Мяжа
Шрифт:
Адказваю. Друкаваўся і друкуюся… дзеля Рэдактара. Ён, і толькі ён — гэты сціплы, незаўважны руплівец на ніве роднай літаратуры, ён адначасова і чытач, і крытык, і дарадца, і Бог, і цар, і літаратурны воінскі начальнік. Груба кажучы, я друкуюся, бо мяне друкуюць. Пачнуць вяртаць рукапісы — друкавацца перастану. Ці звярнуся да іншага рэдактара. Тут ясней яснага.
Але ж трэба, каб было што вяртаць. Трэба матэрыяльная рэч — рукапіс. Адкуль ён браўся? Адкуль узнікала, чым жывілася тая нечалавечая апантанасць, сатанінская ўпартасць, тое вечнае трымценне рукі і ручкі, па 17 разоў (падлічана) перапісванне, чаму і навошта ўсё грэбся і грэбся,
Можа, нешта прасцей? Можа, не завоблачная слава, не аморфныя грошы, не зменлівыя, ненадзейныя чытачы — можа, была не глабальная, а маленькая мэта, звычайныя пошукі якіхсьці выключна зямных, меркантыльных выгод?
Напрыклад, уступленне ў Саюз пісьменнікаў?
Цалкам магчыма. Такі стымул мог быць. Тым больш у тыя часы членства ў СП давала нямала прывілеяў. Вольны дыплом, а гэта магчымасць працаваць дзе і кім хочаш, або ўвогуле не працаваць, гэта аўтаматычна — Мінск (мала ж сюды патрапіць, трэба яшчэ тут застацца)… Прапіска і жыллё. Паліклініка персанальная пісьменніцкая, пуцёўкі розныя на курорты і ў Дамы творчасці…
«Ты ведаеш, колькі такіх, як ты, з’язджалі з Мінска і знікалі без следу?! — нашэптвалі мне старэйшыя калегі. — Табе трэба толькі Мінск, і толькі праца, звязаная з літаратураю! Потым будзеш думаць пра духоўнае, калі сцены і стол з’явяцца! Маці прапішаш, перавязеш, падлечыш…» (Ведалі, чым браць.)
Вось кавалачак тагачаснага апавядання.
11. «Сіндром»
Чалавек можа выстаяць перад вялікімі бурамі, перанесці розныя трагедыі і неймаверныя страты — і зламацца ад нязначнай драбязы, смешнай пстрычкі, якую і ўлічыць было немагчыма.
Як і наш Зміцер. Жыў ён, пакуль не выслізнуў са свайго дабрабыту, як семка з гарбуза, не толькі не горш за людзей, а мо нават і лепш.
У 25 гадоў у яго была ўжо выгодная дзяржаўная служба, уласная аднапакаёвая кватэра і красуня жонка. Часта ён так і казаў свайму суседу з трэцяга паверха, пенсіянеру Міраславу Раманавічу, з якім цёплымі вечаркамі любіў пасядзець каля пад’езда на лаўцы:
— Я, дзядзька Міраслаў, шчаслівы ў параўнанні з іншымі ведаеце чым? Не знешнімі абставінамі, не, хоць і гэтае знешняе для мяне многа значыць. Але найперш тым, што вось без блату, без багатай цешчы, без хітрай жаніцьбы і без падлізвання да начальства сам, толькі ўласным розумам заслужыў і гэтую кватэрку, і сваю Галю, і сямейную ўтульнасць, пра якую некалі так марыў на прагнутым студэнцкім ложку. Маё шчасце — у тым, што я не жадаю сабе нічога ні горшага, ні лепшага. Яно, разумееце, як бы ў канкрэтным моманце. Я ўгадаў гэты момант, я сказаў сабе — стой! Будзь хітрэйшы за іншых. Вось як гэта на прыкладах: будуць даваць новую, большую кватэру — адмоўлюся, будуць
Пенсіяінер, схіліўшы набок лысую, з рэдкім сівым вяночкам галаву, цікаўна, але трохі і скептычна слухаў і заціснутым між каленяў драўляным кіёчкам круціў у пяску дзіркі. Адзінокі, хворы чалавек, Міраслаў Раманавіч належаў да не такога ўжо і рэдкага сярод пенсіянераў тыпу: ён не ведаў настальгіі па ранейшым, не трымаўся старога, а падтрымліваў усё новае і перадавое; сам сябе ён называў леварадыкалам. Ён зусім нядаўна выйшаў з партыі, якой служыў ад юначых гадоў і да пенсіі, у знак пратэсту супраць парушэння правоў асобы пачаў насіць вузкія джынсы і з’яўляўся нязменным аўтарам шматлікіх выданняў дэмакратычнага кірунку. Словам, чалавек ён быў неардынарны, цівавы, па-маладому няўрымслівы — а інакш чаму б і спавядаўся яму наш Зміцер?
Выслухаўшы, Міраслаў Раманавіч клаў свой кіёчак на калені і, звонка шапялявячы, казаў:
— Студэнцкі халодны ложак! Уяўляю яго сабе. Пасля такога любая, груба зляпаная, цвёрдая савецкая канапа падасца райскім пухам. У тым і справа, што сапраўднага ложка мы не ведаем усё жыццё. Хіба мы спалі як людзі? Можа, мы елі людскую ежу, культурна сервіраваную? Можа, ведаем сапраўдную культуру, літаратуру, кіно? А мы ж пушчаны ў свет для поўнага шчасця, гэтага ж нельга не прызнаваць. I тваё цяперашняе шчасце — убогае, смешнае. Любы нармальны чалавек адтуль, з Захаду, паслухаўшы цябе, захацеў бы падаць табе міласціну.
— Калі ў мяне спакойна на душы, — адказваў Зміцер, прыкурваючы цыгарэту, — калі мне нічога не хочацца, я магу спаць на падлозе, есці, што Бог пашле, без усялякай сервіроўкі, і абыходзіцца без, як вы кажаце, сапраўднай літаратуры і культуры. І ўсё роўна быць больш шчаслівым за ўсіх вашых еўрапейцаў, разам узятых.
— О не, Дзіма, — уздыхаў пенсіянер, адганяючы цыгарэтны дым, які кепска пераносіў. — Ты шчаслівы толькі адным — няведаннем. «Мы з калхоза, нам не трэба». Каб ты хоць дзень пажыў у сапраўднай цывілізаванай краіне — ты б іхняму сабаку пазайздросціў бы. Хаця! — мы ўжо нават зайздросціць развучыліся. Нас можна прабіць чым-небудзь?..
Пагаварыўшы так, яны развітваліся і разыходзіліся: адзін — прымаць ванну, піць чай з мятаю, у мяккім крэсле глядзець па тэлевізары пра стыхійныя бедствы і крымінальную хроніку, а пасля ў цёплым ложку абдымаць прыгожую маладую пакорную жанчыну; другі — у свае халодныя чатыры сцяны, дзе стол, ды лямпа, ды нікому непатрэбныя паперы, ды шклянка кефіру на тумбачцы перад сном — па модзе старых людзей… Ды што тут шмат распісваць, і так вядома — Бог няроўна дзеліць!..
12. Гарантыйны ліст
Калі адкінуць тагачасную сацыяльную лухту, палітычную атмасферу, якія — толькі фон, у гэтым урывачку як на далоні, як у люстэрку ўсе бліжнія і дальнія планы. Во калі і куды яно сягалася! А яшчэ ж не было ў паміне ні красуні (Г)Алі, ні аднапакаёўкі, ні службы, ні тэорый-прыкідак, як тое гіпатэтычнае, будучае «шчасце» ўтрымаць і зафіксаваць!
Самае дзіўнае, што часткова гэта спрацавала. У Саюзе пісьменнікаў мяне заўважылі, выдалі паперу, у якой на імя рэктара пісалася, што ў выпадку вольнага размеркавання мне гарантуецца праца і жыллё ў сталіцы.