Ваенны лётчык
Шрифт:
Да Ізраэля, нос якога падаўся мне такім дзіўным, я пачуваў глыбокую прыязнасць. Гэта быў адзін з найадважнейшых лётчыкаў у нашай групе. Адзін з самых адважных і самых сціплых. Яму столькі надзяўблі пра яўрэйскую асцярожлівасць, што ён лічыў за асцярожлівасць нават сваю адвагу. Бо гэта ж асцярожлівасць — быць пераможцам.
Дык вось, я заўважыў яго доўгі чырвоны нос, які бліснуў на адзін толькі момант, бо Ізраэль крочыў вельмі хутка і адразу ж знік разам са сваім носам. Без намеру жартаваць я абярнуўся да Гавуаля:
— Чаго гэта ў яго такі нос?
— Гэткім ужо матка яго адарыла, — адказаў Гавуаль. I дадаў: — Бязглуздае заданне на малой вышыні. Ён зараз вылятае.
— А!
А
Магчыма, пагэтаму маёр і не любіць адпраўляць у палёт тых, якія, на яго думку, прыгнечаны прадчуваннямі. Прадчуванні амаль заўсёды ашукваюць, але з-за іх баявыя загады набываюць гучанне выраку. Аліяс камандзір, а не суддзя.
Вось што на днях адбылося з сяржантам Т.
Наколькі Ізраэль быў адважны, настолькі Т. быў баязлівы. Гэта адзіны знаёмы мне чалавек, якога так відочна мучыў страх. Калі Т. атрымліваў баявы загад, з ім тварылася нешта неверагоднае. Ён проста ўпадаў у транс. Яго апаноўвала здранцвенне, яно павольна і няўмольна захліствала яго з ног да галавы. 3 твару быццам змывала ўсякі выраз, а вочы загараліся пустым бляскам.
У процівагу Ізраэлю, чый нос здаўся мне такім збянтэжаным — збянтэжаным ад магчымай смерці Ізраэля — і адначасова вельмі ўгневаным, Т. не выяўляў ніякага хвалявання. Ён не рэагаваў: ён панікаў.
Пад канец размовы рабілася зразумела, што Т. проста-такі ахоплены жахам. I ад гэтага па твары яго пачынаў разлівацца нейкі няўзрушны спакой. 3 гэтага моманту Т. быў як недасягальны. Адчувалася, як паміж ім і светам распасціраецца пустыня абыякавасці. Ніколі і нідзе, ані ў кога на свеце я не назіраў, каб нервовае ўзбуджэнне выяўлялася ў такой форме.
— Я ні ў якім разе не павінен быў пасылаць яго тады, — гаварыў пазней маёр.
У той дзень, калі маёр абвясціў яму пра вылет, Т. не толькі спалатнеў, але нават пачаў усміхацца. Проста ўсміхацца. Так, мусіць, усміхаюцца пакутнікі, калі кат пераходзіць ужо ўсялякія межы.
— Вы занядужалі. Я замяню вас…
— Не, пан маёр. Раз гэта мая чарга, значыць — мая.
I Т. здранцвела стаяў навыцяжку перад маёрам і глядзеў на яго.
— Але калі вы не ўпэўнены у сабе…
— Сёння мая чарга, пан маёр, мая.
— Паслухайце, Т…
— Пан маёр…
Т. нібы ператварыўся ў каменны слуп.
— I я дазволіў яму ляцець, — дадаў Аліяс.
Тое, што адбылося потым, так і засталося загадкай. Т., стралок на борце самалёта, заўважыў, што яго спрабуе атакаваць варожы знішчальнік. Але ў гэтага знішчальніка заела кулямёты, і ён павярнуў прэч. Пілот і Т. перагаворваліся паміж сабой амаль да самага аэрадрома, і пілот не заўважыў нічога незвычайнага. Але за пяць хвілін да пасадкі стралок перастаў яму адказваць.
А вечерам Т. адшукалі з праламаным чэрапам: яго ўдарыла хваставым апярэннем. Ён выскачыў з парашутам у дзікіх умовах, на поўнай хуткасці, прычым над сваёй тэрыторыяй, калі яму ўжо не пагражала аніякая небяспека. З'яўленне знішчальніка падзейнічала на яго, як няўмольная позва, і ён не вытрымаў.
–
— Да пабачэння, пан маёр.
Маёр адказвае няпэўным жэстам. Прымхі? Мая цыгарэта патухла, і я марна шару па кішэнях.
— Чаму ў вас ніколі няма запалак? — дадае Аліяс. Ён мае рацыю. I, выпраўлены ў дарогу такімі развітальнымі словамі, я выходжу за дзверы, пытаючыся ў сябе: «Чаму ў мяне ніколі няма запалак?»
— Не па душы яму гэтае заданне, — заўважае Дзютэртр.
А я думаю: яму начхаць! Але несправядліва асуджаючы Аліяса, я думаю не пра яго. Мяне шакіруе факт, якога ніхто не хоча прызнаць: жыццё Духа падчас замірае. Толькі жыццё Розуму несупыннае ці амаль несупыннае. Мая здольнасць аналізаваць не надта схільна зыначвацца. Аднак для Духа маюць значэнне не самі рэчы, а сэнс, які нітуе іх паміж сабой. Тое сапраўднае аблічча рэчаў, якое Дух спасцігае праз вонкавую абалонку. Празорлівасць Духа мяжуе з поўнай слепатой. Для таго, хто любіць свой дом, настае час, калі ён знячэўку робіць адкрыццё, што гэта толькі зборышча разрозненых прадметаў. Для таго, хто лю-біць сваю жонку, настае час, калі ён пачынае бачыць у каханні адны толькі турбацыі, уціск і непрыемнасці. Для таго, хто ўпіваецца нейкай мелодыяй, настае час, калі яна перастае кранаць яго. Настаё час, як сёння, — калі я ўжо болей не разумею сваю радзіму. Радзіма — гэта не сукупнасць мясцін, звычаяў, рэчаў, якія ў любы час здольны ахапіць мой розум. Радзіма — гэта Сутнасць. I вось настае час, калі я раптам выяўляю, што я перастаў бачыць Сутнасць.
Маёр Аліяс правёў усю ноч у генерала ў чыста лагічных спрэчках. А чыстая логіка разбурае жыццё Духа. Потым Аліяса выматалі на зваротным шляху бясконцыя дарожныя заторы. Вярнуўшыся ў групу, ён сутыкнуўся з мноствам дробязей — з тых, што спакваля пажыраюць вас, як безліч вынікаў горнага абвалу, які немагчыма затрымаць. I нарэшце ён выклікаў нас, каб паслаць на невыканальнае заданне. Мы — частка ўсеагульнага розруху. Мы для маёра не Сэнт-Экзюперы ці Дзютэртр, надзеленыя сваім уласным дарам бачыць рэчы альбо не бачыць іх, думаць, хадзіць, піць, усміхацца. Мы — часткі нейкай агромністай будыніны, і каб зразумець яе ў адзіным цэлым, неабходна мець і час і цішыню. Калі б мяне мучыў нервовы цік, Аліяс заўважыў бы толькі гэты цік. Ён адправіў бы ў палёт над Арасам толькі вобраз гэтага ціку. У віры пастаўленых перад ім праблем, у гэтым няўмольна-імклівым зрынанні лавіны мы самі параспадаліся на кавалкі. Голас. Нос. Цік. А кавалкі не хвалююць.
Справа не толькі ў маёры Аліясе, але і ва ўсіх людзях. Калі мы заклапочаны пахаваннем, то як бы мы ні любілі нябожчыка, мы не сутыкаемся непасрэдна са смерцю. Смерць — гэта нешта неаб'емнае. Гэта новы ланцуг узаемасувязей з думкамі, рэчамі, прывычкамі нябожчыка. Гэта новы лад свету. 3 выгляду нічога не зыначылася, на самой жа справе зыначылася ўсё. Старонкі ў кнізе тыя ж, але сэнс яе стаў інакшы. Каб адчуць смерць, мы павінны ўявіць сабе момант, калі нам пазарэз патрэбен нябожчык. Менавіта тады нам яго і не хапае. Уявіць сабе момант, калі мы маглі б спатрэбіцца яму. Але мы яму болей не патрэбны. Уявіць сабе хвіліну сяброўскіх адведак. I адчуць іх пустэчу. Мы звыклі бачыць жыццё ў перспектыве. Але ў дзень пахавання няма ні перспектывы, ні прасторы. Нябожчык у нашай свядомасці яшчэ раздроблены на часткі. У дзень пахавання мы мітусімся, паціскаем рукі сапраўдным і ўяўным сябрам, займаемся дробязямі. Нябожчык памрэ толькі заўтра, калі ўсталюецца цішыня. Ён з'явіцца перад намі ва ўсёй сваёй цэласнасці, калі ва ўсёй сваёй цэласнасці адымецца ад нашай сутнасці. I тады мы закалоцімся ў рыданнях, што ён пакідае нас, а мы не можам яго ўтрымаць.