Пляц Волі
Шрифт:
Малодшаму Кастравіцкаму і Ядвігін Ш. узрадаваўся, не паверыў напачатку, што сын Каруся Каганца ўжо такім вялікі стаў.
– Дажыў бы бацька — во б радасці яму было! — не ўтрымаўся, абняў Янку.
Правялі гасцей, а сон не браў. Першым Ядвігін Ш. азваўся:
– Як думаеш, — гэта да Лёсіка, — сур'ёзна Купала ў Слуцак намерыўся?
– Ён і дагэтуль часта случакоў згадваў. А што? — Лёсік пачаў адчуваць штось нядобрае.
– Дурань біты я, вось што! Там жа вайна! У войска запісваюцца… Пад Капылём роту бальшавікоў паланілі. Ахвяры ёсць… А я ў тое пажарышча — Купалу вязі!..
– А самі?!.
– Я што… З мяне ўзяткі ўжо гладкі. А ён пісаць павінен, а не страляць. Пісаць!.. — Памаўчаў, а калі ўжо
Прачнуўся Ядвігін Ш. зранку, на вокнах яшчэ змрок лістападаўскі й не думаў ападаць. Разбудзіў Язэпа, збірацца стаў. Паднялася спешна і Ванда.
– Знацца, так. Я раптам вырашыў ехаць у Вільню… Так скажаш Купалу. Сам жа на Случчыну паўсталую ягонай паездкі не дапусці! Са скуры выўюньвайся — а не дапусці. Калі не палякі дарогай затрымаюць, дык бальшавікі схопяць. І — не пра яго кажучы — як дызерціра якога стрэльнуць. Купалісе ў вуха ўвядзі пра ахвоту Янкаву. Прыпалохай. Хай і яна пільнуе… Хто ж у нас застанецца, калі Купалы ня будзе?!
Праз паўгадзіны развітваліся. Вандзе вырашылі пра Слуцак не расказваць.
– А самі ж як праберацеся? — знайшоў момант, калі засталіся сам насам, запытаць Лёсік.
– То ў мяне ж дакуманты і для адных, і для другіх ёсьцека! Добрыя дакуманты, хоць і робленыя… — Ядвігін Ш. абняў зяця, гарэзна ўсміхнуўся, крыху прыхаваўшы хваравітыя ацёкі пад вачыма, прайшоў да дачкі — і, моцна прыхінаючы да грудзей, пацалаваў…
«…Пра Ядвігіна Ш. — Антона Лявіцкага — напісана шмат. Аднак нават калі сабраць усе да каліва публікацыі — не вымалюецца постаць гэтага чалавека:
постаць пісьменьніка, які ад першых твораў па-польску ўзрос да пачынальніка беларускай прозы, да аўтара вядомых зборнікаў апавяданьняў «Бярозка» й «Васількі», аўтара першага беларускага рамана «Золата»;
постаць настаўніка беларускага руху, які сам вучыўся ў доме Дуніна-Марцінкевіча а затым дапамагаў парадамі Янку Купалу (Карпілаўка Ядвігіна Ш. была побач з Вязынкай), напісаў першую рэцэнзію на ягоную «Жалейку»; падчас рэвалюцыяў накіроўваў у сваю Карпілаўку беларускіх дзяцей-сірот; апекаваў і нас, колішніх слуцкіх гімназістаў;
постаць змагара, які — не скараючыся хваробам — ад барадзьбы словам перайшоў да збройнай барадзьбы;
постаць працаўніка беларускага друкаванага слова; быў сакратаром, загадчыкам літаратурнага адзьдзела «Нашай Нівы», тэхнічным рэдактарам «Сахі» Аляксандра Ўласава і Цёткавай «Лучынкі»;
постаць гаротніка, якому лёс ад часу студэнцтва дакляраваў адно цяжкасьці і супраціў (за ўдзел у хваляваньнях моладзі ў 1890 годзе Антона Лявіцкага, студэнта медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, кінулі ў Бутыркі, і — як «злоснага» — у адзіночку); пасьля адсідкі й выключэньня з універсітэта прыехаў у Карпілаўку — праз некалькі дзён памёр бацька, згарэў бацькоўскі дом; жаніўся, аптэкарыў у Радашковічах, ачольваў радашковіцкую краму, напісаў драму — і «прагарэў» на крамніцтве, захварэў, а пастаноўку драмы — забаранілі; пасьля Слуцкага чыну й падзелу Беларусі — лекаваўся, падзарабляў літаратурным рэдактарствам у выданьнях Паўла Алексюка а ў 1922 годзе памёр — у тузе і нястачы…
Але найбольш і знаёмы мне, і блізкі Ядвігін Ш. сваёй постацьцю шукальніка. Гэта ён першым з беларускіх творцаў задумаўся над гэтым неадчэпным «Чаму?». Чаму прыгнёт, чаму галыдзьба, чаму нацыянальны нігілізм-бяспамяцтва?.. І хварэў ён найперш гэтым запытаньнем, і яно яго, урэшце, і ўвяло ў магілу… А да таго — падштурхнула саракагадовага Ядвігіна Ш. да чорнай п'янкі (падчас працы ў «Нашай Ніве»),
Як пісьменьнік алегарычны, прытчавы, Ядвігін Ш. ужо ў першай працы — перакладзе з рускай апавяданьня Гаршына «Сыгнал» (пераклад зрабіў у Бутырскай турме) — спрарочыў сабе лёс. Ён, як і герой «Сыгнала» Сямён (які афарбаваў сваёй крывёй хусьцінку і пабег насустрач пасажырскаму цягніку, каб папярэдзіць трагедыю-аварыю), сваёй крывёй намагаўся-высільваўся папярэдзіць трагедыю-скрушэньне беларускага народа, напрыканцы жыцьця стаў партызанам-ваяром, — каб Беларусь не рынулася пад аткос гісторыі…»
(З запісаў Алеся Ваяра).
8 лістапада войска Булак-Балаховіча рушыла ў наступ і прарвала абарону 16-й Чырвонай арміі. Ззаду ўжо быў Пінск, дзе ўдалося паланіць дзве з паловай тысячы чырвонаармейцаў і захапіць багатыя трафеі. У руках неўтаймоўнага генерала былі ўжо Мазыр і Калінкавічы, Рэчыца…
У Мазыры генерал-бацька абвясціў пра стварэнне Беларускай народнай арміі і склаў свой «урад БНР» на чале з Мечыславам Адамовічам. Ягоным намеснікам і міністрам замежных спраў назначаўся Павел Аляксюк. А дагэтуль, у Тураве, 7 лістапада, Булак-Балаховіч урачыста перадаў вызваленую ад бальшавікоў тэрыторыю Беларускаму Палітычнаму Камітэту, створанаму на пачатку кастрычніка ў Варшаве, камітэту, у склад якога ўваходзілі Аляксюк, Адамовіч, Міткевіч, Ядвігін Ш. ды іншыя. З прапановы гэтага ж камітэта Булак-Балаховіч абвясціў сябе начальнікам беларускай дзяржавы і выдаў некалькі «загадаў»: аб'явіў пра роспуск урадаў БНР (Ластоўскага ў Коўне, Луцкевіча ў Варшаве) і савецкага ў Менску. Атаман-бацька «падпісаў» незалежнасць Беларусі, а сябе прызначыў галоўнакамандуючым усімі беларускімі збройнымі сіламі. Да ягонага ўраду далучыліся Язэп Сянкевіч — міністрам фінансаў, гандлю й прамысловасці, палкоўнік Бяляеў — вайсковым міністрам, і Радаслаў Астроўскі, які стаў міністрам асветы.
Частка Балаховічавага войска накіравалася на Оўруч і Чарнобыль, асноўная ж група ўкліньвалася ў землі Беларусі. «Начальнік беларускай дзяржавы», насуперак Савінкаву, не падтрымаў «вызваленчы паход на Маскву» і склаў з сябе паўнамоцтвы вайскаводцы Рускай добраахвотніцкай арміі — перадаў іх свайму брату палкоўніку Язэпу Булак-Балаховічу (які неўзабаве стаў генералам). За тыдзень з добраахвотнікаў сфарміраваўся Сялянскі партызанскі аддзел…
Разам з заліхвацкай славаю атамана-генерала каціўся па краі й ліхі почут. Па мястэчках адно й казалі, што пра габрэйскія пагромы балахоўцаў. «Бацька» станавіўся звычайным бандытам?
Але ж чым тады растлумачыць існаванне ў войску Балаховіча цэлага «гэбрайскага швадрону» паручніка Цэйтліна? Ці тое, што ў Тураве «бацька» перадаў цывільную ўладу габрэйскай абшчыне? Ці не вешалі ўсіх блох на генерала? А мо й увагі ягонай на дзействы ўсіх падначаленых не хапала… [12]
Але ж сведчылі й іншае…
Невялічкая вёска на Мазырскім шляху. Зрабаваная, панішчаная — бо на вачах усіх, хто са стрэльбамі праходзіў. Бестурботная дзятва высыпала з двароў падзівіцца на калоны вайскоўцаў… Балаховіч паперадзе — і не можа не бачыць хлапечых апухлых з голаду жыватоў… Як і пякучых позіркаў мацярок — з-за платоў, шыбаў… Паклікаў да сябе дзеда, што сонна сядзеў на прызбе, саскочыў з каня.
12
Шмат аб чым могуць распавесці папкі з дакумэнтамі пра забітых балахоўцамі (матэрыялы знаходзяцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь). Важна высветліць таксама і абставіны іх збірання...