Сьцяна
Шрифт:
— Адкуль будзеце? — зважліва папытаўся, мяркуючы па ціхім голасе, немалады чалавек, што мясьціўся недзе ў куце.
— З вакзала, — проста адказаў паручнік.
— Го, з вакзала! — нядобразычліва азваўся бойкі сусед ля ног. — На вакзале яны й бяруць.
— Чакаў цягніка…
— Ну й дурань! Чакаць на вакзале… Ля сэмафору трэба чакаць і на хаду садзіцца. Цяпер так робяць.
— Наўрад ці ў іх ёсьць якая заканамернасьць — яны ўсюды бяруць. Мяне вось, напрыклад, узялі дома. З пасьцелі паднялі, — расказваў старэйшы з кутка.
— Яны і з магілы паднімуць, — прашапялявіў той, зь сярэдзіны камэры. — Чэка!
— ЧК, ага. Гэта табе ня царская паліцыя.
— Не заўжды спала. Бывала, давала і яна дыхту. Асабліва турэмшчыкі.
— Ну, хіба турэмшчыкі. Але пры цары не сядзеў, ня ведаю.
— Такога яшчэ не было ў гісторыі Расеі, — пакутна загаварыў у куце стары. — Былі смутныя часы, разладзьдзе. Але такога павальнага ачмурэньня не было. Бедная, няшчасная Расея…
— Рэвалюцыя, што ж вы хочаце, — даволі бадзёра, аднак, шапялявіў іншы. — Рэвалюцыя без ахвяраў не бывае.
— Ат, пайшла яна на хер, твая рэвалюцыя! — рэзка кінуў у адказ сусед. — Ад яе адзін сіфіліс, ад твае рэвалюцыі.
— Не скажы. Калі ёю правільна кіраваць…
— А хто, хто кіруе? Троцкі? Ленін? Ды яны Расею разам з рэвалюцыяй Нямеччыне прадалі.
У іх ішла нейкая свая спрэчка, мабыць, не цяпер пачатая. Паручнік ня ўмешваўся — моўчкі слухаў, спрабуючы вызначыць, хто гэтыя людзі. Ягоны сусед надта выяўляў у рэпліках і асабліва ў зласьлівым тоне блатняцкі, люмпэнскі характар, і паручнік пайменаваў яго ў думках Блатняком. Той стары з кутка, падобна, належаў да якой правінцыйнай інтэлігенцыі; клясавую ці якую прыналежнасьць шапялявага ён вызначыць ня мог. Іншыя, што патроху вырушыліся ў цемры, пакуль што маўчалі, але наўрад ці хто спаў, і паручнік папытаўся:
— Даўно вы тут?
— Як хто, — адказаў Стары. — Я чацьверты дзень. Ён во два, іншыя — хто колькі.
— Тут доўга ня дзержаць, — са значэньнем сказаў сусед — Блатняк. — Дзён пару і — на выхад!
— А куды?
— Гэ, куды! Ведама куды. У Гунькін роў.
Які гэта быў роў, паручнік ня ведаў, але ня цяжка было здагадацца. Значыць, сапраўды ён папаўся. Толькі ж, мабыць, павінны хоць дапытаць, вынесьці нейкі, хай сабе фармальны прысуд. Хаця цяпер маглі і без прысуду. Застрэлілі ж у іхным палку штабс-капітана Магілянцава — адразу пасьля мітынгу, ля канавязі, бяз допыту і прысуду. А калі за яго заступіўся прапаршчык з узвода пешай разьведкі, застрэлілі і прапаршчыка. У імя рэвалюцыі. Менавіта тады паручнік Глушкевіч зразумеў: вайсковая служба для яго скончаная. У такім войску служыць немагчыма. Не зважаючы на прысягу, на абавязак перад імпэрыяй, на загады новай, рэвалюцыйнай улады, трэба скідваць пагоны і дабірацца дадому, у родны край, дзе яшчэ жыла маці, апошні ліст ад якой ён меў паўгода таму. I вось прыехаў. Да ягонай станцыі заставалася шэсьцьдзесят вёрст.
Пасьля нядоўгага маўчаньня кароткую спрэчку нібы падагульніў шапялявы голас:
— А што ж вы хацелі, грамадзяне? Пралетарыят абараняе сваю ўладу. Бо кожная ўлада павінна ўмець сябе абараніць.
— Яно, можа, і так, — мякка запярэчыў Стары. — Тое вядома з часоў францускай рэвалюцыі. Толькі вы мне скажыце, чаму гэткая шалёная абарона? Напрыклад, я не выступаў супраць іхнай улады. Я нэўтральны чалавек, абываталь.
— Вы не абываталь! — аб'явіў шапялявы. — Вы прадстаўнік чужое варожае клясы. Во ў чым прычына.
— Ну, добра, я — чужая кляса, — пасьля паўзы памяркоўна сказаў Стары. — Ну, а вось вы, напрыклад. Вы ж, пэўна, не чужой клясы? Вы за пралетарыят?
— Так. Але я чужой партыі.
— Дык жа таксама сацыялісты?
— Сацыяліст-рэвалюцыянэр.
— Невялікая, аднак, розьніца, як я разумею. I тыя, і другія супраць манархіі.
— Гэта калі ў тэарэтычным разрэзе. Але ў тактычным мы разыходзімся. Мы варагуем з бальшавікамі.
— Даволі сумніцельна…
— Не сумнявайцеся. Тут ужо ці мы іх, ці яны нас.
Спакваля паручніку што-нішто рабілася зразумела. Той стары інтэлігент у куце быў быццам знаёмы яму яшчэ з даваеннага часу — такіх ён чуў, назіраў у вайсковых гарнізонах — усіх гэтых земскіх дактароў і начальнікаў, настаўнікаў ды паштавікоў. Збольшага ён адчуваў лёгіку іхнага мысьленьня, заснаванага на дылетанцкім разуменьні палітыкі, хрысьціянскай маралі, памятаў іхныя гутаркі дзе-небудзь на дачнай вэрандзе пасьля вячэрняй гарбаты, пасядзелкі за круглым сталом пад лямпай з модным матавым абажурам. Яны былі людзі ня злосныя, часам і недурныя, ахвотнікі ў меру выпіць ды пагуляць у карты. У іх выхоўваліся неблагія дзяўчаты, патэнцыйныя жонкі гарнізонных падпаручнікаў, адна зь якіх некалі ледзьве ня стала жонкаю Глушкевіча. Ды ня даў Бог. Ці вайна… Эсэраў ён збольшага пазнаў пасьля рэвалюцыі, у войску, калі яны раптам павылазілі аднекуль, пераважна з унтэр-афіцэрскіх ці прапаршчыцкіх пасадаў і кінуліся выступаць на мітынгах. Яны мала чым адрозьніваліся ад бальшавікоў, і таму сустрэць у гэтым сутарэньні ЧК арыштаванага эсэра было для яго трохі дзіўнавата.
— А за што вас, прабачце, сюды? — стрымана запытаўся ён нябачнага ў цемры шапялявага Эсэра.
— А нізашто. Непаразуменьне выйшла.
— У іх непаразуменьня не бывае! — нэрвова заварушыўся побач Блатняк. — Ім трэба каго-небудзь шлёпнуць. I цябе першага.
— Шлёпнуць, канечне. Калі так доўга ня кормяць, — шапялява пагадзіўся Эсэр.
— Ня кормяць і не страляюць, — сказаў Блатняк.
— Можа, чакаюць, калі самі ногі працягнем? Каб на патроны не расходавацца.
— Не, царскія сатрапы такога не дапускалі, — сказаў Эсэр. — У турме ўсё ж кармілі. Кепска, праўда, але кармілі.
— У іх там няўпраўка выйшла — аўтамабіль сапсаваўся, — зазначыў Блатняк.
— Думаеш, адрамантуюць і прывязуць прысмакі?
— Не. Адрамантуюць, і нас — у Гунькін роў.
Паручнік прыслухоўваўся да іх невясёлай размовы і разумеў, што ягоных суседзяў трывожыў той жа клопат пра ўласнае жыцьцё, які назаляў і яму. Зрэшты, што ж, усё натуральна, што яшчэ магло трывожыць людзей у гэтым чэкісцкім склепе? I спадзяванкі на жыцьцё былі ў іх гэткія ж хліпкія, як і ў яго.
Недзе ў калідоры непадалёк пачуліся галасы, грубыя, патрабавальныя крыкі: «Выходзь! Быстра, тваю маць…», брыдкая салдацкая лаянка. Падобна, там усчалася тузаніна ці нават бойка, чуўся тупат шматлікіх ног, нешта моцна выцяла ў сьцяну — аж здрыгануліся прыхінутыя да дзьвярэй паручнікавы плечы. Агідны ветрык небясьпекі дзьмухнуў у цемрадзі сьмярдзючай камэры, усе насьцярожана прымоўклі, чакалі, што вось-вось адчыняцца і іхныя дзьверы. Але дзьверы пакуль не расчыняліся, а тупат і тузаніна сталі аддаляцца, мабыць, там кіравалі на выхад.
— Цяпер ці ня наша чарга? — паныла ўздыхнуў Эсэр.
Яму ніхто не адказаў, усе маўчалі, і пасьля маркотнае паўзы першы раздумна загаманіў Блатняк:
— А я якраз перад тым, як сцапалі… гуляш не даеў. Такі быў смачны гуляш. Каб ведаў…
— За жыцьцё не наеўся, перад сьмерцю не наліжасься, — сказаў Стары.
— Што праўда, то праўда! — падхапіў Эсэр. — Як помню сябе, усё есьці хацеў. I на волі, і ў турмах.
— А што, многа сядзеў? — пацікавіўся Блатняк.
— Хапала!