Юстыцыя
Шрифт:
Па-другое, духоўна. Кожная сустрэча патрабуе не толькі строгіх рамак, яна прэтэндуе таксама і на тое, каб яе правялі ў прыстойных манерах. З чаго вынікае: п'янка без пярэсыху і дзеўкі. Выпіў я спачатку літр-другі яблычнага віна, мавэтон, сам разумею (пытанне цаны), але піў я толькі дзеля таго, каб увесці сябе ў патрэбны настрой; калі да мяне далучылася паненка, я перайшоў на каньяк. Не хвалюйцеся: шлункі ў мяне як прасмоленыя. Дарэчы, пра паненак — гэтым разам яна была не Гізэла (ну, тая, станістая), а Моніка (ці Марыя, ці Марыяна, чорт іх разбярэ, прынамсі, нейкае «М» было), справа ў нас пайшла на высокім узроўні, яна праспявала мне процьму народных песняў з нямецкіх фільмаў, пад яе спевы я і заснуў, а пазней яна змылася з усёй маёй наяўнасцю. Я, тым часам перайшоўшы на «грушаўку», знайшоў яе непадалёк ад Бэльвю ў нейкай кавярні, дзе не падавалі моцных напояў.
— Мне трэба перагаварыць з вамі, гер Шпэт, — сказала Элен, запытальна зірнуўшы на мяне.
— Што гэта за паненка за такая? — пацікавілася Гізэла.
— Гэта вельмі высакародная паненка, — адказаў я, — паненка з добрага дому, дачушка аднаго забойцы.
— А з кім яна спіць? — хацелася ведаць Марыяне (ці Магдалене, ці Мадлене).
— Яна знюхалася з адным суперадвакатам, — патлумачыў я, — з найсвяцілейшым свяцілам з усіх юрыдычных свяцілаў, з добра выхаваным шыбенікам, з вялікім адвакатам на ўсе рукі майстрам Штусі-Лойпінам. Таму акт у іх бывае не полавы, а юрыдычны.
— Гер Шпэт, — сказала Элен.
— Прысядзьце, прашу вас, — адказаў я. — Ці заўгодзіцца вам сядзець на каленях у патрона гэтых дзвюх паненак, вялебнага гера Луцкі, чыім давераным я маю гонар быць, альбо, магчыма, вам больш даспадобы фатэль?
— Фатэль, — ціха сказала Элен.
Луцкі падсунуў ёй крэсла, ласкава, рафінавана, з галавы да ног свецкі Луцкі, вускі чорныя, твар як з касметычнай рэкламы, каравокі апостальскі позірк, ён нават пакланіўся, пасоўваючы крэсла і на сто міль навокал патыхаючы туалетнай вадой і цыгарэтамі «Camel». Элен нерашуча села.
— Я, шчыра кажучы, хацела б пагутарыць з вамі сам-насам, — сказала Элен.
— От ужо што лішне, тое лішне, — засмяяўся я, — у нас у чацвярых няма сакрэтаў адно ад аднаго. З фройляйн Гізэлай я ўжо каторы тыдзень як сплю, з дабрадзейнай Монікай, ці Марыянай, а хвароба яе ведае, як насамрэч, спаў мінулае ночы. Як бачыце, у нас усё досыць непрэтэнцыёзна. Адным словам, выкладвайце.
У Элен на вочы набеглі слёзы.
— Вы неяк у мяне пра нешта пыталіся.
— Пытаўся.
— Калі мы з герам Штусі-Лойпінам пілі каву…
— Мне ясна, пра што вы кажаце, — перапыніў я, — не трэба толькі перад імем гэтага пацяробка ўжываць слова «гер».
— Я таго разу не зусім даўмелася да сэнсу вашага пытання, — ціха сказала яна.
І вакол нас таксама зрабілася ціха. Гізэла спырхнула з маіх каленяў і пачала асвяжаць макіяж. Я асатанеў ад злосці, разліў «вільямін» у чаркі і раптам заўважыў, што валасы ў мяне зліпліся, твар заліўся потам, што вочы пячэ, што я не паголены, што ад мяне кепска патыхае, раптоўная збянтэжанасць дзяўчат мяне страшэнна раззлавала, здавалася, быццам яны засаромеліся перад Элен, быццам сярод нас павеяла духам Арміі выратавання, я быў гатовы разнесці ўсё ўшчэнт, свет быў зладжаны шыварат-навыварат і дагары нагамі. Гэта Элен трэба было поўзаць на пузе перад гэтымі дзяўчатамі, але нічога, яна ў мяне яшчэ напоўзаецца. Я ўсё больш падліваў сабе, не кажучы ні слова, проста моўчкі глядзеў у спакойны твар з вялікімі цёмнымі вачыма.
— Фройляйн Элен Колер, — прамармытаў я заікаючыся і ўстаў, пахістваючыся, але ўстаў, - фройляйн Колер, я хачу зрабіць вам адну заяву, адну, але прынцыповую. Так-так, зрабіць заяву, гэта дакладная фармулёўка. Я застаў вас тады з вашым кныром-ёбарам Штусі-Лойпінам — без панікі, мілыя дамы, — я застаў вас, Элен Колер. Правільна. Я спытаўся ў вас, ці лёталі вы ў дзень
Яна сышла. Што было далей, прамятаю цьмяна. Я нібыта ўпаў, прынамсі, я ляжаў ніцма на падлозе. Не выключана, што разам са мною ўпаў і столік, а з бутэлькі выцякла рэшта змесціва (гэта я добра памятаю), нейкі госць у акулярах і з лобам мысляра паскардзіўся, на скаргу прыплыла гаспадыня, тыповая бандэрша, Луцкі, высакародны Луцкі, завёў мяне ў туалет, я раптам зразумеў, што мяне раздражняюць яго вускі, пачаў з ім біцца. Луцкі ў мінулым быў баксёрам-аматарам, але абышлося без крыві, я рухнуў галавою ў пісуар, было вельмі непрыемна, найперш таму, што на ўсім ляжаў тойсты, як тынк, пласт сімволікі, быццам у дрэнным фільме. Потым раптам явілася паліцыя, вахмістр Штубер і з ім яшчэ двое. Некалькі гадзін яны трымалі мяне ў пастарунку, допыт, пратакол і г. д.
Пасляслоўе. Даводзіцца з чыста тэхнічнага боку канстатаваць, што спроба расказаць пра маю першую сустрэчу з Элен правалілася. А расказаў я пра апошнюю сустрэчу, з чаго вынікае, што на будучае трэба прыняць некаторыя меры перасцярогі. Запісы, зробленыя нападпітку, патрабуюць адмысловай асцярожнасці. Кароткія сказы, толькі кароткія. Даданыя тояць у сабе небяспеку. Сінтаксіс спараджае вэрхал. А цяпер трэба дапісаць эпілог (толькі што атрымаў ад Колера чарговую паштоўку, гэтым разам з Рыо-дэ-Жанэйра, з палымяным прывітаннем, адтуль ён вылятае ў Сан-Францыска, а з Сан-Францыска на Гаваі, пасля на Самоа, карацей, часу мне хапае). А ўсё ў тым, што мне зрабіў візіт начальнік кантрольнай паліцыі. Візіт быў вельмі важны. Гэта я ўсведамляю. Дарэчы, гэтым, магчыма, і можна патлумачыць, што цяпер я цвярозы. Даказаць пакуль што нічога нельга, але, як я падазраю, начальнік здагадваецца, што я намысліў. Жах, калі гэта так. З другога боку, тады ён забраў бы ў мяне рэвальвер. Прыйшоў да мяне без ніякага папярэджання, гадзін каля дзесяці вечара, праз два дні пасля той злашчаснай сцэны ў кавярні. На дварэ была снежная плягота. І тут ён раптам з неба зваліўся ў маю мансарду. Унізе завывала секта:
Рыхтуйся, браце ва Хрысце, настане Страшны Суд, і хто жыць будзе у брыдзе, той страшны душаблуд.Начальнік трохі сумеўся. Ён збянтэжана пакасіўся на мой пісьмовы стол, завалены спісанымі аркушамі.
— Вы, мабыць, пісьменнікам намыслілі зрабіцца, — буркнуў ён.
— А чаму б і не, гер начальнік. Калі чалавеку ёсць што расказаць, — адказаў я.
— Падобна на пагрозу.
— Разумейце, як хочаце.
Заціснуўшы падпахай бутэльку, ён агледзеўся па баках. На жаль, на кушэтцы ў мяне ляжала дзяўчына, якое я зусім не ведаў, яна проста ўвязалася за мною, магчыма, гэта быў дарунак ад Луцкі, яна яўна ўжо раздзелася і легла, натхнёная фальшывым уяўленнем пра свае службовыя абавязкі. (Сумленныя адносіны да працы адчуваюцца ў нас абсалютна ва ўсім. Але што мне было да яе, я працаваў, я разбіраў свае запісы.)
— Апранайся, — загадаў начальнік, — а то прастудзішся. А мне трэба пагутарыць з адвакатам.
Ён паставіў бутэльку на стол.
— Каньяк, — сказаў ён, — «Адэ», рэдкая марка. Ад сябра з заходняй Швейцарыі. Давайце пасмакуем. А вы, Шпэт, прынясіце дзве чаркі. Яна сёння больш піць не будзе.
— Слухаюся, гер начальнік, — адказала дзяўчына.
— Ты пойдзеш дахаты. На сёння годзе.
— Слухаюся, гер начальнік.
Яна амаль паспела апрануцца за гэты час.
— Дабранач.