Стэпавы воўк
Шрифт:
Я пашукаў Марыю ў тым месцы, дзе мы звычайна вячэралі нашымі вечарамі, але яна яшчэ не прыйшла.
Я сядзеў і чакаў за накрытым сталом у ціхім шынку на ўскраіне горада і думаў пра нашу гутарку. Усе гэтыя думкі, што віліся вакол Герміны і мяне, здаліся мне такімі знаёмымі, такімі роднымі, яны быццам выплылі з запаветных глыбіняў маёй міфалогіі, майго свету вобразаў! Несмяротныя, адчужаныя ў пазачасавай прасторы, ужо зрабіўшыся вобразамі, крышталёвая вечнасць, што абцякае іх як эфір, і халодная, зорная, прамяністая яснасць гэтага пазаземнага свету - адкуль гэта ўсё мне так знаёмае? Я задумаўся, і ўзгадаліся мне асобныя п'есы з «Касацый» Моцарта, з «Добра тэмпераванага клавіра» Баха, і ўсюды ў гэтай музыцы свяцілася, так мне здавалася, халодная, зорная празрыстасць часу, і над ёю бясконца луналі звышчалавечая яснасць, вечны, боскі смех. О, дык жа і стары Гётэ з майго сну быў тут якраз дарэчы! І раптам я пачуў вакол сябе гэты неспасцігальны смех, пачуў, як смяюцца несмяротныя. Я сядзеў, як зачараваны, зачаравана дастаў аловак з кішэні жылеткі, пашукаў вачыма паперы, убачыў перад сабою меню вінаў і пачаў пісаць на адвароце яго, пісаць верш, які толькі нараніцу знайшоў у сябе ў кішэні. Вось
Потым прыйшла Марыя, і пасля вясёлай вячэры я пайшоў з ёю ў наш пакойчык. Гэтым вечарам яна была прыгажэйшая, цяплейшая і сардэчнейшая, чым калі раней, і ў яе пяшчотах, у яе гулях я адчуў крайнюю гатоўнасць аддацца.
– Марыя, - сказаў я, - ты сёння транжырка, як багіня. Не замуч нас абаіх да смерці, заўтра ж баль-маскарад. Хто за кавалера ў цябе заўтра? Баюся, дарагая мая кветачка, што гэта - казачны прынц і што ён умыкне цябе і ты ўжо не вернешся да мяне. Ты кахаеш мяне сёння амаль так, як гэта звычайна бывае перад расстаннем, напаследак.
Яна прытулілася губамі амаль да самага вуха і прашаптала:
– Лепш не кажы так, Гары! Кожны раз можа быць апошнім. Калі Герміна возьме цябе, ты ўжо не прыйдзеш да мяне. Можа, яна забярэ цябе заўтра.
Ніколі я не меў больш моцнага адчування тых дзён, іх дзівосна дваякага, соладка-горкага настрою, чым тою ноччу перад балем. Гэта было шчасце - прыгажосць Марыі і яе гатоўнасць аддацца, гадзіны, калі можна было нацешыцца, надыхацца, прасякнуцца сотнямі тонкіх пачуццёвых радасцяў, пра якія я з такім спазненнем, на старасці, даведаўся, плёскаючыся ў мяккіх хвалях асалоды. І ўсё ж гэта была толькі абалонка: усярэдзіне ўсё было поўна значэння, напружання, дыхання, і, аддаючыся мілым і кранальным дробязям кахання з любоўнай пяшчотай, няйнакш купаючыся ў цёплай вадзе шчасця, я адчуваў, як мой лёс ляціць наперад, брыкаецца, як спалоханы конь, імчыцца ў тузе і страху да абрыву, да прорвы, гатовы да смерці. І калі яшчэ нядаўна я апасліва і нясмела супрацівіўся прыемнаму легкадумству любові толькі пачуццёвай, калі яшчэ нядаўна баяўся вясёлай саступлівай Марыінай прыгажосці, дык цяпер я перажываў страх перад смерцю - але страх, які ўжо ведаў, што неўзабаве ён ператворыцца ў пакорлівасць і збавенне.
Тым часам як мы моўчкі заглыбіліся ў дзелавітыя гулі нашага кахання і належалі адно аднаму паўней, чым калі раней, душа мая развітвалася з Марыяй, развітвалася з усім, што для мяне значыла. Дзякуючы яе навуцы я перад канцом яшчэ раз па-дзіцячы даверыўся гульні павярхоўнага, шукаў мімалётных радасцяў, зрабіўся дзіцём і жывёлай у нявіннасці полу, - а ў ранейшым жыцці гэты стан быў знаёмы мне толькі як рэдкае выключэнне, бо да пачуццёвага жыцця і да полу ў мяне заўсёды дамешваўся горкі прысмак віны, салодкі, але страшнаваты смак забароненага плоду, якога чалавек духоўны павінен асцерагацца. Цяпер Герміна і Марыя паказалі мне гэты Эдэм у яго нявіннасці, я ўдзячна пагасцяваў у ім - але мне прыспешвалася ісці далей, надта прыгожа і цёпла было ў гэтым Эдэме. Зноў дамагацца вянка жыцця, зноў акупляць бясконцую віну жыцця - такая была мая доля. Лёгкае жыццё, лёгкая любоў, лёгкая смерць - гэта не маё.
З намёкаў дзяўчыны я вывеў, што на заўтрашнім бале альбо ж пасля яго нас чакаюць нейкія асаблівыя прыемнасці, нейкі асаблівы разгул. Магчыма, гэта і ёсць канец, можа, Марыю яе прадчуванне не падманвае, і сёння мы ляжым побач апошні раз, а заўтра лёс, можа, павернецца другім бокам? Я быў поўны палючай тугі; поўны шчымлівага страху, і, з усяе сілы чапляючыся за Марыю, яшчэ раз сутаргава і прагна прабегся па ўсіх сцежках і гушчобах яе Эдэма, яшчэ раз упіўся зубамі ў салодкі плод райскага дрэва.
Пасля ночы я адсыпаўся ўдзень. Раніцай паехаў спачатку ў лазню, пасля, смяротна стомлены, дамоў, занавесіў сваю спальню, знайшоў, раздзяваючыся, у кішэні свае вершы, зноў забыўся пра іх, адразу ж лёг, забыўся пра Марыю, Герміну і маскарад і праспаў цэлы дзень. Устаўшы падвечар, я, толькі калі галіўся, успомніў, што ўжо праз гадзіну пачнецца баль і мне трэба падрыхтаваць кашулю з пластронам. Я сабраўся ў добрым настроі і выйшаў з дому, каб спачатку перакусіць.
Гэта быў першы касцюмаваны баль, на якім я быў. Ранейшым часам, зрэшты, я наведваў, бывала, такія святы,
У «Сталёвы шалом», маё ранейшае сховішча, дзе доўгімі вечарамі папівалі віно і строілі з сябе халасцякоў расчараваныя мужчыны, я апошнім часам заходзіў рэдка - ён ужо не клаўся ў стыль майго цяперашняга жыцця. Але сёння мяне неяк само па сабе пацягнула туды; пры тым тужліва-радасным успрыманні лёсу і развітання ўсе вяхі і памятныя мясціны майго жыцця асвятліліся яшчэ раз пакутліва цудоўным водбліскам мінулага, у тым ліку і гэты пракураны кабак, дзе я нядаўна прападаў, дзе мне яшчэ нядаўна было даволі такога няхітрага наркотыку, як бутэлька мясцовага віна, каб яшчэ на адну ноч легчы ў свой пусты ложак, каб яшчэ на адзін дзень змірыцца з жыццём. Іншыя, больш моцныя ўзбуджальнікі давялося ўжыць, давялося наглытацца атруты куды саладзейшай. З усмешкай пераступіў я парог старога кабака, і гаспадыня сустрэла мяне прыветлівымі словамі, а заўсёднікі маўклівым кіўком. Мне прапанавалі і прынеслі смажанае кураня, светлым струмянём лілося маладое эльзаскае віно ў тоўстую шклянку, ласкава глядзеліся чыстыя белыя драўляныя сталы, старыя жоўтыя панэлі. І ў той час як я еў, піў, ува мне мацнела адчуванне ўвядання і развітання, пакутліва глыбокае адчуванне прыспелай да распаду злітнасці з усімі мясцінамі і рэчамі майго ранейшага жыцця. «Сучасны» чалавек называе гэта сентыментальнасцю; ён перастае любіць рэчы, рэчы, нават самыя свяшчэнныя для яго калісьці, нават свой аўтамабіль, які можна пры першай жа нагодзе памяняць на новы, лепшай маркі. Гэты сучасны чалавек энергічны, дзелавіты, здаровы, халодны, падцягнены - тып што трэба, ён яшчэ пакажа сябе ў наступнай вайне. Мне на гэта было напляваць, я не быў ні сучасны, ні старамодны, я выпаў з часу і нёсся кудысьці, блізкі да смерці, гатовы да смерці. Я нічога не меў супроць сентыментальнасці, я быў высакародна рады, што ў маім згарэлым сэрцы тоілася хоць каліўца такіх пачуццяў. І я аддаўся ўспамінам, навеяным гэтым старым кабаком, сваёй прывязанасці да гэтых грубых крэслаў, аддаўся паху дыму і віна, таму павеву прывычкі, цяпла, падабенства з радзімай, якое ва ўсім гэтым адчуваў. Развітанне - цудоўная рэч, яно размякчае. Мне былі мілыя маё цвёрдае сядзенне, мая мужыцкая шклянка, мілы прахалодны фруктовы смак эльзаскага віна, мілая мая блізкасць да ўсяго і да ўсіх у зале, мілыя твары замроеных выпівохаў, гэтых расчараваных, чыім братам я даўно быў. Мяшчанскімі сантыментамі я ўпіваўся тут, крыху прыпраўленым водарам старамоднай тракцірнай рамантыкі той падлеткавай пары, калі шынок, віно і цыгара былі яшчэ забароненымі, невядомымі, цудоўнымі рэчамі. Але Стэпавы воўк не страпянуўся, каб ашчэрыць іклы і разарваць мае сантыменты. Я мірна сядзеў, азораны мінулым, азораны цьмяным святлом знічкі, якая ўжо паспела згарэць.
Увайшоў вулічны гандляр са смажанымі каштанамі, і я купіў у яго прыгаршчы. Увайшла старая з кветкамі, я купіў у яе некалькі гваздзікоў і паднёс іх гаспадыні. Толькі збіраючыся расплаціцца і не знайшоўшы прывычнай кішэні ў каптане, я заўважыў, што я ў фраку. Баль-маскарад? Герміна!
Але было яшчэ рана, я не мог адважыцца ісці ў «Глобус» ужо зараз. Да таго ж, неяк так сталася са мною падчас усіх гэтых забаваў апошняй пары, я адчуваў нейкую ўнутраную перашкоду, нейкую скаванасць, нейкае нежаданне ўваходзіць у вялікія, перапоўненыя, галасліва-вірлівыя залы, нейкую вучнёўскую нясмеласць перад чужой атмасферай, перад светам працвіртавальцаў жыцця, перад танцамі.
Сноўдаючыся па вуліцах і праходзячы міма нейкага кінатэатра, я зірнуў на пучкі святла, што пырснулі на велізарныя каляровыя афішы, пайшоў быў далей, але вярнуўся і зайшоў усярэдзіну. Да адзінаццаці я мог тут спакойна пасядзець поначы. З дапамогай служкі, які пасвяціў мне дарогу ліхтарыкам, я прабраўся праз занавескі ў цёмную залу, знайшоў вольнае месца і раптам апынуўся ў Старым Запавеце. Ішоў адзін з тых фільмаў, якія нібыта і не для прыбытку, а з высакароднымі і святымі мэтамі ставяцца з вялікай пампезнасцю і выдумкай і на якія нават настаўнікі закона Божага водзяць сваіх вучняў. Давалася гісторыя Майсея і ізраэлітаў у Егіпце - са шчодрым наборам людзей, коней, вярблюдаў, палацаў, фараонаўскай пышнаты і габрэйскай нэндзы і пакутаў у гарачых пясках пустыні. Я бачыў, як Майсей, прычасаны крышачку пад Уолта Ўітмэна, раскошны тэатральны Майсей вотанаўскай паходкай, з доўгім посахам, рашуча і змрочна ступае па пустыні паперадзе габрэяў. Я бачыў, як ён маліўся Богу каля Чэрмнага мора, бачыў, як расступаецца Чэрмнае мора, даючы дарогу, утвараючы лагчыну паміж грамадзінамі вады з'бапал (пра тое, як гэта ўсё зладзілі кіношнікі, маглі доўга спрачацца канфірманды, прыведзеныя на гэты рэлігійны фільм пастарам), бачыў, як ідуць праз мора прарок і запалоханы люд, бачыў, як ззаду іх паяўляюцца фараонавыя калясніцы, бачыў, як егіпцяне спачатку атарапела дзівяцца і палохаюцца на марскім беразе, а потым адважна кідаюцца наперад, бачыў, як над раскошным, золатапанцырным фараонам і над усімі ягонымі калясніцамі і воінамі змыкаюцца тоўшчы вады, і ўспомніў цудоўны гендэлеўскі дуэт для двух басоў, дзе гэтая падзея цудоўна апета. Я бачыў пасля, як Майсей, змрочны герой сярод змрочнай скалістай пустыні, падымаецца на Сінай, глядзеў, як Егова праз буру, навальніцу і светлавыя сігналы паведамляе яму там дзесяць запаветаў, а яго няверны народ узводзіць ля падножжа гары залатога цяльца і аддаецца даволі-такі непамерным звесяленням. Мне было неверагодна дзіўна бачыць усё гэта на свае жывыя вочы, глядзець, як свяшчэнныя гісторыі, з іх героямі і дзівосамі, якія асянілі калісьці наша дзяцінства першым цьмяным уяўленнем пра іншы свет, пра нешта звышчалавечае, разыгрываюцца тут за плату перад высакароднай публікай, якая ціхенька жуе прынесеныя з сабою булачкі, - у гэтай маленькай карцінцы была відаць уся кідкасць, уся зняцэненасць культуры ў нашу эпоху. Госпадзе, ну, хай бы ўжо, каб толькі прадухіліць гэта свінства, гінулі тады акрамя егіпцян, яшчэ і габрэі, і ўсе іншыя людзі на свеце, гінулі гвалтоўнай і прыстойнай смерцю, а не той жахлівай, уяўнай і палавінчатай, якою паміраем мы сёння. А і праўда, няхай бы ж!