся праходзіць цераз двор бліжэй да лаўкі, на якой сядзела Ірына, — чамусьці здалося, што яго могуць заўважыць у акно з хаты, — і застаўся стаяць пад густым клёнам, ля самых дзвярэй у калідор. Сэрца ў яго ка-лацілася, як у злодзея, але ён паспрабаваў супакоіць сябе думкай, што нічога дрэннага ён не робіць — проста кахае дзяўчыну і зараз скажа ёй аб гэтым.