Стэпавы воўк
Шрифт:
Ён зноў палез у кішэню стракатай курткі і дастаў адтуль круглае люстэрка.
– Глядзіце: вось якім вы бачылі сябе дагэтуль!
Ён паднёс люстэрка да маіх вачэй (мне згадаўся дзіцячы вершык: «Ах, люстэрачка ў руцэ!»), і я, крыху расплывіста і цьмяна, убачыў жудасную, унутрана рухомую, унутрана кіпучую і мяцежную карціну - сябе самога, Гары Галера, а ўсярэдзіне гэтага Гары - стэпавага ваўка, дзікага, цудоўнага, але ваўка з разгубленымі і спалоханымі вачыма, у якіх успыхвалі то злосць, то смутак, і гэты абрыс ваўка не пераставаў ліцца праз Гары - так замутняе і зыбіць раку ўток з іншым колерам вады, калі абодва струмяні, пакутліва змагаючыся, пажыраюць адзін аднаго ў непазбыўнай тузе па канчатковай форме. Смутна, журботна глядзеў на мяне гэты напалавіну сфармаваны воўк прыгожымі дзікімі вачыма.
– Вось якім вы бачылі сябе - паўтарыў Пабла мякка і сунуў люстэрка назад у кішэню.
– Ну вось, мы адпачылі, - сказаў Пабла, - мы падсілкаваліся і крыху пагаманілі. Калі не стаміліся,
Мы падняліся, Пабла, усміхаючыся, пайшоў паперадзе, адчыніў нейкія дзверы, адсунуў нейкую парцьеру, і мы апынуліся ў круглым, як падкова калідоры тэатра, якраз пасярэдзіне, і ў абодва бакі ішоў праход міма мноства, неверагоднага мноства вузкіх дзвярэй, за якімі былі ложы.
– Гэта наш тэатр, - сказаў Пабла, - вясёлы тэатр, спадзяюся, вам удасца тут пасмяяцца.
І ён голасна зарагатаў, рогат гэты быў толькі з некалькіх гукаў, але яны прабралі мяне наскрозь, гэта быў зноў той звонкі, дзіўны смех, які я ўжо чуў угары.
– У маім тэатрыку столькі ложаў, колькі вам трэба, дзесяць, сто, тысяча, і за кожнымі дзвярыма вас чакае тое, чаго вы якраз шукаеце. Гэта выдатная карцінная галерэя, дарагі дружа, але вам не было б ніякай карысці аглядаць яе такім, які вы цяпер ёсць. Вы былі б скаваныя і аслепленыя тым, што вы прывыклі называць сваёй асобай. Не сумняваюся, вы даўно здагадаліся, што пераадоленне часу, вызваленне ад рэчаіснасці ці як бы вы там ні называлі сваю нуду, азначаюць не што іншае, як жаданне вызваліцца ад сваёй так званай асобы. Яна - турма, у якой вы седзіце. І калі б вы ўвайшлі ў тэатр такі, які вы ёсць, вы ўсё там убачылі б вачыма Гары, праз старыя акуляры Стэпавага ваўка. Таму вас запрашаем пазбавіцца ад гэтых акуляраў і зрабіць сабе ласку здаць сваю глыбокашаноўную асобу ў наш гардэроб, дзе яна будзе даступная вам у любы момант. Выдатны баль, у якім вы бралі ўдзел, трактат пра Стэпавага ваўка, нарэшце, маленькі ўзбуджальны сродак, які вы толькі што прынялі, бадай, досыць вас падрыхтавалі. Здаўшы сваю шаноўную асобу, Гары, вы атрымаеце левы бок тэатра, а Герміна - правы, сустрэцца вы можаце ў любы час. Герміна, зрабі ласку, зайдзі пакуль што за парцьеру, я хацеў бы спярша правесці Гары.
Герміна пайшла направа, міма вялізнага люстра, якое закрывала заднюю сцяну ад падлогі да столі.
– Ну вось, Гары, цяпер ідзіце і будзьце ў гуморы. Прывесці вас у добры настрой, навучыць вас смяяцца і ёсць мэта ўсёй гэтай нашай задумы - спадзяюся, вы не наробіце мне клопату. Вы ж добра сябе пачуваеце? Так? Не баіцеся? Ну і выдатна, ну і цудоўна. А зараз без страху і ў добрай ахвоце вы ўступіце ў наш фіктыўны свет, увайшоўшы ў яго, як тое прынята, праз маленькае фіктыўнае забойства.
Ён зноў дастаў люстэрка і паднёс яго мне да твару. Зноў на мяне глядзеў збянтэжаны, прымглёны, размыты Стэпавым ваўком Гары - добра знаёмая і сапраўды непрыемная карцінка, знішчэнне якой не магло дужа турбаваць мяне.
– Гэтую ўжо непатрэбную карцінку вы зараз патушыце, дарагі дружа, яна цяпер без патрэбы. Вам дастаткова, наколькі гэта дазволіць ваш настрой, зірнуць на яе са шчырым смехам. Вы цяпер якраз у школе гумару, вы павінны навучыцца смяяцца. Ну, а любы высокі гумар пачынаецца з таго, што перастаеш прымаць на сур'ёзе сваю ж персону.
Я пільна паглядзеў у люстэрка, люстэрка ў руцэ, у якім патузваўся Гары-воўк. На момант нешта ўва мне ўздрыгнула, глыбока ўсярэдзіне, ціха, але балюча, як успамін, як нудзьга па доме, як каянне. Потым лёгкая ніякаватасць змянілася новым пачуццём, падобным на тое, якое перажываеш, калі ў цябе са сківіцы, замарожанай какаінам, вырвуць хворы зуб, - адчуванне глыбокай палёгкі і разам з тым здзіўлення, што, бач, зусім яно і не балела. І да гэтага адчування дамешвалася нейкая бадзёрая весялосць і смехатлівасць, якой я не мог супрацівіцца, а таму і запаў у ратавальны смех.
Цьмяная карцінка ў люстэрку ўздрыгнула і патухла, яго маленькая круглая паверхня раптам зрабілася як бы выгаралай - шэрай, мутнай і непразрыстай. Пабла са смехам шпурнуў гэтую шкліну, яна пакацілася і згубілася недзе ўнізе на падлозе бясконцага калідора.
– Смяяўся ты хораша, Гары, - усклікнуў Пабла, - ты яшчэ навучышся смяяцца, як несмяротныя. Ну вось, нарэшце ты забіў Стэпавага ваўка. Брытвамі тут рады не дасі, глядзі, каб ён мёртвым і заставаўся! Зараз ты зможаш пакінуць дурную рэальнасць. Пры самай блізкай нагодзе мы вып'ем на брудэршафт. Ніколі, дарагі, ты не падабаўся мне так, як сёння. І калі пасля табе гэта мецьме значэнне, мы зможам з табой і пафіласофнічаць, і падыспутаваць, і пагаварыць пра музыку, і пра Моцарта, і пра Глюка, і пра Платона, і пра Гётэ, колькі табе захочацца. Зараз ты зразумееш, чаму гэта раней не выходзіла... Трэба спадзявацца, табе пашанцуе, і ад Стэпавага ваўка ты на сёння пазбавішся. Бо тваё ж самазабойства, вядома, не канчатковае. Мы цяпер у магічным тэатры, тут ёсць толькі карціны, а не рэальная рэчавасць. Выберы сабе якія-небудзь харошыя і вясёлыя карціны і дакажы, што ты і насамрэч ужо не закаханы ў сваю сумніўную асобу! Але калі ты ўсё-такі хочаш вярнуць яе, табе дастаткова зноў зірнуць у люстэрка, якое я табе зараз пакажу. Ты ж ведаеш старую мудрую прымаўку: лепш
Смеючыся і пацешна пагладжваючы, ён павярнуў мяне так, што я апынуўся перад вялікім насценным люстрам. І ўбачыў самога сябе.
Нейкае імгненне я бачыў знаёмага мне Гары, толькі з незвычайна вясёлым, светлым, усмешлівым тварам. Але не паспеў я пазнаць яго, як ён распаўся, ад яго аддзялілася другая постаць, трэцяя, дзесятая, дваццатая, і ўсё велізарнае люстра запоўнілася суцэльным Гары альбо кавалкамі Гары, незлічонымі Гары, кожнага з якіх я ведаў і пазнаваў толькі за нейкія імгненныя долі секунды. Некаторыя з гэтага мноства Гары былі майго ўзросту, іншыя старэйшыя, а тыя былі проста старажытамі, а каторыя зусім маладымі, юнакамі, хлапчукамі, школьнікамі, падлеткамі, дзецьмі. Пяцідзесяцігадовыя і дваццацігадовыя Гары бегалі і скакалі ўперамешку, трыццацігадовыя і пяцігадовыя, сур'ёзныя і вясёлыя, спаважныя і смяшлівыя, добра апранутыя і абадранцы, а то і зусім голыя, безвалосыя і касматыя, і ўсе былі мною, і кожнага я бачыў адно імгненне і імгненна ж пазнаваў, і кожны знікаў, яны разбягаліся ва ўсе бакі, налева, направа, уцякалі ўглыбіню люстра, выбягалі з люстра. Адзін элегантны хлопец, кінуўся са смехам на грудзі Пабла, абняў яго і з ім уцёк. А другі, які асабліва мне спадабаўся, прыгожы, міленькі хлопец шаснаццаці-сямнаццаці гадоў маланкай вылецеў на калідор, пачаў чытаць надпісы на ўсіх дзвярах, я пабег за ім, перад аднымі дзвярмі ён спыніўся, я прачытаў надпіс:
Гэты мілы хлопчык падскокнуў, узвіўся галавой наперад, кінуўся ў шчыліну і знік за дзвярыма.
Пабла таксама знік, ды і само люстра нібыта знікла, а з ім і ўсе гэтыя безлічныя вобразы Гары. Я адчуў, што цяпер сам з сабою і з тэатрам і пачаў з цікаўнасцю хадзіць ад дзвярэй да дзвярэй і чытаць на кожных надпісы, - пакуса, абяцанне.
Надпіс:
павабіў мяне, я адчыніў вузкія дзверы і ўвайшоў.
Мяне адразу турнула ў нейкі шумны і ўсхваляваны свет. Па вуліцах снавалі аўтамабілі, часткова браніраваныя, і палявалі на пешаходаў, душылі коламі, плюшчылі аб сцены дамоў. Я адразу скеміў: гэта была вайна паміж людзьмі і машынамі, якая даўно рыхтавалася, даўно чакалася, даўно палохала і нарэшце грымнула. Усюды валяліся трупы і кавалкі разадраных цел, паўсюль разбітыя, скарэжаныя, паўзгарэлыя аўтамабілі, над гэтым хаосам круціліся і шнуравалі самалёты, па іх таксама лупілі з дахаў і з вокнаў з вінтовак і кулямётаў. Дзікія, цудоўна-палымяныя плакаты на ўсіх сценах велізарнымі, вогненнымі, як факелы, літарамі заклікалі нацыю выступіць нарэшце на баку людзей супроць машын, перабіць нарэшце тлустых, добра апранутых, укормленых багацеяў, якія з дапамогаю машын выціскаюць тлушч з іншых, а заадно і іх вялікія аўтамабілі, якія кашляюць, злосна рыкаюць, па-сатанінску гудуць, папаліць нарэшце фабрыкі і крыху ачысціць, крыху спустошыць сплюгаўленую зямлю, каб зноў расла трава, каб запылены цэментны свет зноў ператварыўся ў лясы, лугі, палі, ручаі і балоты. Затое іншыя плакаты, выдатна зробленыя, цудоўна стылізаваныя, вытрыманыя ў больш пяшчотнай, не такой дзіцячай колеравай гаме, складзеныя незвычайна разумна і таленавіта, наадварот - усхвалявана перасцерагалі ўсіх маёмасных і добранамераных ад пагрозы хаосу, анархіі, малюючы проста-такі кранальнае шчасце парадку, працы, уласнасці, культуры, права і славілі машыны як найвышэйшае і апошняе дасягненне людзей, дзякуючы якому яны могуць ператварыцца ў багоў. Задуменна і з захапленнем чытаў я гэтыя плакаты, чырвоныя і зялёныя, дзівоснае ўздзеянне рабілі на мяне іх палымянае красамоўства, іх жалезная логіка, яны мелі рацыю, і, глыбока перакананы прачытаным стаяў я то перад адным, то перад другім, хоць даволі-такі густая страляніна вакол мне ўсё-такі моцна назаляла. Што ж, галоўнае было ясна: гэта была вайна, гарачая, шыкарная і ў найвышэйшай ступені сімпатычная вайна, дзе ішлося не пра імператара, не пра рэспубліку, межы, не пра сцягі, партыі і да таго падобныя дэкаратыўныя і тэатральныя рэчы, па сутнасці дробязі, а дзе кожны, каму не хапала паветра і прыелася жыццё, выказваў сваю незадаволенасць і дамагаўся ўсеагульнага разбурэння металічнага цывілізаванага свету. Я бачыў, як звонка і як шчыра і адкрыта смяецца ў вачах ва ўсіх жарасная асалода забойства і разбурэння, і ўва мне самім пышна распусціліся дзікія кветкі і зарагаталі зусім не цішэй. Я радасна ўтачыўся ў барацьбу.
Але самае цудоўнае было тое, што побач са мною раптам апынуўся мой школьны таварыш Густаў, пра якога я ўжо дзесяткі гадоў нічога не чуў, калісьці самы неакілзаны, самы дужы і жыццелюбны з сяброў майго ранняга дзяцінства. У мяне душа заспявала, калі я ўбачыў, як мне зноў падміргнулі яго блакітныя вочы. Ён даў мне знак, і я тут жа з радасцю пайшоў за ім.
– Божа мой, Густаў, - шчасліва ўсклікнуў я, - вось гэта сустрэча! Кім жа ты цяпер?
Ён засмяяўся сярдзіта, як усё роўна ў хлапечыя часы.