Ваенны лётчык
Шрифт:
Ніякая акалічнасць не абудзіць у нас чужынца, пра якога мы раней і не здагадваліся. Жыць — значыць паволі нараджацца. Гэта было б занадта лёгка — адразу набываць гатовыя душы!
Часам здаецца, што раптоўнае прасвятленне можа цалкам перавярнуць чалавечы лёс. Але прасвятленне азначае толькі тое, што Духу знячэўку адкрылася спакваля рыхтаваная дарога. Я доўга вывучаў граматыку. Мяне вучылі сінтаксісу. Абудзілі мае пачуцці. I вось неспадзеўкі ў сэрца маё пастукалася паэма.
Канечне, зараз я не адчуваю любові, але калі сёння ўночы нешта абудзіцца ўва мне, значыць, яшчэ раней я працаваў і насіў камяні для нябачнай будыніны. I я не буду мець права гаварыць пра неспадзяванае з'яўленне
Ад усіх маіх ваенных прыгод мне няма чаго чакаць нічога іншага, апрача гэтай нетаропкай падрыхтоўкі. Яна акупіцца потым як граматыка…
Гэтае паступовае знясіленне прытупіла ў нас адчуванне жыцця. Мы старэем. Заданне старыць. Чаго каштуе палёт на вялікай вышыні? Адна гадзіна, пражытая на вышыні дзесяць тысяч метраў, — якому часу адпавядае яна — тыдню, тром тыдням, месяцу нармальнага жыцця арганізма, нармальнай работы сэрца, лёгкіх, артэрый? Зрэшты, якая розніца! Мая млосць састарыла мяне на вякі: мяне ахінуў ціхамірны спакой старца. Усё, што хвалявала, калі я рыхтаваўся да вылету, здаецца мне бясконца далёкай мінуўшчынай. Як Арас — бясконца далёкай будучыняй.
Ну, а ваенныя прыгоды? Дзе яны, гэтыя ваенныя прыгоды?
Усяго хвілін дзесяць назад я ледзь не загінуў, а мне няма пра што расказваць, хіба што пра гэты рой дробненькіх вос, які прамільгнуў перада мною за тры секунды. Сапраўдная ж прыгода заняла б усяго дзесятую долю секунды. Але ніхто з нас не вяртаецца, не вяртаецца ніколі, каб расказаць пра яе.
— Вазьміце трошкі лявей, пан капітан.
Дзютэртр забыў, што педалі заледзянелі! А мне прыгадваецца адзін малюнак, які вельмі ўразіў мяне ў маленстве. На малюнку на фоне палярнага ззяння вырысоўвалася дзіўнае кладзішча караблёў, зацёртых паўночнымі льдамі. У шызым святле вечнага прыцемку яны ўздымалі ўгору свае абледзянелыя рукі. У мёртвым штылі іх усё яшчэ ўзнятыя ветразі захоўвалі след ветру, як пасцель захоўвае след пяшчотнага пляча. Але адчувалася, якія яны здубянелыя і ломкія.
Тут таксама ўсё здубянела. Рычагі здубянелі. Кулямёты здубянелі.
— Стралок, як вашы кулямёты? — цікаўлюся я.
— Не працуюць.
— Ну што ж.
У рэспіратар кіслароднай маскі я выплёўваю ледзяныя іголачкі. Час ад часу ў падатлівай гуме даводзіцца размінаць наледзь, якая не дае мне дыхаць. Калі я сціскаю трубку, адчуваю, як у руцэ пахруствае лёд.
— Стралок, кісларод у парадку?
— У парадку.
— Які ціск у балонах?
— Гм… Семдзесят.
— Добра.
Час для нас таксама заледзянеў. Мы — тры белабародыя старцы. Нішто не варушыцца. Нішто не паганяе. Нішто не палохае.
Баявыя подзвігі? Маёр Аліяс дадумаўся аднойчы сказаць мне:
— Пастарайцеся быць асцеражнейшым!
Быць асцеражнейшым, маёр Аліяс? Якім чынам? Знішчальнікі падаюць на вас зверху, як маланка. Атрад знішчальнікаў, які ляціць на тысячу пяцьсот метраў вышэй вас і першы заўважае вас, можа не спяшацца. Ён перастройваецца, займае выгодную пазіцыю. А вы пра ўсё гэта нават яшчэ і не ведаеце. Вы — мыш, над якой ужо распластаўся цень драпежніка. Мыш думае, што яна жывая. Яна яшчэ сваволіць у жыце. Але яна ўжо ў палоне ястрабінага вока, яна ўліпла ў ягоную зрэнку мацней, чым у смалу, бо ястраб ужо не выпусціць яе.
Вось гэтак і з вамі. Вы прадаўжаеце весці самалёт, вы марыце, разглядваеце зямлю, а між тым вы прыгавораныя ўжо да смерці — ледзь прыкметная чорная адмецінка, якая ўзнікла ў зрэнцы чалавека.
Дзевяць знішчальнікаў рынуцца на вас па вертыкалі, калі ім узбрыдзе ў галаву. I часу ў іх аж занадта. На хуткасці дзевяцьсот кіламетраў у гадзіну яны нанясуць вам страшэнны гарпунны ўдар
У той самы момант, калі вы сцяміце, што вы на мушцы, знішчальнік, як кобра, імгненна выпускае атруту і, выйшаўшы з поля абстрэлу, ужо недасягальны, навісае над вамі. Гэтак і кобры — пагойдваюцца, маланкава джаляць і зноў пагойдваюцца воддаль.
Выходзіць, калі знішчальнікі зніклі, яшчэ нічога не змянілася. Нават твары не змяніліся. Яны змяняюцца цяпер, калі неба апусцела і зноў запанаваў спакой. Знішчальнік ужо стаў толькі абыякавым сведкам, а з рассечанай соннай артэрыі штурмана пырскае першы струменьчык крыві, з капота правага матора нясмела выбіваецца першае полымца, якое праз момант забушуе, як агонь у горне. Кобра паспела ўжо звіцца, а яе атрута дасягае сэрца, і на твары сутаргава перасмыкаецца першы мускул. Знішчальнікі не знішчаюць. Яны сеюць смерць. I смерць узыходзіць, калі знішчальнікі ўжо далёка.
Быць асцеражнейшым, маёр Аліяс? Калі мы сутыкнуліся са знішчальнікамі, мне не было чаго рашаць. Я мог бы і не даведацца пра іхняе з'яўленне. Калі б яны ляцелі проста нада мной, я нават і не даведаўся б пра гэта!
Быць асцеражнейшым? Але ж неба пустое.
Зямля пустая.
Калі абшары зямныя азіраеш з вышыні дзесяці тысяч кіламетраў, там чалавека няма. У гэткім маштабе рухі чалавека нельга разгледзець. Нашы даўгафокусныя фотаапараты служаць нам мікраскопамі. Мікраскоп патрэбен тут, каб разгледзець чалавека, — але яго і з дапамогай гэтага прыбора не ўбачыш, — толькі адметы ягонай прысутнасці: дарогі, каналы, цягнікі, баржы. Чалавек ажыўляе тое, што мы бачым пад мікраскопам. Я няўзрушны вучоны, і вайна гэтых мікробаў для мяне цяпер усяго толькі прадмет лабараторнага доследу.
— Дзютэртр, страляюць?
— Здаецца, страляюць.
Адкуль ён можа ведаць? Выбухі надта далёкія, і плямкі дымоў зліваюцца з зямлёй. Яны, вядома, і не спадзяюцца збіць нас такім недакладным агнём. На вышыні дзесяці тысяч метраў мы практычна недасягальныя. Яны страляюць, каб удакладніць наша месцазнаходжанне і, магчыма, навесці на нас знішчальнікаў. Знішчальнікаў, якія блукаюць у гэтай нябеснай прасторы, як нябачны пылок.
Тыя, што на зямлі, бачаць нас па жамчужнаму шлейфу, які самалёт, калі ён ляціць на вялікай вышыні, цягне за сабой, як вянчальны вэлюм. Сатрасенне, выкліканае палётам, крысталізуе вадзяныя пары атмасферы. I мы размотваем за сабою пёрыстую стужку ледзяных іголак. Калі атмасферныя ўмовы спрыяюць утварэнню аблокаў, гэты след будзе павольна разбухаць і ператворыцца ў вячэрняе воблака над палямі.
Знішчальнікі знаходзяць нас па бартавым радыё, па пуках выбухаў і, нарэшце, дзякуючы выхваляльнай раскошы нашага белага вэлюма. I ўсё-такі мы лунаем у амаль касмічнай пустэчы!
Мы ляцім — і я добра гэта ведаю — з хуткасцю пяцьсот трыццаць кіламетраў у гадзіну… А між тым усё замерла. Хуткасць адчувальна на бегавой дарожцы. А тут усё апушчана ў пустату. Так і Зямля: нягледзячы на хуткасць сорак два кіламетры ў секунду, здаецца, што яна паварочваецца вакол Сонца даволі марудна. Яна затрачвае на гэта цэлы год. Нас, магчыма, таксама нешта павольна даганяе, да нас таксама нешта імкнецца. Колькі самалётаў прыпадае на адзінку прасторы ў паветранай вайне? Яны — што пылінкі пад купалам храма. Самі пылінкі — мы, магчыма, прыцягваем да сябе некалькі дзесяткаў ці соцень іншых пылінак. I ўвесь гэты пыл павольна ўздымаецца ў неба, быццам дзесьці выпыльваюць дыван.