Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Стэпавы воўк

Гессе Герман

Шрифт:

У тую зіму свет быў упакораны новым танцам, факстротам «Знемажэнне». Гэта «Знемажэнне» ігралася не раз і не пераставала карыстацца попытам, мы ўсе прасякнуліся і апіліся ім, усе напявалі яго наслухам за аркестрам. Я танцаваў не перастаючы, танцаваў з кожнай жанчынай, якая мне пападалася пад рукі, з зусім маладымі дзяўчатамі, з раскошнымі маладымі жанчынамі, з па-летняму спелымі, з сумна адцвілымі, - захапляўся ўсімі, смяяўся, прамяніўся шчасцем. І калі Пабла ўбачыў, як я ззяю, я, каго ён заўсёды лічыў небаракам, яго вочы засвяціліся шчасцем, ён рэзва падняўся са свайго месца ў аркестры, затрубіў энергічней, залез на крэсла і, стоячы на ім, шчасна і рытмічна разам з трубой загушкаўся ў такт «Знемажэнню», дудзеў і дудзеў, а я і мая партнёрка слалі яму цалункі і ўголас падпявалі. Ах, думаў я, будзь яно там што будзе, а я хоць раз шчаслівы, хоць раз, а цвіту і пахну, хоць раз вызваліўся ад самога сябе, быў братам

Пабла, дзіцём.

Я ўдзячна заплюшчыў вочы і адпіў глыток эліксіру.

Страціўшы адчуванне часу, я не ведаў, колькі гадзін альбо імгненняў доўжылася гэта хмельнае шчасце. Не змеціў я таксама, што свята, з нарастаннем яго напалу, усё больш звужала сваю прастору. Большасць гасцей ужо сышла, у калідорах пацішэла, шмат агнёў ужо патушылі, лесвічная клетка вымерла, у верхніх залах змаўкалі і разыходзіліся адзін за адным аркестры, толькі ў галоўнай зале і ўнізе, у пекле, яшчэ бушавала, усё больш разгараючыся, хмельная весялосць. Як што з Гермінай, як з хлопцам, танцаваць я не мог, сустракаліся мы з ёю і віталіся толькі мімалётна, у перапынках паміж танцамі, і ўрэшце яна для мяне зусім прапала, знікла не толькі з вачэй, але нават і з думак. Думак больш не было. Я растварыўся ў п'яным скочным гамузе, мяне акружалі пахі, гукі, уздыхі, словы, мяне віталі і ўспалымнялі чужыя вочы, чужыя твары, губы, шчокі, плечы, грудзі, калені, мяне, як хвалю, рытмічна калыхала і шугала музыка.

Раптам, на імгненне ачуўшыся, я ўбачыў сярод апошніх гасцей, што ўжо стоўпіліся ў маленькай зальцы, апошняй, дзе яшчэ грала музыка, - раптам я ўбачыў нейкую чорную каламбіну з набеленым тварам, прыгожую, свежую дзяўчыну, адзіную, чый твар прыкрывала маска, цудоўную статнасць, якая за ўсю гэтую ноч яшчэ ні разу не западала мне ў вочы. Па ўсіх астатніх, па іх чырвоных, разагарачаных тварах, памятых касцюмах, апушчаных каўнерыках звялых жабо было відаць, што час ужо позні, а гэтая чорная каламбіна з белым тварам пад маскай, у касцюме без адзінай змяцінкі, з някранута цнатлівым жабо, беласнежнымі карункамі на зарукаўніках і свежай прычоскай, стаяла як новенькая. Мяне пацягнула да яе, я ўзяў яе за стан, павёў у танцы, яе духмянае жабо казытала мне падбародак, пасма пахучых валос пагладжвала шчаку; пяшчотней і праніклівей за любую іншую партнёрку гэтай ночы ішла насустрач маім рухам, адыходзіла ад іх, дыктавала іх і гулліва надзіла да ўсё новых крананняў яе маладое, тугое цела. І раптам, калі я ў танцы пачаў, нахіліўшыся, шукаць губамі яе губы, гэтыя губы ўсміхнуліся пагардлівай, даўно мне знаёмай усмешкай, я пазнаў яе моцны падбародак, пазнаў, шчаслівы, яе плечы, яе локці, яе рукі. Гэта была Герміна, ужо не Герман, пераадзетая, свежая, лёгка прыпахненая і напудраная. Нашыя губы, палаючы, сустрэліся, на імгненне ўсё яе цела, да каленяў, прагна і аддана прынікла да мяне, потым яна адвяла ад мяне вусны і танцавала стрымана і халаднавата. Калі музыка перастала, мы спыніліся, абняўшыся, усе распаленыя пары вакол нас пляскалі ў далоні, тупалі нагамі, крычалі, падбіваючы стомлены аркестр паўтарыць «Знемажэнне». І раптам мы ўсе адчулі раніцу, убачылі бледнае святло за занавескамі, адчулі блізкі канец весялосці, адчулі стомленасць і слепа, са смехам і адчаем яшчэ раз кінуліся ў танец, у музыку, у такт, у паток святла, яшчэ раз шчасна адчулі, як захліствае нас гэтая вялікая хваля. Падчас танца Герміна адкінула сваю пагардлівасць, сваю пакеплівасць, сваю холаднасць - яна ведала, што ёй ужо нічога не трэба рабіць, каб прымусіць мяне закахацца. Я належаў ёй. І яна аддавалася - танцу, паглядам, цалункам, усмешкам. Усе жанчыны гэтай ліхаманкавай ночы, усе, з кім я танцаваў, усе, каго я распальваў, усе, што распальвалі мяне, усе, да каго я заляцаўся, усе да каго прагна прыціскаўся, усе, каму ўслед глядзеў з любоўнай тугою, зліліся і зрабіліся той адзінай, якая квітнела ў маіх абдымках.

Доўга не канчаўся гэты вясельны танец. Двойчы, тройчы замірала музыка, трубачы апускалі свае інструменты, піяніст уставаў з-за раяля, першая скрыпка знясілена матляла галавой, і кожны раз яны зноў, развярэджаныя энтузіязмам апошніх танцораў, ігралі, ігралі хутчэй, ігралі заядлей. Потым - мы стаялі яшчэ абняўшыся і не паспеўшы аддыхацца ад апошняга прагнага танца - века раяля гучна ляпнула, нашыя рукі ўпалі гэтак сама стомлена, як і рукі трубачоў і скрыпачоў, флейтыст, падміргнуўшы, паклаў сваю пасвісцёлку ў футарал, адчыніліся дзверы, уварвалася халоднае паветра, паявіліся гардэробшчыкі з верхняй вопраткай, і бармэн выключыў святло. Нешта прывідна-вусцішнае было ў гэтым агульным зыходзе, у тым, як танцоры, толькі што распрамененыя, зябка хуталіся ў паліто і падымалі каўняры. Герміна стаяла бледная, але ўсміхалася. Яна павольна падняла рукі і прыгладзіла валасы, яе падпашная ўпадзінка бліснула на святле, тонкі, бясконца далікатны цень прабег адтуль

да закрытых грудзей, і мне здалося, што гэтая палоска ценю ўвабрала ў сябе, нібы ўсмешка, усю яе прывабнасць, усе гульні і ўсе магчымасці яе цудоўнага цела.

Мы стаялі і глядзелі адно на адное, апошнія ў зале, апошнія ў доме. Я чуў, як недзе ўнізе грукнулі дзверы, разбілася шклянка, аціхла хіхіканне, змяшаўшыся са злым тарахценнем аўтамабіляў. Я чуў, як дзесьці, у нейкай невядомай вышыні і далечы гучаў смех, надзіва звонкі і радасны, але ж і жудасны, чужы смех, смех як бы крышталёвы і ледзяны, звонкі і прамяністы, але халодны і няўмольны. Чаму гэты смех быў мне знаёмы? Я не мог зразумець гэтага.

Мы стаялі ўдваіх і глядзелі адно на адное. На момант я ачуўся і працверазеў, я адчуў, як навальваецца на мяне ззаду неверагодная стомленасць, адчуў, як агідна ліпне да мяне вільготная і халодная ад поту вопратка, убачыў, як тырчаць з мятых і прапацелых апусцоў-зарукаўнікаў мае чырвоныя, жылістыя рукі. Але ўсё гэта адразу прайшло, Гермінін позірк усё гэта патушыў. Ад яе позірку, якім яна паглядзела на мяне, здалося, рухнула ўся мая душа, рушылася любая рэальнасць, у тым ліку і рэальнасць маёй пачуццёвай цягі да яе.

– Ты гатовы?
– спытала Герміна, і яе ўсмешка знікла, як цень на яе грудзях. Далёка і высока замёр той смех у невядомых пакоях.

Я кіўнуў. О так, я быў гатовы.

Тут паявіўся ў дзвярах музыкант Пабла і асвятліў нас сваімі вясёлымі вачыма, якія былі, у сутнасці, вачыма жывёлы, але ў жывёл вочы заўсёды сур'ёзныя, а ягоныя вочы заўсёды смяяліся, і смех якраз і рабіў іх чалавечымі. Ён падклікаў нас з усёй сваёй шчырасцю. На ім была стракатая шаўковая хатняя куртка з чырвонымі штрыфлямі, на фоне якіх прамоклы каўнерык кашулі і вельмі стомлены бледны твар здаліся ўжо нясвежымі, але прамяністыя чорныя вочы яго згладжвалі. Яны таксама згладжвалі рэальнасць, яны таксама чаравалі.

Мы адгукнуліся на ягоны заклік, і каля дзвярэй ён ціха сказаў мне:

– Брат Гары, я запрашаю вас на невялікі атракцыён. Дапускаюцца толькі вар'яты, плата за ўваход - розум. Вы гатовы?

Я зноў кіўнуў.

Мілы хлопец! Пяшчотна і далікатна ўзяў нас пад рукі, Герміну справа, мяне злева, павёў па лесвіцы і прывёў у нейкі невялікі, круглы пакой, сінявата асветлены зверху і амаль зусім пусты, у ім нічога не было, акрамя невялікага круглага стала і трох крэсел, на якія мы і селі.

Дзе мы былі? Ці я спаў? Ці быў дома? Ці сядзеў у аўтамабілі і ехаў? Не, я быў у асветленым сіняватым святлом круглым пакоі, у разрэджаным паветры, у пласце нейкай разрэджанай рэальнасці. Чаму Герміна такая бледная? Чаму так многа гаворыць Пабла? Можа, гэта я прымушаў яго гаварыць, гэта я гаварыў ягонымі вуснамі? Ці не глядзела на мяне яго чорнымі вачыма толькі мая душа, гэтая заблуканая, перапалоханая птушка, дакладна так, як шэрымі вачыма Герміны?

Друг Пабла глядзеў на нас з добрай, крыху цырымоннай прыветлівасцю, гаварыў і гаварыў, многа і доўга. Той, ад каго я ні разу не чуў нармальнай мовы, той, каго не цікавілі ніякія дыспуты, ніякія фармулёўкі, той, у кім аніяк не спадзяваўся знайсці здольнасці думаць, гаварыў добрым, цёплым голасам плаўна і без памылак.

– Сябры, я запрасіў вас на атракцыён, якога Гары ўжо даўно чакае і пра які ён даўно марыў. Цяпер даволі позна, і, мабыць, усе мы крышку стаміліся. Давайце таму спачатку адпачнём тут і падсілкуемся.

Ён дастаў з нішы ў сцяне тры чаркі і нейкую пацешную бытэлечку, дастаў нейкае экзатычнае пудэлка з каляровых дошчачак, наліў ва ўсе тры чаркі, узяў з пудэлка тры тонкія, доўгія, жоўтыя цыгарэты, дастаў з шаўковай курткі запальнічку і даў нам закурыць. Разваліўшыся ў крэслах, мы павольна пакурвалі гэтыя цыгарэты, дым ад якіх быў густы, як ад ладану, і маленькімі глыткамі пасмоктвалі дзівосна незнаёмага, ні на што не падобнага смаку церпка-салодкую вадкасць, якая рабіла і праўда жыўнаснае і радаснае ўздзеянне - цябе нібыта напаўнялі газам і ты траціў свой цяжар. Так мы сядзелі, курылі кароткімі зацяжкамі, пілі маленькімі глыточкамі, адчувалі ў сабе ўсё большую весялосць і лёгкасць. А Пабла прыглушана гаварыў сваім цёплым голасам:

– Я рады, дарагі Гары, што магу трошкі пачаставаць вас сёння. Вам часта вельмі абрыдала ваша жыццё. Вы імкнуліся сысці адсюль, праўда ж? Вы марыце пакінуць гэты час, гэты свет, гэтую існасць і ўвайсці ў іншую, больш адпаведную вам існасць, у свет без часу. Зрабіце гэта, дарагі дружа, я запрашаю вас зрабіць гэта. Вы ж ведаеце, дзе тоіцца гэты іншы свет і што свет, які вы шукаеце, ёсць свет вашай душы. Толькі ў вашым сэрцы жыве тая, іншая існасць, па якой вы сумуеце. Я ж магу даць вам толькі тое, што вы ўжо носіце ў сабе самі, я не магу адчыніць вам другой карціннай залы, апрача карціннай залы вашай душы. Я не магу вам даць нічога, хіба што толькі зручны момант, штуршок, ключ. Я памагу вам зрабіць бачным ваш уласны свет, толькі ўсяго.

Поделиться:
Популярные книги

Александр Агренев. Трилогия

Кулаков Алексей Иванович
Александр Агренев
Фантастика:
альтернативная история
9.17
рейтинг книги
Александр Агренев. Трилогия

Запечатанный во тьме. Том 1. Тысячи лет кача

NikL
1. Хроники Арнея
Фантастика:
уся
эпическая фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Запечатанный во тьме. Том 1. Тысячи лет кача

Монстр из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
5. Соприкосновение миров
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Монстр из прошлого тысячелетия

Академия

Сай Ярослав
2. Медорфенов
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Академия

Локки 2. Потомок бога

Решетов Евгений Валерьевич
2. Локки
Фантастика:
городское фэнтези
аниме
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Локки 2. Потомок бога

Тринадцатый VI

NikL
6. Видящий смерть
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Тринадцатый VI

Дважды одаренный. Том II

Тарс Элиан
2. Дважды одаренный
Фантастика:
городское фэнтези
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Дважды одаренный. Том II

Вечный. Книга II

Рокотов Алексей
2. Вечный
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Вечный. Книга II

Хозяин Теней 7

Петров Максим Николаевич
7. Безбожник
Фантастика:
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Хозяин Теней 7

Имя нам Легион. Том 12

Дорничев Дмитрий
12. Меж двух миров
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Имя нам Легион. Том 12

Снайпер

Поселягин Владимир Геннадьевич
3. Жнец
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.60
рейтинг книги
Снайпер

Старый, но крепкий 4

Крынов Макс
4. Культивация без насилия
Фантастика:
уся
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Старый, но крепкий 4

Индульгенция 2. Без права на жизнь

Машуков Тимур
2. Темный сказ
Фантастика:
аниме
фэнтези
попаданцы
гаремник
5.00
рейтинг книги
Индульгенция 2. Без права на жизнь

Петля, Кадетский Корпус. Книга пятая

Алексеев Евгений Артемович
5. Петля
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Петля, Кадетский Корпус. Книга пятая