Ахвяры
Шрифт:
Аляксею Іванавічу хацелася паверыць.
— Прадаўжайце, Шабовіч, — сказаў камандзір, робячы націск на прозвішчы. Калі хлопец недурны, то павінен акрыліцца гэтым — што паверылі ў яго прозвішча. Ман стараўся хоць як падтрымаць яго і знізіць пракурорскі тон начальніка асобага аддзела.
Па турме пытанні ўзнікалі ва ўсіх. У Брагінскага — чаму яўрэяў адбіралі асобна?
— Іх расстралялі ў тую ж ноч. Не сумняваюся.
Капітан, і без таго бледны, пабялеў.
Ман спытаў, колькі ўсяго было арыштаваных.
Шабовіч
— Дзеці былі? — спытаў Ігар.
— Дзяцей не было. I жанчын нямнога.
А Золатава зацікавіў адзін чалавек — Бяспалы.
— Вы ўпэўнены, што пазналі ў ім аднаго з кіраўнікоў падполля?
Шабовіч задумаўся, прыгадваючы, як ён сказаў пра Клюшава. Не, не казаў ён, што Клюшаў кіраўнік.
— Станулін сказаў нам, што гэта чалавек з Цэнтра, юрыст.
— I ён вучыў вас рабіць дакументы?
— Вучыў.
— З веданнем справы?
— Прафесійна.
— I вы рабілі дакументы па яго рэцэпце?
— Я дакументамі не займаўся. У мяне быў легальны пашпарт.
— Нямецкі?
— Не, савецкі. З нямецкім штампам. I пропуск начны.
— За што такія прывілеі?
— Я ж фельчар.
Золатаў падумаў: добра фашысты рыхтуюць сваіх агентаў, легенды на іх. А яго групе наркаматаўскія кручкатворы пашпарты выдалі ліпавыя — нямецкія, і легенды ў тых, хто пайшоў у Мінск, ды і ў яго таксама, былі прымітыўныя ў параўнанні з легендай гэтага Шабовіча.
«Праверу, які ён фельчар. У шпіталі. Ці зробіць перавязкі, ці назаве лякарствы?»
Золатаву хацелася аб’яднаць правакатара Клюшава з Кавалёвым, у здраду якога не вераць разяваты Дзядзюля і Ман, але, мяркуючы па радыёграме, верыць Панамарэнка. Радыёграма, што Кавалёў — Клюшаў — Бяспалы, пацвердзіла б думку ў штабе і ў яго наркамаце аб правакатарскім характары ўсяго падполля. Асабіста яго гэта не здзіўляе. Колькі іх засталося, недабітых ворагаў, ды і многія з тых, каго яны ўзялі, у пачатку вайны выслізнулі. Пры эвакуацыі турмаў сотні ўцякалі. Гэта ў яго хапіла розуму ліквідаваць групу, якую вёў з Мінска ў Магілёў, калі зразумеў, што не давядзе. Ды і навошта даводзіць?
Гэты шпіён хоць і добра падрыхтаваны, але наіўйы, не разумее, што сваім блытаным расказам пацвярджае даўнія цвёрдыя перакананні яго, Золатава, наконт усяго падполля; не верыў у яго яшчэ ў Маскве, партызаны — справа іншая, многія атрады сцэментаваны работнікамі НКУС. Вось і ён навёў парадак у гэтага загадкавага маўчуна Мана. Без яго яны разявілі б раты перад такім Шабовічам.
Гестапа добра ведае псіхалогію «падпольшчыкаў»: пасадзілі арыштаваных у машыны і — паказвайце кватэры сваіх. I паказвалі, можна не сумнявацца.
— I многа вы паказалі кватэр сваіх таварышаў?
— Я? Ніводнай.
— Хвала. Хвала.
I прагучала ў гэтым «хвала» такая іронія, што ў Шабовіча ад крыўды заняло дыханне.
Ён абвёў
— Прадаўжайце, Шабовіч.
Але калі ён расказаў, як піхнуў з кузава вартавога, скочыў на яго так, што хруснулі коеці, і схаваўся ў двары таго дома, куды пайшлі афіцэры, камандзір у форме сарваўся са сваёй канапы і прайшоўся вакол печкі ледзьве не ўпрысядку, так робяць ад вялікай радасці, але тут жа застагнаў, схваціўся за паясніцу.
Сапраўды Золатаву ўдарыла ў спляценне радасная эмоцыя, выходзіць, радасць б’е, як страх, які ён перажываў намнога часцей; праўда, біла і ў сэрца і ў паясніцу, калі біў ён, страляў, але то была не радасць, таму пачуццю назвы няма, там скачок узвышэння над ахвярай, прага помсты таму, хто прымушаў яго ўніжацца да катавання, змешваўся з брыдкай згрызотай сумлення, з тайным страхам перад магчымасцю самому апынуцца ў становішчы падследнага. А ён добра ведаў, што тады ніводзін з яго калег не пашкадуе яго, як нікога з былых саслужыўцаў, хто зламаўся, не пашкадаваў ён.
— Вы не верыце ў праўдападобнасць майго вызвалення?
— Пастарайцеся, каб мы паверылі, — зноў іронія.
— Мне самому не верыцца, што ўдалося так… Я яшчэ там падумаў, што, мабыць, СД трэба было, каб нехта з нас уцёк. Можа, мы з Іванам. Яны сачылі за намі. Бо адкуль у іх фатаграфіі? У турме не фатаграфавалі. Я раскажу, як да Чурсіка прыйшлі паліцэйскія і паказалі размножаныя фота. I на іх — Іван і я.
Золатаў устрапянуўся. Тут не да іроніі. Гэта нешта новае. Новы паварот, нечаканы. Падследны сам выдае сябе. Але навошта?
Маёр пашукаў у памяці аналагаў. Усё было: прызнаваліся, каяліся. Але каб у самым пачатку нехта рабіў падобны ход — такога не ўспомнілася. Недаацаніў, выходзіць, ён гэтую залётную птушку. Тып непамерна больш складаны, чым кожны нават з тых, што білі сябе ў грудзі: «Я — стары бальшавік».
Гэты ў грудзі не б’е і нават не збіраецца. Гэты прызнаецца, што яму далі магчымасць уцячы. Але з якой мэтай робіцца такое прызнанне — во задачка, якую яму, чэкісту, належыць рашыць. На дапамогу Мана і нават Брагінскага спадзявацца няма чаго. Развесілі вушы. Вераць.
— А навошта гестапа трэба было выпускаць вас? Як вы думаеце?
— Чорт іх знае. Як прыманку — прымітыўна. Добра СД ведае, што мы не такія наіўныя. Думаю, што правакацыя замышлялася больш складаная. Але якая?
— Гестапа ўмее, — заўважыў Ігар.
— Між іншым, каб вы ведалі. У Мінску няма гестапа. Немцы з пачатку вайны размежавалі свае службы. Гестапа — тайная палітычная паліцыя — дзейнічае ў самой Германіі. На акупіраваных тэрыторыях гэтую работу выконвае СД — аддзел палітычнай контрразведкі, «вафен СС» — войск СС. Так у іх пераплецена…