Стэпавы воўк
Шрифт:
Уявіце сабе сад з сотнямі відаў дрэў, з тысячамі відаў кветак, з сотнямі відаў пладоў, з сотнямі відаў траў. Калі садоўнік гэтага саду не ведае ніякіх батанічных адрозненняў, апрача «ядомае» і «пустазелле», дык ад дзевяці дзесятых ягонага саду яму ніякага толку не будзе, ён вырве самыя чароўныя кветкі, высеча самыя высакародныя дрэвы альбо, прынамсі, зненавідзіць іх і будзе коса на іх зіркаць. Так робіць і Стэпавы воўк з тысячамі кветак сваёй душы. Што не падыходзіць пад рубрыкі «чалавек» альбо «воўк», таго ён проста не бачыць. А чаго ён толькі не далучае да «чалавека»! Усё баязлівае, усё напускное, усё дурное і дробязнае, бо яно не ваўчынае, ён далучае да «чалавека», а ўсё моцнае і высакароднае, толькі таму, што яшчэ не зрабіўся сам сабе панам, прыпісвае свайму воўчаму пачатку.
Мы развітваемся з Гары, мы даём яму адзінока ісці далей ягонай дарогай. Калі б ён ужо быў несмяротны, калі б ён ужо быў там, куды, здаецца, вядзе яго цярністы шлях, хай бы здзіўлена глянуў на гэтыя выгіны, на гэты збянтэжаны, на гэты нерашучы паварот усёй
Дачытаўшы да канца, я ўспомніў, што некалькі тыдняў таму назад, неяк уначы, я напісаў дзіўны верш, дзе гаворка таксама ішла пра Стэпавага ваўка. Я перакапаў кучу папер у сваім напіхам поўным пісьмовым стале, знайшоў гэты лісток і прачытаў:
Я Стэпавы воўк, гойсаю і блукаю, заснежаны край паўсюль, з бярозы крылом крумкач махае - і ані зайцоў нідзе, ні казуль! А казульцы шчыра я ўнараўлю, знайсці б якую ў блуканні! Я вазьму яе зубамі, абдыму рукамі, красуню маю, прыгарну, прытулю. Ад поўніцы сэрца прылашчу любоў, храсточкамі іклы свае ўскаромлю, і вып'ю ў экстазе гарачую кроў, і знуджана выцьму ўсю ноч на поўню. Нават зайца меў бы за ласны кавалак: ноччу цёплае мяса - гасцінчык ваўку. Як жа мне доля такая прыпала, што ў самоце свой век валаку? У вачах прытулілася старасці цьма, ужо хвост увабраўся ў сівізну, мілай жонкі каторы год як няма а я гойсаю ўсё і казуляй трызню. А я зайцамі трызню норавам воўчым, вецер свішча ў зімовыя ночы, снегам жар астуджаю ў горле і душу аддаць д'яблу ўжо горне.І вось у мяне ў руках два мае партрэты - аўтапартрэт з рыфмаваных кнітэльвэрсаў, такі ж журлівы і трывожны, як і я сам, і партрэт, напісаны холадна і з выгляду аб'ектыўна старонняй асобай, які глядзіць на мяне збоку, зверху ўніз, і ведае больш, але ўсё-такі менш за мяне. І абодва гэтыя партрэты разам, мае заіклівыя вершы і разумны эцюд невядомага аўтара дакучалі мне балюча, абодва яны былі правільныя, абодва без прыхарошвання паказвалі ўсю немарасць майго жыцця, абодва ясна паказвалі нязноснасць і няўстойлівасць майго стану. Гэты Стэпавы воўк павінен быў памерці, павінен быў сваёй рукой пакончыць са сваім ненавісным жыццём - альбо надосталь пераплавіцца ў смяротным агні абноўленай самаацэнкі, сарваць з сябе маску і выправіцца ў дарогу да новага «я». Ах, гэты працэс не мог быць мне новым і незнаёмым, я ведаў яго, я ўжо няраз праходзіў праз яго ў крайняй роспачы. Кожнага разу падчас гэтай цяжкай ломкі разбівалася маё ранейшае «я», кожнага разу глыбінныя сілы тармасілі і разбуралі яго, кожнага разу пры гэтым нейкая запаветная і моцна любімая частка майго жыцця здраджвала мне і губілася. Аднаго разу я страціў сваю мяшчанскую рэпутацыю разам са сваім станам і мусіў паступова адмовіцца ад павагі нават у тых, хто да таго здымаў перад мною капялюш. Другім разам паламалася маё сямейнае жыццё, мая душэўна хворая жонка прагнала мяне з дому, з наладжанага быту, каханне і давер раптам ператварыліся ў нянавісць і смяротную варажнечу, суседзі глядзелі мне ўслед з жалем і пагардай. Вось тады і пачалася мая ізаляцыя. А праз некалькі гадоў, праз гэтыя некалькі цяжкіх, горкіх гадоў, калі я адзінокі і, дзякуючы строгай самадысцыпліне, збудаваў сабе новае жыццё, заснаванае на аскетызме і духоўнасці, калі я, аддаўшыся абстрактнай практыкоўцы розуму і строга ўпарадкаванай медытацыі, зноў дасягнуў пэўнай цішыні, пэўнай вышыні, гэты лад жыцця таксама неспадзявана абваліўся, таксама раптам страціў свой высакародны, высокі сэнс; я зноў кідаўся па свеце ў дзікіх, напружаных паездках, назапашваліся новыя пакуты і новая віна. І кожнага разу гэтаму здзіранню маскі, гэтаму абвалу ідэала папярэднічалі такая самая жахлівая пустата і цішыня, такая самая смяротная скаванасць, ізаляванасць і адчужанасць, такая самая пустэльня абыякавасці і роспачы, як тыя, праз якія я зноў праходзіў цяпер.
Пры кожным такім узрушэнні майго жыцця я ў выніку нешта здабываў, гэтага не адымеш, рабіўся больш свабодны, больш духоўны, глыбейшы, але ж і больш самотны, больш незразумелы, халаднейшы. У мяшчанскім сэнсе жыццё маё было пастаянным, ад узрушэння да ўзрушэння, заняпадам, усё большым аддаленнем ад нармальнага, дазволенага, здаровага. З гадамі я зрабіўся чалавекам без пэўных заняткаў, без сям'і, без радзімы, апынуўся па-за сацыяльнымі групамі, адзін, ніхто мяне не любіў, многім я быў падазроны, быў увесь час у жорсткім канфлікце з грамадскай думкай і мараллю грамадства, і хай сабе я яшчэ жыў у мяшчанскім асяроддзі, але сваімі думкамі і пачуццямі быў ўсярэдзіне гэтага свету чужы. Рэлігія, бацькаўшчына, сям'я, дзяржава не мелі ў мяне ніякай вартасці, яны мне ніяк не абыходзілі, славалюбства навукі, мастацтвы, цэхі
Ах во, - я добра ведаў гэтыя адчуванні, гэтыя перамены, ушыкаваныя лёсам сваім наравістым дзецям, ад якіх столькі ўсялякіх турботаў, добра бо я іх ведаў. Я ведаў іх як ганарлівы, але няўдачлівы паляўнічы ведае ўсе этапы палявання, як стары біржавік ведае ўсе этапы спекуляцыі, выйгрышу, няўпэўненасці, ваганняў, банкруцтва. Няўжо мне і праўда даводзілася праходзіць праз усё гэта? Праз усю гэту муку, праз усе гэтыя ваганні, праз усе гэтыя сведчанні нізкасці і нікчэмства свайго «я», праз усю гэтую жахлівую боязь паразы, праз увесь гэты страх смерці? Ці не лягчэй было б, ці не прасцей прадухіліць паўтор столькіх пакутаў і даць лататы? Ну так, гэта было б і прасцей, і разумней. Што б там ні пісалі наконт «самагубцаў» у брашуры пра Стэпавага ваўка, ніхто не мог пазбавіць мяне прыемнасці з дапамогай свяцільнага газу, брытвы альбо пісталета ўнікнуць паўтору працэсу, пакутлівы боль ад якога я, далібог, перажываў ужо даволі часта і глыбока. Не, чорт пабяры, ніякая сіла на свеце не прымусіць мяне яшчэ раз задрыжаць перад смерцю ад жаху, яшчэ раз перарадзіцца і пераўвасобіцца, прычым адно дзеля таго, каб здабыць нарэшце мір і спакой, а не дзеля новага самазнішчэння, не дзеля новага перараджэння! Хай самазабойства - гэта глупства, баязлівасць і подласць, хай гэта бясслаўны, ганебны выхад - любы, нават самы ганебны выхад з гэтага млына пакутаў няма ладу які харошы, тут ужо няма чаго гуляць у высакародства і гераізм, тут я стаю перад простым выбарам паміж маленькім, кароткім болем і неверагодна жорсткай, бясконцай пакутай. У сваім такім цяжкім, такім шалёным жыцці я даволі часта бываў высакародным донкіхотам і аддаваў перавагу частцы - зручнасці, а гераізм - розуму. Годзе, хопіць з мяне!
Раніца пазяхала ўжо ў вокны, свінцовая, халерная раніца дажджлівага зімовага дня, калі я нарэшце лёг. У ложак я ўзяў і сваё рашэнне. Але ўскрай свядомасці, на яе апошняй мяжы, калі ўжо я засынаў, перад мною прабліснула тая дзіўная старонка брашуры, дзе гаворка ішла пра «несмяротных», і я ўспомніў, што няраз і нават зусім нядаўна адчуваў сябе даволі блізкім да несмяротных, калі ў адным такце старадаўняй музыкі ўлавіў халодную, светлую, сурова-ўсмешлівую мудрасць несмяротных. Гэта ўзнікла, прабліснула, патухла, і цяжкі, як гара, сон атуліў мой лоб.
Прачнуўшыся пад полудзень, я адразу адчуў яснасць сітуацыі: брашурка мая і вершы ляжалі на тумбачцы, і маё рашэнне, якое даспела і памацнела за ноч у сне глядзела на мяне прыветліва-халодна з хаосу майго жыцця апошняга часу. Спяшацца не было куды, маё рашэнне памерці не было мімалётнай прыдумкай, капрызам апошняй гадзіны, гэта спелы, крамяны плод, які выспяваў і цяжэльшаў павольна і быў гатовы ўпасці ад першага ж парыву ветру лёсу, які цяпер яго ціхенька пакалыхваў.
У мяне ў дарожнай аптэчцы быў выдатны сродак ад болю, моцны прэпарат опіуму, карыстацца ім я дазваляў сабе вельмі рэдка, і маёй паўстрымлівасці часта хапала на некалькі месяцаў; гэты аглушальны сродак я прымаў толькі пры нясцерпна пакутлівым болі. На самазабойства ён, на жаль, быў непрыдатны, шмат гадоў таму назад я пераканаўся ў гэтым на практыцы. Аднойчы, падчас чарговага наплыву роспачы, я праглынуў вялікую дозу гэтага прэпарату, дастатковую, каб забіць шасцёх, але мяне гэта не забіла. Я, што праўда, заснуў і праляжаў некалькі гадзін у поўным забыцці, але потым, на жахлівае расчараванне, прачнуўся ад страшэннай рэзанкі ў жываце, званітаваў, не зусім ачомаўшыся, усю прынятую атруту і зноў заснуў, каб ужо канчаткова прачнуцца толькі ў сярэдзіне наступнага дня - мярзотна цвярозы, з выпаленым, пустым мозгам і амаль начыста адбітай памяццю. Ніякіх іншых наступстваў, акрамя часовага бяссоння і боляў у страўніку, атручэнне не мела.
Гэты спосаб, значыцца, адпадаў. Але маё рашэнне прыняло цяпер такую форму: калі ў мяне ўсё пойдзе так, што я змушаны буду скарыстацца сваім опіумным зеллем, мне дазваляецца замяніць гэта кароткае збавенне збавеннем вялікім, смерцю, прычым смерцю пэўнай, надзейнай, ад кулі альбо ад брытвы. Цяпер становішча прасветлілася; чакаць свайго пяцідзесяцігоддзя, як дасціпна раіла брашурка, трэба было, на мой погляд, надта ж бо доўга, да яго заставалася яшчэ два гады. Няважна, праз год, ці праз месяц, ці ўжо заўтра - але дзверы былі адчыненыя.
Не скажу, што «рашэнне» моцна перамяніла маё жыццё. Яно крыху з'абыякавіла мяне да хворасцяў, крыху збестурбоціла ва ўжыванні опіуму і віна. Крыху панукала да мяжы трывальнага, а і не больш за тое. Мацней дзейнічалі іншыя ўражанні таго вечара. Трактат пра Стэпавага ваўка я часам перачытваў то з захапленнем і ўдзячнасцю, быццам прызнаваў, што нейкі там маг мудра скіроўвае мой лёс, то з пакеплівай пагардай да цвярозасці трактата, які, як мне падалося, зусім не ўлічваў спецыфічнай напружанасці майго жыцця. Усё, што там сказана пра стэпавых ваўкоў і самагубцаў, магчыма, было разумна і выдатна, але яно датычылася цэлай катэгорыі, тыпу ў сваёй аснове, было таленавітай абстракцыяй; прыватны лёс такой грубай сеткай, здавалася мне, не зловіш.