Ваенны лётчык
Шрифт:
Калі нейкая выпадковасць абуджае ў чалавеку любоў, то ўсё ў ім падначальваецца гэтай любові, і любоў узбагачае яго адчуваннем бязмежжа. Калі я жыў у Сахары, ноччу ля нашых кастроў часам з'яўляліся арабы, якія папярэджвалі нас пра злавесныя небяспекі. I тады пустыня ажывала і набывала сэнс. Гэтыя вестуны стваралі яе бязмежжа. Гэтаксама бывае і з музыкай, калі яна цудоўная. I са звыклым пахам старой шафы, калі яна адчыняецца і ажыўляе нашы ўспаміны. Патэтыка — гэта і ёсць адчуванне бязмежжа.
Але я разумею, што ўсё, што датычыць чалавека, нельга ні падлічыць, ні вымераць. Сапраўднае бязмежжа не ўспрымаецца вокам, яно даступна
Мне здаецца, цяпер я лепей разумею, што такое духоўная культура. Духоўная культура — гэта спадчына веравызнанняў, звычаяў і ведаў, набытых вякамі, часам іх цяжка апраўдаць лагічна, але яны носяць сваё апраўданне ў саміх сабе, як дарогі, калі яны некуды вядуць, бо гэтая спадчына адкрывае чалавеку яго ўнутранае бязмежжа.
Дурная літаратура даводзіла нам неабходнасць уцёкаў. Ну, канечне, адпраўляючыся ў падарожжа, мы шукаем бязмежжа. Але немагчыма знайсці бязмежжа. Яно ствараецца ў нас саміх. А ўцёкі нікога нікуды не прыводзілі.
Калі чалавеку, каб адчуць сябе чалавекам, трэба прыняць удзел у спаборніцтвах па бегу, спяваць у хоры або ваяваць, гэта ўжо тыя повязі, якімі ён імкнецца панітаваць сябе з людзьмі і светам. Але якія ж нетрывалыя гэтыя повязі! Існая духоўная культура цалкам напаўняе чалавека, нават калі ён нікуды не вырушае.
У нейкім невялічкім, ціхім гарадку праз шэрую смугу дажджлівага дня я бачу каля акна задуменную калеку-пустэльніцу. Што яна ёсць? Што з яе зрабілі? Пра духоўную культуру гэтага гарадка я буду меркаваць па насычанасці яе ўнутранага жыцця. Чаго мы вартыя, калі раптам робімся нерухомыя?
У дамініканца, які моліцца, бязмежна багатае ўнутранае жыццё. Чалавекам у поўнай ступені ён робіцца толькі тады, калі, упаўшы на калені, нерухома камянее ў малітве. Бязмежна багатае ўнутранае жыццё Пастэра, калі ён, затаіўшы дыханне, схіляецца над мікраскопам. У поўнай ступені Пастэр робіцца чалавекам толькі тады, калі даследуе. Тады ён крочыць наперад. Тады ён спяшаецца. Тады ён ступае гіганцкімі крокамі, хоць сам ён і нерухомы, і тады яму разгортваецца бязмежжа. Сезан, знямелы, засяроджаны над сваім эцюдам, таксама жыве невымерна багатым унутраным жыццём. Чалавекам у поўнай ступені ён робіц-ца толькі тады, калі маўчыць, узіраецца і мяркуе. Тады ягонае палатно робіцца бязмежнае, як мора.
Бязмежжа, дараванае мне домам майго маленства альбо маім пакоем у Арконце, бязмежжа, зведанае Пастэрам дзякуючы яго мікраскопам, бязмежжа, якое раскрывае паэма, — усё гэта крохкія і найкаштоўнейшыя дары, якімі ўзнагароджвае адна толькі духоўная культура, таму што бязмежжа існуе для духу, а не для вачэй і бязмежжа нельга спасцігнуць без мовы.
Але як вярнуць сэнс маёй мове ва ўсеагульным хаосе? У час, калі дрэвы парку адначасна і каўчэг для шматлікіх пакаленняў, і звычайная перашкода для артылерыстаў? У час, калі прэс бамбардзіроўшчыкаў усім сваім цяжарам прыдушыў гарады і цэлы народ чорным сокам разліваецца па дарогах? У час, калі Францыя ўяўляе сабой агіднае відовішча разварочанага мурашніка. У час, калі мы змагаемся не з адчувальным праціўнікам, а з замёрзлымі педалямі, закліненымі рукаяткамі, сарванаю нарэзкай…
— Можна зніжацца!
Я магу зніжацца. Я зніжуся. Я палячу да Араса на малой вышыні. За мной тысячагадовая духоўная культура, яна павінна дапамагчы мне. Але яна не памагае. Зараз, безумоўна, не час пажынаць яе плады.
Пры васьмістах кіламетрах у гадзіну і трох тысячах пяцістах трыццаці абаротах у мінуту я пачынаю зніжэнне.
Зрабіўшы разварот,
Гэты спуск, як спусташэнне. Нам таксама давядзецца шлэпаць па гразі. Там, унізе, усё ўзята гніллю. Мы нагадваем багатых падарожнікаў, якія, доўга пражыўшы ў краіне каралаў і пальмаў, згалеўшы, вяртаюцца дадому, дзе іх чакае нікчэмнае гібенне ў скнарлівай сям'і, кепска вымыты посуд, гаркота дробязных сварак, судовыя выканаўцы, вечны клопат пра грошы, марныя спадзяванні, ганебныя высяленні, нахабства домаўласніка, галеча і смуродная канчына ў лякарні. Тут, прынамсі, хоць смерць чыстая! Ледзяная і вогненная смерць. Сонца, неба, мароз і полымя. А там, унізе, цябе павольна засмоктвае глей.
XV
— Курс на поўдзень, капітан. Лішак вышыні ліквідуем у французскай зоне!
Гледзячы на гэтыя чорныя дарогі, якія цяпер ужо добра відно, я пачынаю разумець, што такое мір. Мір — гэта пэўны лад. Сяляне вечарамі вяртаюцца ў вёску. Ссыпаюць у свірны зерне. I кладуць у шафы старанна складзеную бялізну. У дні міру ведаеш, дзе ляжыць кожная рэч. Ведаеш, дзе знайсці кожнага сябра. I ведаеш, дзе ты будзеш сёння спаць. Так! Мір гіне, калі рвуцца ніткі асновы, калі ты болей не знаходзіш сабе месца ў свеце, калі не ведаеш, дзе той, каго любіш, калі муж, які выйшаў у мора, не вярнуўся.
Мір — гэта калі ўсе рэчы знаходзяцца на сваіх месцах і набываюць свой існы сэнс, які выразна праглядвае скрозь іх знешнюю абалонку. Калі яны з'яўляюцца часткай нечага большага, чым яны самі, як разнастайныя солі зямлі, што аднойчы злучыліся ў дрэве.
Але грымнула вайна.
I вось я лячу над дарогамі, а па іх бясконцай ракою цячэ чорны кісель. Кажуць, быццам насельніцтва эвакуіруюць. Але цяпер гэта ўжо лухта. Яно эвакуіруецца само па сабе. У гэтым вялікім перасяленні маецца нейкае заразлівае вар'яцтва. I сапраўды, куды імкнуцца гэтыя бежанцы? Яны ідуць на поўдзень, як быццам там іх чакае жыллё і ежа, як быццам там іх чакае ўтульны цёплы прытулак. Але там, на поўдні, ёсць толькі запруджаныя мястэчкі, дзе людзі спяць у хлявах і дзе ўжо на зыходзе запасы харчу. Дзе нават самыя шчодрыя спакваля робяцца жорсткімі праз бязглуздасць гэтага нашэсця, якое пакрысе, нібы паток бруду, глынае іх саміх. Адна-адзіная правінцыя не можа прытуліць і пракарміць усю Францыю!
Куды яны ідуць? Яны і самі не ведаюць! Яны крочаць да нейкіх прывідных прыстанішчаў, бо ледзь толькі іхні караван дабярэцца да аазіса, як аазіса ўжо — і заваду няма. Кожны аазіс знікае, калі настае яго чарга, і ў сваю чаргу ён сам уліваецца ў караван. I калі караван дабіраецца, нарэшце, да вёскі, якая робіць выгляд, быццам яшчэ жыве, ён у першы ж вечар высмоктвае з яе ўсе жыццёвыя сокі. Ён абжырае яе, як чарвякі абжыраюць костку.
Вораг прасоўваецца наперад хутчэй бежанцаў. Сям-там танкі далучаюцца да іх патоку, і тады ён гусцее і паўзе назад. Часам у гэтым месіве захрасаюць цэлыя нямецкія дывізіі, і ў сякіх-такіх выпадках можна назіраць дзіўную рэч: тыя, што пры іншых абставінах забівалі, тут падаюць напіцца.