Сакрамэнта
Шрифт:
Чалавек з вачыма здзічэлага сабакі... Яна, Марына, яшчэ не сустракалася з ім. Толькі фотаздымкі... Лысенькі бяззубы галышок. Сцяганосец у піянерскім лагеры. Сярод дзяўчат на першай і цяпер, пасля ўсяго, што адбылося, пэўна ж апошняй сваёй студэнцкай бульбе. Не. Ён там зусім не падобны на хворага, здзічэлага вылюдка.
Яна зноў, ужо каторы раз супастаўляла раскіданыя па розных блакнотах факты, спрабавала дакладна аднавіць у памяці дыктафоныыя запісы. Бацькі, настаўнікі, аднакласнікі, сябры... Пайшлі ў рэстаран адзначыць пачатак заняткаў. Выпілі. Шампанскае, гарэлка. Патанцавалі. Ён, Сяргей Б., увесь час з адною і тою ж, нікому не знаёмаю
Ізноў гэтае слова. Цяпер ужо ў зале суда. Сабака...
— У яго быў любімы сабака...—глытаючы слёзы, вымаўляе Сяргеева маці. — Аўчарка... Крэг... Мы яго падарылі Сяргейку на паўналецце. Сяргейка так яго любіў. Яны з ім жылі, ну проста душа ў душу. А потым... Яго забілі. Летась, у жніўні, ён толькі здаў уступныя экзамены. І вось... Проста на ягоных вачах... Забілі... Як ён перажываў! Некалькі дзён нічога не еў. А потым... Яго быццам падмянілі. Раней жа такі ўсмешлівы, гаваркі быў... Музыку слухаў. А пасля таго... Усё маўчыць і маўчыць. А па вечарах у адзін і той ж ачас знікае... Я аднойчы не вытрывала, пайшла ўслед. Ён па вечарах на тое месца хадзіў. Дзе Крэга забілі. Потым на бульбу паехаў. Захварэў. Нейкі вірус. Дадому адправілі. А ён вярнуўся і зноў тое самае. Штовечар. Даруйце, мне здаецца, што ў яго пасля таго нават колер вачэй змяніўся...
— Даруйце, а дзе, на якім месцы забілі гэтага Крэга? — перабіў яе нехта з суддзяў.
— На тым самым. Ля таго самага дома, — ледзь вымавіла маці.
І ў гэты самы момант Сяргей падняў вочы. Марына злякнулася. Ёй не падалося. Гэта былі налітыя крывёю не чалавечыя, звярыныя вочы...
Няўжо ўсё так проста? Жыў з сабакам душа ў душу... І калі таго забілі, ягоная душа перасялілася ў ... Сяргея? Вось чаму змяніліся ягоныя вочы. Вось чаму...
— Хто можа расказаць пра гэты выпадак больш падрабязна?
Маці было зусім блага, і на яе месца выйшаў нехта з Сяргеевых сяброў.
— Маці тут казала... Сяргей ставіўся да свайго Крэга, ну... як да чалавека, ці што... Ён не любіў вадзіць яго на павадку. А тут... Выйшлі яны пагуляць... А насустрач жанчына з каляскаю... І Крэг не то забрахаў, не то проста кінуўся да таго дзіцяці... Ну і жанчына... У яе была сумка з бутэлькамі... Малако, кефірчык... Дык яна яго сумкаю па галаве... З усяе сілы... Пакуль Сяргей дабег... Крэг ужо...
— Дык вось ты хто?! — ускочыў з задняга рада чалавек у скуранцы. — Ты мне не толькі сястру... Дык гэта ты, ты мне дзіця, майго адзінага сына заікам зрабіў?!
Зала замерла, чакаючы працягу. Але мужчына збялеў і, бяссільна сціснуўшы кулакі, выйшаў у калідор. Марына заўважыла: ён праз нейкі час вярнуўся, пануры і абыякавы, сеў на сваё старое месца, і, здавалася, баронячыся ад балючых для яго словаў, заціснуў вушы рукамі. Каб не чуць. Не чуць...
— Вы ж бачыце, што цяпер робіцца ў свеце! — палка наступаў на сваіх уяўных апанентаў адвакат. — Усюды льецца кроў. Вайна. Жорсткасць. І па тэлевізары толькі секс і рок. А гэта абуджае ў нашай падсвядомасці страшныя, звярыныя інстынкты. Маладыя людзі, нашыя з вамі дзеці, асабліва безабаронныя перад наступам жорсткасці. Вось і Сяргей... Вы ж на свае вушы чулі: маці кажа, ён быў добры, чуллівы, жывёл любіў... І гэты сабака... Ягоны любы Крэг... Ён яго, пэўна, калі той быў шчанючком, паіў з соскі, потым дрэсіраваў, вучыў, можа, нават марыў удзельнічаць у спаборніцтвах...
Адвакат пракаўтнуў паветра і пацягнуўся да шклянкі з вадою. У роце перасохла. А Марына, якая сядзела так, што добра бачыла практычна ўсю залу, раптам заўважыла... Сталася неверагоднае. Ды не, яна шчэ не магла сказаць, што ўсе ператварыліся ў звяроў і птушак. Гэта былі яшчэ людзі. Але рухі, міміка, жэсты... Вунь рэзка нахінуліся адна да адной, ледзь не труцца насамі дзве фарбаваныя балонкі — рудая і попельна-шэрая. Вунь абапёрся на пярэдняе крэсла і, звесіўшы не то валасы, не то зарослыя поўсцю вушы, дрэмле смалісты тэр’ер... Суддзя ўвесь наструніўся, натапырыўся, як... верабей. Выцягнула сваю лісіную пыску пракурор... А сам адвакат... Грызе аловак, шукае, дзе спыніўся... У яго ж рот, і пярэднія зубы... Як у старога выхвалякі-зайца з нейкае дзіцячае кніжкі...
— Вось я і сам памятаю, — нарэшце загаварыў ён, — калі мой бацька прынёс мне аднойчы з палявання зайчанё...
— Я пратэстую! — усхапілася пракурор- Лісіца. — Гэта не па тэме!
Марына міжволі азірнулася. Той, у скуранцы, усё сядзеў, бяссільна панурыўшы галаву. І было ў ім нешта настолькі жаллівае... Ну проста Белы Бім Чорнае Вуха... Марына перавяла позірк на Сяргея. Той зноў падняў свае застылыя, шкляныя вочы і раптам... завыў. Як сабака. Цяпер Марына пэўна ведала: ён вые, як ягоны любімы Крэг...
* * *
Кожны мае права на апошняе жаданне. Хтосьці прагне спаткання з маці, хтосьці са святаром. Сяргей Б. Папрасіў, каб яму прынеслі магнітафон з любімымі запісамі. І ўвесь дзень выгінаўся, закочваў вочы і ледзь не да пены ў роце выгукваў нейкія незразумелыя словы. Метал у горле. Сабачы рык. Цяжкі рок... Вось у вясёлкавым ззянні праходзіць па вуліцах супермен, закаваны ў жалезны панцыр усмешлівы робат. Ён ідзе і ломіць усё наўкола. У хмарачосаў падгінаюцца калені.
Нарэшце Сяргея працяла сутарга экстазу...
* * *
Дамоў Марына, як заўжды, вярталася пад вечар. Ліхтароў, пэўна, дзеля эканоміі не палілі. Толькі налітая жоўцю поўня. Ля кулінарыі. Як заўжды, цікавала зграя здзічэлых сабак. Марына зайшла. Давалі мяса. Ялавічыну. Выстаяла чаргу. Узважыла. А паперы загарнуць няма. Браць у рукі? Пакуль вагалася, ззаду пацягнуў свае зарослыя поўсцю кіпцюрастыя лапы воўк. За ёю ў чарзе стаяў самы сапраўдны воўк. Ён кінуў грошы, ухапіў крывавае мяса зубамі — і на вуліцу...
Там у жоўна-блакітным месячным святле скачуць з сумкамі ў зубах вавёркі. Ад магазіна да магазіна...
Каля кааператыўнаг акіёска тоўпіліся зайцы ў рудых скуранках. Між іх з фарбаванымі пазногцямі — рысь. Марына зайшла ў прамтавары — купіць мыла. І ўжо ля самае касы мядзьведзь, што стаяў наперадзе, разявіў пашчу ды як зараве...
Роспач
Гэты даўні ўспамін спадарожнічаў ёй з самага маленства. Як жаданы сон. Як мроя. Як яе ўласны правобраз зямнога раю. Колькі разоў, калі клалася спаць, Алена Карніцкая заклікала яго, той вечар, тую ноч, тую музыку...