Стэпавы воўк
Шрифт:
Вось ужо я мінуў араўкарыю. На другім паверсе гэтага дома лесвіца вядзе міма невялічкай пляцоўкі перад кватэрай, якая несумненна бездакорнейшая, чысцейшая, прыбранейшая больш за ўсе іншыя, бо гэтая пляцовачка проста ззяе звышлюдскай дагледжанасцю, яна - маленькі храм парадку. На паркетнай падлозе, на якую страх бярэ ступіць, стаяць, чыста дзве цацкі, услончыкі, і на кожным па вялікім вазоне, у адным расце азалія, у другім даволі прыгожая араўкарыя, здаровае, ужо выноснае дрэўца, свайго роду дасканаласць, кожная іголачка, кожная галінка прамытая да бляску. Часам, калі ведаю, што мяне ніхто не бачыць, я карыстаюся гэтым месцам як храмам, саджуся пад араўкарыю на прыступку, трошкі адпачываю, складваю малітоўна рукі і багавейна гляджу ўніз, на гэты райскі садок парадку, які вярэдзіць душу і сэрца сваім кранальным выглядам і смешнай адзінокасцю. За гэтай пляцоўкай, як бы пад свяшчэнным ценем араўкарыі, мне бачыцца кватэра, поўная блішчастага чырвонага дрэва, бачыцца жыццё, поўнае здароўя, жыццё, у якім рана ўстаюць, выконваюць свае абавязкі, больш-менш весела спраўляюць сямейныя святы, ходзяць у нядзелю ў кірху і рана кладуцца спаць.
З удаванай лёгкасцю сэрца ішоў я па сырым асфальце вуліц; плачучы і расплываючыся, глядзелі праз халодную імжаку агні лятарняў і высмоктвалі з мокрай зямлі прыцьмёныя адбіткі саміх сябе. Мне прыгадаліся прызабытыя гады маладосці - як любіў я тады такія цёмныя
З гэтымі прывычнымі ўжо думкамі ішоў я далей па мокрым асфальце праз адну найбольш зацішную і старую дзяльніцу горада. Насупраць, па той бок вуліцы, стаяў у цемры стары шэры мур, на які я заўсёды любіў глядзець, такі стары, ён заўсёды так бестурботна стаяў паміж маленькай кірхай і зноў жа старой бальніцай, удзень вочы мае часта адпачывалі на яго няроўнай плоскасці, бо мала было такіх ціхіх, слаўных, маўклівых плоскасцяў у цэнтры горада, дзе на кожным квадратным метры гарлалі свае імёны то крама, то адвакат, то вынаходнік, то ўрач, то цырульнік альбо мазольных справаў майстар. Старавечны гэты мур і цяпер быў, я бачыў, у цішы і спакоі, але нешта-такі ў ім перамянілася, я разгубіўся, калі ўбачыў пасярэдзіне яго прыгожую брамку са стрэльчатым скляпеннем, бо не мог сказаць, была яна тут заўсёды, а ці толькі нядаўна паявілася. Выгляд у яе, несумненна, старым-стары-замшэлы; мусіць, ужо шмат стагоддзяў таму назад гэтая замкнутая брамка з цёмнай драўлянай палавінкай вяла ў які-небудзь заспаны кляштарны двор, ды і сёння, мабыць, вяла туды ж, хоць ад кляштара нічога не засталося, і, мусібыць, я яе сотні разоў бачыў, але проста не заўважаў, можа быць, яе пафарбавалі нанава, і таму яна далася мне ў вочы. У кожным разе, я спыніўся і ўважліва паглядзеў туды, але не пайшоў на той бок, надта ж бо раскіс мокры брук; я стаяў на тратуары і толькі глядзеў туды, было ўжо досыць цёмна, і мне здалося, што брамка ўпрыгожана вянком ці тое нечым стракатым. І, прыгледзеўшыся лепш, я ўбачыў над брамкаю светлую шыльду, на якой, так мне здалося, было нешта напісана. Я напружыў вочы і нарэшце, нягледзячы на бруд і лужыны, перайшоў на па-той бок. Тут я ўбачыў над брамкаю, на шэра-зялёным ад старасці муры, цьмяна асветленую пляму, па ёй хуценька беглі стракатыя літары, яны адразу знікалі, вярталіся і зноў рассейваліся. Ну вось, падумаў я, цяпер і гэты стары слаўны мур спаганілі светлавой рэкламай! Між тым я разабраў некалькі слоў, прачытаць іх было цяжка, даводзілася больш здагадвацца, літары з'яўляліся нераўнамерна, вельмі бледныя і невыразныя, і вельмі хутка тухлі. Чалавек, які збіраўся правярнуць на гэтым справунак, вынаходлівасцю не вызначаўся, ён быў Стэпавы воўк, бедалага; чаму ён запусціў свае літары сюды, на гэты мур, у самым цёмным закутку старамесця, такою парою, ды яшчэ ў халепу, калі тут ніхто не ходзіць, і чаму яны такія лёткія, такія эфірныя, такія вычудліва-неразборлівыя? Але вось нарэшце-такі мне ўдалося злавіць некалькі слоў падрад, а менавіта:
Я паспрабаваў адчыніць брамку; цяжка, старая клямка запала і не паддавалася, колькі я ні ціскаў. Гульня літар скончылася, спынілася раптоўна, маркотліва зразумеўшы сваю марнасць. Я адступіўся крыху назад, улез у самую гразюку, літары больш не з'яўляліся, гульня іх патухла, я доўга стаяў у гразі і чакаў, але дарма.
І раптам, калі ўжо перастаў чакаць і вярнуўся на тратуар, перад мною, адбіўшыся ў асфальце, прамільгнула некалькі літар.
Я прачытаў:
Я прамерз, але яшчэ доўга прастаяў, чакаючы далей. Але далей - больш нічога. І калі я яшчэ стаяў і думаў пра тое, як прыгожа мільгаюць агеньчыкі літар на вільготным муры і ў чорным бляску асфальту, да мяне раптам вярнуўся абрывак маіх ранейшых думак - параўнанне са светлым следам, які раставаў удалечыні.
Я моцна скалеў і пайшоў з мараю пра гэты след, з сумам пра брамку ў магічны тэатр, даступны толькі вар'ятам. Тым часам я выйшаў у раён рынка, дзе не было недахопу ў вячэрніх забавах, на кожным кроку тут віселі афішы і заклікалі надпісы: жаночая харавая капэла - вар'етэ - кіно - танцы, але ўсё яно было не маё, было для «ўсіх», для нармальных людзей, якія на самай справе ўсюды, як я бачыў, тлуміліся ў пад'ездах. І ўсё ж мая маркота крыху рассеялася, да мяне ўсё-такі дайшло вітанне з іншага свету, скокі некалькіх каляровых літар гралі ў маёй душы і закранулі патайныя струны, залаты след зноў замільгатаў.
Я знайшоў дапатопную забягалаўку, дзе з майго першага прыезду ў горад, гадоў дваццаць таму назад, нічога не змянілася, і гаспадыня ўсё яшчэ тая, і многія цяперашнія госці праседжвалі тут і тады і на тых самых месцах, за тымі самымі «чарачкамі». Я зайшоў у гэты сціплы прытулак, тут было сховішча. Толькі і ўсяго, праўда, такое самае, як там на лесвіцы перад араўкарыяй, тут я таксама не знаходзіў ні радзімы, ні грамадства, а знаходзіў толькі як глядач зацішнае месцейка перад сцэнай, дзе чужыя людзі гралі чужыя п'есы, але нават і гэты зацішак быў нечагась варты: ні шматлюдства, ні гаму, ні музыкі, толькі некалькі спакойных абываталяў за незасланымі драўлянымі столікамі (ні мармуру, ні эмаліраванага металу, ні плюшу, ні медзі), і перад кожным - вечаровы напой - добрае, дабротнае віно. Можа, гэтыя некалькі застольцаў са знаёмымі мне тварамі былі самыя сапраўдныя філістары, і дома ў іх, у іх філістарскіх кватэрах, стаялі прылізаныя дамовыя алтары перад тупымі ідаламі задаволенасці, а можа, яны былі, як і я, адзінокія, спанталычаныя ў дарозе забулдыгі, якія задуменна тапілі ў віне свае збанкрутаваныя ідэалы, такія самыя стэпавыя ваўкі і небаракі, як і я; гэтага я не ведаў. Кожнага з іх цягнула сюды нейкая свая настальгія, нейкая расчараванасць, нейкая патрэба перамены, жанаты шукаў тут атмасферы сваёй халасцякай пары, стары чыноўнік - водгаласу свайго студэнцтва, усе яны былі даволі маўклівыя, і ўсе пілі, сядзелі, як і я, за бутэлькай эльзаскага, а не перад жаночай харавой капэлай. Тут я кінуў якар, тут можна было пранэндзіць гадзіну, а тое і дзве. Адпіўшы эльзаскага, я адразу адчуў, што з самае раніцы нічога не еў.
Проста дзіва, чаго толькі чалавек не глытае! Хвілін дзесяць я чытаў нейкую газеціну, запускаючы ў сябе праз вочы дух нейкага безадказнага чалавека, які на ўсю храпу перажоўвае са сваёй слінай чужыя словы, а пасля, не стравіўшы іх, выблёўвае назад. Гэтага я праглынуў цэлы слупок. А пасля зжэр добры кавалак вантробкі, выразанай з забітага цяляці. Дзівосы! Самае лепшае было эльзаскае. Я не любіў, прынамсі, па буднях, дзікіх, моцных вінаў, якія даюць у галаву і славяцца сваім адмысловым смакам. Мне даспадобы зусім чыстыя, лёгкія, сціплыя мясцовыя віны без ніякіх там мудрагелістых назваў, іх можна піць памногу, і яны так прыемна аддаюць вясковасцю, зямлёй, небам і лесам. Шклянка эльзаскага і скібка добрага хлеба - самае лепшае. Але я ўжо з'еў порцыю вантробкі з рэдка калі бывалай асалодай, - увогуле ж, я нячаста ем мяса, - і перад мною стаяла другая шклянка. Дзівосна было і тое, што дзесьці ў зялёных далінах здаровыя, мілыя людзі даглядаюць вінаград, чавяць з яго сок, каб у розных канцах зямлі, далёка-далёка ад іх, нейкія расчараванцы, амаль ужо спітыя і растрэсеныя жыццём стэпавыя ваўкі набіраліся бадзёру і жвавасці з «чарачак гарбаткі».
Па-мойму, гэта было дзівосна! Было добра, гэта дапамагло, прыйшоў настрой. Слоўная каша газетнага артыкула, хоць і позна, але надала мяне на смех палёгкі, і тут раптам я ўзгадаў старую мелодыю таго піяна, яна ярка паднялася ўва мне, як маленькая мыльная бунька, бліснула, паменшылася і адбіла ў сабе цэлы свет, і зноў мякка распалася. Калі б гэтая нябесная маленькая мелодыя ўпотай пусціла карані ў маёй душы і раптам зноў зацвіла ўсімі каштоўнымі фарбамі сваёй яркай кветкі, то ці ж я прапаў бы канчаткова? Хай я, звер, заблудзіўся, не разумею вакольнага свету, але ж нейкі сэнс у маім ідыёцкім жыцці быў-такі, быў, нешта ўва мне адгукалася на покліч з далёкіх вышыняў, нешта ўлоўлівала яго, і ў мозгу маім роем раіліся тысячы малюнкаў.
Гурты анёлаў Джота з маленькай царкоўнай столі ў Падуі, а побач ступалі Гамлет і Афелія ў вянку, прыгожыя сімвалы ўсіх скрухаў і непаразуменняў свету; стоячы ў палаючым шары, трубіў у рог Джаноцца, Аціла Шмэльцле нёс у руцэ свой новы капялюш, Барабудур падымаў угору да неба гару сваіх скульптураў. Не бяда, што ўсе гэтыя цудоўныя вобразы жывуць у тысячах іншых сэрцаў, было яшчэ дзесяткі тысяч іншых невядомых карцін і гукаў, чыёй радзімай, чыім празорчым вокам і чуйным вухам была толькі мая душа. Старая бальнічная сцяна ў шэра-зялёных плямах, у трэшчынах і драпінах якой угадваліся тысячы фрэсак, - хто даў ёй адказ, хто ўпусціў яе ў сваё сэрца, хто любіў яе, хто адчуваў чароўнасць яе прытухлых фарбаў? Старыя кнігі манахаў з мяккімі мініяцюрамі, кнігі нямецкіх паэтаў двухсотгадовай і стогадовай даўнасці, забытыя іх народам, усе гэтыя пашкуматаныя, адсырэлыя тамы, друкаваныя і рукапісныя старонкі старадаўніх музыкаў, тоўстыя, жаўтлявыя лісты нотнай паперы з застылымі гукавымі відзежамі - хто чуў іх разумныя, іх хітраватыя і знуджаныя галасы, хто пранёс у сабе іх дух і іх чароўнасць праз іншую, ахаладзелую да іх эпоху? Хто ўспамінаў пра той маленькі, упарты кіпарыс на гары над Губіо, які быў зламаны і расшчэплены лавінай, але ўсё-такі захаваў жыццё, і запусціў сабе новую, хай і не такую густую чупрыну? Хто аддзякаваў гасціннай гаспадыні з другога паверха і яе вымытай да бляску араўкарыі? Стэпавы воўк. А хто шукаў за руінамі свайго жыцця расплылы сэнс, пакутаваў, што з выгляду жыў недалужна і бязглузда, жыў тым, што бяздумна, таемна спадзяваўся на адкрыццё і блізкасць Бога нават у апошнім вэрхале і хаосе.
Я затрымаў у руцэ шклянку, у якую гаспадыня зноў хацела наліць, і ўстаў. Годзе віна. Залаты след бліснуў, нагадаўшы пра вечнае, пра Моцарта, пра зоркі. Я зноў мог нейкі час дыхаць, мог жыць, меў нахабства існаваць, мне не трэба было пакутаваць, баяцца, саромецца.
Дробны дождж распырскваўся ад ветру, біў у ліхтары і іскрыўся шкляным бляскам, калі я выйшаў на аціхлую вуліцу. Куды цяпер? Калі б у гэты момант адбыўся цуд і магло спраўдзіцца любое маё жаданне, перад мною цяпер адкрылася б невялікая прыгожая зала ў стылі Людовіка Шаснаццатага, дзе некалькі харошых музыкаў прайгралі б мне дзве-тры п'есы Гендэля і Моцарта. Цяпер гэта якраз упасавала б майму настрою, я смакаваў бы халодную, высакародную музыку, як багі нектар. О, калі б цяпер у мяне быў сябар, сябар у якім-небудзь пакойчыку на гарышчы, і каб сядзеў ён задумліва пры свечцы, а побач ляжала б ягоная скрыпка! Я прабраўся б у яго начную цішыню, бясшумна пракраўся б па лесвіцах і застаў бы яго знянацку, уроспалаш, нахапам, і мы адсвяткавалі б некалькі незямных гадзін гутаркай і музыкай! Калісьці ў зышлыя гады я часта меў такое шчасце, але з часам яно аддалілася і сышло ад мяне, паміж тымі днямі і цяперашнімі гадамі пралеглі жухлыя гады.