Ахвяры
Шрифт:
Золатаў сеў да стала, дастаў з планшэткі блакнот, карандаш.
«Як следчы», — падумаў Шабовіч, хоць ніколі са следчым не сустракаўся, ведаў іх па кнігах, па кіно. Азірнуўся, на што сесці — нылі ногі. Але садзіцца яму не прапаноўвалі. Гэта крыўдзіла. Ён разумеў, як нялёгка яму паверыць, аднак не сумняваўся, што, калі выслухаюць яго шчырую споведзь, не могуць не паверыць. Але сесці прапаноўваюць нават выяўленым злачынцам.
Парадак заключаўся ў тым, што «следчы» сказаў:
— Слухаем вас.
Трохі звязвала, што мусіў расказваць стоячы, пераступаючы з нагі на нагу. Але, можа, гэта дало расказу тэмп, дынамізм, і ён хутка забыўся
— I каму перадаваліся гэтыя дадзеныя?
— Піліп быў звязаны з армейскай групай, яна мела рацыю.
— У горадзе? — зацікаўлена ўскінуў галаву Золатаў.
— Не знаю, можа, і ў горадзе.
«З армейскай ці з нашай?» — падумаў Золатаў. Яму не давала спакою група Новікава, яго калегі, маёра ўпраўлення контрразведкі, якую выкінулі з таго ж самалёта, толькі ў другім раёне, на поўдзень ад Мінска, некуды ў пухавіцкія лясы. Якаў Міхайлавіч думаў пра Новікава ўвесь час з бояззю, што Новікаў прабраўся ў горад і вядзе перадачы адтуль. Такая ўдача таварыша, якой па логіцы трэба радавацца, для Золатава была вельмі непажаданай, яна закрэслівала б яго радыёграмы аб немагчымасці прабрацца ў Мінск, аб правале яго разведчыкаў. Тое, што нямецкі агент — а ён не сумняваўся, што Шабовіч агент — так лёгка прайшоў у лагер, Золатаў звязваў з правалам свайго чалавека лейтэнанта Кротава, якога пасылаў адгэтуль. Выдаў лейтэнанцік планы, усе дыслакацыі, усіх людзей. Можа быць, што гэты падасланы з мэтай забіць яго, Золатава. Не, хутчэй за ўсё, каб выдаць атрад. А можа, задума ворага больш хітрая.
Золатаў раскрыў блакнот.
— Прозвішчы членаў вашай арганізацыі.
I тут у Шабовіча як бы адбылося кароткае замыканне. Спачатку расказ цёк без супраціўлення, свабодна; праўда, калі падмяняў прозвішчы клічкамі, адчуваў некаторую няшчырасць перад гэтымі людзьмі, якім вырашыў расказваць усю праўду, разумеючы, што толькі праўда можа пераканаць іх. I раптам — прозвішчы. Для запісу. А іх ніхто нідзе не запісваў. Усе разам. Была ў іх свая клятва, групавая, яны, канешне, не палілі рукі на агні, не распісваліся крывёю, але па-брацку дамовіліся: ні ворагу, ні маці роднай, ні пад катаваннем, ні на сяброўскай гулянцы не называць прозвішчы сваіх людзей, ва ўсялякім разе так, каб камусьці прыйшло ў галаву: ёсць група, арганізацыя. А чым займаецца тайная арганізацыя ў акупіраваным горадзе — пра гэта дзіця здагадаецца; пра падпольшчыкаў мяшчане шэпчуцца — хто з асуджэннем, хто з захапленнем.
Вопытны следчы адразу злавіў гэтую замінку.
«Цямніць, сволач. Ды я цябе наскрозь бачу».
Мільганула ў Шабовіча жаданне выдумаць прозвішчы сяброў, хоць
— Станулін Піліп Іванавіч, Ткачук Іван Рыгоравіч…
— Характарыстыкі. Узрост. Паходжанне. Дзе працуе. Прыкметы. Асаблівасці характару.
— А навошта? Вы будзеце правяраць? Здолееце?
— Трэба будзе — праверым! — голас чалавека, якога Шабовіч палічыў камандзірам, рабіўся ўсё больш суровым, пракурорскім.
Гэта адчуў і Ман, які ведаў падобныя прыёмы. I асудзіў: неразумны метад, хлопец можа замкнуцца і не сказаць усёй праўды. Безумоўна, проста так, па адным самапрадстаўленні, без роспыту, нельга верыць, вораг хітры, падкідваў ужо шпіёнаў. Але вопыт яго жыццёвы і чалавечая ўважлівасць настройвалі ў карысць гэтага маладога чалавека.
Аляксей Іванавіч адкарэкціраваў метад допыту — падаў Шабовічу табурэтку.
— Ты сядай. У нагах праўды няма. Курыш? Дай яму, Ігар, закурыць. — Шабовіч сеў. Закурыць яму страшэнна захацелася — каб суняць хваляванне. А кісет з махоркай, якую раздабыў Міколка, забыў на гарышчы Ганнінай хаты. Прагна глядзеў, як Ігар адарваў шматок газеты, насыпаў махоркі, працягнуў яму:
— На, круці.
— Дзякуй. У мяне такое ўражанне, што я недзе бачыў цябе. Не на з’ездзе камсамола?
— Камсамолец? — спытаў Ман.
— Канешне, камсамолец.
Золатаў скрывіўся.
— Дык што ж цябе прывяло да нас? — накіроўваў допыт Ман.
— Арышт. СД нас арыштавала. Але я па парадку…
— Толькі па парадку, — не параіў — патрабаваў камандзір.
Трое слухалі яго з незвычайнай уважлівасцю, з шчырым жаданнем зразумець, што за чалавек да іх з’явіўся, нечакана, падазроным шляхам. Чацвёрты, Золатаў, — з адзінай мэтай: на чым яго злавіць. Людзі на допыце заўсёды спатыкаюцца, ва ўсялякім разе, маючы вопытнае вока і вуха, можна ўбачыць і пачуць, дзе яны гавораць праўду, а дзе пачынаюць сачыняць, каб выгарадзіць сябе ці кагось блізкага.
… — Чакай. Каго арыштавалі?
Шабовіч сказаў.
Золатаў глянуў у блакнот.
— Хацяновіча і Чурсіка вы не называлі.
— Дык яны ж не падпольшчыкі. Хацяновіча мы хацелі ўцягнуць, электрык управы мог бы і паслухаць што трэба і зрабіць. А Чурсік паліцэйскі. На ім мы паставілі крыж.
— Што значыцца крыж?
— Што нашым чалавекам ён не стане. Але ў яго доўгі язык, гуляючы, мы выцягвалі з яго патрэбныя звесткі. Ад нас ён не скрываў. Баец самааховы — Іван, фельчар бальніцы — я. Лічыў нас сваімі людзьмі.
— Сваімі?
— Ну, як сваімі… у галаву яму не прыходзіла, што мы падпольшчыкі.
— I часта вы гулялі ў гэтага Чурсіка?
— Не часта, але здаралася.
Золатаў хмыкнуў, не стрымаўся ад уедлівай заўвагі:
— Прыемна вы час праводзілі… з паліцэйскімі…
— Таварыш камандзір! Вы не ўяўляеце асаблівасці падпольнай работы. Нам прыходзіцца выкарыстоўваць любыя метады. З ваўкамі жыць…
— Пакуль што я вам не таварыш.
— Я разумею.
«Усё ты, сволач, разумееш, толькі ягнёнкам прыкідваешся», — падумаў Золатаў. А Ман падумаў не лепшым чынам пра самога Золатава: «Тапорна працуе чэкіст. Не ўлічвае, што іншай магчымасці праверыць, хто гэты чалавек, у нас няма. Толькі адно — паверыць ці не паверыць у тое, што ён раскажа».