Мяжа
Шрифт:
— Вып’ем за тых, хто камандаваў ротамі… хто ў Ленінград прабіраўся балотамі…
Берасевіч са злобаю глядзеў на іх, слухаў і думаў — гэта ж жывыя Навінкі. Гарбачоў, Ленінград… А — зрэшты, хіба не гэтага ён шукаў, не такога хацеў? Апрашчайся, апускайся, ачышчайся — вось ён, народ, жыві ў ім. Аднак калі ён убачыў, як Лёня п’е — прагна, коўць-коўць, самагонка цячэ з куткоў рота, капае на грудзі, — Берасевіч не змог не пазайздросціць і яму, і гэтаму дзядзьку Івану чорнай зайздрасцю, іхнім простым, як сем капеек, паводзінам, прамому, як лінейка, мышленню, іхняму прымітыўна-амёбнаму ўспрыманню
Берасевіч перавёў вочы ўніз. З-пад стала вытыркаліся босыя ногі дзядзькі Івана, з парэпанымі ступакамі, бруднымі пятамі, крывыя пальцы з тоўстымі выпуклымі пазногцямі залазілі адзін на аднаго. Белыя кальсоны-споднікі з адарванымі матузкамі тут, на святле, аказаліся бруднымі, заношанымі, у жоўтых леапардавых плямах. Лёня перахапіў пагляд Берасевіча.
— Адзецца не паспелі, дзядзька Іван? — спагадліва спытаў ён.
— Не, я так заўсёды ў іх хаджу. У кальсонах. Слабадней целу, — ахвотна адгукнуўся дзядзька Іван.
Дзядзьку Івана ўвогуле не бянтэжылі ні свае споднікі, ні прысутнасць гасцей. Пачуваўся ён менавіта як гаспадар — спакойна, упэўнена, з выглядам чалавека, у якога ўсё ў жыцці задалося і няма аб чым больш марыць. Не ён жа прыйшоў — да яго прыйшлі, значыць, маюць у ім патрэбу.
— …Тады Пятро чапляецца — пі, — расказваў ён манатонна, да ванітаў нудна. — Я кажу, не буду. Пі. Не буду. Ён зноў падступаецца — пі. Я ні ў какую…
Зацята маўчаў Берасевіч, глядзеў у стол перад сабой. Маўчаў, прыплюснуўшы вочы, натомлены, аглушаны алкаголем на старыя дрожжы Лёня.
— …Рыбакі лавілі рыбу, а спаймалі рака, — між тым перайшоў да новай тэмы дзядзька Іван. — І што ў той рыбе, было б там што есці, а то галава ды косці…
— Не хоча, — спахапіўся на слова рыба, пацёр вочы і крыху не ў лад адказаў Лёня. — Рыбка плавае па дну… Няма ні халеры.
— Ёсць. Лавіць трэба ўмець. Гэта ў вас у горадзе нічога няма. Толькі бегаюць узад-уперад. Таўкуцца, душацца…
— А вы даўно былі ў горадзе, дзядзька Іван?
— Даўно, і быць не хачу. Пятро расказваў. Прыедзь у Жыткавічы — не павярнуцца. Картоплі купляюць, — зарагатаў дзядзька Іван. — Як гэта, каб чалавек картоплі купляў?
Так завязалася і пайшла яшчэ адна бязглуздая тэма: гаспадар пачаў лаяць горад — адтуль, на яго думку, ішла распуста, гультайства і «амерыканскія грошы», Лёня вяла гэты горад абараняў:
— Чаму вы так кажаце… З розумам і ў горадзе можна жыць…
Калі субяседнікі замаўкалі, у цішы чуваць быў звон камароў. Берасевіч сядзеў насуплены, як сыч. Чым больш ён слухаў гэта, тым больш накатвала на яго, ціснула, распірала нутро. Рукі сціскаліся ў кулакі і хацелася неяк аслабаніцца фізічным дзеяннем, затупаць нагамі, закрычаць, каб гэтыя вырадкі заткнуліся, ці проста моўчкі падняцца і надаваць аднаму і другому па мардасах. Але замест гэтага ён перыядычна наліваў сам сабе і піў, не закусваючы.
Лёня з дзядзькам Іванам самі ўжо разумелі, што зацягваюць да бязбожнасці. Нарэшце Лёня памаленьку пачаў накіроўваць размову на галоўнае.
— Як Ларыска ваша?
— Ай! Ларыска…
— Можа, сюды пазавеце? Час тавар глядзець…
— Ай! Што на яе глядзець. Маўчыць ды маўчыць. Гэта маці-нябожчыца, у той рот не закрываўся. І ў сне гаварыла, і сама з сабой, і памерла, гаворачы. Хусткаю сківіцу падвязвалі, як хавалі. Зямелька ёй хай будзе пухам…
Дзядзька Іван перакрысціўся ужо на Берасевіча, якому і адрасаваны былі словы. Затым так і складзенымі ў шчопаць пальцамі пачухаў падэшву, паднёс пальцы да носу, панюхаў…
Берасевіча перасмыкнула.
— Замаўчыце, п’яныя скаты!!! — ён грукнуў кулаком аб стол і ўсхапіўся. Адкінуў нагою табурэтку, падыйшоў да цёмнага вакна і, упёршыся далонямі ў брудны, шашалем зточаны падаконнік, пачаў глядзець у ноч.
Яго трэсла ўсяго.
Спалоханыя Лёня з дзядзькам Іванам маўчалі. Берасевіч ведаў, што яны баяцца нават сагнутай, нямой спіны яго. Ён пастаяў яшчэ крыху і, не зірнуўшы ні на кога, нікому нічога не кажучы, быццам і не было тут нікога, цяжка шлэпаючы рыбацкімі ботамі па падлозе, пайшоў у калідор, шукаць дзяўчыну ў спартыўных штанах і з русай касою.
Ён зайшоў у абсалютна цёмны пакой, шчыльна прычыніў за сабой дзверы, чыркнуў запальнічкай, шукаючы ўключальнік. Прамільганула ў галаве: сціплая, напалоханая, забітая у куточак, з нацягнутай коўдрай да падбародка… Але ў гэты момант чужыя дзявочыя рукі яшчэ ў цемры абхапілі яго за шыю. Яна ажно павісла на ім. І ён зразумеў — якая тут коўдра да падбародка! — за сваё кароткае жыццё яна проста не ведае іншых адносін з мужчынамі, акрамя такіх, а можа і не хоча ведаць.
Лапаючы свабоднай рукой па сцяне, ён уключыў святло. Голая лямпачка спускалася на дроце са столі. Разасланая канапа. Стол, на якім аловак, блакноцік і паўбохана хлеба… Ён няўцямна глядзеў асабліва на гэты блакноцік. Затым моцна, аберуч сціснуў яе за плечы, падцягнуў да сябе, блізка ўзіраючыся ёй у вочы. Як ва ўсіх, у каго фізічны недахоп аднаго органа кампенсуецца развіццём другога, вочы замянялі ёй і слых, і голас, і былі занадта выразныя, сур’ёзныя, і старылі яе.
Берасевіч адвярнуўся.
— Я… не той, не такі… Калі не хочаш — не трэба… Я ўсё роўна заплачу, дам грошы, многа!..
Яна толькі пасміхалася. Яна не разумела, што ёй кажуць. Яго дабрыня ні прама, ні ўскосна не магла быць ацэнена ў гэтым глуха-нямым, мёртвым царстве. І тады ён вылаяўся брудна, адчайна, бо ўсё было супраць яго, — наваліўся на яе, сапучы, раз’юшана распранаючы, выдзіраючы «з мясам» гузікі на кашулі… І ўзяў яе моўчкі, без прэлюдыяў, па-жывёльнаму. А калі ўсё скончылася, адарваўся ад яе, сеў за стол, адламаў кавалак хлеба ад бохана і пачаў есці. Варушыліся сківіцы, падалі з рота крошкі. Працягваючы жаваць, ён падцягнуў да сябе нататнік, аловак, і дрыготкай рукой, ламаючы графіт, накрэмзаў вялікімі друкаванымі літарамі: «Пішы заяву ў міліцыю!»