Сьцяна
Шрифт:
— Дзякуй, таварыш… Грамадзянін начальнік. Каб гэта залічылася…
— Залічыцца, залічыцца, — няпэўна паабяцаў памкамэнданта.
— На тым сьвеце, — ухмыльнуўся Сурвіла.
— Чаму на тым? — не пагадзіўся ягоны калега. — I на гэтым. Я вам прадастаўлю самую лепшую ямку. Сухую, з жоўтым пясочкам… Ня горш, чым ударнікам сацыялістычнага спаборніцтва.
Было не зразумець, казаў ён тое сур'ёзна ці хітравата зьдзекаваўся зь іх, у ранішнім прыцемку быў кепска відаць выраз ягонага заўжды жвавага маладога твару. Але голас здаўся зусім памяркоўным і добразычлівым, і тое міжволі заспакойвала.
— Ну але ж во я — невінаваты, — ступіў наперад Шастак. — Ну, праўда. Во той сьледчы таварыш Кутасаў ведае. Я ня шкоднік.
Косьцікаў
— Ну ведама, невінаваты. Калі б ты быў вінаваты, табе б на сьледзтве кішкі выматалі. Косьці б пераламалі. Жонку б на тваіх вачах таго… Калі б быў вінаваты. А так — спакойна застрэлім на сасновым пагорачку. I ўсё. Праўда, буржуй? — раптам зьвярнуўся ён да Валяр'янава, які стаяў трошкі збоч ад астатніх.
Падобна, ён хацеў зачапіць Валяр'янава, але той не адказаў на ягонае пытаньне. Ды ён яго й не пачуў, гэтага маладога, самаўпэўненага чэкіста. Ён ужо нямала пабачыў іх на сваім вяку, пачынаючы зь дзевятнаццатага году, калі яго расстрэльвалі ў Алушце. Ён думаў пасьля, каб тады расстралялі, дык не было б тых пакут і прыніжэньняў, якія ён перажыў за ўсе наступныя свае гады. Але ў Алушце не расстралялі. Толькі давялі да дыстрафіі і выпусьцілі паміраць самахоць. I гэта пратрымаўшы тры тыдні сярод паўсотні былых афіцэраў Добраахвотніцкай арміі ў сырым вінным склепе бязь ежы і вады, не выпускаючы па натуральнай патрэбе. Гэтае апошняе дапякала Валяр'янава болей за голад і смагу, ён доўга ня мог прызвычаіцца хадзіць па-большаму і малому на вачах у натоўпу розных чынам і векам людзей і ўжо тады зразумеў нялюдзкую сутнасьць чэкістаў. Яны — нелюдзі, так і трэба было іх разумець, калі толькі нармальным розумам магчыма было што зразумець. Родны брат Валяр'янава, мілы паручнік Аркадзь Аркадзевіч, так і не зразумеў, мабыць, з кім мае справу — гарачыўся, пратэставаў, спрачаўся. I звар'яцеў. Прыстрэлілі, бы сабаку, і кінулі ў прыдарожны быльнёг. Ён жа вось выжыў галоўным чынам таму, што не пратэставаў, ніколі ні з кім не спрачаўся, паводзіў сябе ніжэй за траву, цішэй за ваду. Зрэшты, і чаго дачакаўся? Таго ж, што і брат. Толькі гадоў на пятнаццаць пазьней. Ці варта было ашчаджацца?
Тым часам пачало днець. Абапал дарогі выплыў са змроку восеньскі палявы прасьцяг з пагорачкам зводдаль і прыдарожным хмызьняком паблізу. Зьверху то імжыў, то пераставаў дробны дождж, з поля дзьмуў вільготны заходні вецер. На пагорак бегла гразкая разьежджаная дарога з налітымі дажджом каляінамі. Гараджане тут езьдзілі нячаста, а каляіны былі ад машын наркамату ўнутраных справаў, які толькі й карыстаўся той дарогай. Асабліва ноччу. А то, бывала, і ўдзень, пад час маскоўскіх праверак, калі ў горадзе тэрмінова разгружаліся турмы.
Тое, што Валяр'янаў ніяк не адрэагаваў на заўвагу, не спадабалася Косьцікаву.
— Ты, буржуй! Да цябе абрашчаюцца!
— Я чую, — ціха, аднымі вуснамі адказаў Валяр'янаў.
— Дзяч маёй дабрыні. Хацеў прыстрэліць.
— Дзякуй…
— Во! А то не напомніш — не падзякуюць. Буржуйская нявыхаванасьць…
— Да сваіх яны дык дужа добра выхаваныя, — падхапіў Шастак. — Усё: благадару, благадару…
— Да сваіх. Але не да пралетарыяту, — заўважыў Сурвіла. — Пралетарыі— іхныя ворагі.
— Мабыць, мала стралялі, — сказаў Шастак.
— Стралялі ня мала. Але ўсіх яшчэ не перастралялі. Усё за віной гналіся. За даказацельствамі і прызнаньнем. Болей паперкі пісалі, — як пра штось набалелае, з горыччу зазначыў Сурвіла.
— А што пісаць? — зьдзівіўся Шастак. — Хіба адразу не відаць: контра. Во гэты: камізэлька, гамашы, кавэркот…
— Можа, яшчэ і гальштук завязваў? — прыгожа заўсьміхаўся Косьцікаў.
— Завязваў, — ціха адказаў Валяр'янаў. — Як кожны інтэлігентны чалавек…
— Вы паглядзіце: яго арыштоўваюць, а ён завязвае гальштук. Хіба павесіцца ў турме.
— Каб ухіліцца ад пакараньня, — сказаў Сурвіла. — Ну, такі нумар у нас ня пройдзе. У нас парадак!
Каб
Ужо ўсё абабралі. Абрэзалі па самыя вокны, а тады пачалі зарыцца на ягонага маладога каня. Свае зрабіліся, як дэрбіны — ад бяскорміцы ды непасільнае працы, а ягоны конік быў, як намаляваны. Выгадаваны з жарабя ад уласнай кабылкі, ён быў мілы гаспадару, можа, болей, чым жонка, чым нават дарослыя дочкі. Бывала, Аўтух возіць з поля снапы і да вечара так уходаецца, што ня мае сілы сесьці за стол. I ня дзіва: цэлы дзень на кожнай горцы падстаўляе пад брыку плячо, папіхае; нібы ў парцы, памагае везьці. Праўда, і конік нібы разумеў гаспадара, стараўся, выжыльваўся на маладых тонкіх нагах, вёз усё, колькі ні накладзі ў воз. Як было аддаць такога на безуважнае арцельнае карыстаньне, дзе б яго заезьдзілі за адно лета, надарвалі, сапсулі. Дык скралі. Надвячоркам адвёў папасьвіцца на сьвежую атаву, спутаў, ды не надзеў замок, пашкадаваў натруджаныя за дзень ногі. I скралі. Аўтух адразу ўведаў, хто, зрэшты, пра тое ведала ўся вёска, быў у іх адзін такі злодзей, скраў ён у Аўтуха ня ў першага. Кінуўся Аўтух у міліцыю, у раён, да пракурора. I нічога. Усе ветліва слухалі і нават спачувалі, але шукаць і ня думалі. А тое, што ён сам паказваў на злодзея, пад увагу ня бралі. Казалі, патрэбныя доказы, а доказаў няма. Але якія яшчэ ім доказы, калі ўсім навакол ведама, што гэты Балазей здаўна крадзе коней і збывае цыганам на Палесьсі. Аказваецца, не. Трэба доказы. Такі парадак.
Там патрэбныя былі адмысловыя доказы, а вось тут можна караць і бяз доказаў. Аўтух ніколі й не падумаў хадзіць за мяжу, начарта яму трэба была тая Польшча, а яны кажуць: хадзіў. Быццам яны яго там злавілі. Ці хоць бы там хто яго бачыў. Але напісалі, хадзіў, і ўсё. Прызнавайся!
I ён, дурань, прызнаўся, паслухаўся гэтага партыйца і падпісаў, што падсунулі. Думаў, тым выгадае. А ня выгадаў — прагадаў дашчэнту. Стаўся польскім шпіёнам. Во зрабіў падаруначак сабе і дочкам. I ўсёй радні. На ўсё іх жыцьцё…
— Бальшавіцкі парадак! — згодна пацьвердзіў Шастак. — Мыша не праскочыць.
— А ты памаўчы! — нечакана абрэзаў яго Косьцікаў. — Ты — здраднік.
— Я? — пабялеў ад крыўды Шастак.
— Ты, ты, — роўным голасам паўтарыў памкамэнданта. — Вось той, — ён кіўнуў у бок Валяр'нава, — той ня здраднік, бо ён вораг адкрыты. Белы афіцэр, і так далей. А ты — і нашым, і вашым.
— Я ня вашым… То есьць, ня нашым! — ад хваляваньня пачаў блытацца Шастак. — Я служыў партыі, я бальшавік. Мяне тут гэта. Па ашыбке.