Мяжа
Шрифт:
…Потым ён зрэдку ўспамінаў той выпадак, з усмешкай расказваў жонцы, сынам, нявесткам, сябрам, што, маўляў, вось які я круты псіхолаг, адным словам, за секунду, жартуючы, чалавека ад смерці адвёў…
Цяпер нават слова не знайшлося. Перамены за дваццаць гадоў.
«Куда идти в лесу, куда идти в лесу?!» — тукала ў яго вушах, у скронях, у сэрцы нейкім заклінаннем, і ён схамянуўся, калі заўважыў, што ўжо не дзявочая, а яго ўласная інтанацыя гучыць у гэтым дзіўным, нібыта бязглуздым, дзікім пытанні.
Вось іменна — «куда идти в лесу?..» Куды ў гэтым лесе, у гэтым жыцці мы ідзём, каго, як малыя неразумныя дзеці, усё гукаем, хто ж і калі нарэшце злітасцівіцца над намі і пакажа дарогу?.. Ну вось, напрыклад, куды, якім лесам ён, «сапраўдны
«Куда-идти-в-лесу?! Куда-идти-в-лесу?..»
Перад Мінскам патроху пачалі выходзіць. Паслабаднела ў вагоне, пасвятлела за вакном. Дождж хоць і ліў, але ўжо не такі. Івану Аляксеевічу лягчэй не рабілася. Курасоўшчына?.. Яшчэ не так далёка, тры-чатыры прыпынкі ўсяго… А да вакзала? Ну, канечне! Божа, як проста. Трэба выйсці. Хутчэй, зараз жа, на наступным прыпынку! Перасесці на стрэчную электрычку… Ну, канечне!
Як усё лёгка! Ён вернецца назад. Ён адшукае тую прыгожую вар’ятку-блудніцу… Распытае яе, давязе куды трэба… І, можа, толькі разам з ёю і сам некуды выйдзе… Ён… удачарыць яе! Чаму не? Дачкі ў яго няма… Ён учэпіцца, як клешч, у гэтую магчымасць, ён скарыстае свой шанс напоўніцу, ён яшчэ паспрабуе выдрацца з гэтага жыццёвага «блуду», з цёмнага душнага лесу, у якім ён, як аброслы імхом, каравы, непатрэбны пень пратырчэў на адным месцы паўвека!..
Дзесяць хвілін падаліся вечнасцю. Хутчэй бы станцыя! Толькі каб не было позна! Толькі каб не выйшла яна сама, каб ніхто не адгукнуўся ёй, не апярэдзіў яго… Ён загадзя пачаў прабівацца да выхаду, наступаючы на чужыя сумкі, вёдры і ногі, не зважаючы на крыкі і лаянку, якімі аблівалі яго ззаду.
Вылез. Паехала электрычка. Іван Аляксеевіч застаўся на пероне адзін, з вядром каля ног. Трэба было пераходзіць праз чыгунку, купляць білет і там чакаць. Але спачатку аддыхацца, апамятацца, супакоіцца… Ён стаяў і прагна глытаў мокрае паветра. Дождж яшчэ ішоў, даволі споры, не шкадаваў неасцярожнага пасажыра, сек па твары, зацякаў шчодрымі струменьчыкамі пад каўнер, халодзячы да дрыжыкаў спіну і грудзі. Іван Аляксеевіч успомніў жончыну медыцынскую параду: як правільна дыхаць, роўна, глыбока — удых носам, выдых ротам… І праўда, памагае.
Пакрысе на свежым — яшчэ якім свежым! — паветры, пад натуральным халодным душам пачало адпускаць. Памалу Іван Аляксеевіч спакайнеў. Сілы фізічныя і духоўныя патроху вярталіся да яго. Цела і душа прыходзілі ў парадак. Падняць бы таго вагоннага хама, за шкірку, разам з яго навушнікамі, ды… Наўрад ці! Наўрад ці яна дасюль стаіць там… Ну, паедзе ён зараз (Іван Аляксеевіч уявіў вагон-душагубку, і яму зноў млосна). Канечне, яе ўжо на паляне не будзе. І дзе шукаць? І ўсё-ткі — як яна туды патрапіла? Ці… памаглі ёй «патрапіць»? Жыве дзесь «на хаце», прастытуткай, падпольна або адкрыта, у чатырох сценах — адсюль аранжэрэйнасць… Сабе і сутэнёрам на хлеб надзённы зарабляючы… (Іван Аляксеевіч любіў крымінальныя выпускі па тэлевізары і быў у курсе, што ўсё магчыма.) Правінілася, вывезлі ў лес, каб прыпалохаць, кінулі адну… Многа ёй трэба? А мо не кінулі? А стаяць недзе блізка… Ну, дапусцім! Дапусцім, здарыцца дзіва, ён знойдзе яе. Вось тут яны і аб’явяцца, выйдуць з дажджу і з туману, як трыццаць тры багатыры, будуць дужа разбірацца, якія ў яго намеры — атавараць на ўсю катушку, адмяцеляць па поўнай, адмантуляць за мілую душу, замочаць, як таго негра з песні, пакажуць, «куда идти в лесу»… І правільна зробяць — не лезь!
…Чарговая электрычка
2007 г.
ВЕЦЕР
Знаёміцца ён так — падыходзіць да любога століка ў кавярні і піхае руку, жанчыне ці мужчыну, няважна:
— Вецер. Не псеўданім — сапраўднае прозвішча. Няўдачнік-рыфмаплёт. Непрызнаны геній. Графаман, якіх пашукаць.
І нявопытных, неабазнаных падкупляе тым, забываюцца людцы, што прыніжэнне горшае за гонар, і прымаюць яго ахвотна ў кампанію, запрашаюць прысесці, тым больш ён не халяўшчык, заўсёды са сваім графінчыкам і шклянкай соку.
П’е ён хоць патроху, але часта, забягаючы перыядычна ў кавярню, балазе, работа дазваляе — працуе ён побач, паркоўшчыкам, што, праўда, аніяк не звязана з рамантычным зялёным скверам, а ўсяго толькі з нецікавым і банальным збіраннем грошай з людзей за тое, што яны пакідаюць на стаянцы аўтамабілі. П’е — і не п’янее, адно чым бліжэй да вечара, тым часцей і гучней пачынае мармытаць, бялеючы і сціскаючы зубы:
…Не — я толькі ад лютага ветру, Я ад ветру схаваўся ў карчму!Яму гадоў трыццаць. Гэткі мачо, прыгожы, высокі, статны, яму нават аляпавата-нязграбная паркоўшчыцкая спяцоўка пасуе; ён яшчэ трымаецца, але да пары да часу гэта, хутка — ужо на ім напісана, год-два, ну, пяць — і ад яго прыгажосці і кінагеройства следу не застанецца, яшчэ не такіх ламала, перажоўвала і глытала жыццё, і не давілася, сволач, толькі шкуркі выплёўвала.
Амаль кожны вечар прыязджае яго забіраць жонка, дагледжаная такая дамачка, пародзістая, модненькая, абыходзіцца яна з ім лагодна, замірана, ніякага табе крыку, шуму, скандалаў і папрокаў, наадварот, так яна ўжо да яго падлашчваецца — як шкадлівая кошка, толькі што аб ногі не цярэцца, нібы гэта не ён, а яна вінаватая, і хоча цяпер загладзіць гэтую віну, так паддобрываецца, што, гледзячы на яе, не можаш пазбавіцца думкі, што яна яму здраджвае, а ён ведае, і настолькі звыкся з тым, што нават не вельмі перажывае.
— Я не п’яны, — папярэдзіў ён аднойчы, спыніўшыся са сваім графінчыкам і сокам каля майго століка. — Заслужаны дрынк!
— Я і не кажу, што вы п’яны.
— Гэтак, на вы? Тады прысяду? (А сам сядзіць ужо.) Вецер. Сапраўднае прозвішча. Паэт-няўдачнік. Графаман-аматар.
— Ну, калі чалавек так сам пра сябе — ён як мінімум ужо не графаман…
— Дзякую. Добра. Пытанне. Што такое паэзія, а што графаманства? Звычайнага якогась рабацягу-дзядзьку можна назваць паэтам, калі ён стараецца заўсёды гаварыць у рыфму? «Ой, пайду я к магазіну, убачу прадаўшчыцу Зіну, жыць на свеце мне не міла, я куплю сабе чарніла»? Гэта паэзія? Ці прафанацыя?
Я паціскаю плячыма — адкуль я ведаю?
— Тады яшчэ пытанне. (А сам і не пытае, толькі канстатуе.) «Былі ў мяне мядзведзі» — Уладзімір Караткевіч, «Быў у мяне Магнат» — Мікола Гіль, «Была ў сабакі хата» — прымаўка… Дык вось — была ў мяне Аксана.
Мне спяшацца няма куды. За вакном восень, вечар, дождж; куды такой парой на вуліцу, што на той вуліцы рабіць?.. У цёплай кавярні так прыемна, утульна… «У самовара я и моя Маша, а на дворе совсем уже темно, печальный дождь стучит в окошко наше…» — у тэму гучыць з тэлевізара перапеўка, цяпер гэта модна, браць старыя чужыя цудоўныя песні і казлінымі галасамі ўродаваць іх, але гэтая яшчэ па-Божы, не раздражняе. І я, хоць звычайна цярпець не магу такія знаёмствы, а тым больш розныя «цікавыя гісторыі», у якіх «усё так і было на самой справе», цяпер, у такі вечар, ахвотна пагаджаюся сядзець і слухаць — строкат дажджу аб шыбу, галасы за столікамі, песню пра Машу і гэтага самага Ветра.