Ахвяры
Шрифт:
Да прыходаў пляменніцы цётка даўно ставілася насцярожана — здагадвалася, чаму тая ўпотай адыходзіць не ў той бок — не на Мінск. Але таму, што Аксана падвяргае сябе смяртэльнай небяспецы, любіла яе яшчэ больш, гадзінамі стаяла над соннай, малілася за яе на каленях перад абразамі, захлыналася ад слёз, калі пляменніца вось так адыходзіла. Развагі хапала, што да падола свайго пляменніцу не прывяжаш, але страх пераважаў над усімі іншымі пачуццямі.
А тут усё іншае заглушыў дзікі страх.
Як толькі Аксана пераступіла парог, цётка адхіснулася ад яе, як ад здані, ад прывіда, глядзела агністымі ад бяссоння вачамі і шаптала так, быццам у
— Прыйшла? Прыйшла! I смерць прывяла? Смерць прывяла! Глянь, яна стаіць за табой! Згінь, згінь!
Аксана ад нечаканасці ажно азірнулася. Але за ёй стаяў дзядзька Ігнат. Цыкнуў на жонку:
— Сціхні, Алёна. Сорам! Які сорам! Лічы, дачка прыйшла ў госці, а ты нясеш — бог ведае што.
Моцна ўразіла Аксану такая сустрэча. I спалохала. Сюды ж прыйдзе Стась. Што цётка можа сказаць яму? Яўна гэта хвароба. Ці валодае яна хоць сваімі пачуццямі? Не дай божа выскачыць на вуліцу і закрычыць.
— Цётачка, што гэта вы! Я ж лякарствы прынесла вам.
— Смерць ты прынесла. Смерць!
— Сціхні, дурная! — узлавана крыкнуў Ігнат.
Утаймавалася Алена неяк адразу. Але страх, як агонь, які тушаць, вырваўся ў новай праяве. Абняла госцю, цалавала яе рукі і рыдала, галасіла, як па нябожчыцы — ажно жудасна зрабілася.
— Аксаначка, дзіцятка маё роднае, што гэта ты робіш? Няхай яны заб’юць мяне, няхай я не дачакаюся з фронту Паўліка свайго. Але ж табе жыць трэба! Што я мамачцы тваёй скажу? Не ўсцерагла. Не ўсцерагла. А як жа цябе ўсцерагчы, калі ты звярам у пашчу лезеш? Не адпушчу я цябе ні туды, — кіўнула ў адзін бок, панізіўшы голас да шэпту, пасля ў другі — ні туды.
— Добра, цётачка, добра, — бачыла, што аспрэчваць няма сэнсу, чалавек у стане бессвядомасці ці, ва ўсялякім разе, хваравітай свядомасці.
Ігнат зняў з Аксаніных плячэй мяшок і непрыкметна вынес з хаты, схаваў у надзейным месцы, бо здагадваўся, што не лекі для цёткі, не падарункі ім — гасцінцы для партызан. Невядома, што можа прыйсці ў галаву хвораму чалавеку, пачне трэсці гэты мяшок ці захоча спаліць, выкінуць у рэчку, а яна недалёка — за гародамі, выкінула ж нядаўна ў рэчку яго паляўнічую стрэльбу, якую ён хаваў у хляве, уначы выкінула, цішком, не падумаўшы. Улетку стане ў Цне вады па калена, і вылезе стрэльба на вочы невядома каму, вось тады і пачнуць высвятляць — чыя? Але што ты дакажаш хвораму чалавеку? Так і не сказала, у якім месцы выкінула, каб пашукаць, калі спадзе вада.
Але на мяшок Аксаны спачатку не звярнула ўвагі. Баязлівым шэптам, але зусім свядома расказвала пра прычыну свайго страху.
— Аксаначка, што яны робяць, ірады? Што робяць! Дзяцей расстралялі перад праўленнем. Пазаўчора. Васілька, хрэснічка майго, і Косцю. Вінтоўкі ў іх знайшлі. I гранаты. Навошта ім тыя гранаты? Дзеці ж горкія, па чатырнаццаць гадкоў. Кажуць, яны сабралі гэтае аружжа яшчэ летась. Чаму не здалі? Чаму не здалі? А ты ўсё носіш, усё носіш. Не пушчу. Нікуды не пушчу! Дзе твой мяшок? Дзе? Схавалі? Знюхаліся? Аксаначка! На каго ты спадзяешся? На ветрагона гэтага, Ігната? Ды ён жа, можа, і вінаваты ў смерці дзяцей. Па вачах яго зладзейскіх бачу, што знаў пра аружжа тое, на рыбалку ж хадзіў з Васільком і Косцікам. Дзетачкі мае родненькія! Анёлы вы нябесныя! Маліся, Аксанка, маліся за душы іх нявінныя.
У цяжкай неззычайнай сітуацыі апынулася Аксана. Слухала цётку, углыблялася ў яе страх, разумела яго, а думала пра Стася.
Сканаў кароткі асенні дзень. Наступала ноч, чорная і глухая, як вугальная шахта.
Сказала ўпотай дзядзьку, што павінен прыйсці Стась, што ў горадзе яны заставацца не могуць, пойдуць у лес. Зразумеў Ігнат усю незвычайнасць становішча, трывогу Аксаніну, згадзіўся падкаравуліць, сустрэць чалавека, які будзе чаўкаць па гразі — на вуліцы ці на гародзе.
Сказаў, што хоча схадзіць да суседа. Куды там — слухаць Алена не хацела.
— Нікуды не пойдзеш, сядзі дома!
Аксана пагразіла, што раз цётка так баіцца яе, то не застанецца яна ў іх хаце, лепей у суседзяў пераначуе. Пасля не рада была, што сказала так, бо заліла яе цётка слязамі, абсыпала папрокамі. Каб у дзядзькі больш мужчынскасці было, каб ён умеў па-гаспадарску цыкнуць. Дык і дзядзька разгубіўся, хоць разумеў Аксану, яе трывогу за мужа. Тады Аксана пусціла ў ход тую ж зброю, што і цётка, — слёзы, разрыдалася, ажно захлынулася.
I Алена змяніла гнеў, злосць на мацярынскую ласку.
— Што з табой, Аксаначка? Па кім ты плачаш так?
— Стась…
— Што Стась? Што з ім?
— Стася шукаюць. Ён можа прыйсці сюды. А як ён знойдзе хату? Колькі разоў ён тут быў… улетку…
I зноў паварот, зноў слёзы і праклёны.
— Гэта ён… ён уцягнуў цябе. Ён вядзе цябе на шыбеніцу. Знайшла мужа! Бандыт, галаварэз, антыхрыст! Каб нагі яго не было ў маёй хаце, у маім двары! Згінь, нячыстая сіла!
Абразілася Аксана за мужа свайго. Хворая-хворая цётка, але нельга патураць ёй, помніла лекцыі па псіхіятрыі, што ўтаймаваць такога чалавека можна часам жорсткасцю.
— Ну, калі ён бандыт, то і я бандытка. Ён антыхрыст, дык і я такая ж. Мы неразлучныя, цётка Алёна. I ніхто нас не разлучыць, сам бог, калі ён ёсць. Яго нагі не будзе ў вашай хаце — і маёй не будзе.
Дзіўна: новы прыліў любові да пляменніцы не выплеснуў. Села Алена на ўслон пад абразамі і — як анямела, здранцвела.
Аксана надзела свой плашч і адно толькі пачула ўслед.
— Дзіцятка пашкадуй, бязбожніца, — убачыла цётка яе паўнату, паверыла ў яе цяжарнасць, абнімаючы, не намацала тугіх бінтоў.
Паклікала Аксана дзядзьку, каб паказаў, дзе мяшок схаваў. Блізка — у стажку сена.
— Ашалела баба. Ашалела. Гэта хвароба, Аксаначка, хвароба, — даруй ты ёй. Пасля расстрэлу хлопцаў памуціўся яе розум. А чаго ёй баяцца, скажы, калі ласка? Мільёны маладзейшых паміраюць на фронце, пад бамбёжкамі, ад голаду. Вунь немцы пішуць, што абкружаны імі Ленінград дажывае свае дні, бо людзі ўсе памерлі, войска адно трымаецца, бо воінаў кеяк кармілі, з самалётаў харч кідалі. А што ёй? Ну, памрэш ты, то памры, як людзі. Куды ты пойдзеш?