Стэпавы воўк
Шрифт:
Вось як яно было ў Стэпавага ваўка, і можна сабе ўявіць, што жыццё ў Гары было не вельмі прыемнае і шчаслівае. Але гэта не азначае, што ён быў нешчаслівы ў нейкай асаблівай меры, хоць яму самаму менавіта так і здавалася, бо кожны ж чалавек лічыць пакуты, якія выпалі на яго долю, найвялікшымі. Так нельга казаць ні пра каго. І той, у кім няма ваўка, не канечне шчаслівы менавіта з гэтай прыгоды. Ды і ў самым нешчаслівым жыцці пракідаюцца свае вельмі светлыя часіны і свае кветачкі шчасця сярод пяску і камення. Так было і ў Стэпавага ваўка. Большасцю ён бываў вельмі няшчасны, гэтага не аспрэчыш, і рабіў няшчаснымі іншых - калі любіў іх, а яны яго. Бо ўсе, каму здаралася палюбіць яго, бачылі толькі адзін ягоны бок. Шмат хто любіў яго як тонкага, разумнага і самабытнага чалавека і потым, калі раптам ашчэрваўся ў ім воўк, жахаліся і запаняверваліся. А не выявіць яны не маглі, бо Гары, як і кожны, хто хацеў, каб яго любілі ўсяго цалкам, не мог схаваць за ілжою ваўка менавіта ад тых, чыя любоў мела для яго вагу. Але былі і такія, якія любілі ў ім якраз ваўка, якраз свабоду, дзікасць, небяспечную неацуглянасць, і іх ён зноў жа страшэнна расчароўваў і засмучаў, калі раптам выяўлялася, што гэты дзікі, злосны воўк - яшчэ і чалавек, яшчэ і сумуе па дабрыні і ласцы, яшчэ і хоча слухаць Моцарта, чытаць вершы і мець чалавечыя ідэалы. Менавіта гэтыя «такія» звычайна і перажывалі асабліва вялікае расчараванне і асаблівую злосць і прыкрасць,
Але хто думае, нібыта ведае Стэпавага ваўка і здольны ўявіць сабе яго жалю вартае, растурзанае супярэчнасцямі жыццё, той памыляецца, ён ведае далёка не ўсё. Ён не ведае (а правілаў жа без выключэнняў няма, і адзін грэшнік пры нагодзе мілейшы Богу за дзевяноста дзевяць праведнікаў), што ў Гары таксама ж бывалі шчаслівыя выключэнні, што ў ім часам воўк, а часам чалавек дыхаў, думаў і адчуваў на поўніцу сваёй сілы, што, бывала, нават у вельмі рэдкія часіны, яны заключалі мір і жылі ў добрай згодзе, прычым не проста адзін спаў, калі другі чуваў, а абодва падтрымлівалі адзін аднаго і кожны рабіў другога ўдвая мацнейшым. Часам і ў жыцці Гары, як усюды ў свеце, усё звыклае, буднае, знаёмае і правільнае мела, здавалася, адзіную мэту - адпачыць хвіліну-другую, прыпыніцца і саступіць месца нечамусь незвычайнаму, цуду, мілаце. А ці палягчалі, а ці памякчалі гэтыя кароткія, рэдкія часіны шчасця ліхую долю Стэпавага ваўка, ці ўраўнаважваліся пакута і шчасце, ці кароткае, але моцнае шчасце тых нячастых часінаў, не кажучы ўжо, ці перакрывала ўсю сукупнасць пакутаў, - гэта ўжо іншае пытанне, над якім хай варочаюць глуздамі людзі, якія прывыклі да марнай траты часу. Думаў над ім часта і Стэпавы воўк, і гэта былі яго пустыя і бескарысныя дні.
Але тут след укінуць яшчэ адну заўвагу. Людзей тыпу Гары на свеце - пропадзь, і да гэтага тыпу належаць, у прыватнасці, многія мастакі. Ува ўсіх гэтых людзей дзве душы, дзве істоты, боскі пачатак і д'ябальскі, матчына і бацькава кроў, здольнасць да шчасця і здольнасць да пакуты змяшаліся і перамяшаліся ў іх гэтак сама варожа і бязладна, як чалавек і воўк у Гары. І гэтыя людзі, чыё жыццё досыць неспакойнае, адчуваюць часам у свае рэдкія імгненні шчасця такую сілу, такую неверагодную прыгажосць, шумавінне імгненнай талані падымаецца часам настолькі высока і сляпуча над морам пакуты, што прамяні ад той кароткай успышкі шчасця даходзяць і да іншых і іх зачароўваюць. Так, каштоўным лятучым шумам над морам пакуты, узнікаюць усе тыя творы мастацтва, дзе адзін пакутнік на гадзіну падняўся над сваім лёсам аж так высока, што ягонае шчасце ззяе, як зорка, і ўсім, хто бачыць гэтае ззянне, яно здаецца нечым вечным, здаецца яго асабістай марай пра шчасце. Ува ўсіх такіх людзей, як бы ні называліся іхнія дзеі і творы, жыцця, калі шчыра, бадай што і няма, гэта значыць, іхняе жыццё не ёсць быццё, не мае пэўнай формы, яны не героі, не мастакі, не мысляры ў тым разуменні, у якім іншыя з'яўляюцца суддзямі, урачамі, шаўцамі альбо настаўнікамі, не, іхняе жыццё - гэта вечны, пакутлівы рух і хваляванне, яно няшчаснае, яно стурзанае і растурзанае, яно жахлівае і бессэнсоўнае, калі не лічыць сэнсам якраз тыя рэдкія падзеі, дзеі, думкі, творы, што ўспыхваюць над хаосам іхняга жыцця. У асяроддзі людзей гэтага тыпу ўзнікла небяспечная і страшная ідэя, што, можа, усё жыццё чалавечае - проста ліхая памылка, праматчын скідзень, дзікі, жахліва няўдалы эксперымент прыроды. Але ў іх жа асяроддзі ўзнікла і другая ідэя - што чалавек, магчыма, не проста жывёла, надзеленая пэўным розумам, а дзіця багоў, якому наканавана неўміручасць.
У кожнага чалавека ёсць свае прыкметы, ёсць адмысловыя рысы, у кожнага свае даброці і заганы, у кожнага - свой смяротны грэх. У Стэпавага ваўка гэта тое, што ён быў чалавекам вечара. Раніца ў яго была кепскай парою, якое ён баяўся і якая ніколі не прыносіла яму нічога людзкага. Ніколі ў жыцці раніцай ён не быў па-сапраўднаму вясёлы, ні разу не было, каб з раніцы ён зрабіў нешта добрае, раніцай яму ніколі не прыходзіла ў галаву ніякай добрай думкі, ні разу з раніцы ён і сабе нічога добрага не рабіў, не тое што, каб яшчэ і іншым. Толькі пасля полудня ён патроху цяплеў і ажыўляўся, і адно толькі ўжо падвечар, і тое ў добрыя дні, бываў плённы, дзейсны, а часам палкі і радасны. З гэтым і была звязана яго патрэба ў самоце і незалежнасці. Ніхто ніколі не адчуваў больш за яго пільнай патрэбы ў адзіноце. Яшчэ замаладзь, калі быў бедны і цяжка зарабляў на хлеб, ён галадаў і насіў на сабе ўсякія транты, але затое меў хоць якую там, але ж незалежнасць. Ён ніколі не прадаваўся ні за грошы, ні за якія даброты, ні жанчынам, ні магутам свету гэтага і, каб захаваць сваю свабоду, сотні разоў адкідаў тое, што іншыя лічылі ягоным шчасцем і выгодай. Нічога на свеце не было яму больш ненавісным і страшным, чым простая подумка, што што след яму засесці нейкую пасаду, неяк размеркаваць дзень і год, падпарадкоўвацца іншым. Кантора, канцылярыя, службовае памяшканне былі яму страшныя, як смерць, а самае кашмарнае, што магло прысніцца, быў палон казармы. Ён умеў ухіляцца ад усяго гэтага, часам цаною вялікіх ахвяраў. Тут праяўлялася яго сіла і годнасць, тут ён быў непахісны і непадкупны, тут яго нораў быў цвёрды і адназначны. Аднак з гэтай годнасцю былі зноў жа цесна звязаныя яго пакуты і лёс. Адбывалася з ім тое, што адбываецца з усімі: чаго ён шукаў і да чаго імкнуўся самымі глыбіннымі памкненнямі сваёй натуры, якраз яно і выпадала яму, але ў такой вялікай дозе, што ўжо не ішлося людзям на ніякае дабро. Спачатку гэта было яго марай і шчасцем, потым стала горкай доляй. Хто любіць уладу, памірае ад улады, хто любіць срэбра, памірае ад грошай, раб - ад рабства, шукальнік асалодаў - ад асалодаў. Так і Стэпавы воўк марнеў і гібеў ад сваёй незалежнасці. Ён дамогся жаданай мэты, ён рабіўся ўсё больш і больш незалежны, ніхто не мог яму нічога ўказаць, ні да кога ён не меўся прыстасоўвацца і, як яму паводзіцца, вызначаў сабе сам. Кожны моцны чалавек канечне дасягае таго, шукаць чаго собіць яго толькі ягоная ж натура. Але сярод дасягнутай свабоды Гары раптам адчуў, што свет неяк злавесна пакінуў яго ў спакоі, што яму, Гары, не да людзей і нават не да самога сябе, што ён спакваля задыхаецца ва ўсё больш пустым паветры адзіноты і ізаляцыі. Сталася так, што быць аднаму і быць незалежным - гэта ўжо не ягоная мара, не ягоная мэта, а ягоная доля, яго наканаванне - што чароўнае жаданне задумана і не можа быць адменена, што ён ужо нічога больш не паправіць, як бы ні прагнуў таго ў нудоце, як бы ні памыкаўся добрай воляй і гатовасцю да яднання з супольнасцю: цяпер яго пакінулі сам-насам з сабою. Пры гэтым ён зусім не абуджаў нянавісці і не быў агідны людзям. Больш за тое, у яго было вельмі шмат сяброў. Многім ён падабаўся. Але гэта была толькі сімпатыя і ветлівасць, яго запрашалі, яму дарылі дарункі, ліставаліся з ім мілымі пісьмамі, але збліжацца ніхто не збліжаўся, яднання не ўзнікала нідзе, ніхто не хацеў ды і не быў здольны дзяліць з ім ягонае жыццё. Вакол было цяпер паветра адзінокіх, тая ціхая атмасфера, тое аддаленне асяроддзя, тая няздатнасць да кантактаў, супроць чаго не мае сілы нават самая палкая воля. Гэта была, нябось, ці не самая важная пазнака яго жыцця.
Іншай адмысловасцю была яго прыналежнасць да самагубцаў. Тут след зазначыць,
Сказанае намі пра самагубцаў тычыцца, вядома, адно знешняга аспекту, - гэта псіхалогія, а значыцца, вобласць фізікі. З метафізічнага гледзішча ўсё інакш і нашмат больш ясна, бо пры такім падыходзе да яго «самагубцы» паўстаюць перад намі з пачуццём віны за сваю адасобленасць, паўстаюць душамі, якія бачаць сваю мэту не ў самаўдасканаленні і сваёй дасканаласці, а ў самаразбурэнні, у вяртанні да маці, да Бога, да сусвету. Вельмі многія з гэтых натураў зусім не здольныя ўчыніць калі-небудзь рэальнае самазабойства, бо глыбока прачулі яго грэшнасць. Але для нас яны ўсё ж самагубцы, бо збавенне яны бачаць у пагібелі, а не ў жыцці і гатовыя ахвяраваць сабою, знішчыць сябе і вярнуцца да пачаткаў.
Калі ўсякая сіла можа, а часам і павінна абярнуцца слабасцю, дык тыповы самагубца, наадварот, можа ператварыць сваю ўяўную слабасць у апору і сілу, і робіць гэта даволі часта. Прыклад - Гары, Стэпавы воўк. Як і тысячам падобных да яго, думка, што чалавек самахоць можа памерці ў любую хвіліну, была для яго не проста сумнай гульнёй фантазіі, не, у гэтай думцы ён знаходзіў апору і суцяшэнне. Так, як ува ўсіх людзей ягонага тыпу, кожнае ўзрушэнне, кожны боль, кожная кепская жыццёвая сітуацыя адразу ж абуджалі ў ім жаданне адцурацца ад іх з дапамогай смерці. Але паступова ён вывеў з гэтай сваёй схільнасці цэлую філасофію, проста карысную для жыцця. Інтымнае знаёмства з думкай, што запасны выхад заўсёды адчынены, давала яму сілу, надзяляла яго цікаўнасцю да болю і нягодаў, і, калі ўжо яго шчаміла досыць туга, ён часам думаў з жорсткай радасцю, неяк злосна нават: «Цікава падзівіцца, што здольны чалавек ператрываць! Бо калі цярпенне дойдзе да крэсу, мне варта толькі адчыніць дзверы, і - дагані мяне!» Ёсць вельмі шмат самагубцаў, якім гэтая думка дадае неймавернай сілы.
З другога боку, усім самагубцам знаёмая барацьба са спакусай пакончыць самагубствам. Нейкім краёчкам душы кожны ведае, што самагубства хоць і выйсце, але ўсё-такі крыху жалю вартае і незаконнае выйсце, што, у сутнасці, прыгажэй і высакародней быць забітым самім жыццём, чым сваёй рукой. Гэта веданне, гэты закалот сумлення, якое мае тую ж самую крыніцу, што і нячыстае сумленне ананістаў, штурхае большасць самагубцаў нястомна заядацца ў барацьбе з ліхой спакусай. Яны змагаюцца, як змагаецца клептаман са сваёй пахібай. Стэпаваму ваўку таксама была знаёмая такая барацьба, ён вёў яе, шматкроць мяняючы зброю. Нарэшце, дажыўшы да сарака сямі, ён надыбаў на адну шчаслівую не без гумару подумку, якая часта ўводзіла яго ў радасць. Ён рашыў, што яго пяцідзесяты дзень народзінаў будзе тым днём, калі ён дасца сабе нарэшце пакончыць з самім сабою.
У гэты дзень, так ён пастанавіў сабе, яму будзе можна скарыстацца альбо не скарыстацца запасным выхадам, у залежнасці ад настрою. І хай з ім здарыцца што заўгодна, хай ён захварэе, згалечыцца, хай на яго зваляцца пакуты і гора - усё абмежавана тэрмінам, усё можа доўжыцца максімум гэтыя некалькі гадоў, месяцаў, дзён, а іх лік з кожным днём меншаў! І праўда, цяпер ён лягчэй пераносіў усякія непамыслоты, якія раней мучылі б яго мацней і даўжэй, а то б жа і падсеклі пад корань. Калі яму чамусьці прыпірала асабліва блага, калі да пустаты, адзіноты і здзічэласці ягонага жыцця дадаваліся яшчэ якія-колечы асаблівыя немачы альбо страты, ён мог сказаць гэтым немачам: «Пачакайце, яшчэ два гады і - дазнаеце зводу!» І потым замілавана ўяўляў сабе, як раніцай, у дзень пяцідзесяцігоддзя, прыйдуць лісты і віншаванні, а ён, упэўнены ў сваёй брытве, развітаецца з усімі сваімі нягодамі і бразне за сабою дзвярмі. Ляснуцца ж тады і ламота ў касцях, і нудота, і боль у галаве і рэзанка ў чэраве!
Застаецца яшчэ растлумачыць феномен Стэпавага ваўка ў плане яго своеасаблівых адносінаў да мяшчанства і звесці абедзве з'явы да іх асноўных законаў. За зыходны пункт возьмем, як што яно само на язык просіцца, яго ўспрыманне «мяшчанскай» сферы!
Як ён сам сабе ўяўляў, Стэпавы воўк быў па-за мяшчанскім светам, бо не вёў сямейнага жыцця і не ведаў сацыяльнага гонару. Ён адчуваў сябе то адзінокім, дзіўным самотнікам, хворым пустэльнікам, то няма ладу якой асобай з задаткамі генія, пастаўленага па-над нормамі звычайнага жыцця. Ён свядома пагарджаў мешчанінам і ганарыўся, што сам не такі. І ўсё ж у пэўным сэнсе ён жыў па-мяшчанску: меў рахунак у банку і дапамагаў бедным родзічам, апранаўся хай і нядбала, але прыстойна і някідка, стараўся ладзіць з паліцыяй, падатковай управай і іншымі ўладамі. Апрача таго нейкая моцная, тайная пацяга ўвесь час надзіла яго да мяшчанскага свету, да ціхіх, прыстойных сямейных дамоў з іх дагледжанымі садкамі, чысценькімі лесвіцамі, з усёй іх сціплай атмасферай парадку і добрапрыстойнасці. Яму падабалася мець свае маленькія заганы і вычуды, адчуваць сябе староннім у мяшчанскім асяроддзі, нейкім адшчапенцам альбо геніем, але ён ніколі не жыў і не сяліўся ў тых, так бы мовіць, правінцыях, дзе мяшчанства больш няма. Ён не адчуваў сябе вольна ні сярод людзей выключных, што карыстаюцца сілай, ні сярод злачынцаў альбо бяспраўных і не пакідаў правінцыі мяшчанаў, з нормамі і духам якое заўсёды быў звязаны, нават калі сувязь тая вылівалася ў супраціўленне і бунт. Апрача таго, ён вырас у атмасферы дробнабуржуазнага выхавання і вынес адтуль мноства ўяўленняў і шаблонаў. Тэарэтычна ён нічога не меў супроць прастытуцыі, але асабіста быў няздольны прыняць прастытутку на сур'ёзе і шчыра паставіцца да яе як да роўні. Палітычнага злачынцу, бунтаўніка альбо духоўнага спакусніка ён мог палюбіць як брата, але для якога-колечы зладзюгана, рабаўніка, забойцы, садыста ў яго не знайшлося б нічога, акрамя мяшчанскай мілажальнасці і шкадобы.