Ахвяры
Шрифт:
Хрысціну спалохала яго злосць.
— Хіба я проціў яе сказала? Не мы, бабы, пачыналі войны, а ўсё гора на нашы галовы, на нашы плечы. Не вылазь ты хоць да вокнаў. Пасядзі ў спальні. А я абед прыгатую. Можа, ніякага чорта больш не прынясе!
— У спальні я не буду сядзець. Дай мне кажух.
— Ты хочаш пайсці? — вырвалася адначасова ў абаіх адкрыта здзіўленае і стоена ўзрадаванае пытанне.
— Ты забыўся, што твае дружкі казалі? Не, удзень мне высоўвацца нельга. Забяруся на гарышча і пасплю. Каб малая не бачыла.
— Во гэта праўда. Во гэта праўда, — радасна замітусіўся Чурсік. — Дык і кажух там, у каморы. Адтуль і лесвіца на гарышча.
— Не ўздумайце жартаваць, — папярэдзіў перш-наперш
Хрысціна балюча перасмыкнулася.
— Стасік, пабойся бога! Хіба ж мы не людзі?
Дзіўна, загарнуўшы сябе ў доўгі кажух, накрыўшы ногі старымі лахманамі — боты разуў, бо мокрыя, — уладзіўшыся так, што толькі спі, заснуць ён вельмі доўга не мог.
Калі раней усе думкі былі скіраваны на тое, як уратаваць Аксану і разам з ёй выйсці з горада, — яна ведае дарогу да партызан, — то цяпер ён думаў пра ўсю сваю групу. Безумоўна, разгром арганізацыі татальны, калі нават дзейнасць Івана ім вядома, Іван выконваў ролю сувязнога паміж рознымі групамі, гэтулькі сувязяў меў хіба толькі Станулін. Івана не знойдзеш. I Стануліна таксама. У яго, Шабовіча, не засталося і ніткі, каб выйсці на адказнага чалавека з гарадской арганізацыі, каб інфармаваць яго пра арышты, пра бяспалага, і атрымаць указанні, як дзейнічаць далей. Можа, кагосьці трэба ліквідаваць, таго ж бяспалага. Але адзін ён не воін у такі час. А Аксану абавязкова трэба вывесці з-пад удару. Яе не маглі не выявіць. Гэта Стануліну здавалася, што яна выконвае толькі адно — сувязь з атрадам. Не ўнікаў ён, чым яна займалася ў бальніцы, колькі падрыхтавала камандзіраў і чырвонаармейцаў да змагання ў падполлі, у партызанах. Але не ён выведзе Аксану, яна выведзе яго. I толькі адтуль, з атрада Дзядзюлі ён зможа выйсці на іншыя яўкі, на іншых людзей.
Падпольшчык павінен умець дзейнічаць адзін, самастойна, самадзейна. Але ў сітуацыі, калі СД размножыла яго фатаграфію, самае правільнае — знікнуць з горада на пэўны час. Гэта не ўцёкі — тактычнае адступленне, каб перагрупавацца.
Урэшце, калі ён робіць гэта дзеля Аксаны, то таксама мае апраўданне. Уратаваць ад смерці жонку, будучую маці — першы чалавечы абавязак.
Дзіўна, чаму ў медтэхнікуме ён не звяртаў на яе ўвагу? Выходзіць, трэба было заглянуць у вочы смерці, каб разгледзець адно аднаго. Душэўнае збліжэнне іх адбывалася паступова. Можа, нейкім унутраным чуццём зразумелі, што робяць адну вельмі небяспечную справу, толькі кіраўнікі ў іх розныя: у яе свой — доктар Голіч, у яго — інжынер завода Станулін, якога ў групе ласкава называлі Станулік. Ён, Шабовіч, першы сказаў Аксане, што ведае пра яе справы, і прызнаўся, што сам вядзе такую ж барацьбу, толькі не ў бальніцы. I яна паверыла яму і прызналася, што ў бальніцы яе адхіляюць ад небяспечных спраў, у яе ёсць больш тайнае заданне — сувязь з партызанскім атрадам. Тады ён звёў яе са Станулікам, разумеючы, што ў падпольнай арганізацыі гэта фігура больш значная, чым Голіч ці Сяргеева, дзейнасць якіх ён таксама «расшыфраваў». А пасля — сорамна прызнацца — прыраўнаваў да Голіча, калі аднойчы захапіў яго на кватэры ў Аксаны позна ўвечары. Але гэтае ганебнае пачуццё, якое ён адганяў, трымалася нядоўга.
Ім належала выканаць прысуд здрадніку — следчаму паліцэйскай управы Струкачу, былому работніку НКУС. Многа ён ведаў, меў залішне тонкі нюх, следчы талент і на допытах арыштаваных прымяняў такія катаванні, якіх і СД не рабіла.
Акцыя была небяспечная. Ішлі, можна лічыць, на смерць. Таму па ўзаемнай згодзе адкрыліся Аксане — каб у выпадку і ўдачы, трагічнай для іх, і няўдачы з такім жа фіналам яна перадала партызанам. Не дзеля іх славы — дзеля той інфармацыі, якая можа натхніць іншых на такія ж самаахвярныя ўчынкі.
Здалося яму, Шабовічу, што Аксана спалохалася.
«Хлопчыкі, ці ўсё вы прадумалі? Раскажыце пра
Але пра план Станулік не стаў расказваць, толькі даў адрас і пароль, каму тут, у горадзе, перадаць аб поспеху ці правале іх акцыі, калі самі яны не вернуцца; ён быў бязлітасна спакойны да магчымай смерці сваёй.
Яны выйшлі ў сенцы, калі Аксана вярнула яго:
«Стась, на хвілідачку».
Прывяла ў пакой, дзе гарэла лямпа, узяла за рукі, пільна ўгледзелася ў вочы і сказала проста і шчыра:
«Стасік, голубе мой, ведай: я люблю цябе. Акрамя маці, больш дарагога чалавека ў мяне няма. Як я люблю цябе! Помні пра гэта, помні!»
Узяла ў далоні яго галаву і тройчы пацалавала ў вусны, без страсці закаханай — з матчынай ласкавасцю.
Гэта было мінулай вясной. Улетку яны сталі мужам і жонкай. У акупацыйны загс не пайшлі. Але калегам сваім, урачам, сёстрам, сказалі. Сябры наладзілі імправізаванае вяселле — у бальніцы, пасля работы. Галоўурач спірту трохі выдаў з такой нагоды. А на другі дзень, у нядзелю, да іх прыйшоў Піліп Станулін і прынёс — дзе мог узяць? — ладны цялячы кумпяк. I Аксана з гаспадыняй, у якой кватаравала, насмажылі такой смакаты, ад успаміну пра якую заўсёды цяклі слінкі пасля галоднага пайка. Але той жа добры Станулін — не параіў — загадаў ім жыць паасобна, у розных канцах горада. Цяпер толькі Стась зразумеў, як гэта прадбачліва. Гэта ратавала Аксану.
Заснуў непрыкметна. Спаў неспакойна, з кашмарнымі снамі: увесь час за ім гналіся фашысты ў абліччы нелюдзяў. Але ён адпомсціў: ва ўпор стрэліў у гаўляйтара Кубэ. Здзейсніў план, які выношвалі. Ад стрэлаў прачнуўся. Стралялі недалёка. Падхапіўся, паглядзеў у акенца франтона з аднаго боку, з другога. Нічога не відаць. Пуста, на вуліцах ні душы. Ды і стрэлы сціхлі. Можа, склаў галаву яшчэ адзін змагар. А можа, забаўляліся нейкія паліцаі, набралі хлапчукоў, і яны часта ўшчынаюць страляніну. Немцы без прычыны не страляюць — народ ашчадны і акуратны. О, якія яны акуратныя, заваёўнікі!
Дзіўна, што ў мінулую ноч наладзілі такі вэрхал. Тварылася штосьці незразумелае, што пярэчыць іх педантычнасці. «Некаторым памаглі ўцекчы», — сказаў паліцай. Дзіўная дапамога.
Хутка сцямнела.
Вырашыў: выходзіць трэба цяпер, у ранні вечар, калі многія вяртаюцца з працы і патрулі не чапляюцца да кожнага прахожага.
Спусціўшыся з гарышча, у сенцах паслухаў, ці няма чужога ў хаце. Не, толькі голас дзяўчынкі. Малая спявала «Кацюшу». «Расцветали яблони и груши…» Дзіўна, што ў гэтым доме спявалі такую песню; па сваім узросце дзіця не магло помніць яе з даваеннага часу: дзяўчынцы годзікі чатыры, пяты. Пэўна, спявае маці. А што яшчэ яна можа спяваць?
Незвычайна, ледзь не да слёз расчуліў дзіцячы галасок і сама песня — такая родная, наша, савецкая.
Голас Хрысціны. Яна перапыніла спеў і, здаецца, прагнала ад сябе малую. Тая пратупала ў прыхожай каля самых дзвярэй босымі ножкамі, пабегла ў залу. Не, старонніх не чуваць.
Шабовіч ціха адчыніў дзверы і прашмыгнуў на кухню.
Хрысціна мыла дзіцячую бялізну. Спалохалася, ажно войкнула, быццам не ведала, што ён у доме.
— Чаму палохаешся?
— Не знаю. Я цяпер усяго баюся. Кошка з ляжанкі скочыла — дык я чуць не самлела. А цябе не чула, як ты спускаўся, лесвіца ж наша скрыпіць. Умееш, як кот, нячутна.
— Умею. Умею. Усё ўмею.
— А з выгляду — прастачок. А ты — артыст!
— Жыццё ўсяму навучыць. Накармі мяне.
— Я табе сала насмажу.
— Ого! Шчодрая ты.
— А хіба такому госцю шкада?
Хрысціна ўскочыла на лаўку, занавесіла акно саматканай дзяругай, хоць акно гэтае выходзіла ў двор, на хляўчук. Спадабалася яе асцярожнасць.
— Ладна. Не высвятляю, які я госць.
— А я табе скажу — які. Пра якога думаюць: хутчэй бы ён, чарцяка, выбраўся.
— У шчырасці табе не адмовіш.