Пляц Волі
Шрифт:
З'езд Случчыны
Паміж калонамі дома Вайніловіча, што стаяў непадалёк ад гімназіі, нацягнуты бел-чырвона-белы сцяг, і нават такі ж, як і сёння, няўрымцісты вецер не мог яго варухнуць.
Апоўдзень. Вялікая зала перапоўнена. Пасланцы ад усіх 15-ці валасцей — за сто дваццаць чалавек — расселіся ўперамешку. Гамана сціхла, як заспявалі беларускую марсельезу.
Ніхто ня дасьць самохаць волі - Ні бог, ні цар, ні багатыр, Даб'емся самі лепшай долі… Дабро для ўсіх — наш правадыр!..Спяваць,
Затым сталі выказвацца за прэзідыум з'езда. Патрапілі ў яго і Васіль Русак (яго абралі нават старшынёй), і Павел Жаўрыд, і Пракулевіч. Сакратаром даручылі быць Уласу Дубіне. Паўлюкевіч, старшыня новага Нацыянальнага камітэта, апратэставаў такі склад, ды большасць перагаласавала за тых жа людзей.
Пад трыбунаю за доўгімі шторамі назбіралася — як вераб'ёў — дзетвары. Сталі вытурваць малых — ды дзе там! Аднаго адцягнеш да дзвярэй, а двое тым часам уплішчацца. Так змірыліся і з малалетнім «прадстаўніцтвам».
З дазволу старшыні першым на трыбуну ўзышоў Павел Жаўрыд — у модным чорным паліто, з тонкім белым шалікам. Тэатральна дастаў з левай кішэні паперчыну, узняў над галавою.
– Шаноўныя дэлегаты! Мушу напачатку паведаміць аб тым, што я, Павел Жаўрыд, урадам Беларускай Народнай Рэспублікі, яе Радай, назначаны камісарам Случчыны. Вось дэкрэт, які дазвольце зачытаць…
Гучныя воплескі ўадначас і адказам Жаўрыду былі, і спантанным выяўленнем падтрымкі і падпарадкавання ўраду БНР.
Пачаліся выступленні дэлегатаў. Найбольш уціснулася ў памяць прамова селяніна з вёскі Набушава Цімы Плішкі.
– Вось мы тут многа балакалі пра жыццё… — Ён зрабіў паўзу, ляпнуў па прымусоленай кішэні кабаціка (так рабіў, калі хваляваўся.) — А мне, прызнацца, думаецца: не ў тым дзела, што кабыла бела, а што воза не бярэ… — І задаволена ўсміхнуўся, датлумачыўшы: — Канешне, дэкрэты вашы патрэбны, ды толькі ж самім… рукамі сваімі… парупіцца трэба. — І зноў па кішэні далонню правёў, як правяраў там штось. — Мы страна маленькая, самі ўправімса з усім… Ні трэба нам вялікіх ды чужых палітыканаў Вітэ! Бо ж калі і належыць плаціць падаткі, то яно лепш свайму начальству, свайму правіцяльству. А то ж бо са сваімі раквізіцыямі й развёрсткамі хлявы ўсе нашы паразвёрствалі! Суседзі называюцца! — Раптам позіркам двух палякаў-вайскоўцаў, прадстаўнікоў палкоўніка Ясінскага, выхапіў, збіўся. — Дык вот… Зямлі, кажу, хопіць нам. І на чужое ратоў не раззяўляем… Вота сустрэўса я сёння тутака, у горадзе, з адступленцам адным ці дзезярцірам… Дык казаў той, што ў іх там, за Смаленшчынай, як палякі былі іх зноў адваявалі… то тады й паны пазвярталіся. А маёнткі ж іхнія — фьюць! — парабавалі, свае ж парабавалі… А ў нас жа, браткі, вось з Вясеі з'ехаў быў у васемнаццатым пан. Дык што ж вы думаеце — па звароце ўсё, як і кінуў, атрымаў… - І Ціма зноў усміхнуўся блазнавата. — Хіба што мае пчолы трошка мёду з ягоных ліпаў назбіралі… То ж я ўсё, браткі, да чаго вяду? Трэ нам воза свайго ўсім разам цягнуць. — Ціма колькі разоў кіўнуў галавою і паклэпаў да свайго месца, там пот з ілба выцер, суседу ціха прашаптаў: — Во ліха, ажно ўзагрэўса, гаворачы, — кабат пакратаў (даўно ўжо насіў яго, нават летам не знімаючы; жонка ўжо некалькі разоў наноў сукняй перацягвала ягоную аўчынку, не вытрымлівала тканіна, рвалася, абцёпвалася па краях, першай, канешне, кішэнька нашытая аддзіралася, а аўчынка хоць бы хны, вось што значыць — самому вырабіць, кіслатою не спаліць…). — Ды хай сабе… Ад цяплосці, кажуць, не баляць косці…
І яшчэ выбіўся з усіх выступ палкоўніка Язэпа Булак-Балаховіча, «бацькавага» брата. Якіх толькі гораў залатых не абяцаў, якія планы вымалёўваў! І капітан Антон Самусевіч у зале быў (конны полк арганізоўваць меціў). Ды не клалася Балахоўская
І яшчэ… Паводле апошняга дарэвалюцыйнага перапісу ў Слуцку жыло 3,6 % палякаў, 7,7 % расейцаў, 16,8 — беларусаў і 71,4 габрэяў [10] . А кожнага латочніка і крамніка слуцкага дрыжыкі бралі пры адной згадцы пра Балаховіча… Беларусаў жа ён насцярожваў тым, што то да маскоўцаў, то да палякаў (як цяпер) занадта хінуўся.
10
На 1921 год суадносіны змяніліся намнога - у горад «пайшлі» сяляне.
І адхілілі на з'ездзе случакі прапановы Язэпа Булак-Балаховіча аб дапамозе «бацькавай»…
А пад канец дня група Паўлюкевіча і Мацэлі (са сваім праектам аўтаноміі Случчыны ў межах Польшчы яны так і не высмеліліся выткнуцца) стала агітаваць супраць прэзідыума з'езда.
– Далоў бальшавікоў са сцэны!
– Паспыталі ўжо іхніх казак!
– Далоў… - бухнула колькі вокрыкаў.
Вечарам палякі арыштавалі старэйшага Асьвяцімскага. Зноў даручылі Жаўрыду дамагацца ягонага вызвалення. Праз дзве гадзіны Асьвяцімскі ўжо быў у доме Вайніловіча. Расказваў, што яго вось-вось павінны былі пад канвоем вывесці са Слуцка…
Назаўтра (працу пачалі зранку) прагучалі прамовы пра бессэнсоўнасць ваеннай акцыі, якая, маўляў, мусіць прывесці толькі да кровапраліцця і рабавання краю.
Бусел (нельга было не адзначыць, што за гэтыя год-два ён з бесклапотнага неўтаймоўнага Клекатуна перарос у гаваруна памяркоўнага, самавітага) паспрабаваў назначыць «залатую сярэдзіну»:
– Думаю, ні трэба нам у крайнасці кідацца. Правільна, з ражном на мядзведзя йсці — ці разумна? Але ж калі ён хату тваю па бервяну раскідваць стане?! Дык вось да чаго звярынец гэты я вам гараджу — войска сваё збіраць нам трэба. І калі давядзецца бальшавікам Слуцак заняць — у той жа дзень правесці ў горадзе вайсковы парад…
Зала зашапталася, затым гул узняўся. Гэты наіўны праект нечакана падтрымаў Паўлюкевіч.
– Мы за народную міліцыю, моцную, дзеяздольную. Толькі — правільна! — моцу сваю трэба прадэманстраваць, а не выкарыстоўваць у бойках…
Тады ж аб'явілася новая дэлегацыя ад Булак-Балаховіча. Разагрэтыя пасланцы адразу ж на сцэну ўскочылі (боты, пэўна — так задумана было) ад пылу дарожнага не абцерлі яшчэ. Прэзідыум запярэчыў: «Трэба запісацца ў чаргу, як і ўсім».
Тыя — прама да з'езда з просьбай тэрміновага выступу.
Парадак дня перарваўся. Сход, калі даведаўся, што гэта дэлегацыя ад Балаховіча, нечакана выбухнуў авацыямі… Даклад Астроўскага (ён і другі раз выправіўся да «бацькі») слухалі ўважліва: Балаховіч беларус паходжаннем і духам, ідзе з лозунгам незалежнай Беларусі («Зямлю і волю сялянству!»), войска яго вялікае… Самусевіч паведаміў аб тым, што Балаховіч даручыў яму фармаваць на Случчыне полк, што ўжо і «асігноўка» вылучана. Доўга зачытвалі пракламацыі й дэкларацыі Балаховіча, Савінкава і Беларускага Палітычнага Камітэта.
– Ды добра, добра!.. — перарваў нецярплівы голас (ці не Плішкі?).
– Вы скажыця лепш, колькі людзей у вашага вайскаводцы?
– Народная добраахвотніцкая армія Балаховіча сёння налічвае шэсцьдзесят тысячаў чалавек. Усе добра ўзброены, з багатай амуніцыяй.
– А арцялер'я?..
– Ёсць! Ёсць, дзядзька, і «арцялер'я», і конніца. Браняпоезд нават ёсць.
Сход загуў, а задаволены Самусевіч распавёў пра саюз Балаховіча з Расійскім Палітычным Камітэтам Савінкава і беларускім урадам — Беларускім Палітычным Камітэтам на чале з Адамовічам і Алексюком.