Стэпавы воўк
Шрифт:
Стары тайны радца задуменна паглядзеў мне ў вочы, на вуснах усё яшчэ цеплілася ўсмешка.
Пасля, на маё здзіўленне, ён спытаў:
– У такім разе Моцартава «Чароўная флейта» вам, мабыць, вельмі агідная?
– І, перш чым я паспеў рашуча запярэчыць, ён сказаў: - «Чароўная флейта» паказвае жыццё як салодкую песню, яна ўслаўляе нашыя пачуцці, а яны ж мінаюцца, - як нешта вечна боскае, яна не згаджаецца ні з герам фон Кляйстам, ні з герам Бэтховенам, а прапаведуе аптымізм і веру.
– Ведаю, ведаю!
– усклікнуў я злосна.
– Божа, як гэта прыйшла вам у галаву менавіта «Чароўная флейта», якую я люблю больш за ўсё на свеце!
Мне перахапіла дыханне. Тысячы рэчаў трэба было сказаць цяпер дзесяццю словамі, у мяне выступіў пот на лобе.
Але Гётэ сказаў вельмі міралюбна:
– Што я дажыў да васьмідзесяці двух гадоў, можа, і недаравальна. Але асалоды ад гэтага было мне куды менш, аніж вы сабе думаеце. Ваша праўда: даўгавечнасці я заўсёды моцна хацеў, смерці заўсёды баяўся і змагаўся з ёю. Я думаю, што барацьба супроць смерці, безумоўная і ўпартая воля да жыцця ёсць тая першапрычына, якая прымушала дзейнічаць і жыць усіх выдатных людзей. Але што ўрэшце прыходзіцца паміраць, гэта, юны мой сябар, я ў свае восемдзесят два даказаў гэтак жа цвёрда, як калі б памёр школьнікам. У апраўданне сваё, калі гэта можа ім быць, скажу яшчэ вось што: у маёй прыродзе было шмат хлапечага, шмат цікаўнасці, шмат гатоўнасці гуляць і марнаваць час. Чаму мне і спатрэбілася даволі шмат часу, каб зразумець, што гуляць ужо досыць - нагуляўся.
Казаў ён гэта з вельмі гарэзлівай, нават з шальмаватай усмешкай. Ён як бы нават павышэў ростам, важнасць у паставе і фанабэрыстасць зніклі з твару. І паветра вакол нас цяпер было поўнае мелодый, пераважна гётэўскіх песняў, я добра пазнаў «Фіялку» Моцарта і «На лясы і на даліны»... Шуберта. І твар Гётэ быў цяпер ружовы і малады і смяяўся, і ён быў падобны то на Моцарта, то на Шуберта, як брат, і зорка ў яго на грудзях складалася з лугавых кветак, і ўсярэдзіне яе весела і раскошна распусцілася жоўтая прымула.
Не вельмі мне ўпасавала, што стары так жартаўліва адмяжоўваўся ад маіх пытанняў і нападак, і я паглядзеў на яго дакорліва. Тады ён нахіліўся наперад, наблізіў вусны, цяпер ужо аж надта дзіцячыя, да майго вуха і ціха прашаптаў:
– Хлопчык мой, ты прымаеш старога Гётэ надта сур'ёзна. Старых людзей, якія ўжо памерлі, не трэба прымаць на сур'ёзе, а то абыдзешся з імі несправядліва. Мы, несмяротныя, не любім, калі да чаго-небудзь ставяцца несур'ёзна, мы любім жарты. Сур'ёзнасць, мой хлопчык, гэта атрыбут часу; яна ўзнікае, адкрыю табе, ад завышэння цаны часу. Я таксама калісьці надта высока цаніў час, таму і хацеў дажыць да ста. А ў вечнасці, каб ты ведаў, часу няма; вечнасць - гэта ўсяго толькі імгненне, якога адно якраз і хапае, што на жарт.
Гаварыць з ім сур'ёзна і праўда ж больш не было чаго, ён весела і спрытна падскокваў, і прымула ў ягонай зорцы то вылятала з яе, як ракета, то памяншалася і знікала. Калі ён ззяў сваімі па і фігурамі, я міжволі падумаў, што гэты чалавек, прынамсі, не ўпусціў выпадку навучыцца танцаваць. У яго гэта выходзіла выдатна. Тут я зноў успомніў пра скарпіёна, правільней, пра Молі, і крыкнуў Гётэ:
– Скажыце, а Молі тут няма?
Гётэ зарагатаў. Ён падышоў да стала, адамкнуў адну шуфляду, дастаў адтуль адну ні тое скураную, ні тое аксамітавую скрыначку, адчыніў яе і паднёс да
Я працягнуў руку, каб узяць гэтую ножку, у якую ўжо закахаўся, але калі я хацеў ухапіць яе двума пальцамі, цацка як бы борздзенька адсунулася, і ў мяне раптам узнікла падазрэнне, што гэта і ёсць той скарпіён. Гётэ, здавалася, зразумеў гэта, здавалася нават, ён акурат і хацеў, якраз і дабіваўся гэтай глыбокай збянтэжанасці, гэтай сутаргавай барацьбы паміж жаданнем і страхам. Ён паднёс чароўнага скарпіёнчыка да самага майго твару, убачыў маё памкненне, убачыў, як я ў жаху адхіснуўся, і гэта, здавалася, вельмі яго задаволіла. Дражнячы мяне сваёй цудоўнай небяспечнай штучкай, ён зноў зрабіўся стары, старажытны, тысячагадовы, сівы, і яго завялы, старэчы твар смяяўся ціха, бязгучна, смяяўся рэзка і загадкава, з нейкім глыбакадумным старэчым гумарам.
Прачнуўшыся, я адразу забыў свой сон, толькі пазней ён узгадаўся мне. Праспаў я, мабыць, каля гадзіны, сярод музыкі і штурхатні, за столікам - ніяк жа не думаў, што я на такое здольны. Мая мілая дзяўчына стаяла перад мною, трымаючы руку на маім плячы.
– Дай мне дзве-тры маркі, - сказала яна, - я там сёе-тое з'ела.
Я аддаў ёй свой кашалёк, яна пайшла з ім і неўзабаве вярнулася.
– Ну вось, цяпер я крыху пасяджу з табою, а потым мне трэба будзе сысці, у мяне спатканне.
Я спалохаўся.
– З кім яшчэ?
– спытаў я хутка.
– З адным герам, маленькі Гары. Ён запрасіў мяне ў бар «Адэон».
– О, а я быў падумаў, што ты не пакінеш мяне аднаго.
– Вось і запрасіў бы. Але цябе апярэдзілі. Што ж, затое ашчадзіш грошы. Ведаеш «Адэон»? Пасля поўначы толькі шампанскае. Мяккія фатэлі, негрыцянская капэла, вельмі элегантна.
Пра ўсё гэта я неяк не падумаў.
– Ах, - сказаў я, умольным голасам, - дык дазволь мне запрасіць цябе! Я лічыў, што гэта само сабою разумеецца, мы ж падружыліся. Дазволь запрасіць цябе куды заўгодна табе, прашу цябе.
– Вельмі міла. Але ведаеш, слова ёсць слова, я падрадзілася, і я пайду. Не турбуйся больш! Выпі лепш яшчэ глыток, у нас жа яшчэ ёсць віно ў бутэльцы. Выпі яго і пойдзеш сабе дамоў і ляжаш спаткі. Абяцай мне.
– Не, слухай, дамоў я не магу ісці.
– А-а, гэтыя твае гісторыі! Ты ўсё яшчэ не ўправіўся са сваім Гётэ (вось тут якраз я і ўспомніў свой сон). Але калі ты сапраўды не можаш ісці дамоў, заставайся тут, у іх ёсць нумары. Заказаць табе?
Я ўзрадаваўся і спытаў, дзе можна будзе пабачыць яе зноў. Дзе яна жыве? Гэтага яна мне не сказала. Трэба, бач, толькі крышку пашукаць, і ўжо ж знайду.
– А ці нельга цябе запрасіць?
– Куды?
– Куды і калі табе захочацца.
– Добра. У аўторак павячэраем у «Старым францысканцы», на другім паверсе. Да пабачэння!
Яна падала мне руку, і толькі цяпер я звярнуў увагу на гэтую руку, якая так пасавала да яе голасу, - прыгожую і поўную, разумную і добрую. Яна пакепліва ўсміхнулася, калі я пацалаваў ёй у руку.
У апошні момант яна яшчэ раз абярнулася да мяне і сказала:
– Я хачу яшчэ сёе-тое сказаць табе - у сувязі з Гётэ. Разумееш, тое самае, што ў цябе атрымалася з Гётэ, калі ты выбухнуў ад ягонага партрэта, бывае ў мяне час-парою са святымі.