Ахвяры
Шрифт:
Бінты, у іх — шпрыцы, таблеткі і лепшае адзенне Аксана накруціла на сваю тонкую талію, ад чаго прыметна папаўнела, а таму мусіла апрануць не цеснаватае паліто, а летні прасторны плашч, урэшце, цяпер гэта нікога не здзіўляе — людзі адзетыя хто ў што, асабліва ў гэты пераходны асенні час, — і ў плашчах і ў кажухах.
Ад таго, што яна мусіць пакрыўдзіць старую добрую жанчыну, Аксана нават паплакала трохі. Чакала, калі гаспадыня адлучыцца некуды, яна не была дамаседкай — збірала навіны, як пчала нектар. Заглянула да яе. I пераканалася, што непаседлівая Ядвіга Паўлаўна нікуды не збіраецца — у яе забалела паясніца, папрасіла Аксану нацерці яе настойкай наготак.
А
Не ведаючы, як выйсці з дому, Аксана расплакалася перад гаспадыняй зусім шчыра. Напалохала старую.
— Што з табой, Аксаначка, дзіцятка маё? З работы прагналі?
— Не.
— Стась? Арыштавалі?
— Не. За што яго арыштуюць? — калі дала волю слязам, не мела ніякай версіі для апраўдання іх, а тут раптам версія з’явілася, самая праўдападобная: — Дзядзька на міне падарваўся.
I як усё стала проста — і збірацца, надзяваць тры кофтачкі і… развітвацца.
Горад Аксане не спадабаўся: многа паліцыі і немцаў на вуліцах, больш, чым раніцою, і ўсе падазрона аглядваюць кожнага прахожага. Яе спынялі двойчы, правяралі аўсвайс. Але мяшка не трэслі, у горадзе і раней гэта рабілі рэдка, часцей — не тады, калі людзі ішлі на мену, а калі вярталіся з вёсак — тады лезлі ў мяшкі, забіралі «калым», самагонку і сала забіралі падчыстую. Тых, хто выходзіў з горада, абшуквалі на кантрольных пастах.
На пасту яе добра ведалі, там каравулы былі пастаянныя, начальнікаў яна купіла за гасцінцы — за самагонку, спірт; Дзядзюля ніколі не адсылаў яе назад з пустымі рукамі, заўсёды несла торбы поўныя, нярэдка пад прадуктамі — міны для групы Стануліна.
Дарога гэта была «няменная», паўночныя раёны лічыліся беднымі, асноўны паток мяшочнікаў цягнуўся на багатую Случчыну. Аднойчы начальнік паста ўчыніў ёй допыт: «Чаму ходзіш сюды?»
«Пан началынік, родныя мясціны, знаёмыя людзі. А свае сваёй больш давяраюць, больш спагадаюць. Ды і не думайце, што тут бядней жывуць. На Случчыне шляхта, яна любіць сваё дабро выстаўляць, а тутэйшыя людзі маюць завядзёнку прыбядняцца».
«Хітрая ты».
«Жыццё ўсяму навучыць».
Жыццё навучае. Але жыццё можа і правучыць. У такім становішчы любы недарэчны выпадак можа паламаць самыя вывераныя планы. Пра гэта Аксана не забывалася і не столькі спадзявалася на сваё ўменне, вопыт, колькі на ўдачу, — «ненадзейную сяброўку сваю», так казала Стасю. «Я малюся ёй, удачы, як багамацеры». Пры сваёй адчайнасці яна мела і прымхлівасць — верыла ў прыкметы. Загадала: будзе на пасту знаёмы тоўсты немец — усё абыдзецца добра.
Спынілі яе незнаёмыя паліцаі, злосныя, прыдзірлівыя, гатовыя вытрасці мяшок. Бадай, ні разу яшчэ яна не палохалася гэтак, бо разумела, што яе правал пагражае Стасю. Не пойдзе ён сам у атрад, вернецца назад у горад, каб знайсці яе сляды. А калі ён пайшоў на гэты, апошні, па сутнасці, варыянт, значыцца, пагроза над ім павісла незвычайная. Пашкадавала, што захапіла бінты і лекі. Увогуле гэта самыя ходкія рэчы для абмену — лекі, але за вынас іх караюць. А яе нечаканае знікненне з бальніцы, безумоўна, звяжацца са знікненнем Шабовіча. Калі яго шукаюць, ёй не адгаварыцца ні хворай цёткай, якой яна і раней амаль адкрыта (на пасту паказвала, чым і заваявала давер’е) насіла лекі, ні менай. Але тут — во ўдача! — з буданчыка выйшаў тоўсты немец. Ледзьве не радасна павітаўся:
«Гутан таг, фрэйлін… фраў…»
Пажмурыўся, што
«Гут!» — і паказаў свой жывот: маўляў, даганяеш.
Аксана спачатку пахаладзела: во ўліпла, усяго ж месяц назад ішла тут што трэсачка, не паўнеюць гэтак за такі кароткі час. А немец ледзьве не сілком сцягнуў з яе плячэй мяшок — Аксана аблілася халодным потам — паважыў яго, вярнуў ёй і сказаў з папрокам:
«Найн гут».
Хоць немец быў немалады, але слабаназіральны — не вельмі помніў, за які час прыкметна паўнеюць цяжарныя, ці, можа, страціў адчуванне часу і здалося яму, што бачыў ён гэтую жанчыну, якую тады лічыў фройлен, не адзін, а тры месяцы назад.
Немец мякка і добра, бадай жа з бацькоўскай клапатлівасцю пачаў гаварыць, што не трэба ёй з такім цяжкім мяшком хадзіць у дальнюю дарогу, ды яшчэ па такой пагодзе; паказаў на яе гумавыя боты — халодныя. Нязвыклыя словы, але Аксана разумела іх і адчувала ўдзячнасць гэтаму чалавеку, хоць тут жа папракала сябе, што раскісла ад чалавечай спагадлівасці — знайшла каму дзякаваць! А малады паліцай, зараза, перакладаў зусім іншае — строгае ўшчуванне: што сёння ён мае ўсе падставы арыштаваць яе, але адпускае з умовай, што вяртацца яна будзе паслязаўтра, калі яго дзяжурства, і не з пустымі рукамі — з самагонкай.
Паліцаю хацелася паказаць кукіш: во табе, жывадзёр! Але яна пачціва ківала немцу:
— Добра, паночак, добра. Як жывуць панавы дочкі?
Пра дачок сваіх ён расказваў яшчэ ўлетку, калі, вяртаючыся ад цёткі, яны са Стасем частавалі ўвесь пост самагонкай і чарніцамі. Паліцай пераклаў, выходзіць, усё ж ведае мову, не гарадзіў адсябяціну. Немец не адказаў, але праслязіўся: штось нядобра ў яго там. I Аксана ў знак маўклівага спачування таксама ўраніла слязу і… пацалавала яго ў калючую шчаку. Бацька чатырох дачок зусім расчуліўся. Малады паліцай пажартаваў:
— Ты мяне пацалуй, то ўбачыш, як зенітка зрыхтуецца да бою.
Немец цыкнуў на яго.
Аксана радавалася ўдачы, але немец не адпускаў яе: захацелася яму праявіць клопат, пасадзіць яе на машыну спадарожную. А калі яна можа тут прайсці, тая машына? Дарога, лічы, тупіковая, толькі да Паперні гравійная, праўда, недалёка ад Цнянкі стаіць нямецкая часць, але садзіцца на машыну з салдатамі ніякага жадання не было.
Нямецкая дабрыня — горш за бяду, калі хочацца немцу зрабіць ласку — адгаварыцца немагчыма. Аксану ажно ліхаманіць пачало ад нецярпення. Можа, Стась даўно ўжо там, а яна будзе сядзець са старым немцам і маладымі паліцаямі, усміхацца ім, мянташыць языком. О, жах! Памагла яе плаксівасць. Шчыра расплакалася. Збянтэжыла нават паліцаяў. Што такое? Цётка ў яе захварэла, родная цётка, якая вырасціла яе. Не можа яна чакаць, да вёскі ж якая гадзіна хады. Яна на крыллях паляціць туды. Кранула немца такая добрая пляменніца. Яму б такую! Да яго яўна нехта з блізкіх праявіў няўдзячнасць, зрабіў прыкрасць.
Адчапілася-такі ад дабрака. I далей не ішла, а сапраўды ляцела, потам аблівалася пад цяжарам мяшка.
Удача з немцам. I… не тое што няўдача, а бог ведае што з цёткай, з роднай цёткай, якую любіла, якая любіла яе. А тут як звіхнулася жанчына. Было ад чаго — бачыла, як расстрэльвалі яўрэяў, дзяцей, жанчын. Год таму назад бачыла гзтую жудасць і з таго часу ніяк не магла пазбавіцца страху, больш таго, страх разрастаўся.
Дзядзька Ігнат скардзіўся Аксане: начамі не спіць Алена, кожнага шораху баіцца, а калі страляць пачынаюць — немаведама што робіцца з ёй, разоў колькі ў пограб лезла.