Стэпавы воўк
Шрифт:
Не было ў мяне магчымасці спраўдзіць, наколькі адпавядаюць рэальнасці тыя прыгоды, пра якія расказваецца ў рукапісе Галера. Не сумняваюся, што ў большасці сваёй яны выдуманыя, але гэта была не голая выдумка, а спроба адлюстраваць нешта, увасабляючы глыбока перажытае ў форму відавочных вобразаў. Часткова фантастычныя гісторыі ў Галера паходзяць, бадай што, з часу, калі ён жыў тут, і я зноў жа не сумняваюся, што яны грунтуюцца на некаторых сапраўдных вонкавых уражаннях. У той час паводзіны і выгляд нашага госця змяніліся, ён часта, ночы напралёт, не бываў дома, і кнігі ягоныя ляжалі нечапаныя. Падчас нашых на тую пару даволі рэдкіх сустрэч ён здаваўся на дзіва жвавым і памаладзелым, ба!
– падчас нават вясёлым. Потым жа адразу нахапілася новая немарасць - цяжкая дэпрэсія, ён цэлымі днямі ляжаў у пасцелі, нічога не еў, і як што якраз на тую паласу прыпала бурная, можна нават сказаць, грубая свара з ягонай новай каханкай, свара, якая скаланула ўвесь наш дом і за якую Галер на другі ж дзень
Не, я гатовы пабажыцца, што ён не пакончыў з сабою. Ён жывы, ён недзе ходзіць сваімі стомленымі нагамі па лесвіцах чужых дамоў, разглядвае дзе-небудзь блішчастыя паркеты і дагледжаныя араўкарыі, праседжвае дні ў бібліятэках, а ночы ў рэстаранах альбо валяецца на канапе, якую ўзяў напракат, слухае, як жывуць за вокнамі людзі і свет, ведае, што ён ад іх адрэзаны, але рук на сябе не накладае, бо рэшта веры падказвае яму, што ён павінен выпіць да канца гэты боль, гэты страшэнны боль, і што памерці ён павінен якраз ад гэтага болю. Я часта думаю пра яго, ён не палегчыў мне жыцця, не быў здольны падтрымаць і сцвердзіць ува мне сілу і радасць, о не, рыхтык наадварот! Але я не ён, і я жыву не ягоным жыццём, а сваім, маленькім, мяшчанскім, затое бяспечным і напоўненым абавязкамі. І мы ўспамінаем пра яго спакойна і прыязна, я і мая цётачка, якая магла б расказаць пра яго больш за мяне, але гэта застанецца схаваным у яе душы.
Што да запісак Галера, гэтых дзіўных, месцамі хваравітых, дзе-а-дзе прыгожых і глыбакамысных фантазіяў, дык павінен сказаць, што, калі б гэтыя лісткі трапіліся мне на вочы выпадкова і калі б я не ведаў аўтара, я б іх абурана, грэбліва выкінуў. Але дзякуючы свайму знаёмству з Галерам я здолеў іх часткова зразумець, нават ухваліць. Я не адважыўся б выносіць іх іх на суд людскі, калі б бачыў у іх толькі паталагічныя фантазіі нейкага адзіночкі, душэўна хворага, неабольнага чалавека. Але я ў іх бачу нешта большае, дакумент эпохі, бо душэўная хворасць Галера - гэта мне сёння як Божы дзень ясна - не выкрунтасы нейкага адзіночкі, а хвароба самой эпохі, неўроз той генерацыі, да якой належыць сам Галер, і падобна на тое, што неўроз гэты ахапіў не толькі слабых і непаўнавартасных індывідаў, зусім жа ж не, а якраз моцных, найбольш разумных і адораных.
Запісы - усё роўна, мала ці многа рэальных падзей закладзена ў іх - гэта спроба адолець вялікую хваробу эпохі бакавым манёўрам, не прыхарошваннем, а спробай зрабіць саму хваробу аб'ектам выяўлення. Яны ў поўным сэнсе гэтага слова - адыход у хаос запамрочанай душы, учынены з цвёрдым намерам прайсці праз пекла, падужацца з хаосам, адпакутаваць усё да канца.
Ключ да разумення гэтага дала мне адна заўвага Галера. Аднаго разу, пасля гутаркі пра так званыя жорсткасці сярэднявечча, ён сказаў мне:
– Насамрэч гэта ніякія не жорсткасці. Чалавеку сярэднявечча ўвесь лад нашага жыцця быў бы агідны, ён здаўся б яму не тое што жорсткім, а жахлівым і варварскім! У кожнай эпохі, у кожнай культуры, у кожнай сукупнасці звычаяў і традыцый ёсць свой уклад, свая адпаведная суровасць і мяккасць, сваё хараство і свая жорсткасць, нейкія пакуты здаюцца ёй натуральнымі, нейкае зло яна цярпліва трывае. Сапраўдным пеклам, пакутай чалавечае жыццё робіцца толькі там, дзе перасякаюцца дзве эпохі, дзве культуры і дзве рэлігіі. Калі б чалавеку антычнасці прыпала пажыць у сярэднявеччы, ён, бедалага, задыхнуўся б у ім, як задыхнуўся б дзікун у нашай цывілізацыі. Але ёсць эпохі, калі цэлае пакаленне аказваецца паміж дзвюма эпохамі, паміж двума ўкладамі жыцця ў такой ступені, што траціць усякую натуральнасць, усякую пераемнасць у звычаях, усякую абароненасць і беззаганнасць! Вядома, не ўсе адчуваюць гэта аднолькава. Такі чалавек, як Ніцшэ, загадзя выпакутаваў сённяшнюю бяду больш, чым на адно пакаленне раней за іншых, - тое, што ён перажыў у адзіноце, нікім не зразуметы, сёння перажываюць тысячы.
Гэтыя словы Галера, я часта ўзгадваў, чытаючы ягоныя запісы. Галер належыць да тых, хто апынуўся паміж дзвюма эпохамі, хто нічым не абаронены і назаўсёды страціў беззаганнасць, да тых, чый лёс - усю сумніўнасць чалавечага жыцця адчуваць з адмысловай сілай, як асабістую пакуту, як пекла.
У гэтым, здаецца мне, і ёсць сэнс, які могуць даць нам ягоныя запісы, і менавіта таму я наважыўся іх апублікаваць. А наогул жа я не хачу ні абараняць іх, ні выказваць пра іх сваё меркаванне, хай кожны чытач зробіць гэта, як дазволіць яму сумленне!
Нататкі Гары Галера. Толькі вар'ятам
Дзень прайшоў, як праходзяць усе дні, я забіў, я ціха даканаў яго сваім прымітыўным і баязлівым спосабам жыць; некалькі гадзін я працаваў, калупаўся ў старых кнігах, дзве гадзіны мне балела, як гэта наогул бывае ў пажылых людзей, я выпіў парашок і парадаваўся, што ўдалося перахітрыць боль, паляжаў у гарачай ванне, убіраючы ў сябе прыемнае цяпло, тры разы атрымаў пошту і прагледзеў усе непатрэбныя мне лісты і бандэролі, зрабіў зарадку на дыханне, а на розум ад ляноты сёння не засільваўся, гадзінку пахадзіў і папасвіў свае вочы на небе прыгожымі, далікатнымі, незвычайнымі ўзорамі перыстых аблокаў. Гэта было вельмі міла, як усё роўна чытаць старыя
Хто паспытаў смаку іншых дзён, ліхіх, з прыступамі падагры альбо з жахлівым болем галавы, угнездаваным за вачамі, які сваім д'ябальскім чарадзействам ператварае з радасці ў пакуту ўсякую дзейнасць, якой патрэбныя зрок і слых, альбо тых дзён духоўнага памірання, тых чорных дзён пустэчы і роспачы, калі сярод сплюндранай і высмактанай акцыянернымі кампаніямі зямлі чалавечы свет і так званая культура з іх ілжывым, танным, мішурным бляскам пацягаюць вас на ваніты, а самым невыносным іх асяродзішчам робіцца наша збалелая душа, - хто ведае гэтыя пякельныя дні, той вельмі задаволены нармальнымі, палавінчатымі днямі, як сённяшні; той удзячна грэецца каля цёплай печы, удзячна зазначае сабе, чытаючы ранішнюю газету, што і сёння, дзякаваць Богу, не грымнула вайна, не ўселася новая дыктатура, не выпаўзла ніякая асаблівая мярзота з палітыкі і эканомікі; той удзячна наладжвае струны сваёй заржавелай ліры на стрыманую, памяркоўна-радасную, амаль вясёлую падзякавальную псальму, якою наводзіць нудную няхэнць на сваё крыху прыглушанае бромам паўбожышча асалоды, і ў спёртым паветры гэтага задаволенага нуду, гэтай удзячнасці, хваравітасці яны, паўбожышча, якое, звесіўшы голаў, дзюбае носам, і паўчалавек, які з лёгкім пярэпалахам спявае нягучную псальму, абодва падобныя адно на аднаго, як блізнюкі.
Ладная штука - задаволенасць, бязбольнасць, гэтыя сцерпныя, унураныя дні, калі ні боль, ні радасць не адважваюцца і пікнуць, калі яны гавораць нішчачкам і ходзяць на дыбачках. Але ў мяне, на жаль, усё зусім інакш - гэтай задаволенасці я якраз і не трываю, яна хутка абрыдае мне, і я ў роспачы кідаюся ў іншыя кліматычныя паясы, па магчымасці дарогай радасці, а на блажэйшы канец і з дапамогай болю. Варта мне крыху пажыць без радасці і болю, падыхаць вялай і прэснай лагодай так званых добрых дзён, як дзіцячая душа мая напаўняецца безнадзейнай тугою, і я шпурляю заржавелую ліру падзякавання ў задаволены твар соннага божышча асалоды, і жар самага лютага болю мне мілей за гэтую здаровую хатнюю тэмпературу. Тут мяне забрала шалёная пацяга да моцных пачуццяў, сенсацый, дзікая злосць на шэрае, дробнае, унармаванае і стэрылізаванае жыццё, вар'яцкая патрэба спляжыць што-небудзь ушчэнт, магазін, напрыклад, сабор альбо самога сябе, учыніць якое-небудзь рассупоненае глупства, сарваць парыкі з якіх-небудзь шаноўных ідалаў, купіць якім-небудзь разбушаваным школьнікам прагна імі жаданыя білеты да Гамбурга, спакусіць дзяўчынку альбо скруціць вязы некалькім прадстаўнікам мяшчанскага правапарадку. Бо менавіта гэта я праклінаў, ненавідзячы ўсімі фібрамі душы больш за ўсё, - гэтую замілаванасць, гэтае здароўе, гэту ўлагоджанасць, гэты дагледжаны і выпеставаны аптымізм мешчаніна, гэты росквіт усяго пасрэднага, нармальнага, сярэдняга.
У такім настроі я і закончыў нікчэмны будны дзень, калі ўжо ён сама-сама ўвабраўся ў вечар. Закончыў яго не так, як бы яно было нармальна і карысна зняможанаму чалавеку, не лёг у падрыхтаваную пасцель, дзе мяне, як нажыўка, чакала грэлка, а, выканаўшы свой невялікі бязрадасны і астабрыдлы ўрок працы, панура абуўся, апрануўся і ў туманнай цемры выправіўся ў горад, каб у гатэлі «Сталёвы шалом» выпіць тое, што мужчыны, аматары выпіць, па старой прызвычайцы называюць «чарачкай гарбаткі».
Дык вось я спускаюся са сваёй мансарды па лесвіцах, па гэтых цяжкіх для пад'ёму лесвіцах чужыны, па чысценькіх, вылізаных лесвіцах добрапрыстойнага трохкватэрнага даходнага дома, на гарышчы якога і быў мой пакойчык. Не ведаю, чаму так бывае, але я, бязродны стэпавы ваўчыска, адзінец, вораг мяшчанскага свету, заўсёды жыву ў самых размяшчанскіх дамах, гэта мая старая слабіна. Не ў палацах і не ў пралетарскіх трушчобах, а ў гэтых занудлівых, прыстойных, бездакорна дагледжаных мяшчанскіх гнёздах, дзе пахне тэрпэнтынай і мылам, дзе палохаешся, пачуўшы, што дзверы параднага моцна ляпнулі, альбо ўвайшоўшы ў брудных чаравіках. Я змалку люблю гэтую атмасферу, і мая прыхаваная туга па сякіх-такіх тутэйшых падабенствах радзімы зноў і зноў безнадзейна вядзе мяне па раз'езджаных, выбоістых дарогах. І падабаецца мне кантраст паміж маім жыццём, маім адзінокім, без кахання, зацкаваным, да нязмогі бязладным жыццём і гэтай сямейна-мяшчанскай сферай. Я люблю ўдыхаць на лесвіцы пах цішыні, парадку, чысціні, прыстойнасці і ацуглянасці, пах, у якім заўсёды, нягледзячы на сваю нянавісць да мяшчанства, я знаходжу нешта кранальнае, люблю пераступаць парог свайго пакоя, дзе ўсё гэта ўраз канчаецца, дзе сярод гурбы кніг валяюцца недапалкі цыгараў і стаяць бутэлькі з-пад віна, дзе ўсё няўтульна, усё ў бязладдзі і запушчанасці і дзе ўсё - кнігі, рукапісы, думкі - пазначана і прасякнута горам адзінокіх, цяжкасцю людскога жыцця, сумам па новым асэнсаваным чалавечым жыцці, якое даўно страціла ўсякі сэнс.