Стэпавы воўк
Шрифт:
Такім парадкам, адной палавінай сваёй істоты ён заўсёды прызнаваў і пацвярджаў тое, што другой палавінай аспрэчваў і адмаўляў. Ён гадаваўся ў дагледжаным мяшчанскім доме, у строгім перайманні ўсталяваных формаў і звычаяў і часткай душы назаўсёды заставаўся прывязаны да завядзёнак гэтага свету, хоць даўно ўжо адасобіўся ў такой меры, якая ў мяшчанстве недапушчальная, і даўно вызваліўся ад сутнасці мяшчанскага ідэалу і мяшчанскай веры.
«Мяшчанства» ж, заўсёды сутны стан людзей, ёсць не што там якое, як спроба знайсці раўнавагу, як імкненне да нейтральнай сярэдзіны паміж безлічнымі крайнасцямі і полюсамі чалавечых паводзінаў. Калі ўзяць за прыклад якія-небудзь з гэтых полюсаў, скажам, процілегласць паміж святым і распуснікам, дык нашае прыпадабненне адразу станецца зразумелым. У чалавека ёсць магчымасць цалкам аддацца духоўнаму жыццю, наблізіцца да боскага пачатку, да ідэалу святога. Ёсць у яго, наадварот, і магчымасць цалкам аддацца сваім інстынктам, сваім пачуццёвым пожадзям і накіраваць усе свае высілкі на атрыманне імгненнай радасці. Адна дарога вядзе да святога, да пакутніка
Ясна, што гэтая кволая баязлівая істота, якія шматлікія ні былі б яе асобіны, не можа ацалець, што праз свае якасці яна не павінна граць у свеце іншай ролі, як толькі ролю статку ягнят сярод ваўкоў. І ўсё ж мы бачым, што хоць у часы, калі кіруюць натуры моцныя, мешчаніна адразу ж прыпіраюць да сцяны, ён тым не меней ніколі не гіне, а часам нават як бы і ўладарыць над светам. Як жа гэта так? Ні шматлікасць яго статку, ні дабрачынства, ні здаровы сэнс, ні арганізацыя не можа, здавалася б, выратаваць яго ад пагібелі. Таму, чые жыццёвыя сілы з самага пачатку падарваныя, не падоўжыць жыцця ніякая сіламоц на свеце. І ўсё-такі мяшчанства жыве, яно магутнае, яно квітнее. Чаму?
Адказ: праз стэпавых ваўкоў. Насамрэч жыццёвая моц мяшчанства трымаецца зусім не на ўласцівасцях яго нармальных прадстаўнікоў, а на ўласцівасцях безлічы яго аўтсайдэраў, якіх мяшчанства ў выніку расплывістасці і расцягнутасці сваіх ідэалаў уключае ў сябе. Сярод мяшчанства заўсёды жыве процьма моцных і дзікіх натураў. Наш Стэпавы воўк Гары - характэрны ўзор гэтага. Хоць развіццё ў ім індывідуальнасці, асобы зайшло далёка за даступныя мяшчанству межы, хоць асалода ад самасузірання знаёмая яму не менш за змрочную радасць нянавісці і саманенавісніцтва, хоць ён пагарджае законам, дабрачынствам і здаровым клёкам, ён усё ж у палоне ў мяшчанства і вырвацца з палону не можа. Такім парадкам, сапраўднае мяшчанства абгорнута, як ядро, шырокімі пластамі чалавецтва, тысячамі жыццяў і розумаў, што хоць і перараслі мяшчанства, што хоць і пакліканыя не прызнаваць адгаворак і лунаць у абсалюце, але затое прывязаныя да мяшчанскай сферы інфантыльнымі пачуццямі, яўна заражаныя надарванасцю жыццёвай сілы, і таму закасцянелыя ў мяшчанстве, падначаленыя яму, яму ж абавязаныя і ў нечым яму ўпакораныя. Бо мяшчанства трымаецца прынцыпу процілеглага прынцыпу вялікіх, - «хто не супроць мяне, той за мяне!»
Калі з гэтага гледзішча падзівіцца на душу Стэпавага ваўка, дык ён глядзецьмецца чалавекам, якому як індывідуальнасці, як яркай асобіне наканавана быць не-мешчанінам - усякая ж яркая індывідуальнасць абарочваецца супроць свайго «я» і схільная яго разбураць. Мы бачым, што ён надзелены аднолькава моцнымі імпульсамі і на тое, каб стаць святым, і, каб стаць разбэстай, але што праз нейкую слабкасць альбо закасцянеласць не здолеў сягнуць у дзікія прасторы сусвету, не пераадолеў прыцягнення цяжкай маці-зоркі мяшчанства. Такое яго становішча ў светабудове, такая яго скаванасць. Большасць інтелігентаў, пераважная частка мастакоў належаць да гэтага тыпу. Толькі самыя моцныя з іх вырываюцца ў космас з атмасферы мяшчанскай зямлі, а ўсе астатнія здаюцца альбо ідуць на кампрамісы, пагарджаюць мяшчанствам і ўсё ж да яго належаць, мацуюць, славяць яго, бо, зрэшты, вымушаныя сцвярджаць яго, каб неяк жыць. Трагізм гэтым незлічоным людзям не па плячы, па плячы ім, аднак, даволі-такі злашчасная доля, на кухні пекла якой дасмажваюцца і пачынаюць пладзіцца іх таленты. Тыя нямногія, што вырываюцца, дасягаюць абсалюту і слаўна гінуць, яны трагічныя, колькасць іх невялікая. А тым, што не вырваліся, чые таленты мяшчанства часта высока шануе, адчынена трэцяе царства, прывідны, але суверэнны свет - гумар. Неспакойныя стэпавыя ваўкі, гэтыя вечна горкія пакутнікі, якім не дадзена моцы, немінушча патрэбнай для трагізму, для прарыву ў зорную прастору, якія адчуваюць сябе пакліканымі да абсалютнага, а жыць у абсалютным не ўмеюць, - у іх, калі толькі іхні дух загартаваўся і стаўся пругкім у пакутах, ёсць прымірэнчы выхад у гумар. У нечым гумар заўсёды застаецца мяшчанскім, хоць сапраўдны мешчанін не здольны зразумець яго. У яго прывіднай сферы здзяйсняецца заблытаны, супярэчлівы ідэал усіх стэпавых ваўкоў: тут можна адначасова не толькі
І калі б толькі Стэпаваму ваўку, у якога ёсць да таго ж і здольнасць, і схільнасць, удалося выпарыць, выдаліць з сябе гэты чароўны напой, ён, Стэпавы воўк, быў бы выратаваны. Да такой удачы яму далёка. Але магчымасць, але надзея ёсць. Хто яго любіць, хто спагадлівы да яго, хай узычыць яму гэтага ратунку. Тады ён, праўда, застыў бы ў мяшчанскай сферы, але ягоныя пакуты можна было б ператрываць за іх плённасць. Яго адносіны да мяшчанскага свету і ў каханні і ў нянавісці страцілі б сентыментальнасць, і яго прывязанасць да гэтага свету перастала б суцэльна мучыць яго, як нешта ганебнае.
Каб дасягнуць гэтага альбо нарэшце, магчыма, адважыцца на скачок у космас, такому Стэпаваму ваўку след было б аднойчы зрабіць навочную стаўку з самім сабою, глыбока заглянуць у хаос сваёй душы і цалкам усвядоміць сябе. Тады яго сумніўнае існаванне раскрылася б перад ім ва ўсёй сваёй нязменнасці, і далей ён ужо не змог бы ўвесь час уцякаць з пекла сваіх інстынктаў у сентыментальна-філасофскія самазаспакаенні, а ад іх зноў у сляпую і п'яную дурмань сваёй ваўчынай стаці. Чалавек і воўк мусілі б спазнаваць адзін аднаго без фальшывых эмацыйных масак, мусілі б паглядзець адзін аднаму ў вочы. Тут яны альбо выбухнулі б і навекі разышліся б, альбо ж у іх з'явіўся б гумар, і яны паняліся б між сабою шлюбам па разліку.
Можа, калі-небудзь Гары выпадзе такая магчымасць. Магчыма, што калі-небудзь яму ўдасца спазнаць самога сябе - атрымаўшы толькі адно з нашых маленькіх люстэркаў, ці тое сустрэўшыся з несмяротнымі альбо, зноў жа магчыма, знайшоўшы ў адным з нашых магічных тэатраў тое, што яму трэба для вызвалення здзічэлай душы. Тысячы такіх магчымасцяў яго чакаюць, яго лёс неадольна прыцягвае іх, усе гэтыя аўтсайдэры мяшчанства жывуць у атмасферы такіх магічных магчымасцяў. Дастаткова дробязі, каб ляснула маланка.
І ўсё гэта добра вядома Стэпаваму ваўку, нават калі яму ніколі не трапіць на вочы гэты абрыс яго ўнутранай біяграфіі. Ён адчувае сваё становішча ў сусвеце, ён адчувае і ведае несмяротных, ён адчувае магчымасць сустрэчы з сабою і баіцца яе, ён ведае пра існаванне люстэрка, зірнуць у якое яму вельмі карціць, але зірнуць у якое ён так баіцца.
На завяршэнне нашага эцюда застаецца развеяць адну апошнюю фікцыю, адзін прынцыповы падман. Любыя «тлумачэнні», любая псіхалогія, любыя спробы паразумецца маюць патрэбу ў дапаможных сродках, тэорыях, міфалогіях, хлусні; і прыстойны аўтар не забудзецца развеяць напрыканцы па магчымасці і гэтую хлусню. Калі я кажу «наверсе» альбо «ўнізе», дык жа гэта ўжо сцвярджэнне, якое трэба прасвятліць, бо верх і ніз існуюць толькі ў мысленні, толькі ў абстракцыі. Свет сам па сабе не мае ні верху ні нізу.
Карацей кажучы «стэпавы воўк» - таксама фікцыя. Калі Гары адчувае сябе звышчалавекам і лічыць, што складаецца з двух варожых і супрацьлеглых натураў, дык гэта ўсяго толькі спрошчаная міфалогія. Гары ніякі не чалавекавоўк, і калі мы прынялі напавер ягоную хлусню, якую ён сам сабе выдумаў і ў якую верыць, калі мы і насамрэч спрабавалі разглядаць і тлумачыць яго як дваістую натуру, як стэпавага ваўка, дык мы, спадзеючыся на тое, што нас лягчэй будзе зразумець, пакарысталіся падманам, які цяпер трэба парупіцца паправіць.
Падзел на ваўка і чалавека, на інстынкт і дух, які ўчыняе Гары дзеля большай зразумеласці ягонага лёсу, - гэта вельмі грубае спрошчванне, гэта гвалт над рэчаіснасцю дзеля даходлівага, але няправільнага тлумачэння супярэчнасцяў, выяўленых у сабе гэтым чалавекам, якія здаюцца яму крыніцай яго неабыякіх пакутаў. Гары выяўляе ў сабе «чалавека», гэта значыцца, свет думак, пачуццяў, культуры, утаймаванай і вытанчанай прыроды, але побач ён выяўляе яшчэ і «ваўка», гэта значыцца, цёмны свет інстынктаў, дзікасці, жорсткасці, нявытанчанай, грубай прыроды. Нягледзячы на гэта, на блізір такі ясны падзел сваёй натуры на дзве ўзаемаварожыя сферы, ён зрэдзь заўважаў, што воўк і чалавек нейкі час, у нейкія шчаслівыя імгненні, сужываліся адзін з адным. Калі б Гары спрабаваў вызначыць ступень удзелу ваўка ў кожным асобным яго, Гары, моманце жыцця, у кожным ягоным учынку, у кожным ягоным адчуванні, ён адразу недаўмёна спыніўся б і ўся яго прыгожая «ваўчыная» тэорыя паляцела б дагары нагамі. Бо ніводзін чалавек, нават першабытны мурын, нават ідыёт, не бывае так паслужліва просты, каб ягоную натуру можна было растлумачыць як суму двух альбо трох асноўных элементаў, а ўжо каб растлумачыць такога рознабаковага чалавека, як Гары, наіўным падзелам на ваўка і чалавека - гэта, ну, зусім жа дзіцячая спроба. Гары складаецца не з двух натураў, а з сотняў, з тысячаў. Яго жыццё, як жыццё кожнага чалавека, працякае не паміж двума полюсамі, такімі, як інстынкт і дух альбо святы і распуснік, яно адбываецца паміж безлічнымі тысячамі палярных процілегласцяў.