Стэпавы воўк
Шрифт:
Маю тайную скаванасць, маю нясмеласць перад балем-маскарадам кіно і выкліканыя ім пачуцці не паменшылі, а непрыемна пабольшылі, і я павінен быў, падумаўшы пра Герміну, зрабіць над сабою намогу, каб нарэшце паехаць у «Глобус» і ўвайсці ў залы. Час ужо быў позні, баль быў даўно ў разгары, цвярозы і баязлівы, я адразу ж, не паспеўшы распрануцца, трапіў у бурлівую наталач масак, мяне фамільярна штурхалі пад бок, дзяўчаты назаляліся, каб я частаваў іх шампанскім, клоўны ляпалі мяне па плячы і звярталіся на «ты». Не паддаючыся нічыім угаворам, я з цяжкасцю прадзёрся да гардэроба праз бітком набітыя залы і, атрымаўшы нумарок, схаваў яго ў кішэню з думкаю, што, мабыць, неўзабаве скарыстаюся ім, стаміўшыся ў гэтым развіраваным гармідары.
Ва ўсіх памяшканнях вялікага будынка кішэла свята, ва ўсіх залах танцавалі, у падвальным паверсе - таксама, усе калідоры і лесвіцы былі запоўнены маскамі, танцамі, музыкай, смехам і мітуснёй. Я панура прабіраюся праз гэты гамуз - ад негрыцянскага аркестра да сялянскай музыкі, з вялікай распрамененай галоўнай залы ў праходы, на лесвіцы, у бары, да буфетаў, у пакоі, дзе пілі шампанскае. Сцены былі ўвешаны дзікунскімі вясёлымі малюнкамі наймаднейшых мастакоў. Усе былі тут - мастакі, журналісты, навукоўцы, дзялкі і, вядома
Таму каля гадзіны ночы злосны і расчараваны я пачаў прадзірацца да гардэроба, каб апрануць паліто і сысці. Гэта была параза, вяртанне да Стэпавага ваўка, і Герміна наўрад ці даравала б мне. Але інакш зрабіць я не мог. Прабіраючыся да гардэроба, я зноў жа ўважліва цікаваў паабапал сябе, спадзеючыся ўгледзець хоць каторую сяброўку. Марна. І вось я ўжо стаяў каля гардэроба, ветлівы службовец за стойкай ужо працягнуў да мяне руку па нумарок, я палез у жылетку ў кішэню - нумарка не было! Чорт пабяры, толькі гэтага бракавала! Калі я сумна цягаўся па залах, калі сядзеў за нясмачным віном, я, пераборваючы сваё рашэнне сысці, колькі ж бо разоў соваў руку ў кішэню, і кожны раз нумарок быў на месцы. А цяпер вось прапаў. Усё было мне ўпоперак.
– Згубіў нумарок?
– спытаў нейкі чырвона-жоўты чорт пісклявым голасам.
– На табе мой, прыяцель.
– І ўжо працягнуў мне свой нумарок. Калі я машынальна ўзяў яго і пачаў круціць у пальцах, жвавы карантышык ужо знік.
Але калі я паднёс да вачэй круглую кардонную бірку, каб разгледзець нумар, я ўбачыў замест яго нейкія дробненькія крамзолі. Я папрасіў гардэробшчыка счакаць, падышоў да бліжэйшай свяцільні і прачытаў. Дробнымі, спатыклівымі, неразборлівымі літарамі было напісана:
Як марыянетка, калі вяровачкі на секунду выпалі з пальцаў лялечніка, ажывае зноў пасля кароткай, мёртвай, тупой, абвіслай нерухомасці, зноў падключаецца да гульні, скача і варушыцца, так і я, варта было тузануць за магічную вяровачку, спружыніў і маладым подбегам кінуўся назад у тую штурхатню, ад якое толькі што ўцякаў стомленым, знуджаным старцам. Ніводзін грэшнік так не рваўся назад у пекла. Толькі што мне ціснулі лакіраваныя туфлі, толькі што мяне нудзіла і гідзіла густое, напарфумленае паветра, расслабляла духата, і вось ужо я спрытна і лёгка, у рытме ўінстэпа бег праз усе залы да пекла, паветра было казачна-чароўнае, мяне неслі наперад гэтая цеплыня, уся гэтая грымучая музыка, мільгатанне фарбаў, водар жаночых плечыкаў, гвалт натоўпу, смех, рытмы танцаў, бляск палкіх вачэй. Нейкая іспанская танцоўшчыца кінулася да мяне ў абдымкі: «Паскачы са мною!» - «Нельга, - сказаў я, - мне трэба ў пекла. Але цалунак твой бяру з сабой». Пунсовы рот пад маскай наблізіўся да маіх вуснаў, і, цалуючы, я пазнаў Марыю. Я моцна яе абняў, яе пухлыя губы цвілі, як спелая летняя ружа. І вось мы ўжо танцавалі, не перапыняючы пацалунка, і прайшлі ў танцы міма Пабла, а той улюбёна прыпадаў да сваёй пяшчотна стагнатлівай, завыўнай трубы, паўзабыццёва абвёў нас яго распраменены, яго прыгожа звярыны пагляд. Але не паспелі мы зрабіць і дваццаці па, як музыка аціхла, і я з жалем выпусціў Марыю з рук.
– З прыемнасцю патанцаваў бы з табою яшчэ, - сказаў я, захмялелы ад яе цяпла, - правядзі мне крышачку, Марыя, я закаханы ў тваё цудоўнае плечка, дай мне яго яшчэ на хвілінку! Але разумееш, мяне кліча Герміна. Яна ў пекле.
– Так я і думала. Бывай, Гары, я буду цябе ўспамінаць з любоўю.
Яна развіталася. Гэта было развітанне, гэта была восень, гэта доля, якою так спела і раскошна пахла мая летняя ружа.
Я пабег далей па доўгіх калідорах, дзе ўсюды бушавала пяшчотная валтузня, уніз па лесвіцах у пекла. Там на чорных сценах гарэлі бязлітасна яркія лямпы, там ліхаманкава граў аркестр чарцей. На высокім зэдлі, каля бара, сядзеў нейкі прыгожы маладзён без маскі, у фраку, ён коратка акінуў мяне пакеплівым позіркам. Танцоры адціснулі мяне да сцяны, у гэтай вельмі цеснай зале танцавала дзесяткі з два пар. Прагна і баязліва разглядваў я ўсіх жанчын, большасць былі ў масках, некаторыя ўсміхаліся мне, але ніводная з іх не была Герміна. З высокага зэдля кідаўся пакеплівымі позіркамі той прыгожы маладзён. У наступную паўзу ў танцах, думаў я, яна паявіцца і мяне запросіць. Танец скончыўся, але ніхто не падышоў.
Я прайшоў да бара, уціснутага ў кут нізкай залы. Стаўшы каля зэдля прыгожага маладзёна, папрасіў віскі. Я піў і бачыў профіль гэтага маладзёна, які здаўся мне цяпер знаёмым і чароўным, як нейкая карцінка з вельмі далёкага былога, дарагая ціхім налётам
– Герман!
– сказаў я нерашуча.
Ён усміхнуўся.
– Гары? Ты знайшоў мяне?
Гэта была Герміна, толькі крыху інакш зачасаная і крыху падфарбаваная, незвычайным і бледным здаваўся мне яе разумны твар над модным стаячым каўнерыкам, дзівосна маленькімі, па кантрасце з шырокімі чорнымі рукавамі фрака і белымі манжэтамі-зарукаўнікамі, рукі, дзівосна далікатнымі, па кантрасце з доўгімі штанамі, яе ножкі ў шаўковых чорна-белых мужчынскіх шкарпэтках.
– Гэта і ёсць той касцюм, Герміна, у якім ты хочаш прымусіць мяне закахацца ў цябе?
– Пакуль што, - кіўнула яна, - я закахала ў сябе некалькіх дам. А цяпер на чарзе ты. Давай спачатку разгоннага вып'ем, шампанскага.
Мы сядзелі на высокіх зэдлях і пілі, а побач віравалі танцы і гарачая, запальная струнная музыка. І без якіх там ні было падсцёбак Герміны я закахаўся ў яе. Як бо што яна была пад мужчыну, я не мог танцаваць з ёю, ну, проста ж не мог дапусціцца да нейкіх там адмысловых далікатнасцяў, закідаў у залёты, і хоць у мужчынскіх строях яна здавалася далёкай і безудзельнай, яе позіркі, словы, рухі дыхалі ўсімі чарамі жаноцкасці. Без адзінага дакранання да яе я паддаўся яе чарам, і само гэта чараванне ўваходзіла ў яе ролю, было як бы двухполым. Бо гутарыла яна са мною пра Германа і пра дзяцінства, маё і сваё, пра тыя гады да палавой сталасці, калі падлеткавая сіла кахання скіраваная не толькі на абодва полы, але і на ўсё наогул, на пачуццёвае і духоўнае, калі яна надае ўсяму гэтаму тую панаднасць, тую казачную здольнасць да метамарфозаў, якія толькі перад выбранымі і паэтамі ажываюць часам і ў больш познім узросце. Іграла яна, безумоўна, юнака, курыла цыгарэты, балабоніла лёгка і разумна, часам крыху паглумліва, але ўсё свяцілася эротыкай, усё ператваралася па дарозе да маіх пачуццяў у мілую спакусу.
Як хораша і глыбока ведаў я, так мне, прынамсі, уяўлялася, Герміну і як цалкам па-новаму адкрылася яна мне ў гэтую ноч! Як мякка і непрыкметна аблытвала мяне сеткай пажады, як гулліва і па-русалачы спанатрана апойвала салодкай атрутай!
І вось мы сядзелі, малолі языкамі і пілі шампанскае. Мы пахаджалі, назіркам за заламі, кідаліся ў авантуры адкрыццяў, выбіралі пары і падслухвалі іхнюю гульню. Яна паказвала мне жанчын, з якімі я павінен быў танцаваць, і давала парады па спосабах спакушэння той ці іншай. Мы выступалі ў ролі супернікаў, увіваліся за адной і той самай жанчынай, папераменна танцавалі з ёю абое, стараліся яе скарыць. Але ўсё гэта была толькі маскарадная гульня, гульня паміж намі, усё гэта толькі цясней сплятала нас і распаляла абаіх. Усё было казка, усё было на адно вымярэнне багацей, на адно значэнне глыбей, было гульнёю і сімвалам. Мы змецілі адну вельмі прыгожую маладую жанчыну крыху хваравітага і незадаволенага выгляду, Герман патанцаваў з ёю, прымусіў яе расцвісці, знік з ёю ў адной пітной альтанцы, а потым расказаў мне, што перамог гэтую жанчыну лесбійскімі чарамі. А для мяне цэлы гэты грымотны дом, поўны грымотных танцаў, гэты хмельны карагод масак зрабіўся паступова нейкім шалёным, фантастычным раем, адзін за адным спакушалі мяне пялёсткі сваім пахам, адзін за адным аблашчваў я наўгад плады выпрабавальнымі персцямі, змеі спакушальна глядзелі на мяне з зялёнай цяні лістоты, кветка лотаса лунала над чорнай багнай, жар-птушкі на галінках зазывалі мяне, але ўсё гэта вяло толькі да адной жаданай мэты, усё нанава зараджала мяне знемажэннем ад адной-адзінай. Мне прыпала танцаваць з нейкай незнаёмай дзяўчынай; палаючы, вабячы, надзячы, яна патанала ў хмельным захапленні, і калі мы былі ўжо ў незямным свеце, яна раптам засмяялася і сказала: «Цябе не пазнаць. Сёння ўвечары ты быў такі дурны і нудны». І я пазнаў тую, якая некалькі гадзін таму назад назвала мяне «старым занудам». А цяпер яна лічыла, што захамутала мяне, але ў наступным танцы я ўжо палаў у абдымках другое. Я танцаваў падрад дзве гадзіны альбо і больш, усе танцы, у тым ліку і тыя, якім ніколі не вучыўся. Сюд-туд паблізу паяўляўся Герман, усмешлівы юнак, ківаў мне, знікаў у натоўпе.
Адно адчуванне, невядомае мне да таго часу за ўсе мае пяцьдзесят гадоў, хоць яно знаёмае любой дзяўчынцы, любому студэнту, выпала на маю долю ў гэтую бальную ноч - адчуванне свята, упоенасці агульнай весялосцю, пранікнення ў таямніцу пагібелі асобы ў масе, unio mystica [1] радасці. Я часта чуў расказы пра гэта - гэта ведала любая служанка, - часта бачыў, як загараліся вочы ў тых, хто расказваў, а сам толькі паўпагардліва-паўзайздросліва пасмейваўся. Гэтае ззянне ў п'яных вачах адкінутай, вызваленай ад самой сябе асобы, гэтую ўсмешку, гэтую паўвар'яцкую, самазабыўную растворанасць у агульным ап'яненні я назіраў сотні разоў на высокіх і нізкіх прыкладах - у п'яных рэкрутаў і матросаў, як і ў вялікіх артыстаў, ахопленых энтузіязмам святочных прадстаўленняў, а таксама ў маладых салдатаў, якія ішлі на вайну, ды і зусім жа нядаўна я, захапляючыся, кахаючы, насміхаючыся і зайздросцячы, бачыў гэта ззянне, гэтую шчаслівую ўсмешку забыццёвасці на твары ў майго сябра Пабла, калі ён, ап'янелы ад ігры ў аркестры, шчасна прыпадаў да свайго саксафона альбо, знемагаючы ад захаплення, глядзеў на дырыжора, на барабаншчыка, на музыканта-банджыста. Такая ўсмешка, такое дзіцячае ззянне, думаў я часам, дадзены толькі вельмі маладым людзям альбо народам, якія не дазваляюць сабе выразна індывідуалізаваць і адрозніваць асобных сваіх прадстаўнікоў. Але сёння, у гэтую дабраславёную ноч, я, Стэпавы воўк Гары, сам ззяў такой самай усмешкай, сам купаўся ў гэтым глыбокім дурмане саўдзельства, музыкі, рытму, віна і юру, тым самым дурмане, пахвалы якому з вуснаў якога-небудзь прыбылага на баль студэнта я калісьці так часта слухаў пакепліва і з лёгкай пагардлівасцю. Я не быў больш самім сабой, мая асоба растварылася ў святочным хмелі, як у вадзе соль. Я танцаваў з той ці іншай жанчынай, але не толькі яна была тою, каго я абдымаў, чые валасы краналіся мяне, чый пах я ўбіраў у сябе, не, усе астатнія жанчыны таксама, што плылі ў гэтым самым танцы, у гэтай самай зале, пад гэту самую музыку, усе, чые светлыя твары мільгалі перад мною як вялікія фантастычныя кветкі, - усе належалі мне, усім належаў я, усе мы былі саўдзельныя адно ў адным. І мужчыны таксама ўваходзілі сюды, я быў і ў іх, і яны таксама не былі мне чужыя, іх усмешкі былі маімі ўсмешкамі, іх дамаганні зыходзілі ад мяне, а мае - ад іх.
1
Містычнага саюза (лац.).