Сакрамэнта
Шрифт:
Прывакзальныя сасіскі былі, як заўжды, гарачымі, а кава па-віленску моцнаю, з гаркавым таемным прысмакам пасвячэння ў іншае жыццё, у іншы свет...
Строгая, бы высечаная з чырвонага крэменю Ганна блаславіла іх сваім ранішнім ценем. У музеі яны доўга стаялі ля карцін свайго любімага Рушчыца.
Яе сляпіў і ўсё ж неадольна прыцягваў, заліты сонцам залаты пакой. Мадэрн. Так хацелася вытварыць што-небудзь гэткае... Каб сукенка з разрэзам на спіне, чорнабурка на плячах, пальчаткі. І шмат-шмат касметыкі. І парфума. Корсткая, экстравагантная.
А ён не мог адарвацца ад “Пусткі”, дзе ўладарыў бязлітасны восеньскі вецер, які наганяў густыя, важкія хмары, згінаў да зямлі ахопленыя
А на вуліцы стаяла спякота. Нават у тых старых дворыках, дзе не сыходзіў сыры, цвілы водар стагоддзяў, было нясцерпна, душна. І халодныя, лёгкія металічныя столікі, крэслы пад ліловымі парасонамі не мелі сілы пераадолець гарачыню чалавечых целаў, распаленых паветрам, каваю, лікёрам ці каняком...
Бармэн прапанаваў ім шампанскае з лёдам ібутэрброды з чырвонаю рыбай. Па тэлевізары за ягонай спіною пачынаўся французскі фільм “Сланы таксама бываюць нявернымі”... Распаленыя сонцам жывёлы падыходзілі адно да аднаго, напружваліся, павольна падымалі, ускідвалі зморшчаныя хобаты. У разяўленым вільготным роце ўслед за хобатам прызнімаўся, трымцеў востры ружовы язык...
Яны сядзелі пад ліловым парасонам і смакталі шампанскае. Мяккая ўсмешка, мяккая рука, мяккае цела... Ёй было лягчэй. І калі яны раптам апынуліся ў нейкім выпадковым змрочным, сырым пад’ездзе, яе прагны, вільготны пацалунак, гарачы ягоны поціск мелі працяг... Ягоныя моцныя, вопытныя рукі падоўжылі. Завяршылі небяспечную, п’янкую гульню. Яна, лёгкая, вольная, выплыла. А ён застаўся. Напружаны, спацелы. Пакутна крутнуў галавою, заплюшчыў вочы. Яна мусіла, ды не змагла. Толькі правяла, пагладзіла ягоны твар яшчэ дрогкаю далонню.
Гэты ейны дотык доўжыўся цэлую вечнасць. Яны разам вярнуліся ў ейную хату. І яна зноў адчула, як напружваецца ягоная шыя, кучаравяцца ад поту валасы, пульсуе, пульсуе гэтая, да болю знаёмая жылка. Вось і ён нарэшце адчуў палёгку. Яны шчэ раз, разам выплылі, яны луналі ў сусвеце. І ён заснуў у яе на руцэ. І бледная фарфоравая поўня за вакном налілася жывым, жаўтаватым, малочным святлом. І толькі поўня ведала ейную трывогу... Не аднойчы, штораз, як толькі яна тушыла святло, ён плюшчыў вочы. Гэта была ягоная вельмі даўняя звычка. Яшчэ ці не з маленства. Яна страшэнна раздражняла ягоную былую жонку. А Ніна думала, ёй здавалася, што ён плюшчыць вочы, прагнучы ўбачыць на ейным месцы іншую. Гэтая трывога засталася з ёю нават цяпер, пасля ягонае смерці, калі ўсё наўкола патанае ў ягоным халодным, блакітным, люстэркавым ззянні... Не выплыць.
А тады ён усё лета ездзіў на эцюды. Быццам вярнуўся ў студэнцтва. Джынсы сабе купіў, саламяны брыль. Удзень на эцюдах, а ўночы — н акухні. Нап’ецца гарбаты і піша, перапісвае свае краявіды. Увосень у той самай зале, дзе яна ладзіла выставу маляваных дываноў, ён развесіў свае творы. Гэта было незвычайная, рамантычная, трагічная сага пра нашую зямлю . Пра касцёлы, цэрквы, палацы і замкі, што даўней стаялі ці шчэ стаяць, што шчэ жывуць сярод людзей. Ян ызрасліся з зямлёю, небам, і, даўно перажыўшы тых. хто іх будаваў, цяпер перадаюць нам. Нашчадкам, тое. Што тыя не дагаварылі, не даспявалі. Яны мацуюць наш дух, ачышчаюць, натхняюць душу.
І толькі на адным палатне было глыбокае васільковае, пралескавае неба і хлопчык са скрыпкаю з аблачынкі...
У Мінск удвох яны з’ездзілі ўсяго раз. Дзень быў пахмурны і важкі. Паклалі кветкі. Букет васількоў, на магілу ягонае мамы.
— Яна не асуджае мяне? Ну, што я забарла цябе да сябе? Не? Вельмі ж строга неяк глядзіць...
— Перастань...
У яго ў горле стаялі слёзы. І яна расплакалася...
Потым яна паехала ў Саюз мастакоў дамаўляцца пра выстаўку сабраных ёю маляваных дываноў у Мінску. А ён сказаў, што мусіць зайсці ў Акадэмію, а сам пайшоў д азнаёмага доктара... Ніна, аслепленая раптоўным, познім сваім шчасцем, яшчэ не ведала, не здагадвалася пра ягоную хваробу...
Пасля абеда яны сустрэліся ў метро, і ён, з нейкаю незразумелаю, незнаёмаю адчайнаю весялосцю пацягнуў яе глядзець, як адбудоўваюць Верхні горад.
Бялюткая, свежая імклівая царква ўзносіла ў неба маленні ўсіх, хто толькі падымаў да яе вочы. І яе, Нініна, таемнае, прыхаванае нават ад самой сябе маленне таксама... Хай гэтае шчасце доўжыцца вечна...
Яны спыніліся ля глухога, з няроўнымі, незашклёнымі вокнамі калісьці ружовага, а цяпер ссівелага дома масонаў. Калі яго збудавалі, вокнаў зусім не было. Толькі рознакаляровае шкло, умацаванае на сцяне, у нішах. Там. Дзе мусілі быць вокны. Чорнабародыя вольныя муляры ў скураных фартухах баяліся, што вечаровае святло парушыць іхняе змрочнае чарадзейства. А можа, зусім не ад вонкавага святла яны хаваліся? Можа, наадварот, баяліся, каб не расцяклося, каб ніхто не ўгледзеў прыручанага імі, а можа, папросту ўкрадзенага агню? Агню, украдзенага з пекла. Ніхто, апроч пасвечаных, не мог, не меў права грэцца ля яго. Ніхто . Чырвоная паходня асвятляе шлях да ісціны толькі абраным.
Але ж, калі святлом не дзелішся, калі яго хаваеш у сабе, яно паступова, без паветра, без свежага дыхання, тухне... І застаюцца глухія сцены і пустыя вачніцы, якія ўжо новыя, сучасныя, апранутыя ў запэцканыя робы, таксама ж вольныя муляры спрабуюць вярнуць да жыцця. Дарма. У фундамент гэтага дома ў Музычным завулку закладзены масонскі крыж. Сам дом, сценамі, дахам утварае ой самы крыж. А хіба можна жыць у крыжы? Крыж — гэта зорка, далёкая і недасяжная. На яго можна толькі маліцца...
Як важка. Хмары, здаецца, усім сваім цяжарам прыціскаюць да зямлі... І толькі адна стромкая, лёгкая, скіраваная да Бога камяніца трымае, не дае ім абрынуцца. Залачоны вобраз Хрыста, зорачкі крыжоў ды гарачае маленне, яе, Нініна маленне працінаюць усё наскрозь, гоняць прэч гэтыя важкія хмары, супроцьстаяць немінучаму...
І сталася неверагоднае. Хмары сапраўды рассунуліся. Над царквою яснела, свяцілася ледзь заўважная праталінка блакіту.
А над касцёлам, тут, у зале мастацкага музея, гэта ўжо была н епраталіна, а цэлая плынь святла і паветра... Вецер, заўсёдны спадарожнік Рушчыца, гнаў па небе апошнія ільдзінкі аблокаў, а можа, гэта былі тушы тых, хто ўжо пакінуў гэты свет? Яны адляцяць, растануць, ападуць дажджом, каб абудзіць да жыцця вось гэтую тлустую, плодную зямлю, з якою зліваюцца, з якою, здаецца. Зрасліся не толькі дрэвы, але і ўкленчаныя, схіленыя ў маленні людзі, ды і сам узведзены імі храм... Усё аплятаюць, яднаюць рухомыя цені... І дрэвы сціляюцца, узносяць у маленні галіны...
— Не, усё ж у нашай веры, праваслаўнай, ці каталіцкай, заўжды заставалася нешта язычніцкае. Паганскае... Чаму вось Рушчыц намаляваў іх не ў касцёле. А менавіта ля касцёла? Яму не хапала паветра. Яны ж схіляюцца, моляцца не толькі Богу, але і небу, аблокам, сонцу, гэтай сваёй не ўтравелай шчэ зямлі... — Мікола змоўк на паўслове. У залу з халодным рэхам вострых абцасаў увайшла высокая жанчына ў чорным аксаміце. Яна ўзяла пад руку свайго барадатага спадарожніка, нешта яму шапнула і пасміхнулася. І Ніна пазнала гэтую скептычную, пагардлівую ўсмешку, гэты халодны посмех. Міколаў посмех. Які заўжды так балюча раніць яе... Дык вось ён адкуль у яго...