Сьцяна
Шрифт:
Забела капаў ня так каб і ўвішна. Глыбіня стала, мусіць, такой, якой і патрэбна было, кідаць жвір ён намагаўся высока, ды глыжы ўсё скочваліся зь берагоў у яму — ужо не ставала сілы кідаць вышэй і далей. Зноў жа падмяніць яго, мусіць, не засталося нікога, пэўна, усе ўжо адбылі сваю чаргу. Апроч, вядома, параненых Кажухара і камандзіра. Значыць, яму і давяршаць гэтую невясёлую справу.
Камандзір ня мог скрануць шыяй, павярнуць галавы, але ён дбаў усё рабіць як належыць і кожную справу даводзіць да канца. Гэта было ягоным правілам са студэнцкай маладосьці, як вучыўся ў сэмінарыі, затым выкладаў у гімназіі, а таксама ў вайну, калі, стаўшы прапаршчыкам, камандаваў паўротай у інгерманлядзкім палку. I калі ў яго што-нішто не атрымлівалася, не знаходзіла завяршэньня, дык часьцей не зь ягонай віны — з прычыны ўмяшаньня вышэйшых камандзіраў ці зьбегу зьменлівых абставін. Як з гэтым іх партызанствам.
Цярпліва чакаючы, калі нарэшце будзе гатовая гэтая яма-магіла, камандзір міжволі і ў каторы раз перабіраў у памяці падзеі апошніх тыдняў-месяцаў іх барацьбы, каб усё ж хоць перад канцом зразумець нейкі таямнічы сэнс іхнага трагічнага фіналу. Але, мусіць, усё ўжо было перабрана ў памяці. Натуральна, камандзір разумеў, што прысуд ім быў вынесены даўно, гэты зыход быў відавочны, як толькі яны кінулі выклік страшнай сіле і сталі са зброяй у шарэнгу. Выклік быў дзёрзкі і рашучы, а сілы ўсё ж малыя, і менавіта гэтая акалічнасьць вырашыла ўсё астатняе. Але і як было іначай? Народ чакаў, а кіраўнікі адзін перад адным імкнуліся выступіць. Верныя рыцары рашучай фразы, яны сьпярша ап'янілі тых, хто іх слухаў на ўсіх тых шматлюдных мітынгах, а затым неўпрыцям і самі паверылі ў свае прыгожыя словы. Калі ж і самі сталі нявольнікамі ўласных хмельных прамоваў, тады ўжо нічога нельга было ні спыніць, ні перайначыць. Яны былі змушаныя, за імі пайшлі іншыя, — найперш, хто мала разумеў, але надта верыў. А то ішлі з пачуцьця абавязку, раптоўна народжанага гонару і таму не маглі не пайсьці. Калі не цяпер, дык калі ж? Хіба што ніколі. Але ніколі — было страшна, страшней за пагібель, бо было банкруцтвам усяе сьвятой, шматгадовае справы. Так, ён таксама нямала сумняваўся ў хуткім посьпеху паўстаньня, яшчэ больш было ў яго недаверу да колькі-небудзь удалага партызанства іхнага асобнага батальёна. Але ішоў, бо для яго заставалася пэўным: тое трэба было колісь зрабіць, раней ці пазьней. Без таго, бязь іхнае галаваломнае адвагі, ахвяр і крыві ўся іх нацыянальная справа, бы невылечны сухотнік, асуджаная на вялы, задоўжаны скон. Цяпер на скон ня будзе асуджана. Зерне кінута, па вясьне ўгрэецца глеба, будуць усходы. Колькі б зіма ні доўжылася, настане вясна. Яны ж угнояць глебу, мусіць, такое іх гістарычнае прызначэньне, так трэба. Для вольнай радзімы і для гісторыі.
Так суцяшаў сябе камандзір, а гарката няўдачы душыла яго, сьціскала прастрэленую шыю, цяжка было дыхаць — на хадзе і тут, па-над ямай таксама. I тады ён успомніў даўні, звыклы зь юнацтва твар другога асуджанага, што калісьці стаяў не над ямай — пад вісельняй, і яго вешчыя словы да каханай Марыські. Да Беларусі. Ніколі яна ня будзе ні вольнаю, ні шчасьліваю, пакуль ня скіне з душы прыгон маскаля. Апынуцца паміж Расеяй і Польшчай — усё роўна што паміж кувалдай і молатам, які б'е мэтадычна, магутна, бязьлітасна. Нішто не стрывае тых жахлівых удараў. Пакуль б'е молат і рэжа галовы серп. Гэта ж трэба такое прыдумаць — молат і серп, серп і молат…
Сарокі ў гольлі сакаталі ўсё болей, бы прадчуваючы тое страшнае, што тут неўзабаве адбудзецца. Іх ужо ніхто не адганяў, не палохаў, і яны бязладна паначапляліся на бярозах, спраўлялі свае птушыныя хаўтуры. Зводдаль ад іх зьявіліся са тры вароны. Тыя сядзелі спакайней, толькі зьдзіўлена пазіралі ўніз, але маўчалі. Людзям жа было не да іх. Людзі апекаваліся ўласным клопатам.
Можа, самы спакойны, ціхманы і з выгляду нават абыякавы да ўсяго ў гэтай грамадцы быў Казак, шараговы стралец, патомны парабак слуцкіх фальваркаў. Галоўным правілам яго ў жыцьці было: як усе. Як усе паводзіў сябе ён, калі рабіў у пана Пясецкага: рабіць дык рабіць, есьці дык есьці, спаць дык спаць — як усе. I на паўстаньне пайшоў таму, што пайшлі парабкоўцы з маёнтка — усе шасьцёра. Калі б яны пайшлі да бальшавікоў, мусіць, да бальшавікоў пайшоў бы і Казак. Але вызначыў выпадак ці, можа, адзін парабак, які па вясьне паявіўся ў іхным маёнтку. Ён не казаў, дзе рабіў да таго, але ў маёнтку быў прыстаўлены памагатым да цесьляра, рамантаваў інвэнтар. Гэта быў дужа гаваркі чалавек. Сьпярша хлопцы ня дужа верылі, казалі: балбоча. Але неўзабаве ўслухаліся і сьцямілі, што балбоча ня так сабе, нешта ўсё ж ведае. А і сапраўды, ведаў ён шмат што і шмат дзе пабываў за свае яшчэ маладыя гады, нават у Піцеры і ў Рызе. Казаў, што па перакананьнях ён сацыяліст-эсэр і што толькі тады па-людзку зажывуць працоўныя людзі, як падзеляць панскую зямлю. Але перш чым падзяліць, зямлю трэба
Закурыць, аднак, не было ні ў кога, і Казак патупаў, патупаў каля кучы жвіру ды стаў чакаць свайго часу.
Нарэшце адчуўшы, што хопіць, Забела збольшага параўняў дол у яме, памераў крокамі. Атрымалася восем крокаў удоўжкі, мабыць, хопіць на ўсіх.
— Фініта ля камэдыя! — знарок бадзёрым голасам гукнуў ён і кінуў угору рыдлёўку.
— Ладна, годзе, — глуха азваўся камандзір і паклікаў астатніх. — Усе — сюды!
Калі яны неяк нясьмела, бы баючыся, узьлязалі на жвір, бліжай да ямы, камандзір ціха спытаўся:
— Хто першы?
— Першы ўжо ёсьць, — сказаў Мяцельскі. — Во Аўстрыяка.
— Давай яго сюды.
Разварочваючы ботамі рыхлую кучу, Мяцельскі рашуча падвалок распластанае цела Аўстрыякі да ямы, уніз галавой падаў яго Забелу. Той, ледзьве сам утрымаўшыся на нагах, пераняў небараку, сьцягнуў з краю ямы і неяк выпрастаў яго ў доле. Рукі Аўстрыякі трэба было пакласьці на грудзях, але тыя ніяк не хацелі складвацца і тырчэлі скорчанымі пальцамі ўгору.
Тым часам да ямы падышлі Дзед з Кажухаром; трошкі зводдаль боязна-ваўкавата прыткнуўся непрыкметны Казак. Валодзька ўвесь час быў побач з камандзірам. Ён змарнеў з твару, прыціх, здаецца, баяўся вымавіць слова. Мяцельскі высока стаяў на кучы жвіру.
— Дык як будзем? Па адным ці ўсе разам?
— Па адным, — ціха мовіў камандзір. — З нагана.
— У яме. Каб меней грукату.
Мабыць, усе ўсё зразумелі і сьціхлі, нават ня дыхалі. Камандзір абвёў усіх чужым напружаным позіркам і адчуў, што трэба нешта сказаць на разьвітаньне. Ці на суцяшэньне. I ён сказаў:
— Што ж, спадары… Нам не ўдалося, можа, удасца іншым. Яны нас успомняць. Усё ж мы не за сябе, не за сваё, якога ў нас не было. Мы — за Беларусь. Нашу няшчасную старонку. Прымі, Божа, твае ахвяры…
Яны ўсе стаялі і маўчалі. Яны чакалі. I камандзір, зглытнуўшы даўкі камяк у набалелым горле, раптам сказаў са знарочыстай строгасьцю:
— Хто першы?
Выдалася кароценькая пакутная паўза, пасьля якой Мяцельскі кінуў са злосным адчаем:
— Ат, маць тваю… Давай я…
Зноў абрушваючы жвір, рашуча скочыў у яму.
— Давайце рэвальвэр!
Камандзір расшпіліў на баку кабуру, выняў наган. Мяцельскі ўхапіў яго зьнізу, рухава выцягся побач з застыглым ужо Аўстрыякам.
— Жыве Беларусь!
— Жыве, — нечакана слабым голасам азваўся камандзір, і глухі рэвальвэрны стрэл у яме перапыніў ягоны водгук. Дзьве сарокі з бліжняй бярозы спуджана пераляцелі на дрэвы далей. А на зямлі зноў настала пакутная паўза, усе стаялі моўчкі, баючыся зазірнуць у яму.
— Ну, хто далей? Ты, Зубко? — няпэўна павярнуўся камандзір у бок Дзеда. Той сігануў цераз жвір і спыніўся.
— А ружжо?
— З ружжом, братка, — мякка сказаў камандзір.
Тады Дзед неяк грузна зваліўся ў яму, і яны зноў зьнерухомелі, чакаючы. Чакаць, аднак, давялося нядоўга, стрэл каротка гукнуў і сьціх.
— Ну? — зноў павярнуўся камандзір да астатніх. Засталося іх тут пяцёра. — Ты? — запытальна кіўнуў ён да Кажухара.
— Ды я… Калі адважуся. Калі што, дык прыстралі, камандзір. Калі што…
I няспрытна ўсеўшы на бераг ямы, Кажухар ціха споўз туды. Яны зноў прыціхлі. Чакаць давялося даўжэй, чым тыя разы, мусіць, Кажухару ня дужа ўпраўна было з адною рукой. Нарэшце-такі ў яме лопнула тугім стрэлам. Камандзір падышоў, зазірнуў туды, пастаяў крыху, углядаючыся ўніз, ды зноў павярнуўся да астатніх.