Сьцяна
Шрифт:
— Я ж казаў: трэба даваць дзёру! — нэрвова зашапатаў Блатняк. — А то давядуць, што ног не пацягнеш. Калі да таго ня стрэльнуць.
— Я ня супраць, — ціха адгукнуўся Эсэр. I з кутка разважна азваўся Стары:
— Вы думаеце, гэта магчыма? Гэта ж вельмі рызыкова, мабыць?
— А кулю ў лоб атрымаць не рызыкова?
Размова прыпынілася, і паручнік падумаў, што, відаць, іншага не застаецца. Ужо яго ЧК не памілуе, расквітаецца за ўсё. I за дваранскае паходжаньне, і за афіцэрства, і за рэвальвэр у рэчмяшку. Але гінуць у гэтым сьмярдзючым сутарэньні ці ў Гунькіным рове было пагана
— А і праўда, — зашапялявіў Эсэр. — Як адчыняцца дзьверы, калі каго прывядуць… Кінуцца і — за вінтоўку.
— Хто кінецца? — сказаў Стары. — Я пажылы. Ды хворыя суставы: раматус…
— Я б кінуўся, — працягваў Эсэр. — Ды ў мяне рука вывіхнутая. Як вялі, білі. Сапсулі руку.
Паручнік маўчаў, ён думаў. Трэба было штосьці ўзгадніць у душы, усё ж тая думка ўзьнікла для яго нечакана. Канечне, рукі ў яго не былі вывіхнутыя, пакуль што ад голаду ён не зьнясілеў. Але яму трэба было хоць бы адчуць нейкі давер гэтых людзей, каб нешта браць на сябе.
— Дык вось жа ў нас вайсковец, — падказаў Блатняк, — ты ж вайсковец, ага? — зьвярнуўся ён да паручніка.
— Вайсковец.
— Можа яшчэ ахвіцэр?
— Афіцэр.
— Дык каго чакаць? Самы раз будзе. Ён кідаецца першы, я — у помач.
— Ага. Тут важна, каб усім разам, — прашамкаў Эсэр. — Ламануць — і ў калідор, а там — як пашанцуе.
— Толькі б не спазьніцца. А то могуць на золку вывесьці. Яны на золку возяць, — паведаміў Блатняк. Ну, вядома ж, на золку, пра тое паручнік ведаў, ужо недзе чуў ці чытаў, як возяць на кару злачынцаў. А цяпер вось тое загадкава-страшнае падышло да яго. Значыцца, каб не загінуць па-дурному, безабароннай авечкай, трэба скарыстаць хоць бы й невялікі шанец. Гэтыя людзі паспадзяваліся на яго, і ён павінны. Хоць бы, як больш дужы. I, можа, як больш здатны. Урэшце, як афіцэр. Ці ня ў тым цяпер ягоная місія — маленькая, амаль мікраскапічная місія ў вялізарным віры людзкіх нягодаў. Ён павінны пайсьці наперадзе і зьдзейсьніць самае, можа, рызыковае. Так трэба. А як яно выйдзе — тое залежыць ня толькі ад яго. Тут ужо — як будзе заўгодна госпаду Богу.
— Я зразумеў. Але ці ўсе згодныя? — запытаўся ён.
— Я згодны, — лёгка сказаў ягоны сусед.
— Я тожа, — пацьвердзіў Эсэр. У куце, чутна было, трохі паварушыўся, паўздыхаў Стары, мабыць, ягонае рашэньне давалася яму трудней, чым іншым. Але і ён згадзіўся:
— Што ж, калі ўсе мірам рашылі, дык… Адмаўляцца не па-хрысьціянску будзе. Ужо як-небудзь…
— Во і добра. А ты, маўчун, што? — зьвярнуўся да кагось нябачнага ў цемры Эсэр. — Ці ўсё сьпіш?
— Я ня сплю, — прагучаў зь цемры новы басавіты голас.
— Дык ты чуў? Ты згодны?
— Ды я вось… бегчы не магу, во якое дзела…
— Тады што ж, застанесься?
— Мабыць, застануся.
«Во, пачынаецца, — зь непрыемнасьцю падумаў паручнік. — Адзін стары, другі з вывіхнутай рукой, гэты бегчы ня можа. Што ж тады яны — удвох? Ці ўтрох? Але
Ноч тым часам, мабыць, пераваліла за поўнач, у сутарэньні памалу рабілася цішэй. Галасы ў калідоры і за сьцяной патроху глухлі. Нехта пагаманіў яшчэ — мабыць, канваіры ў канцы калідора, пасьля стала ціха. Падобна было, падземная турма спакваля засынала. У гэтай жа камэры, аднак, ня спалі — цяжар нялёгкага клопату аблёг на ўстрывожаныя душы арыштантаў, прымусіў жывей забіцца іх спакутаваныя сэрцы.
— Галоўнае, ня кормяць, — сказаў Эсэр. — Значыць, штосьці ўдумалі.
— А што — тут і аслу вядома, — пагадзіўся Блатняк.
— А калі ў іх усё ж які іншы плян, — усьміхнуўся Стары. — Калі, напрыклад, сапсуўся аўтамабіль, дык, мабыць жа, праблема з падвозам.
— Праблему з падвозам можна вырашыць шляхам падносу. Хоць бы ў мяшках. Хлеба ці бульбы. А калі чатыры дні не нясуць, значыць, ня варта, — прашапялявіў Эсэр.
— Значыць, Гунькін роў! — у каторы раз напомніў сваё Блатняк.
Той яго напамін пачынаў ужо раздражняць паручніка, але ён устрымліваўся, думаючы цяпер пра іншае. Калі пашэнціць выбрацца з ЧК, дык куды бегчы далей? Ён тут даўно ня быў, знаёмых ня меў, шлях да маці даўгаваты, а лавіць, мусіць жа, будуць зацята. Зноў жа — як бегчы босаму па золкай веснавой гразі? Той яго клопат, аднак, быццам учуў Блатняк, які, чуваць было, штурхануў у бок Маўчуна.
— Ты, калі не пабяжыш, аддай боты ахвіцэру. Ён босы.
— Дык бярыце, — проста пагадзіўся Маўчун. Трохі пасопшы, ён зьдзёр з ног боты, і Блатняк перадаў іх у цемры паручніку.
— Абувайце.
Боты былі вялікія, добра растаптаныя, паручнік лёгка насунуў іх на свае босыя ногі.
— Такое дзела, — разважна казаў у куце Стары. — Можа, каму й пашанцуе, дык… Каб ведалі. Я вучыцель са Старыцы, Сергіеня маё прозьвішча. У мяне сын на румынскім фронце быў, цяпер ня знаю… другі паў пад Смаргонямі. А я вось…
— А цябе ў ЧК шлёпнуць. Калі не драпанеш, — груба зазначыў Блатняк, і тое не спадабалася Эсэру.
— Ну ты, далікатней! Нельга ж так: шлёпнуць, шлёпнуць.
— Ды не, яго пашкадуюць. Гэта мяне шлёпнуць. Дык што ж, я плакаць буду? Хай па мне плачуць. У Воршы абальецца сьлязьмі Любка, у Суражы Анастасься, а ў Піцеры Волечка. Волечка асабліва сардэчная была, любіла ў любоў гуляць.
— Мабыць, адлюбілася…
— А гэта яшчэ пабачым, — падбадзёрваў сябе Блатняк. — Я хлапец спрытны. Не глядзі, што мізэрны.
— А родам адкуль?
— Ды тутэйшы. Прыехаў на пару дзён і засыпаўся.
— I я недалёка адсюль. Горад Горкі, чулі? На каморніка вучыўся. Да катаргі.
— Катаржнік?
— А як жа! Паліткатаржанін. Шэсьць гадоў адтрубіў у Забайкальлі. Калі б не рэвалюцыя, яшчэ чатыры гады трубіць.
— Хар-рошая рэвалюцыя! — зьедліва зазначыў Блатняк, і з кута загаварыў Стары.
— Рэвалюцыя вас вызваліла, але ж рэвалюцыя вас і зноў пасадзіла. Як жа гэта атрымліваецца, таварыш сацыяліст?