Круг
Шрифт:
У сярэдзіне жніўня 1962 году сабралася адпаведная саўмінаўская камісія, якая вынесла сваю пастанову: «Хадайніцтва аб устанаўленьні персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэньня тав. Дубоўку У.М. адхіліць».
«Адхіліць дык адхіліць. Шкада толькі патрачанага часу…»
А на стале яго ціхай кватэркі-«паўтарачкі» ў Цьвярскім-Ямскім завулку – недапісаныя казкі, накіды аўтабіяграфічнага нарысу. Ды і Шэксьпіравы санеты – узьнёслае і прачулае спадужніцтва з класікам…
Перад самым Новым годам – радасьць. За «Палескую рапсодыю» яго ўганаравалі літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы. Дыплом урачыста атрымаў ад старшыні Саўміну Кісялёва.
СПэшнае начальства адразу ж загаварыла пра магчымасьць выданьня двухтомніка.
І пачаў жыць двухтомнікам, зноў адшукваць і аднаўляць колішняе,
4.
Для яго, звыклага чакаць доўгімі – галоднымі і халоднымі – гадамі, новыя месяцы праходзілі незаўважна. Да двухтомніка зрабіў прадмову Вітка, ён жа і патэлефанаваў тады ў менскую гасьцініцу:
– Мне здаецца, Мікалаевіч, ты засядзеўся ў сталіцах… Тут адзін мой зямляк, настаўнік, запрашае нас да сябе ў школу, на Случчыну. Можа, пракоцімся?
– А чаму ж не?
Настаўнік аказаўся добрым маладзёнам, багатым на ўсьмешку, з шчырым адкрытым позіркам. Ды і прозьвішча меў адмысловае – Дайліда.
Яны паволі выязджалі з гораду на чырвоным «Масквічы», за рулём – малады сябар.
– Гэта ж трэба: такое прозьвішча адхапіць… – нечакана загаварыў, нібы правяраючы, Дубоўка. – А вы ведаеце, даражэнькі, адкуль і з чаго яно пайшло?
– Канешне, – шафёр трымаўся ўпэўнена. – Ад дойліда. Дойлід – па-руску зодчий.
– Так! – ажывіўся Дубоўка. – І слова, і прафесія харошыя! У 20-х гадах я слова «дойлід» у друку пачаў ужываць адным з першых. Дык што вы думаеце? За гэта на мяне наскочылі некаторыя крытыканы… Маўляў, старую сьмярдзючыну я папулярызую. І што дзіўна: найбольш злосна накінуўся тады Алесь Дудар, паэт і крытык, які меў прозьвішча… Дайлідовіч! Такое ж, як ваша, толькі з «овіч». – Дубоўка кіўнуў галавой і працягнуў: – Я ўпэўнены, што і Віктар Дайліда піша…
– Так-так, – адазваўся з задняга сядзеньня Вітка. Толькі ён на прозу націскае. – Слухай, – і патрос Дубоўку за плячук. – А ці ня сумна табе ў Маскве? Перабіраўся б на радзіму. Весялей было б!
– Так то яно так… – Дубоўка задуменна пакамячыў у кулаку бараду. – Толькі ж там спакайней ад некаторых маіх колішніх таварышаў, з якімі аніяк не магу дзяліць адно паветра. Ды і да магілкі сына бліжэй…
Сустрэча ў школе была запамінальнай. Спадабаліся вучні – актыўныя, кемлівыя, усе добра гаварылі па-беларуску.
Назад выбраліся пад вечар. «Масквіч» пачаў капрызіць.
– Не хвалюйцеся, – супакойваў кіроўцу Дубоўка. Не вялікае бяды, калі і станем. Колькі тут да таго Слуцку! Ногі ж ёсьць. Як каму, а мне не прывыкаць: я на сваіх дзьвюх паўтайгі абхадзіў…
Ледзь-ледзь дасунуліся да слуцкага аўтавакзалу. Госьці ўзялі таксі, разьвіталіся.
– А што гэта за бацюшка, з барадой? – ціха спытаў таксіст у Дайліды.
А той прыязна ўсьміхнуўся і ўдакладніў:
– Так, бацюшка… Літаратурны бацюшка…
5.
Пошта прынесла – нібыта з мінулага – ліст ад Анастасіі Паўлаўны Маркавай, па мужы даўно ўжо – Хмары.
Колішняя Наля жыла ў Ленінградзе, дзе ў 1967-м выйшаў у перакладзе на рускую томік яго вершаў і паэмаў.
І патрапіў ёй на вочы той томік.
І вось адшукала адрас. А да пісьма далучыла верш.
«Осенняя мелодия звучит в душе моей…»
Аднак песьняй Дубоўкава душа ўжо не магла адазвацца: стрымана падзякаваў за ўвагу – і выслаў з аўтографам выданьне сваіх перакладаў Шэксьпіра…
Спраўна прыходзілі беларускія газеты і часопісы, лісты з Беларусі. Сярод іх – і віншаваньні з выхадам двухтомніка.
Разгарнуў аднойчы «ЛіМ» – а там артыкул «Імя яго не забыта», артыкул пра Жылку, падпісаны… ягоным прозьвішчам, ягоным ініцыялам. У фальшыўцы сьцьвярджалася, што ў высылцы Дубоўка знаходзіўся ў Яранску – дваццаць кіламетраў ад Жылкі. «Якіх дваццаць?! – брала злосьць Дубоўку. – Нават напрамкі Яранск ад Уржуму, дзе трымалі Уладзю і адкуль ён ужо не вярнуўся, каля ста дваццаці кіламетраў, а па дарозе пад дзьвесьце будзе!» А напрыканцы зьдзеклівае: Жылка быў вызвалены з-пад нагляду НКВД і яму ва Уржуме жылося добра…
Напісаў у «ЛіМ» абвяржэньне, хоць і разумеў, што дарэмна, бо – усьведамляў напоўніцу – нагляд колішняга НКВД заставаўся яшчэ жывучым.
Бо
І тыя, хто пад ім – таксама. Як і былі, так і засталіся: у геніях, у трыумфатарах.
Крапіва, да прыкладу… Толькі ў 1971 годзе – ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі (указ Прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР), Дзяржаўная прэмія СССР «за комплекс работ па беларускай лінгвагеаграфіі» (пастанова ЦК КПСС і Савета міністраў СССР за подпісамі Брэжнева і Касыгіна). А яшчэ праз тры гады – Дзяржаўная прэмія БССР ад Машэрава…
Барані бог: у яго не было ні зайздрасьці, ні злосьці. «Усё праходзіць, усё мінае, – думалася яму бяссоннымі старэчымі начамі. – Аднак жа чаму так проста сходзяць і хлусьня, і здрада, і подласьць, і грэх?!»
І маладым ён не мірыўся з гэтым, і цяпер – не зьмяніўся. Раніцай аддрукаваў на машынцы незвычайны ліст – да Крапівы, паклаў у канверт і надпісаў: «Паслаць пасьля маёй сьмерці». Рукапіс жа схаваў у шуфляду:
Падобны з твару да машчэй, А па душы даўно нябожчык, Ты жыў яшчэ, стары кашчэй, Усё мінаеш хату з дошчак. Жывеш і сохнеш – мільянер! Адхватчык прэміяў і лаўраў, Абы накалупаўся верш, Адразу ладзіш гром літаўраў. <…> А шмат каго папрыбіраў, Каб на шляху не заміналі, І выйшаў суха з мокрых спраў Ды выстукаў яшчэ медалі. Ты страціў бы і зрок і слых, Калі б судзіць цябе зьявіцца Маглі Сымон Баранавых, Макар Шалай, Сымон Куніцкі. Іх без віны і без пары Бяда зьмяла ў апошні вырай. Ці не дарма твае сябры Былі з табой занадта шчыра? <…> Ты думаеш, згубіўся знак, Забыты словы, сьцёрты крокі, І час мінуў, і сьведак брак? – А я, а Бог, а сьвет шырокі? Знацьця ў людзей не адбярэш, Як ты ні ўпраўны на расправы, Ды захлынешся ўрэшце рэшт Сваёю славаю крывавай. Правін ня зьмесьціш на гарбе, На шыю зьві сабе вяроўку. Без прывітаньня да цябе, З труны Уладзімір Дубоўка. P. S. Чаму з труны? Апаскі менш. Хачу крыху пажыць сягоньня, А то бяз часу ў жвір сапхнеш, Як гэты верш цябе дагоніць. Калі ж адвееш ты, як дым, Мой запавет наконт вяроўкі, – Сьвет зьдзейсьніць сам, сьвет мае чым… Клянуся барадой Дубоўкі.Як сустрэча са сьветлым – новы ліст ад Гаўрылы Гарэцкага, сябраў адказ – хуткі і расчулены:
«Засмуціла нас вестка, што і Марыя Пятроўна, і Ты пакрысе хварэеце, а часам – нават і цяжка нядужаеце.
А словы Твае “Адным словам – надышла зіма майго веку” сьціснулі сэрца…
Зімы ў паэтаў не бывае – дух у іх, і асабліва Твой, не старэе. Ты ўсё яшчэ малады Волат, Асілак, і слова Твайго, і песень Тваіх чакае Бацькаўшчына.
Неяк у Маскве ў 1944 годзе выпадкова сустрэўся я на станцыі метро “Бібліятэка Леніна” з Максімам Танкам. Гаманілі пра аднаўленьне Беларусі. Гаманілі пра беларускую паэзію і яе будучыню праз 50–100 гадоў.