Мяжа
Шрифт:
— Ігарок, ідзі мыцца! — звала жонка. — Я ўжо вымыла ванну!
Снарскі ішоў, напускаў вады, залазіў у цёплую, чыстую ванну, і думаў: «Трэба нешта рабіць, пакуль не позна…»
Кожную раніцу Ігар прачынаўся з думкаю: «Што мне рабіць?! Ну, нельга так больш, і не гэтага я хацеў і чакаў!», — думаў, і рабіў тое ж, што і кожную раніцу: галіўся, снедаў, ехаў на працу, дзе сядаў за кульман і чыста машынальна пераносіў на тыпавікі заўвагі, зробленыя на асобных лістках іншымі людзьмі. А між тым неяк незаўважна праляцеў астатак лета і прыйшла восень — гарадская, бедная, без яркіх сваіх фарбаў, без сівых туманаў па лагчынах, без дымкоў з сотак, дзе паляць сухі картаплянік, без паколатых аб свежую пожню босых ног, без шолаху
Сябар жыў адзін у пакоі: яму, як чалавеку, што мае справы з паперамі, фарбамі, гуашамі, на якім вісіць уся сценгазета і якому трэба разгарнуцца, зрабілі такую ільготу. У пакоі былі тры сталы, і ўсе тры заваленыя трубкамі ватману, кнігамі, пэндзлямі, застаўленыя слоікамі, таму сядалі на ложак, а піва ці віно, якое звычайна прыносіў Снарскі, ставілі на адзінае, парэзанае нажом і заляпанае фарбамі, крэсла.
Гаварылі пра ўсё на свеце, што на язык.
— У мяне цяпер такі перыяд, — казаў Снарскі, папіваючы віно ці піва, — што хоць ты вешайся. Поўная пустата ў думках і няведанне, што рабіць, для чаго жыць… Нашто? Перавесці тоны мяса, хлеба, цыстэрны піва, каб скончыць усё гадоў праз пяцьдзесят, неяк пад раніцу, у анкалагічным аддзяленні, у палаце на чатырох, дзе зачуханы дзяжурны, нядаўні студэнт, злы і нявыспаны пасля ўчарашняй п’янкі, пазяхаючы, адганяючы ад рота перагар, памацае пульс, ногі, зробіць каравым почыркам, дрыжачымі пальцамі запіс у кніжачку, п’яная баба з беламорынаю — а я бачыў такіх у арміі, вазілі неяк хлопца ў морг, б-р-р! — разрэжа жывот, пакалупаецца ў кішках, попел туды саб’е, зашые абыяк, вывезуць за горад, закапаюць — вось і ўсё, што мы знаем… I для чаго тады жыць? Што такое жыццё? Ніхто не скажа.
Белабрысаму такія тэмы падабаліся страшна — як і літаратурныя тэмы, — ён плаваў у іх, як рыба ў вадзе.
— Жыццё — ты сам, — адказваў ён. — Даўно і не мною заўважана: як толькі чалавек пачынае задаваць сабе нейкія глабальныя, касмічныя пытанні, так адказ трэба шукаць у маленькай закавырачцы, у драбязе — туфлі ціснуць, жонка кепска варыць, пломба ў зубе не пастаўлена і гэ дэ. У тваім канкрэтна выпадку трэба пастарацца знайсці гэтую драбязу і выправіць, тады само сабою знікне і анкалагічнае аддзяленне, і зашыванне жывата.
Белабрысы думаў, што Снарскі прыходзіць да яго толькі таму, што хоча вывудзіць нешта пра ТУЮ, а ў перспектыве — збіраецца разводзіцца з Галяю і сыходзіцца з ТОЮ, таму і наводзіў яго на «жонка кепска варыць».
— Ну, якія прычыны?.. Усё ў мяне ёсць, усё добра і ўсё неяк само сабою прыйшло: і кватэра, і праца, і абстаноўку ўсю шурын купіў і прывёз — я пальцам не паварушыў, і жонка варыць… Спакою няма.
— Вось і прычына! А ты як хацеў? Не мною сказана: чым больш ты паклаў бы на ўсё гэта сілы, нерваў, крыві, тым больш і цаніў бы. Нездарма ж раней жонак кралі, рызыкуючы жыццём, альбо плацілі за іх выкупы, альбо заваёўвалі на вайне… Мусіць, і табе трэба была б жанчына, якая дасталася б табе з цяжкасцю — тады б ты больш цаніў яе і думаў бы не пра анкалогію праз пяцьдзесят гадоў, а пра тое, як яе ўберагчы праз пяць дзён…
— Усе аднолькавыя, — казаў Снарскі і чырванеў.
— Не ўсе. Кажу смела, бо добра ведаю пра тваё восьмае сакавіка і добра ведаю, прабач, Галю, жанчыну, якая не роўня табе ні духоўна, ні, прабач, у фізічным, сексуальным плане…
— Давай вып’ем, хопіць… — Снарскі і сам ведаў, што Галя духоўна бедная і не пара яму, але непрыемна і чамусьці сорамна было чуць гэта ад іншых.
Выпівалі. Сябар, як большасць творчых людзей, п’янеў хутка і ад малых дозаў,
— Што такое літаратура? Тое ж, што і жыццё, — гэта мы самі! I ты, і я, і ўсе мы! А хто можа быць суддзёю ўсім нам? Бог, цар, воінскі начальнік ці рэдактар — хто? Вось паслухай… — ён кідаўся да сталоў, корпаўся ў нейкіх лістках і, адшукаўшы, пачынаў зачытваць верш — блытана, не разбіраючы свайго ж почырку. — Ну, як? — прачытаўшы, пытаўся і не зводзіў з Ігара вачэй, а калі той крышку марудзіў, белабрысы бялеў.
— Нармальна… — няпэўна адказваў Снарскі, які любіў толькі школьную хрэстаматыйную класіку і зусім не чытаў літаратуры сучаснай. Зрэшты, адзін радок і з вершаў белабрысага яму падабаўся: «Ты проходишь, власть Советов, словно с белых яблонь дым!» — Па-мойму, добра, — казаў ён.
— Праўда? — радасна перапытваў белабрысы. — А там, — махаў ён некуды рукою, — не нармальна! Прастаты мала! А калі нехта скажа — прастаты многа? Вучыцеся ў класікаў! А што такое класікі? Я Валодзя Навіцкі, а ён Якуб Колас — вось і ўся, у прынцыпе, паміж намі розніца!..
— Так, ты жывеш гэтым, у цябе ёсць нешта наперадзе, і, вядома, даб’ешся свайго, — казаў Снарскі, бачачы, што ўсё выпіта і што ўжо нярана. — А ёсць людзі, якім нічога не трэба, нічога не цікавіць… Ну, пайду.
Снарскі выходзіў, сядаў яшчэ на хвілінку на лаўку пад грушаю — цяпер голаю, з абламанымі галінамі і з высахлымі чорнымі грушкамі на самай вершаліне, да якіх не дабраліся, — сядзеў, успамінаў… Потым ехаў тралейбусам дамоў і ўяўляў, што едзе ў «мерседэсе», у форме нямецкага афіцэра, у акулярах з залатымі дужкамі, пад’язджае да нейкага пад’езду, чакае, чакае; праз міг выходзіць ЯНА, з нейкім клуначкам у руцэ, спалоханая, заплаканая, глядзіць на яго, як пабіты сабака, гатовы альбо кінуцца лізацца, калі пагладзіш, альбо ўцякаць, калі замахнешся…
Неяк увечары, перад выхаднымі, пасля паходу да сябра Снарскі вярнуўся дадому позна, але жонка не сустрэла яго, як заўсёды, калі раней прыходзіла, не выбегла ў пярэднюю, хоць сама была дома: паліто вісела, туфлі стаялі… Снарскі распрануўся, доўга мыў рукі, плёхаўся, прыслухоўваючыся, і не мог зразумець, што гэта з ім, чаго ён баіцца абазвацца, баіцца заходзіць у залю ці на кухню? Яму здалося раптам, што жонка ведае і ведала заўсёды, чым ён жыве, толькі прытваралася пяшчотнай і закаханай, што зараз усё выясніцца, яна выскачыць аднекуль з кухні з мокрай анучай у руках, заплаканая, раз’юшаная, і пачне лупіць яго гэтай анучай па чым папала… Трэба ж — ён, аказваецца, дапускаў і такое!..
Але жонка сядзела ў залі, у крэсле, і проста спала. Снарскі стаў пераапранацца. Яна прачнулася, падхапілася, падбегла да яго, абняла і дакранулася да шчакі сухімі, як заўсёды, вуснамі.
— Ты еў?
— Ты ж бачыш, што я толькі прыйшоў, — і Снарскі вылузнуўся з абдымкаў, паказваючы, што проста нязручна абдымацца, калі кашуля да палавіны знятая.
— А ты не забыўся, што заўтра?..
— Не забыўся.
— Тады можна цябе папрасіць? Будзь заўтра весялейшы, добра? Хай бачаць, як у нас добра ўсё…
Мо цэлы месяц, амаль кожны дзень жонка нагадвала яму пра імяніны пляменніцы, братавай дачкі Аленкі, раілася, што апрануць, які падарунак купіць… Але Снарскі, як толькі даведаўся пра гэтыя імяніны, напярод ведаў, што выдумае любую прычыну, каб не пайсці. Ён не любіў шурына, нават чамусьці пабойваўся яго, ніколі не мог гаварыць з ім як з роўняю (яны былі амаль аднагодкі), а толькі чырванеў, пачынаў глядзець пад ногі і згаджаўся з усім, што б шурын ні казаў.
Раней, да вяселля, Снарскі хлусіў рэдка, і калі даводзілася хлусіць, цярпець сябе за гэта не мог; але цяпер, пажыўшы столькі часу з нелюбімым чалавекам, калі хлусіць малымі порцыямі даводзілася пастаянна, навучыўся рабіць гэта лёгка і свабодна.