Ахвяры
Шрифт:
Кухарка прынесла абед затрыманаму — камандзір загадаў.
Раней Матрона адносілася з павагай да Золатава — маёр! вышэй за капітана. Але пасля гісторыі з венграм страціла гэтую павагу. Вельмі ж нядобра начальнік дапытваў яе — усіх сваякоў да трэцяга калена перабраў. Цяпер жанчына знарок, падкрэслена, прыкідваючыся прастачкай, казала яму ты. Золатава гэта злавала, ніхто не адважваўся казаць яму ты, сам Ман — на вы.
— На, накармі чалавека! А то будзеш пра ўнукаў дапытвацца.
— Ты лічыш яго чалавекам?
— А хто ж я? — наіўна здзівіўся Шабовіч.
— Фашыст.
I
— Сам ты фашыст!
Але калі пайшла Баслычыха, пасміхнуўшыся з такой сутычкі, Золатаў пахадзіў па зямлянцы, не перадаўшы вязню кацялок з кашай, пасвістаў задумліва, спыніўся над ахвярай сваёй, зноў уважліва разгледзеў яго белую макушку ў развале рыжых валасоў.
— Дык хто я?
— Прабачце, я не хацеў. Нервы. Але ж я не фашыст. Няўжо цяжка паверыць? Я разумею, што праверыць немагчыма. Але я дакажу…
— А як жа — дакажаш!
Золатаў падняў руку над яго галавой і… раптам напрактыкаваным ударам, рабром далоні, як тапаром, секануў па шыі, напятай ад схіленай галавы.
Шабовіч зваліўся з калодкі, на якой сядзеў, што падкошаны, страціў прытомнасць.
Золатаў наском бота паварушыў яго цела. Пастаяў над ім мінут пяць. Нарэшце хлопец расплюшчыў памутнелыя вочы.
— Што ж гэта ты такі слабак? Ад слоў падаеш. Школу якую кончыў?
Шабовіч не адказваў.
— Паднімайся. Абедай. У нас людзі добрыя. Бачыш, як пашкадавала цябе кухарка. Набірайся сіл. I думай. Думай!
Пры другім прыходзе Золатава падпольшчык адмовіўся гаварыць.
— Я буду адказваць толькі ў прысутнасці ўсіх камандзіраў.
— Бач, сволач, унюхаў слабіну! Не, будзеш ты ў мяне гаварыць, калі мне трэба, — і даў кулаком пад дыхавіцу так, што Шабовіч зноў страціў прытомнасць.
Ачуняў — звінела ў галаве, балеў жывот.
Іншы чалавек — змрочны асілак з расплюшчаным, як у баксёра носам перавёў яго з зямлянкі ў прыгожую, утульную хаціну. Там прыемна пахла смалой і цёплай печкай. Застаўшыся адзін, Шабовіч пакутліва асэнсоўваў сітуацыю, у якую трапіў. У зямлянцы прыгадаў расказы пра тое, што немцы ствараюць правакацыйныя атрады з паліцэйскіх, якія тэрарызуюць насельніцтва, каб дыскрэдытаваць партызанскі рух, запалохаць людзей: хто пажадаў бы ўступаць у такія атрады? Праўда, Станулін аспрэчваў такія легенды. Але ці мог інжынер ведаць тайныя планы фашысцкага камандавання? Не бывае дыму без агня. Калі хадзілі чуткі, значыцца, і атрады такія маглі быць.
Дык ці не трапіў ён у правакацыйны атрад? Але Ганніны і Міколкавы адносіны да атрада аспрэчвалі такую сумную здагадку. Хоць… Хто так спаласаваў попу хлопчыку? Не гэты акуратна паголены, з ціхім голасам камандзір, які так дасканала валодае фашысцкімі прыёмамі допыту — так б’е ў жыццёвыя вузлы, што ўміг траціш прытомнасць? Ён, фельчар, колькі вучыў анатомію, хваробы, нідзе не вычытаў, не пачуў ад выкладчыкаў, не бачыў у кіно такіх удараў і быў упэўыены, што ў Савецкім Саюзе прыёмам такім вучаць хіба, можа, пагранічнікаў, больш нікога, бо нікому яны не патрэбныя. У нас гуманныя следчыя органы, гуманная армія — усё гуманнае.
Аднак калі яго пераводзілі ў дамок, сустрэлася група партызан, з цікавасцю агледзелі,
— Шпіён. У лагер з мінамі прабраўся. Да склада лез.
Так маглі сказаць толькі сапраўдныя партызаны. I яму хацелася закрычаць ім: «Таварышы дарагія! Ніякі я не шпіён! I ніякіх мін у мяне не было! Адзін пісталет». Але крыкнуць не мог — кожны крок аддаваўся ў жываце пакутлівым болем.
Пасля чуў галасы партызан, седзячы ў доме. Нехта мацюкнуў Гітлера, шчыра, пакручаста. Нехта насвістваў «Кацюшу». Успаміналі ўчарашні рэйд — як ганялі паліцаяў.
Не, вельмі падобна, што размовы гэтыя падладжаны спецыяльна для яго; у фальшывым спектаклі прабіўся б і фальшывы голас. Не, атрад сапраўдны, толькі хіба навучаны горкім вопытам — падкідвалі ім шпіёнаў. Гэта зусім натуральна. А калі ён сярод сваіх, то трэба ўсё стрываць, любыя пакуты, але даказаць, хто ён у сапраўднасці. Свае не могуць не паверыць у яго шчырасць, калі ў яго паказаннях не прагучыць і крупінка няпраўды. Праўда праб’ецца!
I Шабовіч акрыяў духам.
Але калі зноў прыйшоў следчы, яго пачало ванітаваць. Слабасць зневажала. А Золатава парадавала такая рэакцыя на яго з’яўленне. Знаёмая рэакцыя, з яе часта пачыналіся патрэбныя паказанні, пачыналася падзенне.
Золатаў перасадзіў падследчага з канапы за трохногі стол, на якім нядаўна стаяла рацыя, паклаў перад ім пакамечаны вучнёўскі сшытак і агрызак карандаша, а сам хадзіў вакол, доўга не задаючы ніякіх пытанняў. Хадзіў, насвістваў мелодыю песні «Броня крепка, и танки наши быстры…».
А Шабовіч чакаў чарговага ўдару, стараўся адгадаць, куды, у якое месца ён будзе нанесены, і пакутаваў, што перажывае жывёльны страх, ніколі такога не перажываў, напружваўся ўвесь, уціскаў галаву.
— Якую школу канчаў?
— Савецкую.
— Слухай… якое табе прозвішча там далі? Шабовіч? Будзеш Шабовіч пакуль… Але давай дамовімся: не будзем прыкідвацца дурнямі, ні ты, ні я. Мы з табой сур’ёзныя людзі. Ты сур’ёзны разведчык, я сур’ёзны контрразведчык. Ты добра знаеш, пра якую школу пытаю. Гульня павінна ісці на роўных.
— Кончыў яшчэ Аршанскі медтэхнікум. Можна праверыць. Недалёка.
— Ты здольны яшчэ здзекавацца з мяне? Недалё-ё-ка! Тваім начальнікам недалёка. Мне пакуль што далёка. Трапіў бы ты мне да вайны — праверыў бы я не толькі Оршу. Добра, дапусцім, я веру, што ты фельчар Шабовіч. Чаму ж ты не ў Чырвонай Арміі? А?
— Мы эвакуіравалі хворых. Адаслалі эшалон, а самі не паспелі. Хто ведаў, што немцы так хутка будуць у Мінску.
— Тысячы людзей пехатой пайшлі. Я да Магілёва ішоў. А ты, значыцца, не паспеў. Дык калі цябе завербавалі? Магу паверыць, што не да вайны. У якую школу накіравалі? У Варшаўскую? У Барысаўскую?
— Клянуся вам: я падпольшчык. Не верыце — звяжыцеся з атрадам Дзядзюлі. Ён ведае Аксану… я ж казаў… Яна хадзіла туды. Адтуль мы з’ездзім па Аксану.
— Адтуль? Вунь як! Не, мы з’ездзім адгэтуль… Адгэтуль! Вось карандаш… напішы. Сачыненне на вольную тэму. Не трэба расказаў, хто куды ішоў, у каго страляў — гэта мы запомнілі. Прозвішчы падпольшчыкаў, адрасы. Назвы вёсак. Дзе Аксана твая засталася. Адкуль дзед з канём… Усёк?