Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Як падумаю, што скора з’язджаць з Мінска, дык страшна, — сказала Галя, — здаецца, лепш бы зусім не паступала… Толькі пажывеш, пабачыш жыцця — на: едзь, прападай…

Снарскі ўсміхнуўся — у цемры не было відаць — «пабачыла жыцця»! Што ты бачыла тут за пяць гадоў? Хіба што гэтае боханне пустых пляшак аб сцяну пад балконам… Але трохі і шкада яе стала.

— Хто ж цябе гоніць? Не едзь, не прападай, — сказаў ён, маючы на ўвазе вольныя дыпломы, якія цяпер пачалі даваць усім, хто хоча. — Шукай работу і аставайся ў Мінску.

— А што, магла б і астацца… Калі б выйшла замуж. У мяне тут у Мінску брат жыве, у трохпакаёўцы, кааператыўнай, і калі б я выйшла замуж,

ён размяняўся б. На адну і дзве. I адну перапісаў бы на мяне.

— Як гэта?

— Так. Я ж прыпісаная ў іх з першага курса.

— А чаго ты ў іх не жывеш?

— Так. Тут весялей.

Яна зноў пачала лавіць хрушча, і відаць было, што сказала яна толькі каб сказаць — без нейкае мэты, у мінулым часе, як нешта даўно перадуманае і перажытае.

Вярнуўшыся тым вечарам да сябе, Снарскі сярэдначы палез у душ, доўга плёхаўся ў халодным струмені, потым выходзіў на балкон, курыў, і калі ўжо лягаў спаць, падумаў раптам: «I дурань жа ты будзеш, калі не ажэнішся! Так б’юцца, так чапляюцца за гэты Мінск, а табе само плыве ў рукі; жаніся — і жыві адным днём, а там усё само сабою зробіцца, як і дагэтуль рабілася!..»

* * *

Сапраўды, Ігару Снарскаму заўсёды шэнціла. Да апошняга курса інстытута, да самага праклятага сакавіка, жыццё яго не йшло, а кацілася — як па масле, роўна, гладка, без трагедый і нават без простых непрыемнасцей; адзінае, калі яму перад прызывам у армію няўдала вырвалі зуб, ад чаго загнаілася дзясна і потым яе пад замарозкаю рэзалі і чысцілі, — але не станеш, папраўдзе ж, лічыць гэта за нейкую трагедыю! Аднойчы, ужо на апошнім курсе інстытута, Снарскі афармляў да 8-га сакавіка сценгазету і зацікавіўся вершам, падпісаным ініцыяламі. Ён чамусьці адразу здагадаўся, што аўтар — жанчына. Верш напісаны бойка, з элементамі лёгкай сексуальнасці ў стылі Сашы Чорнага, нешта «ты прыйдзі да мяне» і «к пене бедер за алой подвязкой ты не бойся устами припасть…» Сябра, белабрысы рэдактар сценгазеты, хлопец хоць і малады зусім, але які ўсё пра ўсё і пра ўсіх ведаў, калі Снарскі паказаў яму верш і нагадаў пра Чорнага, засмяяўся.

— Дык у Чорнага — алегорыя, а тут — чаго хочацца, пра тое і пішацца! Пазнаёміць?

— А хто такая?

— Завочніца, з нашага інстытута. Але глядзі, Снарскі, ведай, што, па-першае, яна замужам, за нейкім шафёрам, якога, вядома, «имела в виду» — выскачыла толькі з-за прапіскі, па-другое, гуляе ў адкрытую і, самае галоўнае, яна здаровая, прыгожая, вульгарная самка, якая пляваць хацела на ўсё, што не мужчынскае цела. А такія вершы так і пішуцца — ты абсалютна правільна згадаў Чорнага — радок пазычаецца ў Чорнага, рыфма — у Белага, камбініруецца… — I белабрысы рэдактар расказаў, як пішуцца такія вершы: у літаратуры ён, як і ва ўсім, разбіраўся і любіў і ўмеў пагаварыць пра гэта.

Праз некалькі дзён, на вечарыне да 8-га сакавіка, сябра паказаў Снарскаму аўтарку, і той уразіўся — яна знешне аказалася акурат такая, як ён сабе і ўяўляў: высокая, чарнявая («з надзвычай развітымі жаночымі формамі», — падумаў Снарскі), у кароткай сукеначцы, яна была, відаць, п’янаватая, голасна гаварыла і смяялася, танцавала з усімі, хто хацеў. Усім сваім выглядам яна паказвала даступнасць. Калі адышлася да дзвярэй і закурыла, не зважаючы на выкладчыкаў, белабрысы падвёў Снарскага і пазнаёміў; яна паволі, як купец аглядае тавар, агледзела Ігара з галавы да пятаў… У яе быў даволі прыемны тварык. У паўсонных, і ад таго мяккіх, кашэчых вачах Снарскаму прачыталася: «Я такая, як ты і думаеш, і як вы ўсе думаеце — і чорт з вамі! Калі хочаш — тады смялей. I ўсё маё, тое, на што так

прагна глядзіш, будзе і тваім. Хочаш? Тады смялей!»

I Снарскі стаў смялей. Яны патанцавалі адзін танец, потым яна, апусціўшы вочы, зняўшы яго руку са свайго пляча, сказала ціха: «Хадзем, дасі іголку, у мяне капрон на назе парваўся». Калі ішлі да інтэрната, Снарскі, ступаючы за ёю след у след — ноч была адліжная, сакавіцкая, і снег быў расквашаны, у глыбокіх слядах — круціў у галаве: «Як баран пад абух…» Самае цікавае, што капрон сапраўды аказаўся падраты…

Раніцай ЯНА, напяваючы, выходзіла з душа, сядала за стол, даставала з касметычкі туш, памаду, а ён, не вылазячы з-пад коўдры, шчасліва-раздушаны, глядзеў на ЯЕ з сабачай адданасцю, і раптам сказаў неакрэплым са сну голасам: «Калі мы зноў пабачымся?» — на слове «пабачымся» пусціўшы пеўня, і закашляўся. ЯНА засмяялася, сказала строга, не павярнуўшыся: «Ну, а яшчэ што выдумаеш?» «А што?» — «А то, што я замужам». На добры розум, з гэтага ўсяго можна было толькі пасмяяцца, але ў Снарскага ў тыя хвіліны не магло быць добрага розуму. Да яго дайшло раптам, што белабрысы казаў праўду, і ён, Снарскі, звычайны, на час, кліент, якім «числа несть», і, самае жахлівае, кліент не з лепшых.

Перажываў ён страшна: злосць, пяшчота, адчуванне сваёй знявагі, жаданне зняважыць ЯЕ, помста — усё мяшалася… То хацелася забіць ЯЕ, то абагаўляць, то перажыць яшчэ адну такую ноч — а там хоць хай бы забівалі яго самога… Трэба паўтарыцца, што жыццё ў яго ішло вельмі роўна, не лічачы вырванага зуба, таму і не дзіўныя былі гэтыя перажыванні.

«Я больш чым упэўнены, што ЯНА яшчэ прыбяжыць — як міленькая!» — думаў, не могучы заснуць, Снарскі, вярнуўшыся ад Галі пасля таго, як яна сказала пра кватэру. I ён ужо ўяўляў сябе жанатым, тут — званок у дзверы, а жонка недзе там, далёка, недзе на рабоце, — а ЯНА стаіць у дзвярах, апусціўшы вочы, як тады пасля танца… Альбо — нечаканая запіска — «прыходзь, я адна, муж мяне кінуў»…

«Ах, муж цябе кінуў?..» Закалыханы, Снарскі пачаў ужо засынаць, як раптам успыхнула перад вачыма тая ноч, бессаромнасць ЯЕ, словы, пакусаныя вусны, рухі, паднятыя поўныя ногі ў чорным капроне — і ўвесь сон адляцеў, як і не было. I зноў, як і каторую ўжо ноч, крыўда, горыч і нейкая шалёная радасць закруціліся ў клубок, але — упершыню — радасці ў гэтым клубку было болей. Жыць як набяжыць — і ўсё само сабою зробіцца!

* * *

I на другі вечар Снарскі, стоячы на Галіным балконе, папіваючы гарачы чай праз цыгарэтныя зацяжкі, сказаў:

— Хелена… (ён быў з Гродзенскай вобласці, і ў іх так звалі жанчын; праўда, ён ведаў, што Хелена — гэта Алена, але, называючы Галю гэтым мілагучным еўрапейскім імем, ды яшчэ ў цемры, яму пачынала здавацца, што не такая ўжо яна непрыгожая і можа нават падабацца) Хелена… — ён узяў яе за руку і не ведаў, што рабіць.

Яе рука дрыжэла.

— Нашто ты сказала мне ўчора пра кватэру? Цяпер ты падумаеш… Я хацеў табе сказаць… але цяпер я звязаны, разумееш? Не магу сказаць таго, што сказаў бы, не ведаючы пра нейкія кватэры…

Яна маўчала. Памаўчаў і Снарскі, проста як актор адчуваючы, што ў гэтым месцы патрэбна паўза, — памаўчаў, уздыхнуў і сказаў:

— Ты падабаешся мне, Хелена, і калі…

— Ты хочаш сказаць, што хочаш са мною ажаніцца? — спытала раптам Галя.

— Ну.

Яна засмяялася, вызваліла руку і дакранулася да яго пляча.

— Ігар, дурань ты мой мілы!.. Не трэба гэтага нічога. Я ж усё роўна не паверу ніколі, што ты хочаш аканіцца на мне, а не на кватэры… Хіба я не ведаю, не бачу, што такое я і што — ты?

Поделиться:
Популярные книги

Т. 03 Гражданин Галактики

Хайнлайн Роберт Энсон
3. Отцы-основатели. Весь Хайнлайн
Фантастика:
научная фантастика
7.00
рейтинг книги
Т. 03 Гражданин Галактики

Пустоши

Сай Ярослав
1. Медорфенов
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Пустоши

Мечник Вернувшийся 1000 лет спустя. Том 2

Ткачев Андрей Юрьевич
2. Вернувшийся мечник
Фантастика:
аниме
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Мечник Вернувшийся 1000 лет спустя. Том 2

Черный Маг Императора 15

Герда Александр
15. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 15

Князь Целитель 5

Ткачев Андрей Юрьевич
5. Князь Целитель
Фантастика:
боевая фантастика
городское фэнтези
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Князь Целитель 5

Александр Агренев. Трилогия

Кулаков Алексей Иванович
Александр Агренев
Фантастика:
альтернативная история
9.17
рейтинг книги
Александр Агренев. Трилогия

Идеальный мир для Лекаря 26

Сапфир Олег
26. Лекарь
Фантастика:
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 26

Менталист. Эмансипация

Еслер Андрей
1. Выиграть у времени
Фантастика:
альтернативная история
7.52
рейтинг книги
Менталист. Эмансипация

Хозяин Хаоса I

Петров Максим Николаевич
1. Хозяин Хаоса
Фантастика:
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Хозяин Хаоса I

Законы Рода. Том 3

Мельник Андрей
3. Граф Берестьев
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 3

Неофит

Листратов Валерий
3. Ушедший Род
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Неофит

Граф

Ланцов Михаил Алексеевич
6. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Граф

Кодекс Охотника. Книга V

Винокуров Юрий
5. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
4.50
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга V

Пески времени

Шелдон Сидни
Детективы:
триллеры
9.02
рейтинг книги
Пески времени