Мяжа
Шрифт:
Яго збавіцель корпаўся нешта ў кутку, перабіраў свой рыбацкі скарб і (быў, відаць, з пароды «галубоўскіх») усё гаварыў, гаварыў — ціха, манатонна:
— А я чую, нехта боўтаецца… Плёхае… Спалохаліся? Ды тут не ўтопішся — неглыбока… Адно холадна… Вы піце, сёрбайце хоць гарбату! Як ведаў — заварыў акурат… Трэба ж, як калоціць вас, беднага! Яно каб у пасёлак, ды выкруціцца, пасушыць вас… Бо як вы ў электрычцы паедзеце? Ці потым па горадзе? Як-ніяк сталіца, а вы ў мокрым… Пазіраць будуць, падумаюць немавед што…
Галубоўскі не мог вызначыць яго ўзрост, не бачыў і яго твару — рыбак увесь час нібы знарок паварочваўся да яго то спінаю, то бокам. Але здавалася, чалавек гэты яшчэ не
— Грэйцеся, піце на здароўе… На электрычку ішлі? Дача тут? Мабыць, дача… У мяне таксама была… І дача, і машына, і жонка, і кватэра ў Мінску… Усё было, як у людзей. Цяпер толькі халупа тут, у пасёлку… Больш нічога няма. Я б вас завёў, дык там месяц не палена, халадрыга, дроў няма… Памерла ў мяне жонка, во дзе бяда… І паліць няма каму… І навошта? А ў мінскай кватэры дачка, з сужыцелем жывуць… Хай жывуць. Я ім не суддзя. Зімой толькі кепска — холадна ў хаце, у халупе маёй… Адзінока… А вы жанатыя? І дзеці ёсць? І працуеце? На фірме? І машына свая? Хаця цяпер у каго іх няма… Толькі жыві… Шчаслівыя вы, і такія маладыя яшчэ… І мне грэх скардзіцца! Многа не трэба — як, мусіць, і вам… Што маю — тое і маё. Скора пацяплее, а там вясна, лета, жыві не хачу… Возера, сонца, рыба, палатка гэтая… Рыбакі выкінулі, я падабраў, падлатаў, яно і нічога, жыць можна… Яшчэ гарбаткі? Піце на здароўе, пакуль гарачая… Ды і пойдзем патроху. На станцыю… Бо ў пасёлак, да чужых, толькі сунься — яшчэ ў прытон пападзеш, тут гэтага дабра поўна… Хто наркатой займаецца, хто самагонам, хто бл…вам… У мяне ў самога, сказаць вам, дачка б…дзь. Гэта каторая ў Мінску. Выгнала вось з кватэры… Хай. Я не ў крыўдзе… Жывіце. Яе вось толькі шкада, нібыта і замужам — і бл…дзь. А ў вас нічога! Усё добра ў вас… Пасядзіце, дапівайце, я вас да самага вагона давяду. Палкі толькі пабярэм, ды і пойдзём — яно хоць месячна, светла, а паспрабуй прайдзі такім лёдам!..
2002, 2007 г.
«КУДА ИДТИ В ЛЕСУ?»
Іван Аляксеевіч вяртаўся з грыбоў на станцыю.
Дарога паўсюдь вяла праз лес, ён цягнуўся ледзь не да самага перона. Нядаўна адкропаў дожджык, яшчэ не паспела распагодзіцца. У паветры стаяла імжа, між дрэў вісеў сіняваты туман. Было волка, ціха і неяк сонна, пахла летам, лесам, дажджом, туманам і, канечне ж, грыбамі — тым непаўторна шчымлівым, бясконца мілым водарам моху, сырасці і грыбной цвілі.
Іван Аляксеевіч нікуды не спяшаўся. Суботні дзень, электрычкі бегаюць часта. Крочыў сабе па перасечанай каранямі, усыпанай мокрай ігліцай і лісцем дарозе, і крыху шкада яму было, што мала пабыў у лесе, не выхадзіўся так, каб ногі гудзелі. Сваё дзесяцілітровае вядро ён не заўважыў, як набраў, прычым адных белых і асінавікаў, нарэзаў іх неяк хутка, напоўніў вядро даверху, акурат каб накрыўка легла: ён хутчэй без шкадавання выкінуў бы лішняе, чым вязці напаказ, дражніць чужое вока — нельга хваліцца ўдачай!
Каля апошняга павароту Іван Аляксеевіч спыніўся пад хвояй, зладзеявата паглядзеў па баках і пачаў спраўляць малую патрэбу… Як тут зусім блізка ці то жаночы, ці то дзіцячы голас крыкнуў пранізліва, рэзка:
— Э-гэ-гэй!!!
Іван Аляксеевіч уздрыгнуў ад нечаканасці. Людзей у лесе ён увогуле не цярпеў, звычайна калі яшчэ здалёк заўважаў грыбніка-канкурэнта, затойваўся, стараўся схавацца, мяняў маршрут — абы не перасячыся дарогамі; што ўжо казаць пра розных крыкуноў-галёкалаў —
— Э-ге-гэй! Ку-дай-це-лісу!!! — прычым гэтую лісу патрабавалі вось зараз, кроў з носу.
Іван Аляксеевіч крэкнуў, сплюнуў, ціха вылаяўся. І якіх толькі прыдуркаў няма на свеце! Вось ужо сапраўды, і сеяць не трэба — самі растуць…
— Ку-дай-це-лісу?!! Ку-дай-це-лісу?!! — проста-такі залямантаваў голас — нейкія скандальна-істэрычныя, зусім не лясныя ноткі зазвінелі ў ім, такія недарэчныя, настолькі чужыя гэтым хвоям, верасам ды імхам, гэтай спакойнай цішыні і адзіноце, што Івану Аляксеевічу не па сабе стала, крыху нават страшнавата і разам з тым цікава: якую лісу? навошта? хто яе так дабіваецца?
Ён асцярожна, хоць і ведаў, што заўважыць яго, апранутага ў цёмна-зялёны плашч-дажджавік, амаль немагчыма, рушыў на голас. Стаіўся за кустом арэшніку, адагнуў галінку…
Зусім блізка, метраў за дзесяць ад куста, на палянцы, стаяла жанчына, а мо дзяўчына — твару не відаць было. У руках — нічога. Зграбная постаць. Адзенне не лясное — кідкае, стракатае. З-пад кароткай скураной куртачкі знізу і зверху вытыркаецца світэр, высокі каўнер шчыльна аблягае шыю. Шнураваныя боцікі чыстыя, глянцавата блішчаць…
Івану Аляксеевічу захацелася ўбачыць яе твар. Прыгінаючыся, хаваючыся за дрэвамі, усё гэтак жа ціха ступаючы, ён абыйшоў палянку, падкраўся яшчэ бліжэй, паднырнуў пад старую елку, густыя лапы якой звісалі да зямлі, шалашом, і з гэтага надзейнага схову ўжо добра, у профіль, разгледзеў жанчыну… Якая жанчына! — гадоў семнаццаць ад сілы… Твар юны, чысты, з тонкімі рысамі… Валасы, вусны… Прыгожая, дагледжаная, шляхетна-пародзістая (умомант і беспамылкова вызначыў чалавек вясковай гадоўлі Іван Аляксеевіч). Абсалютна нармальная! Што за чорт? Ну, голас-то, праўда, псіхованы…
«Гарадская? Распешчаная? — падумаў Іван Аляксеевіч. — Аранжарэйная?» Прыпёрлася з сям’ёй ці з кампаніяй, адстала… Разгубілася, спалохалася… Заблудзіцца тут малое дзіця не можа. Месца вытаптанае-выхаджанае, станцыя побач, перыядычны шум з чыгункі, скрозь поўна сцежак, якія ўсе зліваюцца ў адну — да станцыі.
Ну што. Усё ясна. У цябе свой клопат, у мяне — свой, табе стаяць на палянцы і лісу гукаць, мне — дамоў ехаць, справы рабіць…
— Ку-дай-це-лісу?!! Ку-дай-це-лісу?!! — не ўнімалася дзяўчына, толькі рэха па лесе ляцела. — Ку-дай-це-лісу?!!
«Не — вы мяне ў гэта не ўблытаеце», — падумаў Іван Аляксеевіч. Такое ў яго было правіла, адно на ўсе выпадкі жыцця — «вы мяне ў гэта не ўблытвайце!» Правіла як правіла. Не горшае за іншыя. Прынамсі, не падвяло яго яшчэ ніколі, «ні ў прозе, ні ў дарозе», — як сказаў паэт, ні ў грыбах, ні на рыбалцы, ні ў сям’і, ні ў адпачынку, ні на рабоце, а працаваў ён шафёрам, ці, па-іхняму, «вадзіцелем»: зорачкі ў тры рады на кабіне яго «МаЗа» сведчылі, колькі год пракруціў ён «баранку» без аварый — роўна столькі, колькі за яе трымаўся. Такія ж зорачкі можна было смела маляваць нябачнай фарбай і на скрыжалях яго лёсу. Жыццё яго кацілася роўна, ціха, гладка — як «мазаўскія» колы па харошай дарозе. Вясковую асцярожнасць, педантызм, падазронасць ён некалі ўдала прышчапіў да гарадской практычнасці, учэпістасці, цынізму і дажыў гэткім гібрыдам да 50 гадоў, прыпяваючы. Ніколі не курыў. Піў рады ў гады і толькі пад закуску. Жонка — медсястра ў паліклініцы. Двое дарослых сыноў, жанатыя, уладкаваныя, жывуць асобна, унук ад Пеці — Сярожка, і ўнучка ад Колі — Машанька. Тыповая сярэдняя беларуская сям’я. Усе больш-менш здаровыя (дзякуючы Богу і жончынаму блату ў паліклініцы), усе адносна шчаслівыя…